Перайсці да зместу

Таварыства вольных літаратараў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тавары́ства Во́льных Літара́тараў — літаратурная суполка, заснаваная 8 мая 1993 года на ўстаноўчым сходзе ў Наваполацку. Была зарэгістравана, аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пазбаўлена рэгістрацыі[1]. Кола ўдзельнікаў адмыслова абмежаванае[2].

Складалася пераважна з пісьменнікаў двух беларускіх рэгіёнаў — Полаччыны і Гродзеншчыны. Галоўны каардынатар — Алесь Аркуш. Сябры Рады — Юрый Гумянюк, Вінцэсь Мудроў, Ігар Сідарук, Юрась Пацюпа, Сяргей Шыдлоўскі.

Для сяброў таварыства характэрныя наступныя прынцыпы: схільнасць да мадэрнізму ў паэзіі; перавага прыватнага над дзяржаўным; рэгіяналізм. У 1993 годзе Таварыства вольных літаратараў заснавала прэмію «Гліняны Вялес». У 1996—1998 гадах некалькі тэвээлаўцаў пакінулі арганізацыю, каб уступіць у Саюз беларускіх пісьменнікаў. У 2003 годзе, калі адзначалася 10-годдзе арганізацыі, на валуне выбілі абрэвіятуру «ТВЛ»[3]. Акрамя паэзіі ўдзельнікі суполкі таксама звяртаюць увагу на прозу, эсэ і драматургію. Творы некаторых тэвээлаўцаў перакладзены на іншыя мовы (польская, украінская)[4], частка літаратараў увайшла ў Беларускі ПЭН-цэнтр[5].

Арганізацыя выдавала часопіс «Калосьсе» (выйшла 11 нумароў) і альманах «Ксэракс Беларускі» (выйшла 6 нумароў). Заснавала выдавецкую суполку «Полацкае ляда»[5]. Наладзіла міжнародныя канферэнцыі «Альтэрнатыўная літаратура. Паасобныя намаганьні да агульнае мэты. Новыя імёны новай Усходняй Эўропы» (1994), «Літаратурны працэс: рэцыдывы посттаталітарнай маргінальнасьці» (1995), «Праблемы развіцьця і станаўленьня недзяржаўнага літаратурнага друку» (1996)[2] (усяго суполка правяла 4 канферэнцыі)[1].

  1. 1 2 Алесь Аркуш. Таварыства Вольных Літаратараў: 30 гадоў андэграўнда(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя (8 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2023. Праверана 8 мая 2023.
  2. 1 2 Лера Сом. “Цьмяніць ліхтыр…”: Індывідуальна-аўтарскія наватворы ў тэкстах сяброў Таварыства Вольных Літаратараў // Роднае слова. — 2001. — № 4 (160). — С. 53.
  3. Аксана Бязлепкіна. Маладзёжны літаратурны рух у Беларусі напрыканцы XX ст.: Таварыства Вольных Літаратараў // Роднае слова. — 2005. — № 4 (208). — С. 96—97.
  4. Аксана Бязлепкіна. Маладзёжны літаратурны рух у Беларусі напрыканцы XX ст.: Таварыства Вольных Літаратараў // Роднае слова. — 2005. — № 4 (208). — С. 98.
  5. 1 2 Стваральнік Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш: «Усё, што магло самастойна існаваць і ўплываць на грамадзтва, улада зьліквідавала». Радыё Свабода (13 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2023. Праверана 9 мая 2026.
  • Бязлепкіна А. Маладзёжны літаратурны рух у Беларусі напрыканцы XX ст.: Таварыства Вольных Літаратараў // Роднае слова. — 2005. — № 4 (208). — С. 96—98.