Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР
Тавары́ства гісто́рыкаў-марксі́стаў БССР — грамадская навуковая арганізацыя ў 1927—1933 гадах. Дзейнічала як аднайменнае аддзяленне Усесаюзнага таварыства. Яго папярэднікам было Беларускае марксісцкае таварыства, якое працавала з 1923 года.
Мэты і задачы
[правіць | правіць зыходнік]Перад таварыствам партыйнае кіраўніцтва рэспублікі ставіла задачы: выкрыццё «буржуазных нацыяналістычных канцэпцый», даследаванне праблем метадалогіі гісторыі, вывучэнне гісторыі Беларусі і асабліва рэвалюцыйнага руху, а таксама гісторыі Расіі, усеагульнай гісторыі.
Гісторыя і дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Таварыства гісторыкаў аб’ядноўвала філосафаў, эканамістаў, сацыёлагаў, правазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, спецыялістаў па педагогіцы ВНУ і НДІ БССР. На нарадзе навуковых работнікаў у красавіку 1928 года вырашана рэарганізаваць Таварыства гісторыкаў у Таварыства марксістаў БССР. У чэрвені 1928 года ў ім створаны 4 секцыі: гісторыкаў, філосафаў, эканамістаў, літаратуразнаўцаў. Дзейнасцю таварыства кіравала праўленне, у склад якога ўваходзілі У. М. Ігнатоўскі (старшыня), С. Л. Гельтман, В. Г. Кнорын, П. Я. Панкевіч, А. А. Сянкевіч і інш. Таварыства марксістаў БССР пачало працаваць пасля зацвярджэння яго статута ў сакавіку 1929 года Сакратарыятам ЦК КП(б)Б. У красавіку 1929 года яно аб’ядноўвала 50 навуковых і педагагічных работнікаў ВНУ і НДІ Мінска. У рабоце секцыі гісторыкаў удзельнічала 14 вучоных. Галоўную ўвагу секцыя засяродзіла на даследаванні праблем гісторыі БССР, асабліва пытанняў рэвалюцыйнага руху. Вялікае значэнне надавалася таксама выкладанню гісторыі і выданню дапаможнікаў для вышэйшай школы. Пры секцыі была арганізавана камісія па вывучэнні гісторыі грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гадоў на Беларусі, у якую ўвайшлі і ўдзельнікі барацьбы за савецкую ўладу. Асноўныя формы працы таварыства: заслухоўванне і абмеркаванне дакладаў на яго пленумах і ў секцыях, арганізацыя публічных лекцый і дыспутаў, крытычны аналіз і ацэнка выдадзенай літаратуры. Таварыства выпусціла ў 1929 годзе «Марксісцкі зборнік», у 1-м нумары якога апублікавана стэнаграма абмеркавання ў секцыі гісторыі кнігі С. Х. Агурскага «Гісторыя рэвалюцыйнага руху на Беларусі», у 2-м нумары (1931) — артыкулы гістарычнага цыкла пра ленінскую ацэнку сталыпінскай аграрнай рэформы, царскі маніфест 17 кастрычніка 1905 года, рэцэнзія на кнігу М. В. Доўнар-Запольскага «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.». У лістападзе 1929 — пачатку 1930 года Таварыства марксістаў БССР рэарганізавана ў Асацыяцыю самастойных таварыстваў — гісторыкаў, ваяўнічых матэрыялістаў-дыялектыкаў і эканамістаў. Таварыства гісторыкаў-марксістаў БССР (старшыні В. А. Сербента, П. В. Саевіч) працавала пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, а Таварыства ваяўнічых матэрыялістаў-дыялектыкаў і эканамістаў — пры Камуністычным універсітэце імя Леніна.
