Таўтаграма
Таўтагра́ма[1] — літаратурная форма: тэкст, у якім усе словы ці амаль (за выняткам прыназоўнікаў, злучнікаў і г.д.) словы пачынаюцца з адной і той жа літары. Сучасныя даследчыкі адносяць гэтую форму да акраканструкцый[2]. Сустракаюцца паэтычныя і празаічныя (радзей) таўтаграмы.
Гісторыя формы
[правіць | правіць зыходнік]Развілася з пашыранага ў старажытнай паэзіі алітэрацыйнага верша, у якім радкі пачыналіся з адной літары. У эпоху Сярэднявечча таўтаграма набыла асаблівую папулярнасць. Таўтаграмныя фрагменты можна знайсці ў «Слове пра паход Ігараў». У 1530 годзе манах-дамініканец Жан-Леон Плацэнтый стварыў паэму на лацінскай мове «Пабоішча парсюкоў» (лац.: Pugna porcorum), усе словы якой пачынаюцца з літары p, напрыклад:
Plaudite porcelli, porcorum pigra propago.
Progreditur, plurea porci pinguedine pleni
Pugnantes pergunt, pecudem pare prodigiosa
Perturbat pede petrosas plerumque plateas,
Pars portentose populorum prata profanatPars pungit populando potens…
Вядомасць атрымала і паэма Хрысціяна Піэра «Хрыстос укрыжаваны» (лац.: Christus Crucifixus, 1576).
Таўтаграма ў беларускай літаратуры
[правіць | правіць зыходнік]Усходнеславянскія таўтаграмы ўпершыню з’явіліся ў вусным фальклоры (прымаўкі, скорагаворкі, моўныя гульні і г.д.), а пазней гэтая форма перайшла ў дзіцячыя кнігі. У «дарослай» паэзіі беларускія аўтары выкарыстоўваюць прынцып таўтаграмы з 1920-х гадоў. Першую «чыстую» таўтаграму (усе словы верша з адной літары) апублікаваў у 1975 годзе Рыгор Крушына (верш «Спевы сняжынак»). Да гэтай формы звярталіся ў сваёй творчасці і іншыя паэты: Эдуард Акулін, Ірына Хадарэнка, Сяргей Чыгрын, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак і г. д.
Прыклад таўтаграмы на беларускай мове:
Каваў каваль каня.
Конь каваля капытом,
Каваль каня кнутом.
Зноскі
- ↑ БелЭн 2002.
- ↑ Віктар Жыбуль, «Гісторыя і тэорыя паліндрому» Архівавана 27 жніўня 2007.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша В. П. Таўтагра́ма // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 461. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Рагойша, В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік : тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў/ В. П. Рагойша. — Мн.: Народная асвета, 2009. — 303 с. — ISBN 978-985-03-1233-4.
- Тавтогра́мма // Квятковский А. П. Поэтический словарь / Науч. ред. И. Роднянская. — М.: Сов. Энцикл., 1966. — С. 294. — 376 с. (руск.)