Тафсір
| Іслам · Свяшчэнныя Пісанні |
| Структура Карана |
|---|
|
Аяты: Басмала • Муташабіхат Манзіль • Джуз • Хізб • Руб |
| Персанажы Карана |
| Прарокі • Анёлы • Народы • Ідалы |
| Правілы чытання |
| Кіраат |
| Спецыялісты |
| Муфасір • Хафіз • Кары • Караназнавец |
| Тафсір і пераклад |
| Спіс тафсіраў • Пераклады: рускі • казахскі |
| Экзэмпляры |
|
Мусхаф Алі • Пецярбургскія Караны Казанскія Караны • Каран Усмана • Крывавы Каран • Сіні Каран |
| Гл. таксама |
|
Караназнаўства • Гісторыя • Іджаз Маджаз • Мукатаа |
|
|
Тафсі́р (араб. التفسير — тлумачэнне, раз’ясненне) — тлумачэнне Карана і суны, асноўная дысцыпліна ісламскага багаслоўя. Багасловаў, якія займаюцца тафсірам, называюць муфасірамі.
Ісламская традыцыя адрознівае два тыпы тлумачэнняў Карана: тафсір і тавіль. Тафсір ахоплівае ўсе аспекты інтэрпрэтацыі і тлумачэння знешняга сэнсу тэксту, у той час як тавіль мае на ўвазе больш глыбокае, эзатэрычнае тлумачэнне схаваных сэнсаў і першапрычын.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Слова «ат-тафсір» паходзіць ад арабскага дзеяслова «фасара» (араб. فسَّر), што азначае «растлумачыць», «указаць мэту» або «прыўзняць заслону»[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Творы, прысвечаныя разуменню і тлумачэнню Карана (ільм аль-Кур’ан ва-т-тафсір), адыгралі ключавую ролю ў станаўленні ісламскай рэлігійнай дактрыны і адлюстравалі асноўныя этапы ідэалагічнай і палітычнай барацьбы ў араба-мусульманскім грамадстве[2].
Згодна з ісламскім веравучэннем, поўным веданнем Карана валодаў толькі прарок Мухамад, які і тлумачыў сэнс Пісання сваім паплечнікам. Падчас яго прарочай дзейнасці змест каранічнага тэксту змяняўся: адны з прамоўленых раней аятаў замяняліся новымі (гл. Насх і мансух), другія атрымлівалі новае вытлумачэнне, трэція з-за спецыфікі тэксту былі незразумелыя нававернутым. Усё гэта патрабавала ад Мухамада тлумачэння выказаных «адкрыццяў». Паплечнікі захоўвалі ў памяці абставіны, пры якіх былі прамоўлены аяты, і прычыны палемікі Прарока з апанентамі. Гэта найбольш старажытны пласт, які ў той ці іншай форме ўвайшоў у большую частку тафсіра, адлюстраваўшы сапраўдную гісторыю ўзнікнення Карана. З цягам часу важнасць тлумачэнняў Карана толькі ўзрастала[2].

Пасля смерці Прарока задачу тлумачэння Карана ўзялі на сябе яго паплечнікі. Асаблівым аўтарытэтам карысталіся Алі ібн Абу Таліб, Ібн Абас, Ібн Масуд і Убай ібн Каб. Некаторыя паплечнікі (Абу Бакр, Ібн Умар і інш.) і іх паслядоўнікі (табіуны, такія як Убада ас-Салмані, Саід ібн аль-Мусаяб) тлумачылі Каран выключна на падставе слоў Мухамада. Іншыя ж (Умар, Ібн Абас і інш.) разам з гэтым прымянялі і альтэрнатыўныя метады. Напрыклад, Умар, калі гэта было неабходна, запрашаў знаўцаў арабскай мовы з розных плямёнаў і кансультаваўся з імі наконт значэння асобных слоў і выразаў з Карана, а Ібн Абас у палеміцы з лідарам харыджытаў Нафі ібн аль-Азракам прыводзіў прыклады з традыцыйнай арабскай паэзіі для доказу сваёй рацыі[1].
