Трактаразаводскі пасёлак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Трактаразаводскі пасёлак
Минский тракторный завод.jpg
53°53′20″ пн. ш. 27°36′40″ у. д.HGЯO
Інтэрнат № 9 РУП МТЗ
Рака Свіслач

Трактаразаводскі пасёлак — жылы мікрараён Мінска ў складзе Партызанскага раёна. Ядро мікрараёна было пабудавана ў канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў XX стагоддзя, у далейшым працягвалася актыўнае яго развіццё. Будаўнічыя работы распачалі ў сувязі з ўзвядзеннем аб'екта рэспубліканскага значэння — Мінскага трактарнага завода. Трактаразаводскі пасёлак вядомы, перш за ўсё, сваёй утульнасцю і вялікай колькасцю зялёных зон, што адрознівае яго ад большасці раёнаў горада.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У раёне сучасных Трактаразаводскага пасёлка і велазавода ў XIX стагоддзі знаходзіўся «Архірэйскі гай» (так званая «Пустыня»). Шпілеўскі згадвае «Пустыню» — «прыгожы хутар, абкружаны хвойнікам і бярозавымі лясамі, які славіцца сваёй чысцюткай сажалкай, садам і хаткамі з мяккай гліны з прымессю верасу, пабудаванымі па плану самога ўладальніка хутара, архірэя  Антонія, сапраўднага аматара аграноміі і натуральных навук, які і жыве ў  Пустыні»[2]. Таксама на тэрыторыі пасёлка трактарнага завода размяшчаліся вёска Будзілава і прадмесце Доўгі Брод.

У 1939 годзе было прынята рашэнне пабудаваць на тэрыторыі будучага мікрараёна завод авіябамбардыроўшчыкаў. У будаўнічых работах прымала ўдзел вялікая колькасць рабочых, бо тэрміны здачы аб'екта былі вельмі кароткімі. Было пабудавана некалькі ангараў для самалётаў. Але будаўніцтва спынілася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны[3].

Адразу пасля заканчэння вайны пачалося будаўніцтва Трактаразаводскага пасёлка. На базе авіязавода № 453 у адпаведнасці з рашэннем Савета Міністраў СССР ад 29 мая 1946 года было распачата будаўніцтва Мінскага трактарнага завода[4]. Для працоўных такога буйнога прадпрыемства было неабходна стварыць жылы раён, цалкам забяспечаны ўсёй сацыяльна-бытавой інфраструктурай. Таму работы па ўзвядзенні пасёлка пачаліся адначасова з будаўніцтвам завода. У адпаведнасці з планам будаўніцтва раёна была прадугледжана малапавярховая забудова (2—3-павярховыя будынкі) і стварэнне грамадскага цэнтра пасёлка. У праектаванні раёна прыняў удзел архітэктар Зіновій Майсеевіч Розенфельд — вядучы савецкі спецыяліст у галіне жыллёвага будаўніцтва, які выканаў, у тым ліку, вялікі аб'ём работ па афармленні цяперашняга праспекта Незалежнасці ў Мінску[5]. У будаўніцтве мікрараёна, разам з савецкімі грамадзянамі, былі задзейнічаны і палонныя немцы, а нямецкія архітэктары прымалі ўдзел ў праектаванні пасёлка[6].

Будаўніцтва мікрараёна ішло ў строгай адпаведнасці з усімі санітарна-гігіенічнымі нормамі, такімі як нармальная шчыльнасць забудовы і шчыльнасць насельніцтва, спрыяльная арыентацыя будынкаў, максімальная інсаляцыя будынкаў і участкаў добраўпарадкавання. Дамы будаваліся такім чынам, каб паміж імі было дастаткова вольнай прасторы. Пад іх былі вылучаныя буйныя тэрыторыі, якія маюць шмат зялёных насаджэнняў[3]. Прастора двароў спраектавана так, каб максімальна адгарадзіць жылыя пабудовы ад вуліцы. Дваровыя тэрыторыі ўпрыгожваліся разнастайнымі скульптурамі, напрыклад, медзведзянятаў з бочачкай мёду і дзяўчынкі на самакаце[6].

