Таксо́дыум (Taxodium) — род голанасенных хвойных раслін сямейства кіпарысавых.
Буйныя лістападныя або вечназялёныя аднадомныя дрэвы, вышыня да 50 м, дыяметр ствала да 4(11) м. Каранёвая сістэма добра развітая. Блізка да камля (на залішне вільготных глебах) звычайна ўтвараюцца вертыкальныя дыхальныя карані (пнеўматафоры). Крона рыхлая, канічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Пакарочаныя парасткі да 12 см даўжынёй, плоскія. Лісце (ігліца) чаргаванае, звычайна двухрадковае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лінейнае, да 17 мм даўжынёй, восенню афарбоўваецца ў чырванавата-буры колер і ападае разам з пакарочаным парасткам.
Пыленне да распускання лісця. Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя, 2–3 мм у дыяметры, жаўтаватыя, павіслыя, мяцёлчата сабраныя. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, акруглыя, да 35 мм у дыяметры, з 3–5 парамі супраціўных шчытападобных лускавінак, спачатку зялёныя, пры выспяванні бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пасля выспявання распадаюцца. Насенне трохграннае, бяскрылае.
Уключае 1–3 сучасныя рэліктавыя віды, распаўсюджаныя ў паўднёвай частцы Паўночнай Амерыкі (ЗША, Мексіка, Гватэмала). Культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара, мае некалькі сартоў, якія адрозніваюцца памерамі і формай кроны, формай пакарочаных парасткаў, афарбоўкай ігліцы. У Беларусі інтрадукаваны таксодыум двухрадны (Taxodium distichum).
Святлалюбны, цеплалюбны, умерана зімаўстойлівы, аддае перавагу вільготнай і забалочанай глебе. Даволі ўстойлівы да гарадскіх умоў, параўнальна лёгка размнажаецца вегетатыўна. Расліна-доўгажыхар, працягласць жыцця якой дасягае 2500 і больш гадоў.
Драўніна мяккая, трывалая, устойлівая да гніення і пашкоджання насякомымі, прымяняецца ў будаўніцтве, для вырабу слупоў, мэблі і розных прадметаў быту. Каштоўная хуткарослая дэкаратыўная расліна.