Традыцыйна першым каментатарам Карана лічыцца стрыечны брат Мухамада — Абдулах ібн Абас (памёр у 686/687 г.), якога называлі тарджуман аль-Кур’ан (перакладчык Карана). Яго «Тафсір» захаваўся толькі ў выглядзе цытат у пазнейшых каментарыях, у першую чаргу ў працах ат-Табары. Па некаторых даных, аўтарам першага паўнавартаснага запісанага тафсіра быў Саід ібн Джубайр, які стварыў яго па загадзе амейядскага халіфа Абд аль-Маліка ібн Марвана (685—705). Па іншых звестках, першым гэта зрабіў Муджахід ібн Джабр (памёр у 722 г.), вучань Ібн Абаса. Яго праца лічыцца самым раннім поўным каментарыем, які дайшоў да нашых дзён[1].
Першапачаткова тафсір існаваў пераважна ў вуснай форме[2]. Імамы мячэцяў часта каментавалі асобныя аяты і суры пасля пятнічнай пропаведзі (хутбы). Вандроўныя казачнікі і прапаведнікі (кусас) узбагачалі тлумачэнні паралельным матэрыялам, які ўзыходзіў да іўдзейска-хрысціянскага культурнага асяроддзя (ісраіліят)[3].
Развіццё тафсіра было шчыльна звязана са складаннем сунны Мухамада. У другой палове VIII стагоддзя з’явіліся зборнікі хадзісаў, звязаныя з тлумачэннем каранічнага тэксту, якія ўвасобілі прынцып «сунна тлумачыць Каран» (ас-суна туфасіру-ль-Кур’ан). Пазней спецыяльныя раздзелы пачалі з'яўляцца ў агульных зборніках хадзісаў (напрыклад, у «Сахіху» аль-Бухары). Вялікую працу па зборы хадзісаў, звязаных з тлумачэннем Карана, зрабілі Шуба ібн аль-Хаджадж (пам. у 776 г.), Вакі ібн аль-Джарах (пам. у 812 г.) і Суф’ян ібн Уяйна (пам. у 813 г.). У жыццеапісаннях Прарока (сіра) аяты змяшчаліся ў падзейны кантэкст, а ў працах мусульманскіх правазнаўцаў (факіхаў) прадметам дэталёвага вывучэння і тлумачэння станавіліся аяты, звязаныя з прававымі нормамі[3]. Пачынаючы з X стагоддзя тлумачэнне Карана стала самастойнай навукай і ўжо не разглядалася як частка хадзісазнаўства[1].

Па меры развіцця мусульманскага грамадства ўзнікалі новыя праблемы, якія не былі закрануты ў суне. У такіх выпадках тлумачальнікі ўжывалі альтэрнатыўныя метады (іджтыхад)[1]. З патрэбамі тлумачэння Карана былі шчыльна звязаны першыя арабскія лексікаграфічныя і граматычныя творы. Станаўленне «навукі тафсіра» адбывалася ва ўзаемадзеянні з развіццём вучэння пра «чытанні» (кіраат) Карана і ў рамках фарміравання агульнай дагматычнай сістэмы ісламу. У гэтай сістэме Каран абвяшчаўся галоўным цудам (му’джыза), галоўным доказам перавагі мусульманскай рэлігійнай дактрыны (і’джаз аль-Кур’ан) і пацвярджэннем ісціннасці прароцтва Мухамада[3].
Некаторыя мусульмане, якія перайшлі ў іслам з іўдаізму і хрысціянства (напрыклад, Каб аль-Ахбар), спрабавалі каментаваць каранічныя гісторыі аналагічнымі паданнямі з Бібліі і іншых старажытных Пісанняў. Мусульманская артадоксія неадназначна ставілася да такога падыходу і лічыла яго прымальным толькі ў тым выпадку, калі ён не супярэчыць Карану і паўтарае яго сэнсы[1].
Абвастрэнне ідэалагічнай барацьбы паміж Алідамі і Абасідамі да канца кіравання Амейядаў зрабіла «навуку тафсіра» зброяй у барацьбе за ўладу ў Арабскім халіфаце. У гэты час з’явіўся суніцкі каментарый Муджахіда ібн Джабра і праалідскія тафсіры аль-Джу’фі (пам. у 745/746 г.) і ас-Судзі (пам. да 745 г.). Традыцыя шыіцкіх каментарыяў развівалася галоўным чынам у Куфе[3]. З дапамогай алегарычнага тлумачэння Карана (тавіль), перастановак агаласовак і лагічных націскаў шыіцкія каментатары інтэрпрэтавалі шэраг урыўкаў на карысць Алі ібн Абу Таліба і яго нашчадкаў, абвінавачваючы сунітаў у «скажэнні» (тахрыф) тэксту і знішчэнні шэрагу ключавых аятаў[3].