Забудова ядра мікрараёна прадстаўлена будынкамі ў неакласічным стылі з адмысловым мастацкім аздабленнем  дамоў (ляпніна, пілястры, цікавае афармленне балконаў, «грэчаскія» рэльефныя вазы, лаўровыя вянкі, вежкі са шпілямі, каваныя аздабленні, кветнікі пад вокнамі і іншыя дэкаратыўныя элементы). На дахах большасці дамоў мікрараёна размешчаны трубы комінаў — бо раней ацяпленне ажыццяўлялася з дапамогай печаў, якія размешчаліся ў падвалах і тапіліся вуглём[3].

Паэт Пятрусь Броўка, уражаны размахам работ, напісаў:

« Рассунуўшы сосны

Плячамi, што волат,

У лесе ўздымаецца

Трактарагорад[4].

»

  Ужо ў канцы 1940-х многія працоўныя трактарнага завода атрымалі ключы ад новага жытла[5]. Некаторыя дамы прызначаліся для сем'яў рабочых-стаханаўцаў[7].Будынкі па вуліцы Даўгабродскай былі ўзведзены ў 1950-я гады і выкананы ў іншым архітэктурным рашэнні. Больш позняя забудова раёна (1960—70-я) уяўляе сабой пераважна 4—5-павярховыя цагляныя і панэльныя дамы — «хрушчоўкі».

У 1950 годзе ў сваёй кнізе «Мінск» вядомы архітэктар Міхаіл Асмалоўскі напісаў:

« У гэтым раёне завяршаецца комплекснае будаўніцтва і добраўпарадкаванне 12-ці кварталаў жылых дамоў са школамі, дзіцячымі ўстановамі, крамамі, гасцініцай, паліклінікай і ўсімі відамі камунальнага абслугоўвання насельніцтва. У некаторых дамах выкарыстоўваецца імітацыя бруса. Драўляныя панэлі, якія імітуюць прафіляваны брус, падтрымліваюць камфортную тэмпературу і вільготнасць у памяшканні, забяспечваюць высокі ўзровень гукаізаляцыі. На галоўнай кальцавой магістралі і на паласе, якая прымыкае да Заходняй чыгункі, размешчаны чатырохпавярховыя жылыя дамы, а па міжквартальных вуліцах — двух-і трохпавярховыя[5][8]. »

 

Вуліцы мікрараёна[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Паходжанне назвы[9]
вул. Алега Кашавога Названая ў гонар Героя Савецкага Саюза, актыўнага ўдзельніка антыфашысцкага супраціву Алега Кашавога.
вул. Будзённага Названыя ў гонар героя грамадзянскай вайны, камандуючага Першай коннай арміяй РСЧА Сямёна Будзённага.
вул. Стаханаўская Названая ў гонар савецкага рабочага-шахцёра, наватара вугальнай прамысловасці і заснавальніка стаханаўскага рух Аляксея Стаханава.
зав. Стаханаўскі Першапачатковая назва — завулак Лазневы.[10] Сучасная назва — у гонар Аляксея Стаханава (гл. папярэдні пункт).
вул. Грыцаўца Першапачатковая назва — Заводскае кальцо[5]. Сучасная назва — у гонар савецкага лётчыка-знішчальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза і маёра РСЧА Сяргея Грыцаўца.
вул. і зав. Клумава Першапачатковая назва — вуліца Клубная.[11] Сучасная назва — у гонар Героя Савецкага Саюза, удзельніка мінскага падполля, прафесара медыцынскіх навук Яўгена Клумава.
вул. Чабатарова Першапачатковая назва — вуліца Прамысловая.[12] Сучасная назва — у гонар Героя Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Чабатарова.
вул. і зав. Шчарбакова Названыя ў гонар савецкага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча Аляксандра Шчарбакова.
вул. Даўгабродская Атрымала сваю назву дзякуючы прадмесцю Доўгі Брод, названаму так ад броду на рацэ.
вул. Ванеева Да мая 1947 года называлася вуліцай Лекерта[10], у гонар рэвалюцыянера Гірша Лекерта. Цяперашняя назва дадзена ў гонар аднаго з арганізатараў падпольнай барацьбы і партызанскага руху ў Беларусі, дзяржаўнага і партыйнага дзеяча БССР Уладзіміра Ванеева.
Партызанскі праспект Першапачатковая назва — Магілёўская шаша[12]. Сучасная назва — у гонар гераічнага подзвігу савецкіх партызан, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
зав. Вучнёўскі Дакладна не вядома.
бульвар Трактарабудаўнікоў Названы ў гонар працаўнікоў Мінскага трактарнага завода.

