Таварыства мёртвых паэтаў
| Таварыства мёртвых паэтаў | |
|---|---|
| англ.: Dead Poets Society | |
| Жанры | coming-of-age film[d], драматычны фільм[5][6][…] і моладзевы фільм[d][7][8] |
| Рэжысёр | |
| Прадзюсары | |
| Сцэнарыст | |
| У галоўных ролях |
|
| Аператар | |
| Кампазітар | |
| Кінакампанія | Touchstone Pictures[d] |
| Працягласць | 123 хв. |
| Бюджэт | 16 400 000 $ |
| Зборы | 235 860 116 $[13] і 95 860 116 $[14] |
| Краіна | |
| Мова | англійская[1] |
| Год | 2 чэрвеня 1989[2], 12 студзеня 1990[3] і 25 студзеня 1990[4] |
| IMDb | ID 0097165 |
«Таварыства мёртвых паэтаў» (англ.: Dead Poets Society) — амерыканскі камедыйна-драматычны фільм 1989 года рэжысёра Пітэра Уіра па сцэнарыі Тома Шульмана. Галоўныя ролі выканалі Робін Уільямс, Роберт Шон Леанард, Ітан Хоўк, Джош Чарльз, Гейл Хэнсен, Дылан Касман, Алелан Руджэра, Джэймс Уотэрстан[15].
У прэстыжную школу для юнакоў прыходзіць новы выкладчык літаратуры Джон Кітынг. Будучыя бізнесмены, палітыкі і юрысты на першым жа ўроку разумеюць, што ў іх ніколі не было такога настаўніка. Кітынг не зважае на вучэбны план ці традыцыі школы, але вучыць хлопцаў самастойнаму мысленню і зачароўвае іх сваёй любоўю да паэзіі. І вось ужо ў пячоры недалёка ад школы збіраецца Таварыства мёртвых паэтаў — група старшакласнікаў, якія з захапленнем чытаюць адзін аднаму вершы і шукаюць свой шлях у жыцці.
Сусветная прэм’ера «Таварыства мёртвых паэтаў» адбылася 2 чэрвеня 1989 года ў Злучаных Штатах Амерыкі. Кінастужка мела фінансавы поспех, сабраўшы ў сусветным пракаце 235.9 млн долараў пры бюджэце ў 16.4 млн. Фільм атрымаў прызнанне сярод гледачоў і крытыкаў і быў удастоены шэрагу значных ўзнагарод, сярод якіх прэмія «Оскар» за Найлепшы арыгінальны сцэнарый, прэмія «BAFTA» за Найлепшы фільм і Найлепшую арыгінальную музыку, прэмія «Сезар» за Найлепшы замежны фільм, 4 намінацыі на «Залаты глобус».
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Вермонт, 1959 год. Тод Эндэрсан распачынае навучанне ў прэстыжнай школе для юнакоў Акадэмія Уэлтан, у аснове якой ляжаць чатыры прынцыпы: «Традыцыя», «Гонар», «Дысцыпліна», «Дасканаласць» («Tradition», «Honour», «Discipline», «Excellence»). Суседам Тода па пакоі апынаецца Ніл Пэры, адзін з самых шматабяцальных вучняў Уэлтана. Пасля цырымоніі ў гонар пачатку вучэбнага года ў пакой Ніла заходзяць яго сябры Чарлі Далтан, Нокс Оверстрыт і Стывен Мікс. Яны высмейваюць школу, абвяшчаючы яе прынцыпамі «Пародыю», «Жах», «Упадніцтва», «Спражненне» («Travesty», «Horror», «Decadence», «Excrement»), а саму яе імянуючы «Hellton» (англ.: hell — «пекла»).
Юнакі знаёмяцца з новым настаўнікам літаратуры Джонам Кітынгам, які просіць клікаць яго цытатай з Уітмена «О, капітан, мой капітан!». Сам у мінулым выпускнік Уэлтана, Кітынг заклікае сваіх вучняў зрабіць сваё жыццё незвычайным, узяўшы за дэвіз словы «Carpe diem» — «Лаві імгненне». На наступным занятку Кітынг высмейвае прадмову да хрэстаматыі, дзе прапануецца метад ацэнкі вершаў. Ён патрабуе, каб вучні вырвалі прадмову і вучыліся думаць самастойна. Юнакі здзіўляюцца нестандартным метадам выкладання новага настаўніка. Яны знаходзяць альбом яго выпуску і даведваюцца, што ў свой час ён быў сябрам Таварыства мёртвых паэтаў. Яшчэ больш заінтрыгаваныя, хлапчукі звяртаюцца да самога Кітынга, і той апавядае, што Таварыства яднала юнакоў-рамантыкаў. Яны збіраліся ў пячоры непадалёк ад школы, чыталі вершы Таро, Уітмена, Шэлі, а таксама і свае творы — яны цалкам аддаваліся любові да паэзіі.
