Сінгапур

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Сінгапур
Republic of Singapore
Republik Singapura
新加坡共和国
சிங்கப்பூர் குடியரசு
Герб Сінгапура
Сцяг Сінгапура Герб Сінгапура

Дэвіз: «Majulah Singapura
(Наперад, Сінгапур)»
Гімн: «Majulah Singapura»
Дата незалежнасці 9 жніўня 1965 (ад Малайзіі)
Афіцыйныя мовы англійская, кітайская, малайская, тамільская
Сталіца Сінгапур
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка з аднапартыйнай сістэмай
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Халіма Якоб‏
Лі Сянь Лун
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
175-я ў свеце
719,9 км²
1,444
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

5 612 300[1] чал. (113-я)
7796 чал./км²  (3-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$554,965 млрд  (39-ы)
$98 014  (3-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам
  • На душу насельніцтва

$349,569 млрд
${{{ВУП (намінал) на душу насельніцтва}}}
ІРЧП (2015) 0,925[2] (вельмі высокі) (5-ы)
Валюта Сінгапурскі долар (SGD)
Інтэрнэт-дамен .sg
Код ISO (Alpha-2) SG
Код ISO (Alpha-3) SGP
Код МАК SGP
Тэлефонны код +65
Часавыя паясы +8

Сінгапур — краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі, каля паўднёвага краю Малайскага паўвострава, у 137 км на поўнач ад экватара. Астраўная дзяржава-горад, аддзеленая ад Малайзіі пралівам Джахор, а ад Інданезіі — Сінгапурскім пралівам, складаецца з 63 астравоў. Большасць зямель меліяравана, новыя тэрыторыі адваёўваюцца ў мора; некранутай прыроды амаль не засталося, пры гэтым палова краіны пакрыта зелянінай.

Сінгапур з’яўляецца унітарнай аднапартыйнай парламенцкай рэспублікай з Вэстмінстэрскай сістэмай аднапалатнага парламента. Партыя народнага дзеяння (PAP) выйграла ўсе выбары з 1959 года. Прававая сістэма Сінгапура мае свае фонды ў англійскай сістэме агульнага права, але са змяненнямі. Дэмакратыя і правы чалавека тут моцна парушаюцца. Так, у рэйтынгу свабоды прэсы у 2018 Сінгапур аказаўся паміж Эфіопіяй і Свазілендам, трохі вышэй за Беларусь.[4]

Насельніцтва краіны складае 5,8 млн чалавек, з якіх 3,9 млн нарадзіліся тут і з’яўляюцца грамадзянамі. Імігранты пераважна кітайскага, малайскага і індыйскага паходжання. Краіна высокаўрбанізаваная, 100 % жыхароў — гараджане. У Сінгапуры 4 дзяржаўныя мовы: англійская (першая і афіцыйная), малайская, тамільская і кітайская. Большасць сінгапурцаў двухмоўныя.

Заселены ў II стагоддзі нашай эры, Сінгапур быў часткай розных мясцовых імперый. Сучасны Сінгапур быў заснаваны як гандлёвы цэнтр Ост-Індскай кампаніі сэра Стэмфарда Рафлза ў 1819. Сінгапур аб’яднаўся з іншымі былымі брытанскімі тэрыторыямі для фарміравання Малайзіі ў 1963 годзе, аднак стаў цалкам незалежнай дзяржавай праз два гады пасля аддзялення ад Малайзіі. З тых часоў горад-дзяржава, зрабіўшы краевугольным камянём знешні гандаль і якасную працоўную сілу, дэманстравала значны эканамічны рост, стаўшы адным з чатырох так званых азіяцкіх тыграў. Цягам жыцця аднаго пакалення пад кіраўніцтвам Лі Куан Ю Сінгапур здзейсніў рывок з трэцяга свету ў лік развітых краін.

