Тарасова доля

З пляцоўкі Вікіпедыя
«Тарасова доля»
Выданне
«У астрозе» (ілюстрацыя Я. Раманоўскага
да паэмы)
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 27 лютага 1939
Дата першай публікацыі 3 сакавіка 1939
Электронная версія

«Тарасова доля» — апошняя паэма Янкі Купалы, напісаная да 125-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Паэма была завершана 27 лютага 1939 года ў Менску і ўпершыню апублікаваная 3 сакавіка 1939 года ў газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтограф паэмы захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Паэма мае падзагаловак «Памяці Тараса Шаўчэнкі».[1]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У аснове сюжэту паэмы — жыццёвы шлях вялікага ўкраінскага Кабзара. Асноўныя падзеі яго біяграфіі абумоўліваюць рух аўтарскага апавядання і фабульную пабудову твору. Нягледзячы на пэўную сюжэтную прадвызначанасць і ўвагу да канкрэтных фактаў, у паэме дамінуе лірычны пачатак. Мастацкі змест твору арыентаваны не столькі на дакладнае апісанне жыцця і дзейнасці Шаўчэнкі, колькі на пранікнёнае суперажыванне яго лёсу. Біяграфічныя факты служаць імпульсамі, што актывізуюць лірычны роздум аўтара, яго глыбокія разважанні як аб долі Кабзара, так і аб долі яго народа. Таму ў кампазіцыі паэмы апавяданне пра трагічнае, поўнае суворых нягодаў жыццё Шаўчэнкі «акальцавана» ўзнёслым аповядам пра «шчаслівае жыццё сацыялістычнай Украіны», які ўтварае як бы пралог і эпілог твора.[1]

Ужо ва ўступе да паэмы пачынаецца тэма Кабзара, які прарочыў народу шчаслівую будучыню. Шматпакутны шлях Шаўчэнкі асэнсоўваецца як тыповая з'ява прыгонніцкай рэчаіснасці. Суворыя малюнкі перажытага разгортваюцца ў шырокія разважанні аб несправядлівым ладзе, аб народных стогнах. Разам з тым поруч з паказам трагічных перыпэтыяў жыцця ўслаўляецца сіла мастацтва, неадольнасць бунтарскага слова, якое выказвае думы і памкненні народу. Вобраз Тараса падаецца ў паэтыка-манументальным плане і пераклікаецца з вобразам Гусляра ў паэме «Курган».[1]

Паэма адметная шырокімі абагульненнямі, ёмістая паводле свайго зместу. У творы арганічна спалучаюцца індывідуальна-стылявыя адметнасці Купалы і народна-паэтычныя традыцыі беларускага і ўкраінскага слова. Для паэмы характэрныя шматлікія ўвасабленні і адухаўленні: Украіны, волі, няволі, гора і інш. У рытмічнай арганізацыі строф выкарыстоўваюцца асаблівасці ўкраінскага каламыйкавага верша, што збліжае «Тарасову долю» з «Бандароўнай».[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

Паэма перакладалася на грузінскую (М. Патарыдзэ), казахскую (Ж. Абдзірашаў), літоўскую (В. Бложа), латышскую (Ю. Ванаг), рускую (У. Раждзественскі, Б. Турганаў), узбекскую (Тулкун) і ўкраінскую (А. Малышка, М. Цярэшчанка) мовы. Ілюстрацыі да паэмы рабілі М. Бельскі і Я. Раманоўскі.[1] У 1975 годзе паэма была выдадзена на грамадскіх пачатках на беларускай, расійскай і ўкраінскай мовах у выглядзе кнігі-малюткі памерам 7×10 см, у якой былі выкарыстаны малюнкі Т. Шаўчэнкі.[2]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 М. Лазарук Тарасова доля // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 589—590.
  2. Янка Купала. Тарасова доля / Р. Барадулін (рэд.). — кніга—малютка (68х98 мм). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1975. — 72 с. — 10 000 экз.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Тарасова доля» / Аўтар — М. Лазарук. — C. 589—590.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]