Жыллёвы фонд[правіць | правіць зыходнік]

Жыллёвы фонд мікрараёна прадстаўлены 2—5-павярховай забудовай. На тэрыторыі мікрараёна размешчаны інтэрнат № 9 РУП МТЗ.

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Мінскі трактарны завод — найбуйнейшае ў краіне прадпрыемства па распрацоўцы і вырабе колавых і гусенічных трактароў і іншых сельскагаспадарчых машын і запасных частак да іх. Завод уваходзіць у васьмёрку найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. Менавіта ў сувязі з буданіцтвам завода з'явіўся Трактаразаводскі пасёлак. На заводзе працуе больш за 20 тысяч супрацоўнікаў[13].

Таксама на тэрыторыі мікрараёна раней функцыянаваў Мінскі аўтарамонтны завод, які ў савецкі час займаўся рамонтам ваенных машын, а пазней — і грамадзянскай аўтамабільнай тэхнікі. У сучасны момант там размешчана 124-ая аўтазборачная вытворчасць Мінскага завода колавых цягачоў[14].

Сацыяльная сфера[правіць | правіць зыходнік]

Культура[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі мікрараёна размешчаны Палац культуры Мінскага Трактарнага завода. Яго праект быў распрацаваны супрацоўнікамі архітэктурнай майстэрні № 1 інстытута "Белдзяржпраект" пад кіраўніцтвам архітэктара Г. Бенедыктава і галоўнага інжынера праекта В. Паўлоўскай. Будаўніцтва ажыццявіў будаўнічы трэст № 5. Абъём будынка склаў 46 тысяч м³, былі ўзведзены дзве залы на 800 і 300 месцаў, прасторная бібліятэка і мноства памяшканняў для мастацкай самадзейнасці. У Палацы праводзяцца творчыя мерапрыемствы для жыхароў Партызанскага раёна і горада Мінска. На сцэне ПК штогод праводзяцца агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці працаўнікоў завода, а таксама буйныя міжнародныя фестывалі: Фестываль гарманістаў, Фестываль казацкай песні "Гайда", Конкурс дуэтаў. Сваю творчую працу праводзяць ансамбль бальнага танца "Мара", ансамбль танца "Лянок", ансамбль эстраднага танца "Серпанцін", тэатры "На Доўгім бродзе" і "Карусель", студыя выяўленчага мастацтва і духавы аркестр[15].

Таксама на тэрыторыі Трактаразаводскага пасёлка размешчана бібліятэка № 6 па адрасе: вул. А. Кашавога, 10[16].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Сквер «Садружнасць»

Сам пасёлак з'яўляецца музеем пад адкрытым небам, бо захаваў сваю планіроўку, асноўную частку забудоўлі і элементы дэкору двароў і фасадаў дамоў:

  • скульптуры мядзведзяў з бочачкай мёду,
  • дзяўчынкі на самакаце,
  • фрагмент абгароджвання агародчыка з выявай трактара,
  • шматлікая ляпніна на фасадах і гэтак далей.

Разам з захаванымі савецкімі назвамі вуліц, знакавай для горада гісторыяй, характэрнай і аўтэнтычнай архітэктурай, лёсамі сваіх знакамітых ураджэнцаў і жыхароў, творамі мастацтва, прысвечанымі яму — пасёлак успрымаецца грамадскасцю, у тым ліку экспертнай, як цэльны помнік гісторыі і культуры, што, аднак, пакуль не зафіксавана адпаведным статусам ў заканадаўстве. Атмасфера гарадскога асяроддзя канца 1940-пач.50-х гг., якая захавалася ў пасёлку, стала прычынай частага выкарыстання яго вуліц і двароў у якасці натуры для кіназдымкаў, а таксама месцам частага правядзення мастацкіх пленэраў і фотасесій.

Акрамя таго, на тэрыторыі мікрараёна размешчаны помнік-трактар (1971 года, на тэрыторыі трактарнага завода).

