Таўцівіл Даўспрункавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таўцівіл Даўспрункавіч
князь полацкі
~1250-я — 1264

Смерць 1263
Бацька Даўспрунк
Маці жонка Даўспрунка[d]
Жонка Брачыслаўна Таўцівілава[d]
Дзеці Георгій Таўцівілавіч[d]
Веравызнанне Каталіцкая Царква

Таўцівіл Даўспрункавіч (? — 1264) — князь літоўскі, князь полацкі (~1250-я — 1264).

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Імя Таўцівіл (Тоўтвіл) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Першая аснова Taut- ад агульнабалцкага tauta "народ", другая аснова Vil- звязаная з семантыкай жадання, хацення. У імені прысутныя значэнні, звязаныя, з аднаго боку, з паняццем родапляменнага "народу", а з другога — з ваярскай "прагнасцю". Такое спалучэнне асноў, якія паміж сабой не ўтвараюць звязнай фраземы, не былі рэдкасцю — гарманічнымі яны выглядалі ў кантэксце ўсяго іменніка ў цэлым.

На тэрыторыі цяперашняй Беларусі вядомы тапонім Таўцвілы (каля Ружанаў), які мяркуецца на некалькі стагоддзяў пазнейшым, чым час жыцця князя Таўцівіла, і гэта сведчыць пра ўстойлівасць гэтага імя ў раннелітоўскім іменніку.

Дачыненні з Міндоўгам і Данілам[правіць | правіць зыходнік]

Старэйшы сын Даўспрунка, пляменнік Міндоўга і жамойцкіх князёў Гердзівіла і Вікінта, стрыечны брат Траняты.

У кан. 1248 г. Міндоўг забраў уладанні Таўцівіла і яго малодшага брата Гердзівіла, паслаўшы супраць Смаленскай зямлі — прапануючы там здабыць новыя ўладанні, пры гэтым паслаў за імі забойцаў.

Акалічнасці гэтага паходу розняцца ў даследчыкаў, але ў выніку выгнаннікі ўцяклі ў Галіцка-Валынскае княства шукаць падтрымкі, бо іх сястра была замужам за Данілам Галіцкім.

Даніла паслаў Таўцівіла ў Яцвезь, Жамойць і Рыгу, каб утварыць ваенны саюз супраць Міндоўга. У Рызе Таўцівіл быў ахрышчаны ў каталіцтва (паводле М. Стрыйкоўскага пад імем Готліб).

Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыжскі архібіскуп і Вікінтава палова Жамойці падтрымалі Таўцівіла, але нанесці паразу Міндоўгу не здолелі — пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва (1253) Лівонскі ордэн перайшоў на яго бок.

У Полацку[правіць | правіць зыходнік]

Пэўны час Таўцівіл жыў у Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 разам з братам Гердзівілам удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Але пасля пасварыўся з ім, бо той памірыўся з Міндаўгам.

Пасля гэтага Таўцівіл перабраўся ў Полацк, бо быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Невядома, калі адбыўся гэты шлюб — да 1245 (больш верагодна) ці пасля 1253 года

Пасля смерці свайго цесця Брачыслава Таўцівіл сеў на полацкі сталец — магчыма, абыходзячы прамых нашчадкаў Брачыслава.

Таўцівіл хоць і быў выгнаны Міндоўгам з Літвы, але захаваў там уплыў. Магчыма, што ў 1258 г. ужо як полацкі князь удзельнічаў з атрадам літоўцаў у паходзе палачанаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтай выправай не згадваецца.

Зімой 1258—1259 г. у часе татарскай выправы на Літву Таўцівіл, аб’яднаўшыся са сваім стрыечным братам Войшалкам, дзейнічаў супраць Рамана Данілавіча і быў датычны да яго забойства.

Толькі ў 1262 г. Таўцівіл прама згадваецца як полацкі князь. Паводле сведчання наўгародскага летапісца Таўцівіл быў «добры князь Полацкі».

Забойства[правіць | правіць зыходнік]

Пасля забойства Міндоўга (1263), як адзін з нашчадкаў быў запрошаны Транятам для падзелу спадчыны. Задумаў забіць Траняту і цалкам завалодаць спадчынай Міндоўга. З-за здрады полацкага баярына Пракопа Таўцівіла самога забілі, а астатнія полацкія баяры з яго атачэння трапілі ў палон да Траняты.

Пасля забойства Таўцівіла Транята, пагражаючы, відаць, забойствам палонных полацкіх баяраў, патрабаваў выдачы Таўцівілава сына Георгія. Палачане Георгія не выдалі, але, наадварот, дапамаглі ўцекці ў Ноўгарад, і там ён пасля пастрыгся ў манастыр пад імем Іаан.

Пасля гэтага Полацку давялося ўзяць князем Транятавага вылучэнца Канстанціна (магчыма, сына Брачыслава), але на полацкім стальцы ён прабыў нядоўга.

Література[правіць | правіць зыходнік]

  • Насевіч, В. Таўцівіл / Вячаслаў Насевія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 513—514. — ISBN 985-11-0214-8.
  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.