Талінскі батанічны сад
Талінскі батанічны сад? | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Тып | батанічны сад |
Дата заснавання | 1 снежня 1961 |
botaanikaaed.ee/en | |
Размяшчэнне | |
59°28′11″ пн. ш. 24°52′41″ у. д.HGЯO | |
![]() |
Батані́чны сад (эст.: Botaanikaaed) — адзін з сімвалаў горада Таліна, Эстонія. Знаходзіцца побач з Талінскай тэлевежай, ва ўсходняй частцы Таліна, за 10 км ад цэнтра горада і за 3 км ад Пірытаскага паруснага цэнтра і зоны летняга адпачынку. Раён, дзе знаходзіцца тэлевежа і сад, называецца Клоастрыметса. Побач з садам працякае рака Пірыта.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Быў заснаваны 1 снежня 1961 г. як навуковая ўстанова Акадэміі навук Эстонскай ССР на базе сектараў дэкаратыўнага садоўніцтва, дэндралогіі і інтрадукцыі Інстытута эксперыментальнай біялогіі АН ЭССР.
Сад быў закладзены на тэрасах старажытнай даліны ракі Пірыта; яго ландшафтна-архітэктурна аформленая частка (111 га, архітэктар Аляксандэр Нійнэ) была адкрыта для наведвальнікаў з 1970 года, аранжарэі — з 1971 года.
У 1970-х гадах у ім было сабрана 7000 відаў раслін. Асноўныя галіны даследаванняў: інтрадукцыя і акліматызацыя раслін, ландшафтазнаўства, азеляненне і ландшафтная архітэктура, імуналогія раслін, прыкладная экалогія і біякліматалогія, экалогія паўкультурных і культурных ландшафтаў, ахова прыроды і навакольнага асяроддзя. У складзе ўстановы было 2 аддзелы, 4 сектары і лабараторыя, якія налічваюць 84 работнікі, з іх 24 навуковыя супрацоўнікі, у тым ліку 17 кандыдатаў навук.
У 1995 годзе батанічны сад быў абвешчаны ўласнасцю горада Таліна. У тым жа годзе было заснавана Таварыства сяброў Талінскага батанічнага сада.
У 1992 годзе Талінскі батанічны сад увайшоў у Асацыяцыю батанічных садоў балтыйскіх краін (ABBG), а ў 1994 годзе — у Міжнародную раду батанічных садоў (BGCI).
Цяпер асноўнай мэтай навуковай работы ў батанічным садзе з’яўляецца вывучэнне разнастайнасці свету раслін і яго аховы, а таксама даследаванні па пытаннях навакольнага асяроддзя. З 1994 года ўстанова ўдзельнічае ў падпраграмах дзяржаўнай праграмы Эстоніі па маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Уваход на тэрыторыю батанічнага сада стаў платным з чэрвеня 2010 года.