Сяржук Доўгушаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Сяржук Доўгушаў
Дата нараджэння 17 красавіка 1983(1983-04-17) (39 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявак, музыкант

Сяржук Доўгушаў, поўнае імя Сяргей Васілевіч Доўгушаў (нар. 17 красавіка 1983, Новае Тарчылава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Беларусі) — беларускі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, выкладчык, арт-менеджар, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход», заснавальнік і кіраўнік Установы развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» (Tradycyja) і арт-рэзідэнцыі «Дом творцаў», заснавальнік Варшаўскага Вольнага аркестра, сольны выканаўца і ўдзельнік гуртоў Fratrez, Vuraj, Five-storey ensamble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).

Сяржук Доўгушаў — аўтар вакальнага курсу «Прыродны голас». Праводзіць групавыя афлайн і анлайн-заняткі па спевах і раскрыцці прыроднага голасу.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Бацька — Васіль Радзівонавіч Доўгушаў (25.8.1954, Хляўно Кармянскага раёна — 1.1.1984), маці — Наталля Паўлаўна Рыбакова (нар. 1.10.1954, Вусце Аршанскага раёна).

Большая частка дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Новым Тарчылаве, дзе Сяржук пачаў творчую дзейнасць — пісаў і спяваў песні, навучыўся граць на гітары, сабраў уласны гурт і ладзіў канцэрты. Скончыў сярэднюю школу ў Балбасаве (2000), паступіў у Магілёўскае кулінарнае вучылішча № 18 на кухара, потым атрымаў адукацыю хіміка-тэхнолага ў Магілёўскім тэхнікуме (2004). Падчас навучання ў Магілёве наведваў Магілёўскае музычнае вучылішча, дзе спяваў у хоры. Да харавых спеваў Сержука заахвоціла і запрасіла далучыцца Жанэта Генадзеўна Ялфімава — маці спевака Пятра Ялфімава. Тым жа часам пачаў удзельнічаць у музычным калектыве, які пасля ператварыўся ў гурт «Nevma». Таксама падчас навучання ў Магілёве наведваў спеўныя заняткі выкладчыцы Людмілы Міхайлаўны Багамолавай, якая параіла і натхніла да паступлення ў Акадэмію музыкі.

У 2004 годзе пераехаў у Мінск і паступіў у Акадэмію музыкі на спецыяльнасць «Оперны спявак». У Акадэміі вучыўся ў Надзеі Губскай, Віктара Скорабагатава і іншых. На апошнім курсе перайшоў на спецыяльнасць «Канцэртна-камерны спявак» (скончыў у 2010 годзе). З часоў Акадэміі ўдзельнічаў у тэатральных пастаноўках і спяваў у операх у Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Тэатры оперы і балета.

Па атрыманні дыплома ўладкаваўся на працу салістам у Беларускую дзяржаўную філармонію (2010—2018). Падчас працы ў філармоніі, акрамя спеўных выступаў, распрацаваў і правёў шмат праграм для дзяцей («Чароўны край», «Пра музычныя інструменты»), арганізаваў шэраг канцэртаў памяці Рыгора Барадуліна «Песні матчыны з Вушаччыны». За час працы ў філармоніі правёў больш за 100 канцэртаў, у тым ліку ў школах Мінска і іншых гарадах.

У 2018 годзе ўзяў шлюб з Віялетай Нікіцік.  

У 2021 годзе паступіў у магістратуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, займаецца даследаваннем тэмы «Лірніцтва і лірнікі на Беларусі».

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вядзе актыўную творчую працу ў Беларусі і за мяжой. Заснавальнік і ўдзельнік шматлікіх творчых праектаў.

У 2008 годзе Сяржук Доўгушаў разам з Настассяй Паповай, Вольгай Паляковай і Андрэем Еўдакімавым стварыў гурт «Fratrez» (бел.: «Браты»). Пазней да праекта далучыліся Аляксандр Ясінскі і Ілона Лесь.

У 2008 годзе Сяржук Доўгушаў заняў першае месца на конкурсе армянскай песні ў Маскве.

Акрамя гітары, засвоіў таксама флейту, дудкі, акарыну-рыбу, падвойныя дудкі, сапілкі, жалейку, колавую ліру.

У 2010 годзе на аснове «Fratrez» паўстаў гурт «Vuraj», дзейнасць якога грунтуецца на засваенні беларускага аўтэнтычнага фальклору і яго папулярызацыі праз арыгінальныя аўтарскія творы.  Калектыў браў удзел у шматлікіх еўрапейскіх фестывалях у Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Літве і інш., прэзентаваў 5 студыйных альбомаў. Гурт існаваў да 2020 года.

