Такарня
Вёска
Такарня
| ||||||||||||||||||||
Така́рня[1] (трансліт.: Takarnia, руск.: Токарня) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Голацкага сельсавета. Месціцца за 36 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 29 км ад Мінска, правым беразе Свіслачы.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва, хутчэй за ўсё, звязана з апрацоўкай дрэва тачэннем[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVII стагоддзі сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць Віленскага біскупства[3], належала да ключа Лешніца[4].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У час раздачы земляў колішняй Рэчы Паспалітай фаварытам Кацярыны II, у 1796 годзе Такарня дасталася генералу Папову[4]. У 1800 годзе ў Такарні была вінакурня і царква.
У XIX стагоддзі ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Пазней уласнасць перайшла да Іскрыцкіх. Генерал Аляксандр Іскрыцкі меў з жонкай Антанінай Мянжынскай сына Андрэя. Дачка Андрэя Іскрыцкага, Алімпіяда Жылінская[5], выйшла замуж за Івана[6] Бунге, такім чынам маёнтак праз вена перайшоў да Бунге[4]. У 1858 годзе былі сядзіба і вёска Такарня.
З другой паловы XIX стагоддзя ў Пярэжырскай воласці.
Паводле апісанняў Аляксандра Ельскага, у другой палове XIX стагоддзя ў Такарні была прыгожая рэзідэнцыя Бунге, каля двара невялікая царква з пахаваннямі Іскрыцкіх, фруктовыя сады, вялікая вінакурня з правам прапінацыі (вырабу і продажу алкаголю), млыны[4]. Да маёнтка Такарня таксама адносілася Бардзілаўка Такарынская (цяпер у межах вёскі Бардзілаўка)[7].
У 1895 годзе на млыне ў Такарні працавалі 4 рабочыя. У 1897 годзе ў маёнтку былі крухмальны завод, вадзяны млын. У пачатку XX стагоддзя вёска злілася з вёскай Пярэжыр, застаўся толькі маёнтак Такарня, уласнасць Алімпіяды Андрэеўны Бунге[8].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Пярэжырскай воласці атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[9]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Праведзена нацыяналізацыя маёнтка, створаны саўгас, у якім былі вадзяны млын, крупадзёрка, сукнавалка. У 1921 годзе адкрыта школа 1-й ступені.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі.
У 1960 годзе населены пункт меў статус участка.
Да 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Пярэжырскага сельсавета[10].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1800 год — 38 двароў, 208 жыхароў
- 1858 год — сядзіба, 93 жыхары; вёска, 139 жыхароў
- 1897 год — вёска, 40 двароў, 246 жыхароў; маёнтак, 9 двароў, 92 жыхары
- 1917 год — маёнтак, 147 жыхароў
- 1960 год — 151 жыхар
- 2002 год — 13 гаспадарак, 25 жыхароў
- 2007 год — 10 гаспадарак, 21 жыхар
- 2010 год — 8 гаспадарак, 18 жыхароў
- 2012 год — 8 гаспадарак, 15 жыхароў[11]
- 2019 год — 16 жыхароў[12]
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Рэшткі капліцы з пахаваннямі Іскрыцкіх
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзібна-паркавы ансамбль Бунге (XIX ст.)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз.
- ↑ Дапаможнік . helper.archonline.by. Праверана 6 снежня 2023.
- ↑ а б в г SgKP 1892, с. 358.
- ↑ Олимпиада Андреевна Бунге . geni_family_tree. Праверана 6 снежня 2023.
- ↑ Генерал Яўген Андрэевіч Іскрыцкі, украінска-беларускія карані . Праверана 6 снежня 2023.
- ↑ SgKP2 1892, с. 358.
- ↑ Памяць 2003, с. 79.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ ГВБ 2013, с. 187.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 30 красавіка 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Такарня // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 187. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухав. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Jelski A. Tokarnia // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. — S. 358.
- Jelski A. Tokareńska Bardziłówka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. — S. 358.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Такарня