Ва ўмовах забароны на пераклад Карана на іншыя мовы, каментарыі (тафсіры), якія суправаджалі тэкст Свяшчэннага пісання, адыгралі выключна важную ролю ў азнаямленні з Каранам тых мусульман, якія не валодалі арабскай мовай[4].
Школы тафсіра
[правіць | правіць зыходнік]
У працэсе развіцця навукі тафсіра ў мусульманскім свеце сфарміраваліся тры асноўныя школы[1]:
- Мекканская школа, заснаваная Ібн Абасам. Яе выбітнымі прадстаўнікамі былі: Саід ібн Джубайр (пам. 712), Муджахід ібн Джабр (пам. 721), Ікрыма аль-Барбары (пам. 723), Тавус ібн Кайсан (пам. 724), Ата ібн Абу Рабах (пам. 732) і Абу аш-Шаша (пам. 711).
- Куфійская школа, заснаваная Ібн Масудам (пам. 682). Гэтая школа шырока выкарыстоўвала метады іджтыхада і ра’я (рацыянальнага меркавання). Сярод яе паслядоўнікаў: Алкама ібн Кайс (пам. 682), Масрук ібн аль-Аджда (пам. 682), аль-Асвад ібн Язід (пам. 693), Мура аль-Хамадані (пам. 685), Амір аль-Шабі (пам. 721), Хасан аль-Басры (пам. 728) і Ібрахім аль-Нахаі (пам. 713). Самым значным каментарыем лінгвістычнага характару, які выйшаў з гэтай школы, з’яўляецца праца «Значэнні Карана» граматыка з Куфы Аль-Фары (пам. 822).
- Медзінская школа, заснаваная Убаем ібн Кабам (пам. 643). Яе прадстаўнікі: Мухамад ібн Каб аль-Куразі (пам. 697), Абу аль-Алія (пам. 709) і Зейд ібн Аслам (пам. 753)[1].
Акрамя прадстаўнікоў гэтых школ, у іншых галінах Халіфата таксама дзейнічалі вядомыя тлумачальнікі Карана, такія як Дахак аль-Харасані (пам. 723), Ата аль-Хузалі (пам. 744) і Ата аль-Харасані (пам. 757)[1].
Тафсір і тавіль
[правіць | правіць зыходнік]
Ідэалагічная барацьба паміж сунітамі і шыітамі знайшла сваё адлюстраванне ў падзеле абшчыны на прыхільнікаў літаральнага тлумачэння Карана (захір) і прыхільнікаў «схаванага», «таемнага» сэнсу (бацін). У асяроддзі мусульманскіх багасловаў разгарнуліся гарачыя спрэчкі вакол паняццяў тафсір і тавіль. Мукаціл ібн Сулейман (пам. 767), спасылаючыся на Ібн Абаса, сцвярджаў, што тафсір — гэта тое, што вядома вучоным (улемам), а тавіль — тое, што вядома толькі Алаху. Аль-Матурыдзі (пам. 944) лічыў, што права на тафсір належыць выключна паплечнікам Мухамада (сахабам), а тавіль — гэта прэрагатыва правазнаўцаў (факіхаў)[3].
Пазней ас-Суюці (пам. 1505) вызначыў тафсір як перадачу мудрасці папярэдніх ісламскіх аўтарытэтаў, а тавіль — як прадукт глыбокага і самастойнага вывучэння тэксту. Адначасова пачало з’яўляцца ўяўленне пра непажаданасць і нават забароненасць тафсіраў, што падмацоўвалася словамі халіфа Умара, які нібыта рэзка выступаў супраць каментавання Карана з-за небяспекі падмены свяшчэннага тэксту адвольнымі фантазіямі[3].
Мухамад ібн Джарыр ат-Табары выпрацаваў кампраміснае рашэнне, падзяліўшы каранічныя тэксты на тры катэгорыі:
- тэксты, якія недаступныя разуменню людзей (іх сапраўдны сэнс ведае толькі Алах);
- тэксты, сэнс якіх можна высветліць толькі абапіраючыся на традыцыйныя тлумачэнні, што ўзыходзяць да самога Мухамада;
- тэксты, складанасці тлумачэння якіх з’яўляюцца выключна лінгвістычнымі і здымаюцца з дапамогай ведаў філолагаў[3]. Яго «Тафсір» стаў першым каментарыем, які тлумачыў Каран паслядоўна, аят за аятам (так званы курсорны каментарый), і гэты метад стаў стандартам для ўсіх наступных муфасіраў.