Натхнёны аповедам «капітана», Ніл прапануе сябрам аднавіць Таварыства. Да яго далучаюцца Чарлі Далтан, Нокс Оверстрыт, Стывен Мікс, Джэрард Пітс і Рычард Кэмеран. Тод таксама згаджаецца, але пры ўмове, што ён не будзе чытаць. Ніл знаходзіць на сваім стале кнігу паэзіі, пакінутую Кітынгам, дзе адзначаны вершы вартыя прачытання. Ноччу сябры ўцякаюць з кампуса ў пячору, дзе праводзяць першую сустрэчу Таварыства.
З урока ва ўрок Кітынг вучыць юнакоў жыць на сваіх уласных умовах, на ўсё глядзець з нечаканага пункту гледжання. Для ілюстрацыі гэтай ідэі ён прапануе вучням узлезці на настаўніцкі стол і паглядзець на клас — з такога ракурсу ён выглядае зусім іначай. Працягваючы заахвочваць юнакоў да свабоднага мыслення, Кітынг задае напісаць верш. Гэта вельмі пужае Тода, і ён не выконвае заданне. Тады Кітынг вымушае хлопца выйсці да дошкі і перад класам скласці верш экспромтам. І Тод спраўляецца.
Распаленыя Кітынгам, хлопцы пачынаюць глядзець на жыццё па-новаму. Ніл, якога бацькі рыхтавалі да медыцынскай кар’еры, выяўляе ў сабе прагу да акцёрства. Насуперак волі бацькоў ён тайна праходзіць пробы і атрымлівае ролю Пака ў мясцовай пастаноўцы п’есы «Сон у летнюю ноч». Нокс, безнадзейна закаханы ў чырлідарку Крыс, рашае любой цаной дабіцца яе ўзаемнасці. Пасля чарговага збору Таварыства ён асмельваецца патэлефанаваць дзяўчыне, і яна запрашае Нокса на вечарыну ў яе доме. Падчас вечарыны Нокс цалуе спячую Крыс. Гэта заўважае яе хлопец Чэд, у шаленстве ён збівае Нокса, але той не здаецца. Неўзабаве ён прыходзіць у яе школу і прылюдна чытае верш, прысвечаны ёй.
Чарлі публікуе артыкул у школьнай газеце ад імя Таварыства з патрабаваннем прымаць дзяўчат у Уэлтан. Усчынаецца скандал, і дырэктар Нолан спрабуе прымусіць Чарлі раскрыць, хто яшчэ належыць да Таварыства мёртвых паэтаў, але той не выдае таварышаў. Нолан падазрае, што гэта ўплыў неардынарных метадаў Кітынга. Ён звяртаецца да настаўніка з патрабаваннем выхоўваць юнакоў у павазе да аўтарытэтаў і традыцый. Кітынг папярэджвае хлопцаў, каб яны паводзілі сябе больш абачліва.
Бацька Ніла даведваецца, што яго сын у тайне ад яго бярэ ўдзел у п’есе. Ён забараняе Нілу гэтым займацца і прымушае яго кінуць тэатр напярэдадні прэм’еры. Ніл просіць парады ў Кітынга, і той раіць стаяць на сваім і даказаць свайму бацьку, што яго любоў да акцёрскага майстэрства — гэта ўсур’ёз. Аднак Нілу не стае адвагі пагаварыць з бацькам, ён рашае аслухацца і тайна іграць.
У дзень прэм’еры ў школу юнакоў прыходзіць Крыс. Яна абвінавачвае Нокса, што ён выставіў яе на пасмешышча. Аднак Нокс бачыць яе нераўнадушша і стаіць на сваім: ён запрашае дзяўчыну ў тэатр, нягледзячы на небяспеку зноў быць пабітым. Падчас спектаклю ён бярэ Крыс за руку, і яна не працівіцца. П’еса ідзе пры поўным зале, і гледачы застаюцца ўражаныя пастаноўкай і асабліва натхнёнай ігрой Ніла. Аднак у нейкі момант у зал уваходзіць яго бацька, і ён няўмольны. Адразу пасля спектакля ён у гневе вязе Ніла дадому і абвяшчае, што забярэ яго з Уэлтана і адправіць у ваенную акадэмію, а потым у Гарвард. Не маючы ніякай падтрымкі з боку занепакоенай маці і не маючы адвагі патлумачыць бацьку свае пачуцці, Ніл ноччу здзяйсняе самагубства.
