Перайсці да зместу

Тадэвуш Матушэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тадэвуш Матушэвіч
Лебедзь
Лебедзь
Нараджэнне 1765
Смерць 31 кастрычніка 1819(1819-10-31)
Месца пахавання
Род Матушэвічы[d]
Бацька Марцін Матушэвіч
Маці Ганна са Шчытоў-Неміровічаў[d]
Дзеці Андрэй Матушэвіч[d]
Член у
Адукацыя
Узнагароды
афіцэр Ордэна Ганаровага легіёна ордэн Белага арла ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тадэвуш Фадзей Віктарын Матушэвіч (1765, Расна Берасцейскі павет, Рэч Паспалітая — 31 кастрычніка 1819, Балоння, Італія) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, публіцыст, паэт, перакладчык, тэатральны крытык.

Прадстаўнік шляхецкага роду Матушэвічаў герба «Лебедзь». Сын кашталяна берасцейскага Марціна Матушэвіча (1714—1773) і Ганны Неміровіч-Шчыт (каля 1730—1786). Вучыўся ў калегіуме Станіслава Канарскага ў Варшаве.

Рана пачаў палітычную дзейнасць як прыхільнік партыі Чартарыйскіх. У 1784 годзе Тадэвуш Матушэвіч абраны паслом Берасцейскага павета на Гарадзенскі сойм. У 1786 годзе быў дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. З 1788 па 1792 год абраны паслом ад Берасцейскага павета на Чатырохгадовы сойм. Абіраўся членам дэпутацыі замежных спраў (20 снежня 1788 года). У ходзе дыскусіі аб месцах у 1789 годзе выступаў за правядзенне рэформаў і наданне ім вялікіх правоў.

Браў удзел у апошняй фазе падрыхтоўкі новай Канстытуцыі, прынятай 3 мая 1791 года. На пасяджэнні сойма 3 мая ад імя Дэпутацыі замежных спраў прадставіў даклад аб міжнароднай абстаноўцы, дзе заявіў пра небяспеку для Рэчы Паспалітай з боку суседніх дзяржаў. Быў адным з рэдактараў «Газеты Нацыянальнай і Замежнай» («Gazeta Narodowa i Obca»), членам Таварыства Сяброў Канстытуцыі 3 мая.

У 1794 годзе Тадэвуш Матушэвіч удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Уваходзіў у склад Вышэйшага Нацыянальнага Савета, быў кіраўніком аддзела патрэб арміі. Пасля падаўлення паўстання некаторы час пражываў у Беларусі, затым перабраўся ў Польшчу. Займаўся літаратурнай дзейнасцю. Як сябар Чартарыйскіх дапамагаў у справах апякунства ардыната нясвіжскага Дамініка Радзівіла.

Тадэвуш Матушэвіч быў членам Таварыства Сяброў Навук. У 1809 годзе уваходзіў у склад Цэнтральнай Рады Галіцыі. 30 верасня 1810 года Тадэвуш Матушэвіч прызначаны міністрам фінансаў Герцагства Варшаўскага.

У час вайны 1812 года паміж Французскай і Расійскай імперыямі Тадэвуш Матушэвіч быў адным з ініцыятараў стварэння Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага. У 1815 годзе удзельнічаў у падрыхтоўцы канстытуцыі Каралеўства Польскага.

Быў жанаты з Марыянай Феліцыяй Пжабяндоўскай (1765—1799), яны мелі трох дзяцей: Сафію, Адама, Севярына. Яго сын, Адам Фадзеевіч Матушэвіч (1795—1842), — расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, камергер і тайны саветнік (1829), граф (1824).

Тадэвуш Матушэвіч памёр 31 кастрычніка 1819 годзе ў Балонні (Італія). Пахаваны на могілках картэзіянскага манастыра Чэртоза. На яго надмагільным помніку надпіс: «Fidem constatiamque patriae pereunti probavit suam» (бел.: «Выказаў вернасць і пастаянства паміраючай радзіме…»).

Рыцар Мальтыйскага ордэна (1804), кавалер ордэна Ганаровага Легіёна (1809). У 1812 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава і ордэнам Белага Арла.