У 2013 годзе Сяржук Доўгушаў выступіў ініцыятарам і стваральнікам грамадскай ініцыятывы «Спеўны сход». Мэта праекта — спеўнае яднанне людзей праз беларускую песню. «Спеўны сход» ладзіцца як самастойнае тэматычнае мерапрыемства, а таксама ўваходзіць у склад маштабных музычных фестываляў і імпрэз. «Спеўны сход» — гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць беларускія песні розных часоў. З 2013 года і дагэтуль ініцыятыва яднае сотні людзей, якія маюць цікавасць да беларускай музычнай культуры. За гэты час распрацаваная вялікая колькасць тэматычных сходаў: песні з Полацкага сшытка, рамансы Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшкі, песні XX ст., каляндарна-абрадавыя песні, песні «The Beatles» у перакладзе на беларускую мову, польскія, шведскія, яўрэйскія песні і іншыя.

Спеўныя сходы дзейнічалі ў розных гарадах Беларусі — Гродне, Брэсце, Віцебску, Бабруйску, Маладзечне, Вілейцы. У верасні 2020 года адбыўся апошні станам на верасень 2022 года «Спеўны сход» на тэрыторыі Беларусі, летам 2021 года «Спеўны сход» праходзіў у Варшаве.

Адначасова ў 2013 годзе заснаваў вакальную студыю «Free Voice Studio» па занятках спевамі і развіцці прыроднага голасу для дарослых і дзяцей.

З 2013 года ездзіць у экспедыцыі па Беларусі, дзе збірае фальклор.

Таксама ў 2013 годзе ў выніку аб’яднання праектаў «Fratrez» і «Рацыянальная дыета» паўстаў Five-Storey Ensemble — праект сучасных кампазітараў Віталя Эпла, Вольгі Падгайскай супольна з Сержуком Доўгушавым і іншымі музыкамі.

У 2016 годзе разам з музыкам і сябрам Аляксандрам Ясінскім запісалі супольны альбом аўтарскіх песень на вершы А. Сыса і У. Караткевіча «Дарогі». У 2017 годзе адбыўся вялікі канцэртны тур з прэзентацыяй альбома «Дарогі» па гарадах Беларусі: Орша, Віцебск, Баранавічы, Брэст, Мінск, Магілёў.

У 2016 і 2017 гадах Доўгушаў і Ясінскі выступалі з песнямі з альбому «Дарогі» на фестывалі «Бардаўская восень» на Беласточчыне.

У 2018 годзе Сяржук Доўгушаў атрымаў стыпендыю Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча «Gaude Polonia», рэалізоўваў свае творчыя праекты ў Варшаве. Удзельнічаў у арганізацыі сумесных польска-беларускіх экспедыцый на Палессе, супрацоўнічаў з польскімі фольк-калектывамі, выдаўцамі, этнографамі.

У 2018 годзе ў Польшчы і ў 2019 годзе ў Беларусі граў разам з польскай скрыпачкай Каралінай Матушкевіч.

У 2019 годзе арганізаваў і правёў 3 новыя фестывалі ў Беларусі: Фестываль вясельных традыцый «Вяселле Фэст», фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok», фестываль яўрэйскай культуры Litvak Klezmer Fest.

У 2017, 2018 і 2019 гадах С. Доўгушаў меў гастролі ў ЗША з уласнымі каляднай і купальскай праграмамі (Бостан, Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Ёрк, Каліфорнія, Агая).

У 2018—2019 гг. ладзіў канцэрты і лекцыі, прысвечаныя беларускай музычнай культуры, у Бостане, Лос-Анджэлесе, Чыкага і Нью-Ёрку (University of Chicago Assembly, Skokie Public Library, Jalopy Theatrе and School of Music) і іншых гарадах.

У 2018 годзе ў ЗША пазнаёміўся з таленавітымі музыкамі прафесійнымі выканаўцамі клезмерскай музыкі Алексам Кофманам (скрыпка) і Таццянай Меламед (вакал). Творы перадаюць дух і сілу народнай музыкі Усходняй Еўропы. У праграме «The Music of our Roots» гучаць беларускія, украінскія, яўрэйскія, польскія, цыганскія, балканскія песні і інструментальныя кампазіцыі. Разам з А. Кофманам і Т. Меламед мелі шэраг супольных выступаў у розных гарадах ЗША.

У 2019 годзе супольна з амерыканскімі музыкамі Брэтам Хілам (Brett Hill) і Бенам Сцюартам (Benjamin Stewart), а таксама будучым менеджарам праекта Надзеяй Ілкевіч заснавалі гурт «Slavalachia». З цягам часу да праекта «Slavalachia» таксама далучыліся ўкраінскія музыкі з праекта «Torban».

