Траецкая набярэжная (Мінск)
Траецкая набярэжная Мінск | |
---|---|
![]() | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
![]() |
![]() |
Трае́цкая набярэ́жная (да 2010 года Камунальная набярэжная) — набярэжная ў заходняй частцы Траецкага прадмесця Мінска.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Гістарычна галоўнай вуліцай прадмесця была Траецкая (цяпер вул. Максіма Багдановіча). Ад яе уздоўж Свіслачы адыходзіў Траецкі завулак, пазней Траецкая набярэжная[1], які злучаў яе са Старавіленскай, якая ішла паралельна Траецкай[2]. У пачатку XIX стагоддзя адбылася перапланіроўка Траецкай гары пасля таго, як у 1809 годзе ўсю забудову гэтага прадмесця знішчыў моцны пажар[3]. Вуліца атрымала назву Траецка-Аляксандраўскай набярэжнай, якая была звязана з расійскім імператарам Аляксандрам II[1]. Тут знаходзіліся славутыя мінскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы[2].
З прыходам савецкай улады набярэжную пераназвалі ў Камунальную набярэжную[1]. У 1980—1985 гады была праведзена рэстаўрацыя заходняй часткі Траецкага прадмесця, у якой прымалі ўдзел галоўны архітэктар спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрскіх Мінкультуры Сяргей Багласаў, супрацоўнікі майстэрні № 3 інстытута «Мінскпраект» Юрый Градаў і Леанід Левін і інш[4]. Гэта быў першы ў Беларусі праект комплекснай рэгенерацыі гістарычнай забудовы[5]. Левін і Градаў прапанавалі пачаць працы з фронту забудовы вуліцы Янкі Купалы, але Багласаў пераканаў калегаў спачатку заняцца набярэжнай. Яшчэ да гэтага была знішчана частка забудовы XVII ст. каля Свіслачы[6], і на раку сталі глядзець былыя двары, якія мелі даволі непрывабны выгляд[4]. Паводле праекта рэстаўрацыі меркавалася на месцы дома № 2 (вуліца Багдановіча № 1) пабудаваць будынак у стылі XIX стагоддзя, але архітэктары «Мінскпраекта» дамагліся ўзвядзення будынка з сучаснымі архітэктурнымі формамі, які не ўпісваецца ў агульны ансамбль аб'екта[4]. Усе дамы Траецкага прадмесця па прапанове архітэктара Грыгор'ева, які абапіраўская на досвед прыбалтыйскіх краін, былі накрыты чарапіцай, хоць у мінулым на дахах выкарыстоўвалі толькі бляху ці — для гаспадарчых пабудоў — дранку. Каб чарапіца трымалася быў павялічаны нахіл дахаў, у некаторых дамоў трохі павялічылі бакавыя сцены. Першая чарга рэканструкцыі квартала — на Траецкай набярэжнай — была здадзена ў 1983 годзе[4].
22 верасня 2010 года Камунальная набярэжная Рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў пераназвана ў Траецкую набярэжную[7].
Забудова[правіць | правіць зыходнік]
Забудова нябярэжнай складаецца з некалькіх дамоў, якія ўтвараюць адзіны ансамбль[8].
Няцотны бок[правіць | правіць зыходнік]
Забудова не захавалася.
- № 1 — гарадскі начлежны прытулак. Заснаваны ў 1892 годзе. Размяшчаўся на беразе Свіслачы каля Аляксандраўскага моста. Цяпер тут пралягае набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесця[9].
- № 3 — лазні Г. З. Райнеса. Знаходзіліся на беразе Свіслачы, за начлежным прытулкам. Цяпер на іх месцы праходзіць набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесця[9].
- № 5 — лазні Каждана. Стаялі побач з лазнямі Райнеса[9].
Цотны бок[правіць | правіць зыходнік]
- № 2 (вул. Багдановіча № 1) — дом Ушакова. На кватэры правізара Паўлоўскага ў 1886 годзе адбыўся народніцкі сход Абмяркоўвалася пытанне актывізацыі рэвалюцыйнай дзейнасці. Было вырашана выдаваць часопіс «Социалистическое здание» («Сацыялістычны будынак»). Будынак не збярогся, на яго месце падчас рэстаўрацыі 1980-х гг. узведзены новы, у якім цяпер размяшчаецца фірменная крама «Шкло, фарфор»[9].