Сённяшні Сінгапур — сусветны транспартны, гандлёвы, фінансавы, адукацыйны, інавацыйны, тэнналагічны, лагістычны, прамысловы хаб. Гэта трэці вядучы сусветны фінансавы цэнтр, другі па велічыні ў свеце па колькасці казіно і рынку азартных гульняў, і трэці па велічыні ў свеце нафтаперапрацоўчы цэнтр. Порт Сінгапура з’яўляецца адным з пяці самых ажыўленых партоў у свеце; аэрапорт Чангі — адзін з самых сучасных аэрапортаў, а нацыянальны перавозчык Singapore Airlines у 2018 прызнаны лепшымі авіялініямі свету. Сінгапур з’яўляецца лідарам шматлікіх сацыяльна-эканамічных рэйтынгаў, пачынаючы з трэцяга месца па душавым ВУП. Некалькі гадоў запар Сінгапур прызнаецца самай тэхналагічна падрыхтаванай нацыяй свету.[5] Сусветны банк адзначае, што Сінгапур — адна з найзручнейшых для вядзення бізнесу краін. Што тычыцца Сінгапура як горада, то ён прызнаны самым бяспечным і адным з найпрыгажэйшых гарадоў свету.

Сінгапур з’яўляецца сябрам АСЕАН, АЦЭС (у Сінгапуры знаходзіцца штаб-кватэра арганізацыі), Садружнасці нацый, Руху недалучэння. Сінгапурскі пашпарт дазваляе яго ўладальнікам наведаць 188 краін без візы — найлепшы у свеце паказчык пасля Германіі.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Назва паходзіць ад двух санскрыцкіх словаў: singa (леў) і pura (горад), і часам Сінгапур называюць Горадам Ільва.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дамба Джахор-Сінгапур

Краіна Сінгапур размяшчаецца на востраве Сінгапур (малайская назва — Пулау Уджонг) разам з групай невялікіх прылеглых астравоў, найбольш значнымі з якіх з’яўляюцца астравы Джуронг, Пулаў Тэконг, Пулаў Убін і Сентоса. Плошча Сінгапура складае 721,5 км² (2018 год), яна паступова павялічваецца дзякуючы праграме намыву тэрыторыі, якая дзейнічае з 1960-х гадоў, павялічваецца і колькасць астравоў — цяпер іх 63. Агульны прырост тэрыторыі з пачатку рэалізацыі праграмы склаў 23 %, да 2030 года плануецца прыдбаць яшчэ 45 км² новай зямлі. З іншага боку, некаторыя праекты прыводзяць да зліцця дробных астравоў, гэткім чынам з 7 малых выспачак быў створаны востраў Джуронг.

Marina Bay Sands, Сінгапур

Сінгапур знаходзіцца ў 137 км на поўнач ад экватара, што адпавядае 1 з лішкам градусу пн.ш. Востраў Сінгапур аддзелены ад паўвострава [[Малака (паўвостраў) |Малака]] пралівам Джахор шырынёй ледзь больш за 1 км. Берагі праліва злучаны насыпам у паўночнай частцы вострава і мостам у заходняй. На поўдні Сінгапур амываецца цёплымі водамі Малакскага і Сінгапурскага праліваў, якія злучаюць Андаманскае мора з Паўднёвакітайскім, па моры дзяржава мяжуе з астравамі Рыау, што належаць Інданезіі. Большасць астравоў атачаюць каралавыя рыфы.

Геалагічную аснову вострава Сінгапур складаць магматычныя скальныя пароды. У сейсмічных адносінах Сінгапур даволі спакойны, паколькі бліжэйшыя тэктанічныя разломы (Суматранскі і Сунда) праходзяць на бяспечнай адлегласці і землятрусы толькі «гайдаюць», але не разбураюць горад. Вышэйшы пункт вострава — узгорак Букіт-Цімах — мае вышыню 163,6 м над узроўнем мора.

Клімат тэрыторыі экватарыяльны, вільготны, з высокімі тэмпературамі на працягу ўсяго года. Сярэдняя гадавая тэмпература 26 °C, а розніца тэмператур самага халоднага (студзень) і самага цёплага (травень) месяцаў не перавышае 1 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў 2400 мм, размеркаваны яны раўнамерна цягам году (каля 150 мм за месяц), зрэшты, лістапад-студзень за кошт мусонаў удвая вільгатнейшыя.