Палеміка вакол паняццяў тафсір і тавіль адлюстравала таксама барацьбу мутазылітаў, якія звярталіся да «рацыяналістычнага» тавіля, з іх праціўнікамі. У прыватнасці, у пытанні антрапаморфных уяўленняў пра бажаство мутазыліты звярталіся да тлумачэння Карана з дапамогай асабістага меркавання (ат-Тафсір бі-р-ра’й). Гэтая практыка прызнавалася неправамернай прыхільнікамі тлумачэння з дапамогай мусульманскай традыцыі (ат-Тафсір бі-ль-ільм), у першую чаргу ханбалітамі. Тафсіры гэтага перыяду служылі зброяй і ў вострай ідэалагічнай дыскусіі аб «створанасці» і «нестворанасці» Карана. Найбольш значным мутазыліцкім тафсірам з’яўляецца твор «аль-Кашшаф» Махмуда аз-Замахшары (1074—1144), які пасля быў прыняты, з шэрагам паправак, нават сунітамі[3]. У рамках катэгорый тафсір і тавіль праходзіла і палеміка супраць тлумачэнняў, напісаных суфіямі[3].
Асаблівасці тафсіраў у розных плынях
[правіць | правіць зыходнік]Рэлігійна-палітычная абстаноўка ў ісламскім свеце знаходзіла прамое адлюстраванне ў тлумачэннях да Карана. Так, з «утойваннем» апошняга шыіцкага імама Мухамада ібн аль-Хасана (пам. 873/874) звязваецца з’яўленне ў шыітаў шэрагу твораў, прысвечаных тлумачэнню эсхаталагічных аятаў. Сваё адлюстраванне ў тафсірах знайшлі таксама дзейнасць ісмаілітаў і барацьба Ібн Тайміі за вяртанне да «першапачатковага» ісламу. Ібн Таймія, у прыватнасці, патрабаваў поўнага выключэння з тафсіраў матэрыялаў, якія ўзыходзілі да іўдзейска-хрысціянскага асяроддзя (ісраіліята)[3].
Наяўнасць вялікай колькасці рэлігійна-палітычных плыняў прывяла да таго, што ў некаторых тафсірах часта сумяшчалася адразу некалькі пунктаў гледжання. Напрыклад, у тафсіры Фахр ад-дзіна ар-Разі (пам. 1209) прадстаўлена як антымутазыліцкая, так і антызахірыцкая пазіцыя[4], а таксама адлюстроўваюцца ідэі ашарытаў. Шматтомны каментарый пакінуў пасля сябе малікіт Аль-Куртубі (пам. 1273). Іншы каментарый, які адлюстроўвае малікіцкі пункт гледжання, напісаў андалузскі юрыст Абу Бакр Ібн аль-Арабі (пам. 1148).
Акрамя згаданых, найбольш вядомымі і аўтарытэтнымі тлумачэннямі Карана лічацца творы Ахмада ас-Салібі (пам. 1035), аль-Байдаві (пам. 1286), а таксама сумесная праца Дж. аль-Махалі (пам. 1459) і ас-Суюці («Тафсір аль-Джалалайн»)[4].
Шыіцкім аўтарам належыць група твораў «Кітаб ма нузіла фі 'Алі мін аль-Кур’ан», у якіх прасочваюцца спробы паказаць выключную ролю Алі ібн Абу Таліба ў кантэксце «ніспаслання» Карана. Суніты ў адказ стваралі свае творы (напрыклад, ас-Суюці «Катф ас-самар фі мувафакат сайідзіна 'Умар»), у якіх падкрэсліваліся асаблівыя заслугі Умара і іншых суніцкіх лідараў[4].
Жанры тафсіраў
[правіць | правіць зыходнік]
Тлумачэнне Карана дзеліцца на наступныя спецыялізаваныя раздзелы[1]:
- Гарыб аль-Куран — раздзел, у якім вывучаецца лінгвістыка і фанетыка Карана. Першапачаткова тут даследаваліся розныя словы, якія былі незразумелыя самім арабам. Для правільнага разумення слоў і сэнсаў былі складзены тэрміналагічныя і тлумачальныя слоўнікі. Лічыцца, што ўпершыню праблемай лінгвістычнага тлумачэння заняўся Ібн Абас.
