Томаш Пайздэрскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Томаш Пайздэрскі
Дата нараджэння 1864(1864)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 лістапада 1908(1908-11-20)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства Германская імперыя
Працы і дасягненні
Працаваў у гарадах Берлін, Кёльн, Варшава, Мінск
Архітэктурны стыль класіцызм, неараманскі стыль, неаготыка, неабарока, неарэнесанс, мадэрн
Найважнейшыя пабудовы касцёл Святога Сымона і Святой Алены
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

То́маш Пайздэ́рскі (польск.: Tomasz Pajzderski, руск.: Томаш Пайздерский), 1864, мястэчка Ежаў (каля Познані), Германская імперыя, — 20 лістапада 1908, Варшава, Расійская імперыя, — польскі архітэктар.

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і арандатара зямлі Пятра Пайздэрскага і яго жонкі Юзэфы Пляцінскай. Меў трох братоў — архітэктара Сільвестра Пайздэрскага (1876—1953), гісторыка мастацтва, медыявіста Нікадэма Пайздэрскага (1882—1940) і рудакопа, падарожніка Паўла Пайздэрскага (1872—1938).

Томаш Пайздэрскі быў двойчы жанаты. Першым шлюбам пабраўся ў 1889 з Тэрэзай Закрэўскай, ад якой меў трох дзяцей — сына Томаша і дачок Люту і Ванду. Пасля разводу з першай жонкай пашлюбіў у 1906 Гелену-Яніну Багуцкую, ад якой дзяцей не меў.

Выхаванне і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Выхоўваўся ў сямейным арэндным маёнтку Лег. Скончыў у 1886 гімназію ў Срэме, а пасля вырашыў стаць архітэктарам і да 1890 вывучаў архітэктуру ў політэхнічным інстытуце ў Шарлотэнбургу (зараз берлінскі раён Шарлотэнбург-Вільмерсдорф) пад кіраўніцтвам К. Шэфера. Скончыўшы інстытут, для прадаўжэння адукацыі паехаў у Парыж, дзе, верагодна, вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў. У тыя ж гады навучання зрабіў некалькі падарожжаў па краінах Еўропы.

Архітэктурная творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання ў Германскую імперыі, грамадзянінам якой быў Пайздэрскі, пачаў уласную архітэктурную практыку: працаваў у гарадах Гота, Касэль, Кёльн, Дыузе (Дыдэнхофен). У 1895 Томаш Пайздэрскі паспяхова здаў экзамены на дзяржаўнага прускага будаўнічага і пачаў працаваць у Берліне. Быў запрошаны ў міністэрства публічных работ (Прусія), дзе працаваў тры гады.

Пасля гэтага зноў пачаў прыватную практыку. Браў удзел у выкананні фасада Музея Фрыдрыха Вільгельма III (Берлін), пабудаваў шмат каменных дамоў, у тым ліку на Фрыдрыхштрасэ ў Берліне, прыватных палацаў у прадмесцях Берліна. У 1899 зрабіў праект касцёла ў Капусцянах.

