Сяргей Аляксандравіч Малевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з С. А. Малевіч)
Сяргей Аляксандравіч Малевіч
Дата нараджэння 2 (14) жніўня 1878
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 29 снежня 1918
Род дзейнасці фалькларыст, мовазнавец
Альма-матар
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сяргей Аляксандравіч Малевіч (2 жніўня 1878[1]Мінская губерня — пасля 29 снежня 1918; Крыптанімы: С. Малевіч) — беларускі фалькларыст і мовазнавец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З сям’і сельскага святара Аляксандра Афанасьевіча і Надзеі Антонаўны. Ахрышчаны ў Яўтушкавіцкай Раства-Багародзіцкай царкве Рэчыцкага павета. Вучыўся ў Мінскай (1888—1889) і Слуцкай (1890—1900) гімназіях. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (1904), адразу паступіў у Археалагічны інстытут у Пецярбургу, які скончыў у 1907 годзе. Спадзяванні заняцца навукай не спраўдзіліся, прапаноў працы ад універсітэтаў не было, Малевіч паехаў у Рэвель і да 1913 года выкладаў рускую мову ў Мікалаеўскай гімназіі. Потым вярнуўся ў Пецярбург, на месца інспектара гімназіі Імператара Пятра Вялікага, быў на пасадзе інспектара да рэвалюцыі. У 1918 годзе, 24 красавіка — 29 снежня знаходзіўся ў шпіталі Св. Панцеляймона праз псіхічны разлад. Далейшы яго лёс пакуль невядомы.[1]

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Апублікаваў беларускія духоўныя вершы пра Лазара, са звесткамі з жыцця жабракоў-лірнікаў (1906), вершы запісаў ад Восіпа Адамацкага з вёскі Лоцвіны Слуцкага павета. Малевіч звярнуў увагу на два розныя элементы песеннай мовы: «характэрныя рысы чыстага тутэйшага вымаўлення» спалучаюцца з царкоўна-кніжнымі.

Аўтар падборкі матэрыялаў па беларускай мове і фальклоры «Белорусские народные песни», апублікаванай у зборніку Аддзялення рускай мовы і славеснасці ІАН (1907, Санкт-Пецярбург), якая змяшчае поўны цыкл народных песень і казку «Пан і мужык». Як навуковая праца публікацыя забяспечана фанетычным і марфалагічным нарысам мясцовага дыялекту «жывой беларускай гаворкі» і яе слоўнікам[1]. Выданне падпісана крыптанімам «С. Малевіч». Матэрыялы для працы збіраў некалькі гадоў у Ланьскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні, у тым ліку сяле Малева за 10 км ад Нясвіжа і вёсках Альхоўка, Карцэвічы, Яськевічы і Гусакі, іх жыхароў называў «карэннымі аселымі беларусамі, якія даволі шчасліва захавалі да цяперашняга часу найгалоўнейшыя этнаграфічныя рысы»[1], а Малева «нашай старой беларускай вёскай». На думку Малевіча, кансерватыўны земляробчы лад жыцця краю адыграў немалую ролю «ў доўгачасовым захаванні беларускага этнічнага тыпу» і спрыяў таму, што «беларуская вёска захавала ў сваёй памяці нямала твораў народна-паэтычнага духу»[1]. За некалькі гадоў да Малевіча, іншую падборку песень, але з такой самай назвай і ў тым самым выданні апублікаваў Аляксандр Разенфельд[1].

Малевіч меў пэўныя спадзяванні наконт гэтай працы. Яна і праўда была заўважана, у прыватнасці матэрыяламі Малевіча карыстаўся Яўхім Карскі, у Львове аўтарытэтны этнограф Уладзімір Гнацюк апублікаваў добразычлівую рэцэнзію ў «Записках НТШ». У 1908 годзе Малевіч падаў сваю працу на конкурс у Рускае геаграфічнае таварыства, аднак вынікаў гэта не мела.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Дзед — Афанасій Малевіч, протадыякан кафедральнага Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску. Бацька — Аляксандр (1848-пасля 1918), скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1871), з 1872 года настаўнік Чапліцкага народнага вучылішча Слуцкага павета, з 1877 года псаломшчык Чапліцкай Георгіеўскай царквы, з 1879 года служыў у Пярэжырскай Мікалаеўскай царкве Ігуменскага павета, з 1883 года служыў у іншай царкве. Маці — Надзея, памерла ва ўзросце 22 гадоў падчас родаў.[1]

У шлюбе з Ганнай Аляксандраўнай Духоўскай (ахрышчанай яўрэйкай Ханнай Ашэраўнай), меў дачку Антаніну (нар. 27.2.1906) і сына Дыядора (1.9.1910).[1]

Пэўны час беларускія літаратуразнаўцы, напрыклад Юрый Пацюпа, думалі, што пад крыптанімам «С. Малевіч» пісаў Севярын Малевіч — бацька мастака Казіміра Малевіча, аднак нядаўна Ігар Барынаў выявіў сапраўднага аўтара — Сяргея Малевіча[1]. Таксама выказвалася думка, што і Севярын, і Сяргей Малевіч паходзяць з аднаго разгалінаванага роду, звязанага з сялом Малева, пэўных пацвярджэнняў гэтаму няма, але прынамсі мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі выказаў гіпотэзу пра ролю Малева ў творчасці Казіміра Малевіча. Калі б было так, магчыма, этнаграфічная праца Сяргея Малевіча сведчыла б пра глыбокую сувязь гэтага роду з беларускай культурай.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ЦГА СПб. Фонд Р-2742. Опись 1. Дело 660
  • ЦГИА СПб. Фонд 14. Опись 3. Дело 37736

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]