Праект «Slavalachia» атрымаўся альянсам фолк-музыкаў і творцаў з Беларусі, Украіны і рэгіёну Апалачы ў ЗША. Удзельнікі даследуюць новую нязведаную тэрыторыю ў галіне захавання, папулярызацыі і эксперыментавання з традыцыйнай музыкай. Іх місія: супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам у Беларусі і ва ўсім свеце, умацоўваючы і злучаючы культуры, якія даюць людзям сэнс і радасць.

У жніўні 2021 года пабачыў свет альбом «Slavalachia», створаны ў гарах Карпат супольна з украінскімі музыкамі і запісаны на студыі ў Цярнопалі.

Яшчэ адным важным напрамкам культурна-асветніцкай дзейнасці С. Доўгушава з’яўляецца праект «Традыцыя», асноўная мэта якога — развіццё і папулярызацыя традыцыйнай беларускай культуры. У межах праекта выдадзеная серыя кніг, кампакт-дыскаў з аўдыязапісамі аўтэнтычных узораў беларускага музычнага фальклору («Мужчынская традыцыя спеваў» (2018), «Вясельныя песні» (2019) і іншыя), арганізавана шмат канцэртаў, майстар-класаў з носьбітамі народных традыцый, зладжаныя экспедыцыі, фэсты, прэзентацыі выданняў.

У 2020 годзе праект «Традыцыя» быў афіцыйна зарэгістраваны як Установа развіцця беларускай музыкі і мастацтва «Этна Традыцыя» (TRADYCYJA) пад кіраўніцтвам Сяржука Доўгушава.

У 2020—2022 гг. установай «Традыцыя» былі створаныя такія праекты, як віртуальная энцыклапедыя беларускіх традыцыйных строяў «Традыцыйны строй», праект фільмаў «Кола беларускіх абрадаў», шэраг майстар-класаў па беларускай выцінанцы, відэакантэнт з забаўлянкамі і казкамі для дзетак і інш.

З 2019 года Сяржук Доўгушаў працуе як праектны менеджар з грамадскай кампаніяй «Годна». З’яўляецца ініцыятарам і куратарам праекта «Спяваем годна», у межах якога выйшлі 6 відэа, дзе ўсе жадаючыя беларусы праспявалі анлайн знакамітыя беларускія песні разам з вядомымі беларускімі выканаўцамі, такімі як Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і інш.

Улетку 2021 года С. Доўгушаў стварыў і каардынаваў праект «Караоке па-беларуску. Спяваем разам!».

Сяржук Доўгушаў таксама самастойна арганізаваў шэраг канцэртаў, у тым ліку online-канцэрты «Вольнага хору», тры фестывалі «Музыка побач», стаў аўтарам і ўкладальнікам беларускіх спеўнікаў: «Годныя песні» у 2-х частках, «Народны спеўнік», «Калядны спеўнік».

Улетку 2020 года Сяржук Доўгушаў супольна з беларускай опернай спявачкай Маргарытай Ляўчук і беларускім музыкам, кампазітарам і фалькларыстам Іванам Кірчуком[ru] стварылі праект «TryNići». «TryNići» — гэта спалучэнне розных стыляў самастойных выканаўцаў у адным праекце.  

У 2021 годзе Сяржук Доўгушаў разам з беларускімі музыкамі Андрэем Еўдакімавым (гітара), Аляксеем Варсобам (акардыён) заснавалі ў Польшчы новы музычны праект — «Isna Trio». «Isna Trio» — музыка ў спалучэнні з творчасцю сучасных паэтаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Важным складнікам, які ўплывае на гучанне гурта, з’яўляецца таксама беларуская народная музыка, імправізацыя. Першы канцэрт адбыўся на фестывалі Folkowisko (Польшча).

Таксама ў 2021 годзе Сяржук Доўгушаў стварыў і ўзначаліў «Варшаўскі Вольны аркестр». «Варшаўскі Вольны Аркестр» паўстаў 25 сакавіка 2021 года, калі ўпершыню зайграў падчас святкавання Дня Волі. Пасля праводзілася некалькі сольных канцэртаў і шмат выступаў на фэстах і іпрэзах. Гэта першы і пакуль адзіны цалкам беларускі прафесійны аркестр па-за межамі Беларусі. Удзельнікі аркестра — беларускія прафесійныя музыкі, большасць якіх апынулася ў вымушанай эміграцыі пасля рэпрэсій 2020—2022 гадоў у Беларусі. Дзейнасць аркестра накіраваная на распаўсюджванне беларускай класічнай і сучаснай музыкі, на пошук новых спосабаў прыблізіць яе да слухачоў, знайсці арыгінальнае гучанне беларускага аркестра, а таксама на падтрымку беларускай культуры і прыцягненне ўвагі міжнароднай супольнасці да падзеяў у Беларусі ад 2020 года і да сёння.