Па просьбе сям’і Ніла, дырэктар Нолан усчынае расследаванне. Ён праводзіць допыт сяброў Ніла, і Кэмеран, каб пазбегнуць пакарання, здае сваіх сяброў: ён падрабязна апісвае сустрэчы Таварыста мёртвых паэтаў, пералічвае ўсіх удзельнікаў і вінаваціць ва ўсім уплыў Кітынга. Пасля допыту Кэмеран заклікае і астатніх узяць з яго прыклад і скінуць усю адказнасць на Кітынга. Чарлі ўдарае Кэмерана па твары, і яго выключаюць са школы. Хлопцаў па адным выклікаюць у кабінет Нолана і прымушаюць падпісаць ліст, які пацвярджае віну Кітынга. Калі надыходзіць чарга Тода, ён не хоча падпісваць, але бачачы, што ўсе гэта зрабілі, і пад ціскам бацькоў — падпісвае.
Кітынга звальняюць, і містэр Нолан, які выкладаў англійскую мову ў Уэлтане да таго, як стаць дырэктарам, бярэ на сябе выкладанне ў класе, пакуль не будзе знойдзены новы пастаянны выкладчык. Падчас урока ў клас прыходзіць містэр Кітынг, каб забраць асабістыя рэчы. Калі ён ужо збіраецца сысці, Тод выкрыквае, што іх яны не хацелі сведчыць супраць Кітынга і што іх прымусілі падпісаць паперы. Нолан пагражае Тоду выключэннем са школы, калі той не змоўкне. Тады Тод падымаецца на парту і звяртае да Кітынга словамі «О, капітан! Мой капітан!». Нолан прыходзіць у шаленства, аднак Тод не слухае пагроз. Следам за Тодам на парты падымаюцца іншыя сябры Таварыства мёртвых паэтаў (за выключэннем Кэмерана), а таксама і некаторыя іншыя вучні Кітынга. Крануты іх падтрымкай і адвагай, Кітынг глядзіць на іх з гонарам і дзякуе.
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]| Робін Уільямс | – Джон Кіцінг |
| Роберт Шон Леанард | – Ніл Пэры |
| Ітан Хоўк | – Тод Эндэрсан |
| Джош Чарльз | – Нокс Оверстрыт |
| Гейл Хэнсен | – Чарлі Далтан |
| Дылан Касман | – Рычард Кэмеран |
| Алелан Руджэра | – Стывен Мікс |
| Джэймс Уотэрстан | – Джэрард Пітс |
Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Арыгінальны сцэнарый быў напісаны Томам Шульманам на аснове яго досведу вучобы ў Акадэміі Мантгомеры Бэл ў Нашвіле, штат Тэнесі. У прыватнасці, вобраз Кітынга быў натхнёны настаўнікам Шульмана Сэмюэлам Пікерынгам[16][17][18].
Першапачаткова ў крэсла рэжысёра быў запрошаны Джэф Кэнью, які бачыў у галоўнай ролі Ліяма Нісана[19]. Іншымі акцёрамі, якія разглядаліся на ролю Кітынга, былі Дасцін Хофман[20], Мэл Гібсан, Том Хэнкс і Мікі Рурк[21][22]. У выніку роля дасталася Робіну Уільямсу, якому аддавалі перавагу прадстаўнікі Touchstone Pictures. Тым не менш, у першы дзень здымак за межамі Атланты Уільямс не з’явіўся на пляцоўцы, бо не хацеў працаваць з Кэнью[23]. Тады студыя спаліла ўжо пабудаваныя дэкарацыі і замяніла Кэнью іншым рэжысёрам[23].
У канцы 1988 года Пітэр Уір сустрэўся з Джэфры Катцэнбергам з Walt Disney Studios. Катцэнберг, які кіраваў Touchstone Pictures, прапанаваў Уіру азнаёміцца са сцэнарыем Шульмана. Вяртаючыся на самалёце ў Сідней, Уір прачытаў сцэнарый і застаўся ў захапленні. Праз шэсць тыдняў ён вярнуўся ў Лос-Анджэлес, каб правесці кастынг галоўных герояў фільма[24]. Па-сапраўднаму здымкі фільма стартавалі толькі тады, калі Уір атрымаў пасаду рэжысёра[23].