Насупраць будынка ў 1993 годзе пастаўлены помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу[10].
- № 4 — дом Канстанціна Гінтэра, пабудаваны ў 19 ст. з цэглы[8]. Гінтэр, вядомы мінскі купец, валодаў майстэрняй і крамай па вырабу каўбасных вырабаў. Асаблівая вядомасць прыйшла да Гінтэра пасля Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі 1901 года, дзе яго «ліцвінская вяндліна» спадабалася ўсім без выключэння. Падчас рэстаўрацыі 1980-х гг. у дома трохі павялічылі бакавыя сцены і накрылі аўтэнтычную чарапіцай, якую знялі са старых хлявоў пад Мінскам, у той час як большасць будынкаў у прадмесці была накрыта літоўскай[4]. Уўяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхіль ным дахам. Фасады вырашаны плоскасна, амаль без дэкору. Уваходная частка аздоблена невялікім казырком. Цяпер у доме размешчаны букіністычны магазін «Вянок»[8].
- № 6 — дом Вігдорчыка. Пабудаваны ў 1890—1891 гадах[11] з цэглы[8]. Дом быў перабудаваны ў стылі канструктывізму, змяняліся формы вокнаў, планіроўка[4]. Тут наймаў кватэру бацька Янкі Купалы Дамінік Луцэвіч, які паводле пашпарта з'яўляўся мінскім гараджанінам. Ён прыехаў у горад у 1890 годзе, працаваў рамізнікам, тым часам Янка Купала вучыўся ў прыватнай падрыхтоўчай школе. Праз год сям'я Луцэвічаў пакінула горад[9]. Падчас рэстаўрацыі 1980-х гг. паводле архіўных і натурных даследаванняў былі адноўлены першапачатковыя архітэктурныя дэталі[4]. Уўяўляе сабой трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім двухсхільным дахам. Плоскасць сцен галоўнага фасада раскрашавана 3 лапаткамі (2 з бакоў і і пасярэдзіне), прарэзана прамавугольнымі вокнамі ў ліштвах[8]. Цяпер у будынку размяшчаецца галерэя «Славутыя майстры», у якой выстаўленыя творы сучаснага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
- № 8 — Пабудаваны ў 19 ст. з цэглы. Падчас рэстаўрацыі 1980-х гг. невялікая неатынкаваная гаспадарчая пабудова, якая не мела вокнаў на Свіслач, была патынкавана, у сценах прабіты вокны[4]. Уўяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Прамавугольныя аконныя праёмы на галоўным фасадзе аздоблены атынкаванымі ліштвамі. Цяпер тут размешчана кафэ[8].
- № 10 (вул. Старавіленская, 2) — На перакрыжаванні вуліц Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Пабудаваны ў 19 ст. з цэглы. Паводле даследаванняў належаў майстэрні па вытворчасці кафлі, цэлы склад якой быў выяўлены падчас рэстаўрацыі 1980-х гг. пад падлогай. Таксама ў будынку ў мінулым размяшчалася харчэўня, таму пасля рэстаўрацыі тут была адкрыта карчма[4]. Уўяўляе сабой двухпавярховы будынак, асноўны аб'ём якога Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Дах фарміруюць у тарцах трохвугольныя франтоны. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, паверхня сцяны прарэзана прамавугольнымі вокнамі, якія на 1-м паверсе маюць аканіцы. На 1-м паверсе размешчана кафэ[8].
Зноскі
- ↑ а б в Город — как фреска
- ↑ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Мінска ў XIX — пачатку XX стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008
- ↑ НАЗВЫ ДЛЯ ВУЛІЦ, СКВЕРА І… СТАНЦЫІ МЕТРО
- ↑ а б в г д е ё ж з Нескучные прогулки в прошлое
- ↑ Траецкае прадмесце // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8. С. 60
- ↑ Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8. С. 63
- ↑ Решение Минского городского Совета депутатов от 22.09.2010 N 48 «Аб прысваенні назваў новым вуліцам, безназоўным могілкам і пераназванні вуліцы Камунальная набярэжная ў г. Мінску»
- ↑ а б в г д е ё Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- ↑ а б в г д Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.
- ↑ «Помнік Язэпу Драздовічу» Архівавана 6 чэрвеня 2018. Place.by
- ↑ Минск на Globustut.by. С. 2
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Траецкая набярэжная (Мінск)