Сілезія (правінцыя)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сілезія
Schlesien
Сцяг правінцыі Сілезія Правінцыя Прусіі
1742/1815—1919
1938—1941
Малы герб правінцыі Сілезія
German Empire - Prussia - Silesia (1871).svg
Правінцыя Сілезія ў граніцах 1871 года
Даведкавая інфармацыя
Сталіца Брэслау
Плошча 37 013 км² (1939)
Насельніцтва 4 868 764 чал. (1939)
Commons-logo.svg Матэрыялы на Вікісховішчы

Сілезія (ням.: Schlesien), неафіцыйна таксама Пруская Сілезія (ням.: Preußisch-Schlesien) — пруская правінцыя са сталіцай у горадзе Брэслау. У 1919—1938 гады і ў 1941—1945 гады Пруская Сілезія была падзелена на дзве правінцыі — Верхнюю і Ніжнюю Сілезію. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучаснай Польшчы і толькі вельмі невялікая яе заходняя частка знаходзіцца ў Германіі, уваходзячы ў склад федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Далучэнне сілезскіх зямель Гогенцолернамі[правіць | правіць зыходнік]

Правінцыі Каралеўства Прусія ў 1806 годзе

Пасля таго як брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых III Гогенцолерн у 1701 годзе абвясціў сябе каралём Прусіі Фрыдрыхам I, тым самым ператварыўшы Прускае герцагства ў каралеўства, назва «Прусія» паступова распаўсюдзілася на ўсе ўладанні Гогенцолернаў як у граніцах Свяшчэннай Рымскай імперыі, так і за яе межамі, хоць фармальна яна адносілася толькі да ўладанняў прускага караля за межамі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пры гэтым іншыя ўладанні прускага караля, якія ўваходзілі ў Свяшчэнную Рымскую імперыю, аж да яе развалу ў 1806 годзе фармальна не з'яўляліся тэрыторыямі Каралеўства Прусія.

У 1742 годзе прускі кароль Фрыдрых II пасля Першай Сілезскай вайны па ўмовах мірнага дагавора ў Брэслау далучыў большую частку Аўстрыйскай Сілезіі, у тым ліку Кладскае графства. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Прусія таксама атрымала тэрыторыі Сявежскага княства, якое таксама з'яўляецца часткай гістарычнай Сілезіі, стварыўшы на іх невялікую правінцыю Новая Сілезія. Аднак ужо ў 1807 годзе тэрыторыя Новай Сілезіі пасля паражэння Прусіі ў вайне з Напалеонам нароўні з іншымі прускімі правінцыямі Паўднёвая Прусія і Новая Усходняя Прусія ўвайшла ў склад створанага па выніках Тыльзіцкага міру Варшаўскага герцагства.

Рэарганізацыя прускіх правінцый[правіць | правіць зыходнік]

У 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса па заканчэнні вызваленчых войнаў тэрыторыя Прусіі была значна павялічана. Для лепшай арганізацыі тэрыторыі дзяржавы ў Прусіі была праведзена адміністрацыйная рэформа, якая прадугледжвала поўную перабудову правінцыйнага падзелу і заснаванне пасады обер-прэзідэнта ў правінцыях. У час гэтай рэформы Пруская Сілезія была пашырана за кошт Верхняй Лужыцы.

Акругі Сілезіі ў 1878 годзе

У 1815 годзе на тэрыторыі правінцыі Сілезія былі створаны чатыры адміністрацыйныя акругі:

  1. Адміністрацыйная акруга Брэслау, цэнтр — Брэслау.
  2. Адміністрацыйная акруга Лігніц, цэнтр — Лігніц.
  3. Адміністрацыйная акруга Опельн, цэнтр — Опельн.
  4. Адміністрацыйная акруга Райхенбах[de] (1815—1820), цэнтр — Райхенбах.

Ужо ў 1820 годзе акруга Райхенбах была скасавана і падзелена паміж суседнімі акругамі Брэслау і Опельн.

Верхнесілезкі плебісцыт[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Першай сусветнай вайны была абвешчана Другая Польская Рэспубліка, якая адразу ж высунула тэрытарыяльныя прэтэнзіі на частку ўсходніх правінцый Прусіі. Каб прыцягнуць славянскую большасць на ўсходзе Сілезіі на свой бок, у 1919 годзе з тэрыторыі правінцыі Сілезія была вылучана акруга Опельн, якая ўтварыла новую самастойную правінцыю Верхняя Сілезія. Астатняя ж частка была пераназвана ў Ніжнюю Сілезію. Гэтым крокам была прадпрынятая спроба даць верхнесілезкім славянскім народам больш аўтаноміі, каб захаваць гэту тэрыторыю ў складзе Германіі пасля рэферэндуму, прызначанага Версальскім дагаворам.

У 1920 годзе Германія, таксама паводле Версальскага дагавора, была вымушана саступіць рэгіён Глучын Чэхаславакіі. Пасля польскіх паўстанняў і верхнесілезкага рэферэндуму ў 1922 годзе Германіі ўсё ж прыйшлося перадаць Польшчы ўсходнюю частку правінцыі Верхняя Сілезія.