У версіі Шульмана Кітынг быў хворы і павольна паміраў ад лімфомы Ходжкіна, прысутнічала сцэна, дзе ён быў на смяротным ложы ў бальніцы. Уір палічыў гэтую сюжэтную лінію непатрэбнай, мяркуючы, што гэта засяродзіць увагу гледачоў на хваробе Кітынга, а не на тым, што ён адстойваў[25].
На раннім этапе вытворчасці Дысней прапаноўваў змяніць сцэнарый такім чынам, каб юнакі знайшлі захапленне не ў паэзіі, а ў танцах. Таксама прапаноўвалася змяніць назву на «Султаны свінга» (англ.: Sultans of Swing), а асноўную ўвагу засяродзіць на характары містэра Кітынга, а не на саміх юнаках. Гэтыя прапановы былі наадрэз адхілены[24].
Здымкі
[правіць | правіць зыходнік]Здымкі фільма пачаліся ў лістападзе 1988 года і завяршыліся ў студзені 1989 года. Здымкі адбываліся ў штаце Дэлавэр: у Школе св. Андрэя, Тэатры Эверэт у Мідлтаўне, у Нью-Касле і ў суседнім Уілмінгтане[18][26]. Сцэны ўрокаў Кітынга ў класным пакоі былі зняты ў гукавым кіназдымачным павільёне ў Уілмінгтане[18]. У перыяд здымкаў Уір прасіў маладых акцёраў не выкарыстоўваць сучасны слэнг, у тым ліку і не падчас здымкаў[24].
Музычнае суправаджэнне
[правіць | правіць зыходнік]Арыгінальную музыку да фільма напісаў французскі кампазітар Марыс Жар. Гэта было яго чацвёртае супрацоўніцтва з Пітэрам Уірам пасля карцін «Год небяспечнага жыцця» (1982), «Сведка» (1985) і «Бераг маскітаў» (1986).
| № | Назва | Працягласць |
|---|---|---|
| 1. | «Carpe Diem» (бел.: Лаві імгненне) | 04:46 |
| 2. | «Neal» (бел.: Ніл) | 03:16 |
| 3. | «To The Cave» (бел.: Да пячоры) | 02:34 |
| 4. | «Keating's Triumph» (бел.: Трыумф Кітынга) | 05:55 |
| 5. | «Football Training» (бел.: Футбольная трэніроўка) | 02:30 |
Выхад і прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]Пракат і зборы
[правіць | правіць зыходнік]Прэм’ера фільма адбылася 2 чэрвеня 1989 года ў Злучаных Штатах Амерыкі[27]. Пракат у ЗША прынёс карціне 95.9 мільёнаў долараў. Агулам зборы карціны склалі 235.9 мільёнаў долараў[28].
Рэйтынгі
[правіць | правіць зыходнік]Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 79 балаў са 100 на аснове 14 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.3/10[29]. Паводле дадзеных іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 63 рэцэнзентаў 53 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 84 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 92 % на аснове больш чым 250 тысяч галасоў[30]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
| Уражваючая ігра маладога акцёрскага складу і насамрэч натхняючая роля Робіна Уільямса прыносяць школьнай драме Пітэра Уіра вышэйшае ўшанаванне.[30] |
Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных рэсурсах, прысвечаных кіно: 4/5 на сайце «AllMovie»[31], 4.3/5 на сайце «AlloCiné»[32], 7.6/10 на сайце «FilmAffinity»[33], 8.1/10 на сайце «IMDb»[15], 8.2/10 на сайце «КиноПоиск»[34].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 20 кінаўзнагародамі і яшчэ 19 намінацыямі[35]. Сярод найбольш значных узнагарод прэмія «Оскар» за Найлепшы арыгінальны сцэнарый[36], прэмія «BAFTA» за Найлепшы фільм і Найлепшую арыгінальную музыку[37], прэмія «Сезар» за Найлепшы замежны фільм[38], 4 намінацыі на «Залаты глобус»[39].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://uflix.me/movie/18466-dead-poets-society
- ↑ https://www.boxofficemojo.com/release/rl2605483521/weekend/ — Box Office Mojo.
- ↑ Шведская база дадзеных фільмаў — Svenska Filminstitutet.