Клімат Сінгапура
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 33,5 35,2 36,1 35,1 36,1 34,3 33,9 34 34,6 34,6 34,1 33,9 36,1
Сярэдні максімум, °C 29,9 31 31,4 31,7 31,7 31,5 31 31,1 31,1 31,4 30,8 30 31,1
Сярэдняя тэмпература, °C 26,5 27,1 27,6 28 28,3 28,3 27,9 27,9 27,8 27,7 27 26,5 27,6
Сярэдні мінімум, °C 24,3 24,7 25 25,4 25,8 25,7 25,2 25,2 24,9 24,8 24,4 24,1 25
Абсалютны мінімум, °C 21,6 21 20,2 21,4 21,8 21,5 20,5 21,1 21,2 21 20 20,5 20
Норма ападкаў, мм 248 119 186 170 178 141 174 165 153 159 282 332 2 307
Тэмпература вады, °C 26 27 29 30 31 31 30 30 30 30 28 27 29
Крыніца: Надвор'е і клімат, Турыстычны партал

Самая доўгая рака краіны (Селатар) мае даўжыню 16 км.

Пальмавая даліна ў Батанічным садзе Сінгапура

Раней на востраве раслі вільготныя трапічныя лясы, але цяпер першародныя лясы амаль цалкам знішчаныя з-за хуткага росту горада, следам знікла бадай што палова аўтэнтычнай флоры і фаўны. Тым не менш, зеляніны на востраве хапае: усцяж вуліц раскінулі свае шаты дрэвы, а на ўзгорку Букіт-Цімах арганізаваны вялікі запаведнік, што займае амаль 10 % вострава. На паўночным усходзе ў забалочанай мясцовасці Сунгей-Булах у 2002 годзе быў створаны запаведнік з мэтай аховы пералётных птушак. Далёка за межамі Паўднёва-Усходняй Азіі вядомы сінгапурскі батанічны сад — першы аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Сінгапуры, адзін з трох увогуле і адзіны трапічны батанічны сад у гэтым пачэсным спісе.

З непрыемных экалагічных з’яваў можна адзначыць прыток забруджанага тарфянымі пажарамі паветра з суседняй Суматры, што нярэдка здараецца ў ліпені-кастрычніку і завецца паўднёва-азіяцкай смугой.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Сінгапуры згаданы ў кітайскіх хроніках яшчэ III ст.н.э..

У сярэднявеччы востраў Сінгапур быў аплотам малайска-інданезійскай імперыі Шрывіджая, з цэнтрам на Суматры, і меў яванскую назву Тэмасек. Тэмасек нейкі час быў важным гандлёвым цэнтрам, але потым прыйшоў у заняпад.

Статуя сэра Стэмфарда Рафлза

У XVXVI стагоддзях Сінгапур уваходзіў у склад султаната Джахор. У часы малайска-партугальскай вайны ў 1613 годзе Сінгапур падвергнуўся нападу з боку партугальскага войска, невялікае паселішча, што існавала ў той час, было спалена і востраў абязлюдзеў на два стагоддзі, працягваючы намінальна адносіцца да султаната Джахор.

Лі Кван Ю, першы прэм’ер-міністр незалежнага Сінгапура

У 1819 годзе сэр Рафлз, брытанскі губернатар Явы і прадстаўнік Брытанскай Ост-Індыйскай кампаніі, заключыў дагавор з султанам Джахора аб стварэнні ў Сінгапуры гандлёвай зоны з дазволам іміграцыі розных этнічных груп. Рафлз заснаваў тут факторыю Сінгапур. Англічане надавалі востраву вялікае значэнне як важнаму пункту на шляху да Кітая, і неўзабаве вакол факторыі вырас горад — адзін з найбольшых цэнтраў Паўднёва-Усходняй Азіі. Пасля крушэння кампаніі Рафлза у 1859 годзе Сінгапур быў далучаны да Брытанскай Індыі — калоніі Брытанскай імперыі.

Падчас Другой сусветнай вайны Японія захапіла Малайзію і перамагла ў бітве пры Сінгапуры, калі непадрыхтаванае англійскае войска не здолела аказаць супраціў, нягледзячы на сваю значную колькасную перавагу, 15 лютага 1942 года Сінгапур перайшоў пад уладу Японіі да самага паражэння краіны ўзыходзячага сонца ў верасні 1945 года.