У чэрвені 1930 года таварыства аб’ядноўвала 35 супрацоўнікаў гістарычных навучальных устаноў і кафедраў ВНУ рэспублікі. Прыкметнай з’явай у тагачасным навуковым жыцці Беларусі (кастрычнік—лістапад 1930 года) з’явілася дыскусія па дакладзе Сербенты «Аб становішчы на гістарычным фронце БССР і задачах таварыства гісторыкаў-марксістаў». У ходзе дыскусіі, якая праводзілася пры адсутнасці часткі членаў таварыства (былі арыштаваны органамі ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі»), вульгарызавана-крытычна прааналізаваны стан гістарычнай навукі Беларусі і вызначаны кірункі яе далейшага развіцця. У прынятай рэзалюцыі падкрэслівалася важнасць стварэння марксісцкай канцэпцыі гісторыі Беларусі, крытычнай ацэнкі прац па гісторыі. Аднак ў ёй з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньваліся працы некаторых гісторыкаў і ў цэлым становішча ў гістарычнай навуцы, канстатавалася, што быццам бы «больш ці менш схаваная ідэалогія контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму і вялікадзяржаўнага шавінізму была пануючай у гістарычнай літаратуры Беларусі», а таксама ў выкладанні ў ВНУ і агульнаадукацыйных школах. Таварыства правяло шэраг дыскусій па канкрэтных праблемах гісторыі, над якімі працавалі выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ, Інбелкульта, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі АН Беларусі. Былі абмеркаваны пытанні перыядызацыі гісторыі Беларусі і праграма гэтага курса для ВНУ (дакладчык І. А. Віткоўскі), паўстання 1863—1864 гг. (А. М. Ясінскі), генезісу капіталізму ў беларускіх губернях і характару «Нашай нівы» (Д. А. Дудкоў), развіцця рабочага руху на Беларусі (К. І. Кернажыцкі). Таварыства крытычна разгледзела асноўныя працы Агурскага, Доўнар-Запольскага, З. Х. Жылуновіча, Ігнатоўскага, М. М. Нікольскага, У. І. Пічэты і інш. Таварыства, як філіял Усесаюзнага таварыства, працавала пад яго кіраўніцтвам і пастаянна атрымлівала арганізацыйна-навуковую дапамогу з боку Камуністычнай акадэміі. Ва Усесаюзным таварыстве ў сакавіку 1931 г. была арганізавана секцыя гісторыі народаў СССР з падсекцыяй гісторыі Беларусі, якая аб’ядноўвала 25 чал. На яе пасяджэннях абмяркоўваліся пытанні аб стане марксісцкай гістарычнай навукі ў БССР, выніках і задачах вывучэння гісторыі Беларусі, сацыяльным характары паўстання 1863—1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве, гісторыі грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—1920 гадоў на Беларусі і інш. У пачатку 1932 года Таварыства планавала правесці Усебеларускую нараду гісторыкаў-марксістаў, на якой меркавалася заслухаць справаздачныя даклады Таварыства, Цэнтральнага архіва, Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б і Інстытута гісторыі АН БССР. Аднак сур’ёзныя разыходжанні ідэйна-палітычнага і навукова-метадалагічнага характару, групаўшчына, вульгарызацыя памылак членаў таварыства, іх узаемныя палітычныя абвінавачанні прывялі яго да арганізацыйнага распаду. У пачатку 1933 года Таварыства спыніла існаванне. Нягледзячы на недахопы ў рабоце, Таварыства адыграла станоўчую ролю ў развіцці гістарычнай навукі ў БССР.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхнюк У. Тавары́ства гісто́рыкаў-марксі́стаў БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 491. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Міхнюк У. М. Тавары́ства гісто́рыкаў-марксі́стаў БССР // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 373. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Дорошенко, В. А. Образование и основные этапы деятельности Общества историков-марксистов (1925—1932 гг.) // Вестник МГУ. Серия история. — 1966. — № 3.
- Михнюк, В. Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.) / В. Н. Михнюк; АН БССР, Ин-т истории. — Мн.: Наука и техника, 1985. — 285 с.