- Асбаб ан-нузуль — раздзел, які вывучае прычыны і гістарычныя падзеі, што папярэднічалі ніспасланню канкрэтных каранічных аятаў. Творы на гэтую тэму дазвалялі ставіць пытанне аб дакладнай датыроўцы аятаў. Асабліва вядомыя працы такіх тлумачальнікаў, як ас-Суюці, аль-Вахідзі (пам. у 1075 г.) і аль-Іракі (пам. у 1175 г.)[4].
- Ахкам аль-Куран — раздзел, у якім вывучаюцца прававыя і веравучыцельныя прадпісанні (хукмы), што змяшчаюцца ў аятах.
- Муташабіх аль-Куран — раздзел, прысвечаны вывучэнню незразумелых аятаў Карана, якія маюць схаваны эзатэрычны сэнс.
- Фадаіль аль-Куран — раздзел, у якім вывучаюцца «вартасці» (фада’іль) і «перавагі» (фадль) Карана.
- Іджаз аль-Куран — раздзел, у якім абгрунтоўваецца і вывучаецца цудоўнасць і непераймальнасць Карана па форме і змесце.
- Мушкіль аль-Куран — раздзел, у якім даказваецца, што ў Каране няма ўнутраных супярэчнасцей[1].
- Насх і мансух — раздзел, у якім вывучаецца адмена прававога дзеяння аднаго аята іншым (больш познім)[1]. Гэты напрамак шчыльна звязаны з жанрам асбаб ан-нузуль і развіваўся ў першую чаргу ў кантэксце ісламскага права (фікха). Найбольш вядомыя працы Ібн Хазма (пам. у 1064 г.), ан-Нахаса (пам. у 950 г.) і Хібаталаха ібн Саламы (пам. у 1019 г.)[4].
Крыніцы і метады тафсіра
[правіць | правіць зыходнік]Тлумачальнікі Карана традыцыйна абапіраюцца на пяць асноўных крыніц і метадаў[1]:
- Каран. Тлумачэнне адных аятаў Карана іншымі — гэта найбольш надзейны від тлумачэння. У такім падыходзе сцісла выкладзены сэнс адных аятаў больш падрабязна дапаўняецца і раскрываецца іншымі аятамі.
- Хадысы Мухамада. Тлумачэнне сунай — гэта від тафсіра, заснаваны на розных хадзісах, якія непасрэдна растлумачваюць аяты Карана.
- Выслоўі паплечнікаў і іх паслядоўнікаў.
- Ісраіліят. (Дадзеныя з іўдзейска-хрысціянскай традыцыі, якія прымаюцца толькі калі яны не супярэчаць ісламу).
- Ра’й і іджтыхад. Тлумачэнне на падставе ўласных высноў (ра’й) — гэта тафсіры, якія выводзяцца метадамі лагічных даследаванняў (іджтыхадамі). Пры такім тлумачэнні ўважліва вывучаюць стыль апавядання аятаў, дакладнае слоўнікавае і сэнсавае значэнне слоў, з якіх яны складаюцца[1].
Тафсіры беларуска-літоўскіх татар
[правіць | правіць зыходнік]
Унікальнай рэгіянальнай з'явай з'яўляюцца тафсіры беларуска-літоўскіх татар, створаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. У сувязі з моўнай асіміляцыяй і пераходам на старабеларускую і польскую мовы, татары страцілі здольнасць разумець арыгінальны арабскі тэкст Карана[5].
Паколькі ў ісламскай традыцыі прамы і літаральны пераклад Карана лічыўся недапушчальным, мясцовыя перакладчыкі выкарыстоўвалі тэрмін «тафсір», каб надаць сваім працам статус каментарыя або тлумачэння. Такім чынам яны пазбягалі абвінавачванняў у скажэнні божага слова, хоць па сутнасці гэта былі паўнавартасныя пераклады[6].
Беларуска-татарскія тафсіры ўяўляюць сабой падрадковыя (інтэрлінеарныя) пераклады: пад кожным арабскім радком Карана дробнымі арабскімі літарамі (так званай беларускай арабіцай) упісваўся тэкст на славянскай мове. Самым старым і вядомым з такіх помнікаў з'яўляецца Мінскі тафсір 1686 года, створаны імамам Ур’яшам ібн Ісмаілам. Гэты пераклад набыў кананічны статус і на працягу стагоддзяў капіяваўся іншымі татарскімі кніжнікамі, напрыклад, у Мядзельскім зборы рукапісаў Аляксандра Адамовіча мяжы XIX і XX стст.[7]. Спецыфічная графіка-арфаграфічная сістэма гэтых тафсіраў робіць іх выключна важнай крыніцай для даследавання гістарычнай фанетыкі і дыялекталогіі беларускай мовы, напрыклад, яны дакладна фіксавалі жывое беларускае аканне, дзеканне і цеканне.