У скверы «Садружнасць» размешчаны помнік воінам-казахстанцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў[17].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Трактаразаводскага пасёлка знаходзіцца шэраг навучальных устаноў (школы, вучылішча, каледжы, у тым ліку прафесіянальна-тэхнічныя, і ўніверсітэт)[18].

Па адрасе вул. Будзённага, 6 раней знаходзілася сярэдняя школа № 57, ля якой быў разбіты яблыневы сад. Школа была адкрыта ў 1960 годзе. Першым дырэктарам быў Васіль Якаўлевіч Назараў. Цяпер там месціцца вучэбны корпус Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На тэрыторыі мікрараёна таксама знаходзіцца сярэдняя школа № 22 (вул. Грыцаўца, 9). Школа з'яўляецца адной са старэйшых у Партызанскім раёне. Яна заснавана ў 1949 годзе. З 1 верасня 2008 года школа працуе з харэаграфічным ухілам. У школе арганізавана навучанне танцам, выяўленчаму мастацтву, ігры на музычных інструментах, створаны 9 танцавальных ансамбляў і 3 дзіцячых хора. Таксама на тэрыторыі мікрараёна функцыянуюць сярэдняя школа №87 (вул. Шчарбакова, 23) і дзіцячая музычная школа мастацтваў №3 імя Ф. Шапена, якая знаходзіцца па адрасе вул. Шчарбакова, 4.

Апроч школ працуюць Спецыялізаваны ліцэй МУС (вул.Стаханаўская, 13), два прафесіянальна-тэхнічных каледжы — Мінскі дзяржаўны каледж мантажных і пад'ёмна-транспартных работ (вул. Будзённага, 8) і Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж (вул. Даўгабродская, 25), а таксама Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж (вул.Даўгабродская, 41, к.1) і Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (вул. Даўгабродская, 23).

Ахова здароўя[правіць | правіць зыходнік]

9-я гарадская паліклініка

Медыцынскае абслугоўванне дарослага насельніцтва[19] мікрараёна ажыццяўляюць 9-я гарадская паліклініка (вул. Шчарбакова, 1, рэканструяваны будынак) і медыцынскі цэнтр Мінскага трактарнага завода, які знаходзіцца па адрасе вул. Стаханаўская, 10а (абслугоўвае працаўнікоў завода). Медыцынскае абслугоўванне дзіцячага насельніцтва[19] ажыццяўляе 9-я гарадская дзіцячая паліклініка (часова месціцца ў будынку 14-й раённай паліклінікі на вул. Фролікава, 2; філіял - аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі знаходзіцца на вул. Стаханаўскай, 41). Было вырашана рэканструяваць будынак паліклінікі, але ў выніку гэта атрымалася немагчымым з-за падоўжных расколін, што ўзніклі ў сценах. Тады было вырашана пабудаваць новы будынак дзіцячай паліклінікі. На дадзены момант работа ўсіх службаў (за выняткам аддзела рэабілітацыі) часова ажыццяўляецца на базе ўстановы аховы здароўя «14 Цэнтральная раённая паліклініка» па адрасе: г. Мінск, вул. Фролікава, 2.


На тэрыторыі мікрараёна па адрасе вул. Алега Кашавога, 10 знаходзіцца дзяжурная аптэка №25 РУП "Белфармацыя".

Аддзел ЗАГС[правіць | правіць зыходнік]

ЗАГС Партызанскага раёна горада Мінска

Аддзел ЗАГС Партызанскага раёна размешчаны па адрасе: вул. Алега Кашавога, 27а[20].

Пошта[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі мікрараёну знаходзяцца аддзяленні пошты № 70 (вуліца Ванеева, 18) [4] і № 9 (вуліца Чабатарова, 1/6)[21].

Паркі і скверы[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Трактаразаводскага пасёлка размешчаны Антонаўскі парк, назва якога звязана з імем арцыбіскупа Антонія (Зубко), урочышча якога было на гэтай терыторыі да 1930-х гадоў.  Парк працягнуўся ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы ад чыгункі Мінск-Масква да Партызанскага праспекта. 22 снежня 2006 года сесія Мінскага гарадскога савета прысвоіла яму назву Антонаўскі парк. Таксама месцамі адпачынку жыхароў мікрараёна з'яўляюцца сквер «Садружнасць»[22], размешчаны ў межах вуліц Кашавога, Чабатарова і Даўгабродскай і сквер Клумава - названы, як і адпаведная вуліца, імем Героя Савецкага Саюза Яўгена Клумава.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Транспартнае забеспячэнне ўнутры мікрараёна і з іншымі часткамі горада ажыццяўляюць[25][23]:

Тралейбуснае кальцо маршруту № 49 ( «РК А. Кашавога») - адно з першых у горадзе Мінску і размешчана менавіта ў Тракторозаводскім пасёлку.