Адной з характэрных з'яў у будаўніцтве ў Германскай імперыі самага канца XIX ст. была ўзрослая папулярнасць выкарыстання форм неараманскага стыля, які браў прыклад з масіўных форм сярэдневечных пабудоў раманскага стыля ў надрэйнскіх гарадах (Шпір, Вормс, Кёльн і інш.). Яскравым узорам новага стылю стаў пабудаваны храм Кайзер-Вільгельм-Гэдэхтніскірхе (Берлін), якую спраектаваў нямецкі архітэктар Франц Швехтэн. Уплыў гэтай новай тэндэнцыі захапіў і нямецкую Вялікапольшчу. Выдатнай рэалізацыяй неараманскага стылю ў архітэктуры стаў праект касцёла Святой Эльжбеты  (польск.) ў польскім мястэчку Ютросін пад ПознаннюГерманскай імперыі), які замовіў і фундаваў князь Уладзіслаў Чартарыйскі. У гэтым праекце князь задумаў згрупаваць «цэлы мастацкі Парнас Польшчы». Архітэктарам быў выбраны Томаш Пайздэрскі, вітражы павінен быў стварыць вядомы ўжо тады Станіслаў Выспянскі, паліхромію — Леан Вычулкоўскі, дэкараваць святыню — такія выдатныя мастакі як Тэадор Аксянтовіч, Юліян Фалат, Канстанцін Лешчка і Ян Станіслаўскі. Аднак задумкам не пашчасціла ажыццявіцца ў поўнай меры. У ютросінскім касцёле, будаўніцтва якога праходзіла ў 19001900, вітражыгербам «Пагоня», родавым гербам князёў Чартарыйскіх) былі выкананы іншым вядомым мастаком — кракаўскім сецэсіяністам Юзафам Мехоферам, а паліхромію рабіў кракаўскі мастак Антоній Працайловіч. Непасрэдным узорам для ютросінскага касцёла сталі раманскія саборы у нямецкім Бамбергу, храм Святых Апосталаў і храм Святога Куніберта ў Кёльне. Архітэктанічнае рашэнне прэзбітэрыя касцёла мае аналогію з прэзбітэрыем кафедральнага сабору ў Шпіры. Сцены былі выкананы з чырвонай цэглы і ўражваюць сваімі акуратнымі, моцна загеаметрызаванымі формамі. Узмацняе ўражанне высокая ладная вежа, пастаўленая збоку фасада, і дзве меншыя вежы, размешчаныя (у адрозненне ад класічных раманскіх сабораў) паабапал прэзбітэрыя. Сцены ўзбагачаны ламбардскімі фрызамі, выразнымі аконнымі праёмамі, пластычнымі разетамі вокнаў. Унутранае дэкараванне касцёла было выканана са спазненнем (у 1906—1910) і архітэктар Томаш Пайздэрскі не дачакаўся завяршэння выканання ўсёй задумкі ў поўнай меры. Архітэктурны праект ютросінскага касцёла атрымаў шмат пахвальных водгукаў польскага грамадства, асабліва ў Варшаве, што стала прычынай пазнейшага пераезду Пайздэрскага ў гэты горад.

Томаш Пайздэрскі спраектаваў неарэнесансны будынак Банка саюза заработных суполак у Познані пры Вільгельмаўскай алеі (цяпер алея Марцінкоўскага) каля Вільгельмаўскай плошчы (цяпер плошча Вольнасці), які быў пабудаваны ў 1897, але да сённяшняга часу не захаваўся. Будынак банку быў вытрыманы ў стылі нямецкага Рэнесанса. Пайздэрскі таксама спраектаваў гатэль «Bast» з тэатральнай залай у Інаўроцлаве, зрабіў інтэр'ер класіцыстычнага палаца ў Любастроні, праекты касцёлаў у Чэлядзі і Остраве, розныя дамы ў Познані, прымаў удзел у будаўніцтве неабарочнага гатэля «Bazar» у Познані, архітэктарам якога быў Рогер Слаўскі (1871—1863).

У 1903 пераехаў у Варшаву. У 1904 паслаў на штогадовую выстаўку Таварыства падтрымкі прыгожых мастацтваў свае будаўнічыя праекты, мадэлі мэблі і праекты афармлення інтэр'еру, якія атрымалі высокую ацэнку. У 1905—1907 быў прафесарам мастацтва ў варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1905 апублікаваў у часопісе «Tygodnik Ilustrowany» (№ 13 і 14) свой артыкул на тэму архітэктуры «Новы стыль». У 1906 атрымаў узнагароду на конкурсе праектаў касцёлаў у «польскім стылі». У тым жа годзе кіраваў будаўніцтвам касцёла ў Любранцу. У 1907 ажыццяўляў паводле свайго праекта адбудову пагарэлага касцёла Святой Троіцы ў Грабаве (каля Казеніц) у неараманскім стылі. У 1908—1909 аднавіў паводле свайго праектнага рашэння касцёл Святога Станіслава Біскупа ў Брэсце-Куяўскім.