У 1959 годзе Сінгапур стаў самакіруючайся дзяржавай у складзе Брытанскай імперыі, пасля выбараў пасаду прэм’ер-міністра заняў Лі Куан Ю. У 1963 годзе па выніках рэферандуму краіна ўвайшла ў склад Малазійскай Федэрацыі разам з Малаем, Сабахам і Саравакам. Аднак 7 жніўня 1965 года ў выніку канфлікту Сінгапур быў выключаны са складу Малайзіі і праз два дні абвясціў аб незалежнасці. Урад Партыі народнага дзеяння (ПНД), напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з лістапада 1990 г. — Го Чок Тонгам, ажыццяўляў палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканамічнага росту Сінгапура і ператварэння яго да пачатку 1990-х гадоў у адну з найбольш развітых краін Азіі.

Дзяржаўны лад і палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Сінгапур — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Член брытанскай Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Пасада прэзідэнта з’яўляецца ў большай ступені цырыманіяльнай, хоць змены канстытуцыі 1991 года пашырылі спіс вета, якія можа накласці прэзідэнт.

Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент, які выбіраецца на 5 гадоў.

Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам. З 2004 года пасаду займае Лі Сяньлун, сын першага прэм’ера Лі Куан Ю. Ён з’яўляецца ўсяго трэцім кіраўніком Сінгапура за 60-гадовую гісторыю і паслядоўна працягвае палітыку папярэднікаў. Сінгапур застаецца аўтарытарнай дзяржавай, займаючы апошнія месцы ў рэйтынгах розных свабодаў (слова, друку…).

Знешняя палітыка Сінгапура[правіць | правіць зыходнік]

Сінгапур падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 186 краінамі свету[6], хоць у многіх з іх няма яго амбасадаў. Прадстаўніцтва Сінгапура знаходзяцца ў Брунеі, Камбоджы, КНР, Індыі, Ізраілі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Лаосе, Малайзіі, М’янме, Філіпінах, Саудаўскай Аравіі, Тайландзе і В’етнаме. У пасольстве Паўночнай Карэі працуюць сінгапурцы.

Палітыку адрознівае абарончая дактрына (у адпаведнасці з геаграфічным становішчам), недавер з боку Малайзіі і Інданезіі па гістарычных прычынах і ўспрыманне Сінгапура «маленькай чырвоным плямай ў моры зеляніны», паводле словах прэзідэнта Інданезіі, Бухарудзіна Юсуфа Хабіба[7].

Паводле відавочных прычын, найбольш важнымі з’яўляюцца адносіны з Інданезіяй і Малайзіяй, нягледзячы на цяжкае аддзяленне ад другой і інданезійска-малайзійскую канфрантацыю 1963—1966 гадоў, дзе Інданезія выступала супраць стварэння Малайзіі. Сінгапур мае добрыя адносіны са Злучаным Каралеўствам, з якім заключыў Пяць абарончых дамоваў (таксама з Малайзіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй). Добрыя адносіны падтрымліваюцца і са Злучанымі Штатамі Амерыкі: ЗША разглядаюцца як стабілізуючая сіла ў процівагу рэгіянальным дзяржавам.

Сінгапур з’яўляецца прыхільнікам канцэпцыі паўднёва-ўсходнеазіяцкага рэгіяналізму і грае актыўную ролю ў Асацыяцыі Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) як заснавальнік гэтай арганізацыі. З’яўляецца членам форуму Азіяцка-Ціхаакіянскае эканамічнае супрацоўніцтва (АЦЭС), сакратарыят якога знаходзіцца ў Сінгапуры. З’яўляецца сябрам Брытанскай Садружнасці і Руху недалучэння.

Адносіны з Беларуссю[правіць | правіць зыходнік]

21 сакавіка 2013 упершыню ў гісторыі з прэзідэнтам Сінгапура сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар адзначыў, што «Сінгапур з’яўляецца ідэальнай пляцоўкай для прасоўвання беларускай прадукцыі ў Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён».[8]. У Сінгапуры ўжо функцыянуе офіс ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», праз які забяспечваюцца пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ў Паўднёва-Усходнюю Азію на сотні мільёнаў даляраў штогод.