У Трэцім рэйху[правіць | правіць зыходнік]

У Трэцім рэйху дэ-факта з 1933 года пасля абвяшчэння палітыкі «гляйхшальтунга» абедзве правінцыі Ніжняя і Верхняя Сілезія кіраваліся адной асобай — гаўляйтарам гау Сілезія. У 1938 годзе абедзве правінцыі былі аб'яднаны ўжо афіцыйна ў адзіную правінцыю Сілезія, аднак неўзабаве пасля акупацыі Чэшскай Сілезіі і польскай кампаніі вермахта ў 1939 годзе тэрыторыя прускай Сілезіі была значна пашырана за кошт анексаваных рэгіёнаў. У кастрычніку 1939 года на новых тэрыторыях у складзе правінцыі Сілезія была створана адміністрацыйная акруга Катавіц з цэнтрам у Катавіцы. У лістападзе 1939 года тэрыторыі акруг Опельн і Катавіц былі яшчэ нязначна пашыраны за кошт перадачы прыгранічных зямель з Генерал-губернатарства ў склад Прускай Сілезіі. У сувязі са значным пашырэннем агульнай плошчы правінцыі Сілезія ў студзені 1941 года яна зноў была падзелена на дзве — Ніжнюю Сілезію з акругамі Брэслау і Лігніц і Верхнюю з акругамі Опельн і Катавіц.

Дзве падзеленыя правінцыі праіснавалі аж да 1945 года. Пасля вайны рэгіён амаль цалкам апынуўся пад польскім кіраваннем. Сёння асноўная частка былой правінцыі Сілезія размешчана на тэрыторыі сучасных Ніжнесілезскага і Апольскага ваяводстваў Польшчы і толькі вельмі невялікая частка ўваходзіць у склад Германіі як частка федэральнай зямлі Саксонія (раёны Баўтцэн і Гёрліц). Чэшская Сілезія зноў з'яўляецца часткай Чэхіі.

Геаграфія і эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Паўночная частка правінцыі ўяўляла з сябе нізінную, а паўднёвая — гарыстую мясцовасць. Тэрыторыя Сілезіі амаль цалкам належала да басейна ракі Одэр, толькі на паўднёвым усходзе яе захоплівала Вісла, а на захадзе праз яе тэрыторыю працякалі рэкі, якія ўваходзяць у сістэму Эльбы: Ізер, Шпрэе і Чорны Эльстэр. Па тэрыторыі правінцыі працякалі шматлікія прытокі Одэра: Ольза, Клодніц, Малапана, Вейда, Барч, Опа, Цына, Гоцэнплоц, Глацкая Нёйса, Олау, Вейстрыц і Кацбах. Бобер і Лужыцкая Нёйса ўпадалі ў Одэр за межамі правінцыі[1].

На значнай частцы Сілезіі (каля паловы ўсёй паверхні правінцыі) меліся ўрадлівыя глебы. Пасля правінцыі Саксонія Сілезія давала найбольшую колькасць пшаніцы і ячменю ў Прусіі. Акрамя таго, вялікія ўраджаі давалі пасевы ржы, бульбы і бабовых. Акрамя таго апрацоўваліся цукровы бурак, тытунь, цыкорый і хмель. У цэлым, пладаводства і вінаградарства квітнелі ў Грунбергу, Бейтэне і Мускау. Значна былі развіты таксама жывёлагадоўля (гадоўля коней, буйной рагатай жывёлы, авечак, коз і свіней) і пчалярства[1].

На тэрыторыі правінцыі размяшчаўся Верхнесілезкі каменнавугальны басейн — найбуйнейшы ў Германіі. Здабываліся таксама жалезныя, цынкавыя, срэбра-свінцовыя і медныя руды і серны калчадан. Вельмі развіты былі металургія (выплаўляліся чыгун, цынк, срэбра), апрацоўка металаў, машынабудаванне і выраб інструментаў, а таксама апрацоўчая прамысловасць (апрацоўка валакністых рэчываў). Сілезія славілася вытворчасцю лепшых пяньковых і льняных палотнаў ва ўсёй Прусіі. Таксама было развіта і баваўняная вытворчасць, пража шэрсці і вытворчасць шарсцяных тканін. Вялікае значэнне мелі таксама цукровая, мукамольная, вінакуранае і піваварная вытворчасці, а таксама папяровая і гарбарная вытворчасці. Галоўны гандлёвы цэнтр правінцыі — Брэслау. Асноўная навучальная ўстанова правінцыі — Універсітэт Брэслау[1].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Правінцыя Сілезія, карта 1890 года
Акруга і раёны правінцыі Сілезія ў 1905 годзе
Акруга Опельн і Катавіц (тады ўжо правінцыя Верхняя Сілезія) станам на 1943 год

Статыстычныя даныя[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальны склад правінцыі быў разнастайны. У 1895 годзе з 4 415 309 жыхароў налічвалася 973 586 палякаў, 68 797 чэхаў і 26 299 вендаў; астатняе насельніцтва — немцы. У канфесійным плане ў 1895 годзе сярод жыхароў правінцыі налічвалася 2 384 754 каталікоў, 1 974 629 пратэстантаў, 8155 прадстаўнікоў іншых хрысціянскі спавяданняў і 47 543 яўрэяў. Земляробствам, жывёлагадоўляй, лесаводствам і рыбнай лоўляй было занята 46,9 % працаздольнага насельніцтва; у горнай справе і апрацоўчай прамысловасці — 43,2 %, гандлем і транспартнай справай — 9,7 %[1].

Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Сілезія ў 1900 годзе:[2]

Адміністрацыйная акруга Плошча, км² Насельніцтва, чал. Колькасць раёнаў
сельскіх гарадскіх
Акруга Лігніц 13.610,20 1.102.992 19 2
Акруга Брэслау 13.483,63 1.697.719 23 2
Акруга Опельн 13.225,36 1.868.146 19 5
Усяго па правінцыі 40.319,19 4.668.857 61 9

Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі Сілезія і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[3]

Адміністрацыйная акруга Плошча, км² Насельніцтва, чал. Колькасць раёнаў
сельскіх гарадскіх
Акруга Лігніц 14.023,41 1.314.710 17 4
Акруга Брэслау 12.957,64 1.971.829 18 4
Акруга Опельн 11.694,61 1.374.232 15 3
без былых польскіх тэрыторый 8.943,97 1.047.808
былыя польскія тэрыторыі 2.750,64 326.424
Акруга Катавіц 8.923,64 2.966.852 12 6
без былых польскіх тэрыторый 1.088,12 534.417
былыя польскія тэрыторыі 7.835,52 2.432.435
Усяго па правінцыі 47.599,30 7.627.623 62 17
без былых польскіх тэрыторый 37.013,14 4.868.764
былыя польскія тэрыторыі 10.586,16 2.758.859

Гарадское і сельскае насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Размеркаванне насельніцтва Сілезіі па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў станам на 17 мая 1939 года[3]:

Год Доля насельніцтва па катэгорыях населеных пунктаў па колькасці жыхароў
меней 2.000 жыхароў 2.000 — 100.000 жыхароў больш 100.000 жыхароў
1939 41,2 % 38,8 % 20,0 %

Обер-прэзідэнты[правіць | правіць зыходнік]

Герб правінцыі Сілезія

Пасада обер-прэзідэнта ўведзены ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года пра паляпшэнне арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden).

Гады Обер-прэзідэнт Партыя
1816—1820 Фрыдрых Тэадор фон Меркель[de]
1824—1825 Морыц Гаўбальд фон Шонеберг[de]
1825—1825 Ганс Граф фон Бюлаў[de]
1825—1845 Фрыдрых Тэадор фон Меркель[de]
1845—1848 Вільгельм фон Ведэль[de]
1848—1848 Ганс Давід Людвіг Граф Ёрк фон Вартэнбург[de]
1848—1848 Юліус Піндэр[de]
1848—1868 Ёган Эдуард фон Шляйніц[de]
1869—1872 Эберхард цу Штольберг-Вернігеродэ[de]
1873—1874 Фердынанд фон Нордэнфлюхт[de]
1874—1877 Адольф фон Арнім-Бойцэнбург
1877—1879 Роберт Віктар фон Путкамер
1879—1894 Ота Тэадор фон Зайдэвіц[de]
1894—1903 Герман фон Гацфельд[de]
1903—1909 Роберт фон Цэдліц-Труцшлер[de]
1910—1910 Ёхан фон Дальвіц[de]
1910—1919 Ганс Лаўхлан фон Гюнтэр[de]
1919—1919 Фелікс Філіп[de]
1919—1938 паасобнае існаванне Верхняй і Ніжняй Сілезіі
1938—1941 Ёзэф Вагнер НСДАП

Фелікс Філіп пасля падзелу правінцыі на Верхнюю і Ніжнюю Сілезію працягнуў кіраванне Ніжняй Сілезіяй да 1920 года.

Гаўляйтар партыйнага гау Сілезія Ёзэф Вагнер у 1935—1938 гг. адначасова быў таксама і обер-прэзідэнтам як у Верхняй, так і ў Ніжняй Сілезіі, а пасля іх афіцыйнага аб'яднання ўзначаліў і аб'яднаную правінцыю.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Силезия прусская // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  2. Provinz Schlesien // Gemeindeverzeichnis Deutschland 1900(ням.) 
  3. 3,0 3,1 Fläche und Bevölkerung der größeren Verwaltungsbezirke (S. 8), Zahl der Gemeinden und Kreise (S. 21), Bevölkerung nach Gemeindegrößenklassen (S. 22) (ням.) . Statistisches Jahrbuch für das Deutsche Reich 1939/40 (Digitalisat).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]