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р http://www.filmaffinity.com/es/film315826.html Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ http://www.imdb.com/title/tt0097165/ Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ http://www.alibris.com/search/movies/upc/717951000682
- ↑ AllMovie — 1994.
- ↑ а б http://www.the-numbers.com/movie/Dead-Poets-Society Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ а б в http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=5280.html Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м http://bbfc.co.uk/releases/dead-poets-society-1 Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к http://www.imdb.com/title/tt0097165/fullcredits Праверана 11 ліпеня 2016.
- ↑ Box Office Mojo — 1999. Праверана 7 сакавіка 2019.
- ↑ Box Office Mojo — 1999. Праверана 10 мая 2023.
- ↑ а б Dead Poets Society (1989) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Real-life professor inspires 'Dead Poets' character(англ.) // TimesDaily. — Florence, AL, USA: Tennessee Valley Printing Co., Inc., July 10, 1989. — P. 4B.
- ↑ Bill Henderson. Williams and Then Some(англ.) // The New York Times. — January 12, 1992. — P. 13.
- ↑ а б в Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «AFI Catalog». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Eila Mell. Casting Might-Have-Beens: A Film by Film Directory of Actors Considered for Roles Given to Others (англ.). — McFarland, 2005. — P. 66. — 350 p. — ISBN 978-0-7864-2017-9.
- ↑ Celia Brady. Bring Back the Kids: Hollywood's Littlest Stars and Biggest Egos in their Middle Ages(англ.) // Spy. — March 1989. — P. 107.
- ↑ Keri Walsh. Mickey Rourke (англ.). — London: Bloomsbury Academic, 2014. — P. 2. — 144 p. — (Film Stars). — ISBN 9781844574308.
- ↑ Tierney Bricker. Secret Heartbreak, Unbreakable Bonds and Bombed Auditions: 30 Secrets You Might Not Know About Dead Poets Society (англ.). Сайт «E! Online» (2 чэрвеня 2019). Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б в Dead Poets Society - Script to Screen. Сайт «YouTube», канал «University of California Television». 2013-03-07. Праверана 2023-04-01.
{{cite AV media}}: Курсіў або паўтлусты шрыфт недапушчальны ў:|publisher=(даведка) - ↑ а б в James King. Fast Times and Excellent Adventures: The Surprising History of the '80s Teen Movie (англ.). — Constable, 2018. — 452 p. — ISBN 9781472123725.
- ↑ Tom McCurrie. Dead Poets Society's Tom Schulman on the Art of Surviving Hollywood (англ.). Сайт «Writers SuperCenter» (15 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2019. Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Ryan Cormier. 25 'Dead Poets Society' in Delaware facts (англ.). Сайт «Delaware Online» (12 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2018. Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Dead Poets Society — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «Box Office Mojo». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Dead Poets Society (англ.). Сайт «Metacritic». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б Dead Poets Society (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «AllMovie». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Le Cercle des poètes disparus (фр.). Сайт «AlloCiné». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ El club de los poetas muertos (ісп.). Сайт «FilmAffinity». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Общество мертвых поэтов (1989) (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ Dead Poets Society (1989) — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б The 71st Academy Awards | 1999 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б Film in 1990 (англ.). Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б La Cérémonie des César 1991 (фр.). Сайт Акадэміі мастацтваў і тэхналогій кінематографа. Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ а б Winners & Nominees 1990 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Залаты глобус». Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2018. Праверана 1 красавіка 2023.
- ↑ 6. Warszawski Tydzień FIlmowy - 1990 (польск.). Сайт Варшаўскага кінафестывалю. Праверана 18 красавіка 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Таварыства мёртвых паэтаў на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Фільмы паводле алфавіта
- Фільмы 1989 года
- Фільмы — лаўрэаты прэміі «Сезар» за найлепшы замежны фільм
- Фільмы ЗША 1989 года
- Фільмы-драмы 1989 года
- Кінакамедыі 1989 года
- Фільмы-драмы ЗША
- Кінакамедыі ЗША
- Камедыйна-драматычныя фільмы
- Фільмы на англійскай мове
- Фільмы на лацінскай мове
- Фільмы пра ЗША
- Фільмы пра настаўнікаў
- Фільмы пра паэзію
- Фільмы пра самагубства
- Фільмы Пітэра Уіра
- Фільмы па сцэнарыях Тома Шульмана
- Фільмы, музыку да якіх напісаў Марыс Жар
- Фільмы кампаніі Touchstone Pictures
- Фільмы — лаўрэаты прэміі BAFTA