Сучасныя тафсіры
[правіць | правіць зыходнік]На мяжы XIX—XX стагоддзяў найбольшае развіццё атрымала мусульманская рэфармісцкая экзегетыка, якая адлюстравала сутыкненне мусульманскага грамадства з еўрапейскай філасофскай і навуковай думкай[4].
З дапамогай новых тафсіраў тлумачальнікі паспрабавалі, з аднаго боку, унесці ў мусульманскае асяроддзе сучасныя навуковыя ўяўленні, зрабіўшы іх прымальнымі ў кантэксце традыцыйных каштоўнасцей. З іншага боку, яны імкнуліся абвясціць новыя навуковыя дасягненні і сацыяльныя з'явы ўжо «прадказанымі» ў Каране, каб перашкодзіць размыванню аўтарытэту Свяшчэннага пісання. Каментатары абапіраліся на традыцыі класічнага каментавання, але пашыралі іх. Напрыклад, Амін ал-Хулі (пам. у 1965 г.) сцвярджаў, што ўжо ў творах Аль-Газалі можна знайсці правобраз «навуковага каментарыя» (ат-тафсір аль-'ільмі). У працах Тантаві Джаўхары (1862—1940), аль-Кавакібі (1849—1903) і іншых можна сустрэць самы разнастайны матэрыял: ад навукова-папулярных апісанняў сонечнай сістэмы і будовы клеткі да антыкаланіяльнай і антыматэрыялістычнай палемікі[4].
Сярод новых тафсіраў, натхнёных дасягненнямі Захаду і новымі сацыяльна-палітычнымі дактрынамі, асаблівую ўвагу прыцягвае «Тафсір аль-Манар» («Месца святла»), ініцыяваны егіпецкімі мадэрністамі на чале з Мухамад Абдо (1849—1905) і яго вучнем Рашыдам Рыдой (1865—1935). У гэтай працы, заснаванай на класічным «Тафсіры аль-Джалалайн», яны спрабавалі сфармуляваць у ліберальна-рэфармісцкім духу прынцыпы арганізацыі абноўленага ісламскага грамадства. Свае каментарыі стваралі і прыхільнікі «ісламскага сацыялізму», якія знаходзілі ў Свяшчэнным пісанні папярэджанне сацыялістычных ідэй[4].
Ідэолаг «ісламскай рэвалюцыі» і «трэцяга шляху» Сайід Кутб (пам. у 1966 г.) стварыў манументальны 8-томны тафсір «У цені Карана» (Фі зіляль аль-Кур’ан), пафас якога заключаецца ў абгрунтаванні сацыяльнай праграмы руху «Браты-мусульмане»[4].
Тафсір працягвае шырока выкарыстоўвацца ў ідэалагічнай барацьбе, у тым ліку шыіцкімі лідарамі Ірана і рухам ахмадыя. З мэтай прапаганды сучасныя тлумачэнні Карана часта перакладаюцца на англійскую і іншыя заходнія мовы. Разам з тым, сваё значэнне да сённяшняга дня захоўваюць і класічныя сярэднявечныя тафсіры[4].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вильнюс: ВГУ, 1968. — 418 с.
- Али-заде А. А. Исламский энциклопедический словарь. — М.: Ансар, 2007. — 400 с.
- Резван Е. А. Тафсир ал-Кур'ан // Ислам: энциклопедический словарь. — М.: Наука, 1991. — С. 232—234.
- Сеўрук Д. Э. «Джаўагіру-ль-іслам» («Сутнасці ісламу») — помнік асманскай рэлігійнай літаратуры XVII ст. у перакладах беларуска-польска-літоўскіх татараў // Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст : зборнік. — Мінск: Беларуская навука, 2024. — С. 40—113.
- Тарэлка М. У. Рукапісы Аляксандра (Алі) Адамовіча — імама мядзельскай мячэці: праблемы каталагізацыі і навуковага апісання // Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст : зборнік. — Мінск: Беларуская навука, 2024. — С. 123—202.
- Danecki J. Kultura islamu: słownik. — Warszawa: Wydawnictwa Szkolne i Pedagogiczne, 1997. — ISBN 83-02-06373-8.
- Danecki J. Podstawowe wiadomości o islamie. T. 1. — Warszawa: Dialog, 1998. — ISBN 83-86483-40-7.
