Талова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Талова
(Taa-laa-wa Dee-ni’)
Tolowa Dancing Head-Dress (8136371935).jpg
Фота 1923 г.
Агульная колькасць 1100 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова талова
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы хупа, тутутні

Талова (саманазва: Taa-laa-wa Dee-ni’) — ціхаакіянскі атабаскі народ, карэнныя жыхары паўночнай Каліфорніі і Арэгона. Агульная колькасць (2018 г.) - 1 100 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкі талова перасяліліся на поўдзень з тэрыторыі сучаснай Аляскі, але час іх перасялення з'яўляецца спрэчным. Мяркуецца, што гэта падзея адбылася 800 - 1000 гадоў таму. У пачатку XIX ст. іх паселішчы канцэнтраваліся каля ракі Сміт і даходзілі да сучаснага горада Порт-Орфард на поўначы. Сучасная назва талова была дадзена паўднёвымі суседзямі-юрок. Самі талова часцей называлі сябе папросту Xvsh ("чалавек"), але ў другой палове XIX ст. прынялі назву, дадзеную звонку.

З 1834 г. на землі талова сталі перасяляцца амерыканскія каланісты, якія займаліся авечкагадоўляй. Паміж тубыльцамі і мігрантамі адбыўся шэраг вострых канфліктаў. У 1855 - 1856 гг. варожыя адносіны перараслі ў вайну. Перасяленцы з маўклівай згоды цывільнай амерыканскай адміністрацыі пачалі напады на паселішчы індзейцаў, аднак на баку апошніх выступіла армія ЗША. Нягледзячы на гэта, ва ўзаемных сутычках было забіта некалькі дзесяткаў чалавек. Армейскія часткі былі вымушаны перасяліць талова ў рэзервацыі для далейшай абароны ад арэгонскіх добраахвотнікаў.

У 1906 г. была створана асобная рэзервацыя талова, гэты народ быў прызнаны з боку федэральных уладаў як асобная нацыя. У 1936 г. талова атрымалі права на самакіраванне. Хаця ў нашы дні толькі каля 10% тых, хто вызначае сябе як талова, жывуць у рэзервацыі, яе ўрад праводзіць эфектыўную эканамічную палітыку, валодае шэрагам казіно, паліўных заправак, укладае грошы ў сучасныя тэхналогіі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі гаспадарчымі заняткамі талова былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Рыбу лавілі з дапамогай дзідаў і сетак. Для перамяшчэння па вадзе будавалі лодкі. Плавалі на іх па акіяну для палявання на ластаногіх. Сезонна будавалі на рэках плаціны для лову ласасёў. На сушы палявалі з дапамогай лукаў і стрэл на птушак, аленяў, ласёў. Важную ролю ў забеспячэнні ежы адыгрывалі жалуды. Іх збіралі ў дубовых гаях, якія ахоўвалі, чысцілі ад іншых раслін. З жалудоў выраблялі муку або алкагольны напой накшталт піва.

Талова аддавалі перавагу жыццю ўздоўж акіяна, хаця выкарыстоўвалі рэкі і ўнутраныя землі для гаспадарчых патрэб. Вылучалася 8 асноўных паселішчаў, што складалі племянное аб'яднанне і кантралявалі навакольныя тэрыторыі. Да перасялення ў рэзервацыю ўсведамлення сябе як адзінага народа не было. Для пабудовы хацін выкарыстоўвалі бярвенні са ствалоў загінулых дрэў. Іх расшчаплялі на тоўстыя дошкі, з якіх ладзілі каркас у форме кубу з нізкімі сценамі і шырокім дахам. Падлога была ніжэй за ўзровень зямлі, але вакол сцен захоўвалі прастору, што выкарыстоўвалі як паліцы. У ніжняй частцы гатавалі на агмені ежу, тут спалі жанчыны. Мужчыны і хлопчыкі начавалі ў хацінах для пацення — невялікіх буданах з планак, якія ставілі на двары.

Вопратку выраблялі з аленяй скуры. Мужчыны абгортвалі скураную повязь вакол стану. Жанчыны апраналі фартухі, што затулялі цела спераду і ззаду. Вопратка ўпрыгожвалася ракавінамі і сухім насеннем. У халодную пару затуляліся скуранымі коўдрамі.

Сярод талова былі распаўсюджаны вялікія пашыраныя сем'і на чале мужчыны. Яны гуртаваліся ў экзагамную родава-тэрытарыяльную абшчыну. Абшчынамі кіравалі людзі з высокім сацыяльным статусам, які давала накапленне багаццяў — каштоўных марскіх ракавін, абсідыянавых прылад, скальпаў рэдкіх птушак. Існавала сямейная прыватная маёмасць на лодкі, месцы лову рыбы, дубовыя гаі.

Захаваліся некаторыя рытуальныя танцы, міфы, казкі, азартныя песні.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова талова адносіцца да атабаскай сям'і моў. У 1969 г. была распрацавана граматыка на аснове фанетычнага алфавіта. На яе аснове ў 1983 г. і 1985 г. былі зроблены першыя публікацыі на мове талова — зборы міфаў. У 1993 - 1997 гг. распрацаваны алфавіт на аснове лацінкі. У нашы дні мова талова выкладаецца ў 2 школах у Каліфорніі і Арэгоне.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Талава верылі, што сусвет і людзі былі створаны богам святла Yvtlh-xay і багіняй Зямлі Nvn-nvst-'a. Месцамі шанавання гэтых прабацькоў з'яўляліся горы. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]