Танічнае вершаскладанне

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Тані́чнае вершасклада́нне — сістэма вершаскладання, у аснове якой — аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць жа ненаціскных складоў паміж імі розная — ад ніводнага да васьмі.

Гісторыя з'яўлення[правіць | правіць зыходнік]

Літаратурны танічны верш склаўся ў XIX — пачатку XX ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым адразу вызначылася некалькі відаў танічнага вершаскладання: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх ёсць тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаскладанне ўвогуле — чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым кожны адрозніваецца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі, ужывання рыфмы і г. д.

Першыя ўзоры літаратурнага танічнага верша — гэта пераважна стылізацыя «пад народнае» (творы А. Кальцова, «Сказка о рыбаке и рыбке» А. Пушкіна, «Песня про купца Калашникова» М. Лермантава і інш.). Т. Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой тып верша — г. зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў на асобных украінскіх, расійскіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Святлоў, Э. Багрыцкі, Я. Купала).

Вялікую ролю ў развіцці танічнага вершаскладання адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, уплыў якой адбіўся на ўсёй еўрапейскай вершатворчасці, у тым ліку беларускай.

Танічны верш у беларускай паэзіі[правіць | правіць зыходнік]

Танічным вершам пісалі Я. Купала («Тарасова доля», «Бандароўна»), М. Чарот («Босыя на вогнішчы»). Танічнае вершаскладанне сустракаецца ў творчасці П. Панчанкі, М. Танка, К. Кірэенкі, Р. Барадуліна і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Унікальны прыклад ужывання розных відаў танічнага вершаскладання ў адным творы — «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча.

Танічны літаратурны і народны вершы[правіць | правіць зыходнік]

Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут — роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, усё ж значна адрозніваюцца. Галоўнае адрозненне — у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаскладанні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя словы, нават службовыя, то ў літаратурным танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсе слова. У народным вершаскладанні націск выраўноўваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), а ў танічным ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні. Націску ў танічным вершы дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад другога інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]