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіёны Сінгапура

Сінгапур падзелены на 5 рэгіёнаў і 55 раёнаў:

  1. Цэнтральны рэгіён
  2. Паўночны рэгіён
  3. Паўночна-Усходні рэгіён
  4. Усходні рэгіён
  5. Заходні рэгіён.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Абсалютная большасць сінгапурцаў жывуць на востраве Сінгапур, на астатніх астравах пастаянна пражываюць ўсяго некалькі тысяч чалавек. Не маючы ні сельскай, ні прыроднай мясцовасці, Сінгапур з’яўляецца адной з самых шчыльназаселеных краін свету, саступаючы толькі Манака, і максімальны ўзровень урбанізацыі — 100 %. З-за недахопу зямлі ў Сінгапуры, у адрозненне ад іншых развітых краін, не атрымала развіцця катэджная забудова. 80 % насельніцтва жывуць у шматпавярховых дамах.

У Сінгапуры з часу набыцця незалежнасці назіраецца няўхільны і хуткі прырост насельніцтва. У 2017 лічба прыросту склала 1,82 %, і пасля гэтай амаль што «афрыканскай» лічбы будзе дзіўна пачуць, што на адну жанчыну сярод грамадзян Сінгапура прыходзіцца ўсяго 0,8 дзіцяці (апошняе месца ў свеце). Справа ў тым, што больш чым на дзве траціны прырост забяспечаны міграцыйным прытокам. Каля 43 % сучаснага насельніцтва краіны нарадзіліся за мяжою. Таксама ў Сінгапуры адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў смяротнасці (3,5 на тысячу), што звязана з перавагай насельніцтва ў працаздольным узросце і высокай працягласцю жыцця (85 гадоў, трэцяе месца ў свеце). Узрост сярэднестатыстычнага сінгапурца — 34,6 гадоў.

Насельніцтва краіны вельмі разнастайнае ў этнічным плане. Паводле перапісу 2002 года, этнічны склад:

  • кітайцы — 76,8 %
  • малайцы — 13,9 % (сюды адносяцца і малайцы, і інданезійцы)
  • індусы — 7,9 % (пакістанцы, індыйцы, бангладэшцы, шры-ланкійцы)
  • іншыя — 1,4 %.

Паводле апытання аб мове, на якой сінгапурцы размаўляюць дома (2015), на першым месцы — кітайская (34,9 % на мандарынскай кітайскай, 12,2 — на іншых гаворках), на другім — англійская (35 %), на трэцім малайская (10 %), на чацвёртым — тамільская (3,3 %). Усе чатыры самыя папулярныя мовы ў Сінгапуры з’яўляюцца афіцыйнымі.[9] Размоўная англійская моцна адрозніваецца ад літаратурнай і мае назву «сінгліш» (ад singapore english). Гэтая лінгвістычная з’ява не ўхваляецца ўрадам.

Будысцкі храм і музей у сэрцы Чанатауна

Рэлігійны склад насельніцтва (дадзеныя на 2015) таксама разнастайны:

Доля будыстаў у ХХІ ст. паступова скарачаецца, вага хрысціян і атэістаў узрастае. Pew Research Center назваў краіну самай канфесійна-стракатай нацыяй.

Пасля нацыянальных канфліктаў 1960-х гадоў урад стаў больш уважліва ставіцца да міжнацыянальных праблемаў і абвясціў прынцып гармоніі, якому падпарадкоўваюцца сістэма адукацыі, жыллёвая сфера, войска і іншыя дзяржаўныя ўстановы. З 1970-х гадоў міжнацыянальныя канфлікты спыніліся. У мэтах садзейнічання сацыяльнай згуртаванасці 21 ліпеня штогод святкуецца Дзень расавай гармоніі.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Гатэль Marina Bay Sands

