Перайсці да зместу

Тлумачальны слоўнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тлумача́льны сло́ўнік — лінгвістычны аднамоўны слоўнік, у якім словы падаюцца з апісаннем (тлумачэннем) іх значэння і сферы выкарыстання. Тлумачальныя слоўнікі вызначаюць лексічныя нормы літаратурнай мовы на пэўным этапе яе развіцця. У ім даюцца граматычныя, акцэнтуацыйныя і правапісныя характарыстыкі слоў, нормы іх спалучальнасці, фіксуюць устойлівыя словазлучэнні тэрміналагічнага і фразеалагічнага характару з раскрыццём іх значэння, паказваюць паходжанне іншамоўных слоў. Як камбінаваны лексікаграфічны даведнік, тлумачальны слоўнік займае галоўнае месца ў нацыянальнай лексікаграфіі і з’яўляецца паказчыкам агульнага ўзроўню яе развіцця[1].

Для вывучэння рускай літаратурнай мовы XIX—XX стагоддзяў найбольшае значэнне маюць акадэмічныя «Слоўнік царкоўнаславянскай і рускай мовы» (вып. 1—4, 1847; 2-е выд., 1867—1868), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» У. І. Даля (ч. 1—4, 1863—1866; т. 1—4, 7-е выд. 1978—1980), «Тлумачальны слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1935—1940), «Слоўнік сучаснай рускай літаратурнай мовы» (т. 1—17, 1948—1965), «Слоўнік рускай мовы» (т. 1—4, 1981—1984)[1].

Першы на Беларусі акадэмічны даведнік такога тыпу — «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—1984). У 1996 годзе выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка і М. Н. Крыўко, які змяшчае больш за 65 тыс. слоў[1].

Для вучняў агульнаадукацыйных устаноў прызначаны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайдукевіча і П. П. Шубы (Мінск, 1966[1]; 10-е выд., 2006[2]), у якім тлумачацца значэнні каля 6 тыс. слоў, што выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і мастацкай літаратуры[1], «Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы» Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошынай (Мінск, 2007), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў» І. Л. Капылова, С. Я. Рапацэвіча (Мінск, 2009) і інш[2].

Тлумачальны слоўнік можа ўключаць лексіку твораў толькі пэўнага пісьменніка[1]. Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі[1].

  1. а б в г д е ё П. У. Сцяцко. Тлумачальны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  2. а б Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.