Сіла (дзяржава)
Сі́ла[1] (кар.: 신라, [ɕilːa]) — адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і Сіла) у I ст. да н.э. — VII ст. н.э., у VII—IX ст. першая агульнакарэйская дзяржава.
Спачатку займала паўднёвы захад Карэйскага паўвострава. Паводле летапісных паказанняў, заснавана ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра Сіла адносяцца да III ст., калі яна ўяўляла саюз паўночна-заходніх карэйскіх плямён. Як дзяржава аформілася да пачатка VI стагоддзя. У 503 годзе правіцель (марыпкан) Чыджын (500—514) прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву Сіла.
Сіла фарміравалася пад моцным уплывам кітайскай культуры і канфуцыянства. У VI стагоддзі дзяржаўнай рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кітайскай дынастыі Тан Сіла ў 660 годзе разбіла Пэкчэ, у 668 г. — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў.
У VII — пачатку IX стагоддзя ў час росквіту Сілы як агульнакарэйскай дзяржавы сфарміравалася карэйская народнасць.
З сярэдзіны IX стагоддзя Сіла пачала занепадаць і ў канцы IX стагоддзя распалася на асобныя дзяржавы.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Сіла // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 374. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- История Кореи. Т. 1. — М., 1974. (руск.)
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сіла (дзяржава)