Пасля набыцця незалежнасці ў 1965 годзе пазбаўлены рэсурсаў Сінгапур зрабіў стаўку на кваліфікаваныя кадры, замежныя інвестыцыі, экспарт і зручнасць геаграфічнага становішча — і эканоміка дзяржавы-вострава адразу пайшла ўгoру. Разам з Ганконгам, Тайванем і Паўднёвай Карэяй Сінгапур быў аднесены да ліку Азіяцкіх тыграў, але «горад ільва» здолеў апярэдзіць астатнюю тройку, дэманструючы ў 1965—1995 штогадовы прырост ВУП у 6 %. У ХХI ст., хоць тэмпы росту эканомікі крыху запаволіліся, Сінгапур застаецца верным сабе ў сваім паспяховым развіцці. Нават крызісны 2009 выклікаў рэцэсію ўсяго ў −0,6 %, а ўсе 2010-я ВУП расце на 2-4 % штогод. Змяншэнне тэмпаў росту эканомікі тлумачыцца тым, што Сінгапур увайшоў у групу развітых краін і ў пэўным сэнсе дарос да «эканамічнай столі». Праблема, якая чакае эканоміку вострава, — непазбежнае старэнне насельніцтва.

Дынамічная, арыентаваная на экспарт, рынкавая эканоміка Сінгапура надзіва адкрытая і свабодная ад карупцыі. Нізкія падаткі, стабільныя цэны і неймаверны душавы ВУП — усё гэта прыцягвае глабальных інвестараў, у першую чаргу, да сваіх сектараў высакатэхналагічнай прамысловасці і фінансавых паслуг. Узровень беспрацоўя вельмі нізкі (2,2 % у 2017)[9].

Эканоміка моцна залежыць ад сферы паслуг, доля якой у ВУП складае 75,2 % (2017), прамысловасць — 24,8 %.[9] Высакатэхналагічная прамысловасць стварае большую частку сінгапурскага экспарту: гэта найноўшая электроніка, медыцынскае і аптычнае абсталяванне, лекі, нафтапрадукты, прадукцыя хімічнай прамысловасці.Сельская гаспадарка не вядзецца.

Хоць гандлёвыя адносіны Сінгапура прасціраюцца па ўсім свеце, асаблівую ўвагу горад-дзяржава надае сувязям з партнёрамі па рэгіёне. У 2015 годзе Сінгапур разам з іншымі членамі АСЕАН стварыў Эканамічную супольнасць АСЕАН. Для Сінгапура характэрны ўстойлівы дадатны гандлёвы баланс (+ 56 млрд долараў у 2016 годзе). Каля 30 % сінгапурскага экспарту прыходзіцца на Кітай, Ганконг і Тайвань. Наступныя партнёры — Малайзія (10,6 %), Інданезія (7,8 %), ЗША (6,7 %), Японія і Паўднёвая Карэя (па 4,5 %)[10]. Структура імпарту амаль тая самая, за выняткам таго, што сярод важных партнёраў паўстаюць Саудаўская Аравія, ААЭ, Кувейт і Катар — нафта- і газаэкспарцёры. Іх сумарная доля складае 7 %.[11]

Порт Сінгапура з’яўляецца адным з пяці самых ажыўленых партоў у свеце; аэрапорт Чангі — адзін з самых сучасных аэрапортаў, а нацыянальны перавозчык Singapore Airlines у 2018 прызнаны лепшымі авіялініямі свету.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

  • Лі Куан Ю — сінгапурскі палітык і рэфарматар
  • Т. Тан (нар. у 1940) — сінгапурскі палітык, банкір і матэматык
Панарама начнога Сінгапура, 2011

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. https://www.singstat.gov.sg/find-data/search-by-theme/population/population-and-population-structure/latest-data
  2. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2016_human_development_report.pdf
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  4. https://rsf.org/en/ranking/2018 Архівавана 10 чэрвеня 2020.
  5. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2018. Праверана 27 жніўня 2018.
  6. Singapore Missions Worldwide(недаступная спасылка). Ministry of Foreign Affairs, Singapore (10 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2007. Праверана 18 студзеня 2015.
  7. "President unhappy with Singapore, says AWSJ". The Straits Times. 5 August 1998.
  8. http://www.belta.by/president/view/belarus-i-singapur-imejut-vzaimnyj-interes-k-vystraivaniju-polnomasshtabnyh-otnoshenij-10538-2013
  9. а б в https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/sn.html Архівавана 12 красавіка 2019.
  10. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=192&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  11. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=192&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]