Акрамя гэтых мэт, аркестр грае і супраць вайны ва Украіне. Таксама ў 2022 годзе аркестр адчыніў свае дзверы для украінскіх музыкаў.

У жніўні 2022 года Сяржук Доўгушаў заснаваў у Варшаве арт-рэзідэнцыю «Дом творцаў» — праект, накіраваны на псіхалагічную рэабілітацыю і творчую падтрымку беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

За час сваёй працы ў «Доме Творцаў» адбыліся чатыры рэзідэнцыі: музычная, тэатральная, мастацкая, фальклорная.

У іх паўдзельнічалі 42 музыкі і спевакі, 24 тэатральныя дзеячы, 19 мастакоў.

За гэты час былі арганізаваны і створаны музычная містэрыя «Бег Зямлі» пад кіраўніцтвам і аўтарствам сучасных кампазітараў Вольгі Падгайскай і Віталя Эпава, тэатральныя пастаноўкі, відэаспектаклі студыі Юрыя Дзівакова, новыя працы і выстаўкі беларускіх мастакоў, фольк-канцэрт і прэм’ера твора «Палын» пад кіраўніцтвам Насты Някрасавай з удзелам украінскіх і польскіх музыкантаў і іншае.

У снежні 2021 года Сяржук Доўгушаў пераехаў у ЗША.

Пачынаючы са студзеня 2022 года здзейсніў вялікі тур па 9 штатах ЗША з каляднай праграмай (Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Чыкага, Сан-Францыска, Мінеапаліс, Бостан, Вашынгтон, Сіэтл і іншыя). Летам 2022 года адбыўся тур з Купальскай праграмай па 4 гарадах ЗША (Чыкага, Мінеапаліс, Орындж-Каўнці, Сан-Дыега, Лос-Анджэлес, Сан-Францыска).

Сяржук Доўгушаў актыўна займаецца краўдфандынгамі і фандрайзінгавымі кампаніямі. Мае больш за 10 паспяховых краўдфандынгаў, у тым ліку пад выданні кніг і альбомаў. Таксама дапамагае ў зборах на іншыя праекты.

У ЗША Сяржук Доўгушаў актыўна падтрымлівае сувязь і дапамагае ў арганізацыі івэнтаў і святаў супольнасцям «Беларусы ў Мінесоце», «Беларусы ў Чыкага», «Беларусы Сан Францыска».

У 2022 годзе разам з гуртом «Slavalachia» зладзіў шмат канцэртаў у падтрымку Украіны ў Кліўлендзе, Дэйтане, Цынцінаці.

Супольна з Брэтам Хілам і Бенам Сцюартам падрыхтаваны да выдання новы музычны альбом.

Таксама ў 2022 годзе адбыўся вялікі супольны выступ з Алексам Кофманам і Таццянай Меламед у Мінесоце і сольныя выступы ў Таронта, Атаве і ў межах Folk Camp у Антарыё (Канада).  

У жніўні 2022 года Сяржук Доўгушаў зарэгістраваў у ЗША арганізацыю «Tradycja Limited Liability company». Праз дзейнасць арганізацыі мяркуецца папулярызаваць і распаўсюдзіць беларускую культуру за мяжой, афіцыйна ладзіць у ЗША фестывалі і канцэрты.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваныя ўстановы
Праекты
Гурты
Выступы
  • Канцэртны тур з прэзентацыяй альбома «Дарогі»
  • Супольны выступ з Ясінскім з песнямі альбому «Дарогі» на фестывалі «Бардаўская восень» на Беласточчыне
  • Супольны выступ выступ разам з польскай скрыпачкай Каралінай Матушкевіч.
  • Калядныя і купальскія праграмы 2017 і 2019 у гастролях у ЗША (Бостан, Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Ёрк, Каліфорнія, Агая).
  • Калядная праграма ў межах тура па 9 штатах ЗША (у т.л. Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Чыкага, Сан-Францыска, Мінеапаліс, Бостан, Вашынгтон, Сіэтл і іншыя).
  • Вялікі супольны выступ з Алексам Кофманам і Таццянай Меламед у Мінесоце
  • Выступ у межах Folk Camp у Антарыа (Канада).
  • The Music of Our Roots
Арганізаваныя мерапрыемствы
Альбомы