Акрамя таго ў Польшчы Томаш Пайздэрскі рэалізаваў свае архітэктурныя праекты капліцы сям'і Ужоскаў (у Данброве Гурнічай); палаца і капліцы сям'і Фларкоўскіх (у Файславіцах пад Люблінам); бібліятэкі духоўнай семінарыі і касцёла салезіянаў (ва Уроцлаўку); касцёла ў Манкошыне; палаца для М. Шэлехава на збегу алей Ружаў і Уяздоўскіх у Варшаве (супольна з архітэктарам Станіславам Граховічам); неабарочнага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Добра (сучасны Турэцкі павет Велікапольскага ваяводства, Польшча).

Чырвоны касцёл у Мінску (Беларусь)[правіць | правіць зыходнік]

Праектны выгляд касцёла Святога Сымона і Святой Алены у Мінску, 1905 г.

Самым значным архітэктурным шэдэўрам Томаша Пайздэрскага стаў неараманскі касцёл Святога Сымона і Святой Алены («Чырвоны касцёл») у Мінску (Расійская імперыя, цяпер Беларусь), які быў замоўлены Эдвардам Вайніловічам і яго жонкай Алімпіяй для захавання памяці аб іх заўчасна памерлых малалетніх дзецях — Сымоне Вайніловічу і Алене Вайніловіч. Чырвоны касцёл у многім падобны на неараманскі касцёл касцёл Святой Эльжбеты ў Ютросіне, формы і стылявыя прынцыпы якога вельмі спадабаліся Эдварду Вайніловічу. Аднак Чырвонаму касцёлу архітэктар надаў і ўнікальныя рысы, бо ў стылі касцёла назіраюцца формы не толькі раманскага стылю, але і элементы готыкі і мадэрна. Архітэктар памёр, не паспеўшы дабудаваць мінскі касцёл Святога Сымона і Святой Алены, што выконвалася ўжо іншымі будаўнікамі, у тым ліку варшаўскім архітэктарам Генрыхам Гаем. Чырвоны касцёл у Мінску стаў адным з рэдкіх узораў неараманскага стылю ў Расійскай імперыі. Атрымаўшы прызнанне ў польскім грамадстве Варшавы пасля праекта касцёла ў Ютросіне (Германская імперыя) і пераехаўшы ў Варшаву (Расійская імперыя), Томаш Пайздэрскі разлічваў яшчэ будаваць касцёлы ў неараманскім стылі расійскай частцы Польшчы, аднак у пачатку XX ст. сярод эліты Расійскай імперыі раслі антынямецкія настроі, што перашкодзіла распаўсюджанню касцёлаў па «нямецкаму тыпу». Новы неараманскі касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску стаў унікальным прыкладам таленту Томаша Пайздэрскага ў Расійскай імперыі.

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Томаш Пайздэрскі памёр 20 лістапада 1908 у Варшаве і быў пахаваны на Павазкоўскіх могілках (Варшава).

Цікавыя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Малодшы брат Томаша Сільвестр Пайздэрскі (1876—1953) таксама стаў вядомым польскім архітэктарам і будаваў касцёлы ў неараманскім стылі: самым вядомым праектам Сільвестра стаў каталіцкі канкафедральны касцёл Святога Станіслава Біскупа Мучаніка ў Остраве-Велькапольскім.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Fruba, P. Tomasz Pajzderski / P. Fruba // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1980. — T. XXV/1. Zesz. 104: Padło Jan — Parczewski Franciszek. — S. 34—35. (польск.)
  • Stefański, K. Architektura XIX wieku na ziemiach polskich / K. Stefański. — Warszawa : DiG, 2005. — 256 s.
  • Chrzanowski, T. Sztuka w Polsce. Od I do III Rzeczypospolitej / T. Chrzanowski. — Warszawa : PWN, 2008. — 2-e wyd. — 512 s.
  • Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. — Мінск: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Дзянісаў, У.. Касцёл Св. Сымона і Св. Алены / У. Дзянісаў.. — Мінск, 1996. — 52 с.