Сінхратроннае выпрамяненне
Сінхратро́ннае выпрамяне́нне — выпрамяненне электрамагнітных хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магнітным полі з рэлятывісцкімі скарасцямі.
Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. сіла Лорэнца). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва). Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. аптычныя спектры) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы.
Найбольш істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на сінхратроннае выпрамяненне ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў.
Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касмічнага сінхратроннага выпраменьвання дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергетычным спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магнітнага поля ў аддаленых абласцях Сусвету.
Сінхратроннае выпрамяненне выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сінхратроннае выпрамяненне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. С. 406.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Синхротронное излучение // Физическая энциклопедия.