На тэрыторыі мікрараёна плануецца будаўніцтва чацвёртай лініі метро. Работы па будаўніцтве лініі планавалася пачаць пасля завяршэння будаўніцтва трэцяй лініі не  раней за 2030 год, аднак затым было прынята рашэнне аб адначасовым будаўніцтве двух ліній метро.[24]

Зноскі

  1. Как изменится застройка Тракторного завода. Какие здания снесут, а какие оставят и реконструируют (руск.) . СTV.by (10 лютага 2011).
  2. Ростислав Боровой Минские пригороды XVI – начала XX века (руск.)  (3 лістапада 2008).
  3. 3,0 3,1 3,2 Раман Абрамчук "Атмасферныя" мясціны сталіцы: жылы пасёлак трактарнага завода (бел.)  (14 чэрвеня 2011).
  4. 4,0 4,1 Александр Ружечка, Виктор Корбут До основанья. А зачем? История посёлка МТЗ (руск.) . СБ Беларусь сегодня (23 мая 2014).
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 История Тракторозаводского посёлка (руск.) . Администрация Партизанского района. Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2014.
  6. 6,0 6,1 Камуністычны шарм пасёлка трактарнага завода (бел.) . Звязда (17 ліпеня 2013).
  7. Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944—1952 гг. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 258.
  8. Упомянутый Осмоловским деревянный брус впоследствии был заменён другими материалами, подробнее см. статью Раман Абрамчук "Атмасферныя" мясціны сталіцы: жылы пасёлак трактарнага завода (бел.)  (14 чэрвеня 2011).
  9. История названий улиц города Минска (руск.) . Минский городской исполнительный комитет.
  10. 10,0 10,1 Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944-1952 гг. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 273.
  11. Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944-1952 гг. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 274.
  12. 12,0 12,1 Кірычэнка В. І. Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення. 1944-1952 гг. — Мн.: Беларусь, 2004. — С. 275.
  13. Минский тракторный завод (руск.) . МТЗ.
  14. Расположение 124-го автосборочного производства Минского завода колёсных тягачей на карте города (руск.) . yandex.ru.
  15. Дворец культуры Минского тракторного завода (руск.) . ДК МТЗ (16 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2014.
  16. Библиотеки города Минска (руск.) . Централизованная система государственных публичных библиотек г. Минска.
  17. Сегодня в Минске торжественно открыт памятник воинам-казахстанцам, сражавшимся и погибшим в годы Великой Отечественной войны на территории нашей страны (руск.) . Белтелерадиокампания (23 мая 2008). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2014.
  18. Партизанский район: образование (руск.) . Администрация Партизанского района. Архівавана з першакрыніцы 18 кастрычніка 2014.
  19. 19,0 19,1 Партизанский район: здравоохранение (руск.) . Администрация Партизанского района. Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2014.
  20. Партизанский район: отдел ЗАГС (руск.) . Администрация Партизанского района. Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2014.
  21. Населённые пункты и улицы, обслуживаемые почтовым отделением 220070 (руск.) . Белпочта. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2011.
  22. Дарья Вербицкая В Минске появились новые улицы (руск.) . KP.by (11 лістапада 2008).
  23. Общественный транспорт города Минска (руск.) . Минсктранс.
  24. Третью и четвертую линии минского метро будут строить одновременно (руск.) . interfax.by (16 верасня 2013).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Кірычэнка В. / Кириченко В. Мінск. Гістарычны партрэт горада. 1953—1959 / Минск. Исторический портрет города. 1953—1959. — Минск: Беларусь, 2006. — С. 264—275.
  • Кірычэнка В. / Кириченко В. Мінск. Дзесяцігадовы шлях сталіцы. 1960—1969 / Минск. Десятилетний путь столицы. 1960—1969. — Минск: Беларусь, 2007. — С. 294—295.