Перайсці да зместу

Трамлен

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трамлен
фр. Tromelin
Метэаралагічная станцыя
Метэаралагічная станцыя
Характарыстыкі
Плошча0,8 км²
Насельніцтва
  • 3 чал.
Размяшчэнне
15°53′31″ пд. ш. 54°31′23″ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
РэгіёнФранцузскія Паўднёвыя і Антарктычныя тэрыторыі
Трамлен (Індыйскі акіян)
Трамлен
Трамлен
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Трамле́н (фр.: Tromelin) — востраў у Індыйскім акіяне, частка Маскарэнскага архіпелага. Адначасова ўваходзіць у склад Французскіх Паўднёвых і Антарктычных тэрыторый і дзяржавы Маўрыкій, але фактычна кантралюецца Францыяй. На Трамлен прад'яўляюць правы Сейшэльскія Астравы.

Плошча - 0,8 км². На востраве працуе французская метэаралагічная станцыя.

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Трамлен знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Індыйскага акіяна ў 564 км на паўночны захад ад Рэюньёна, у 8851 км ад Парыжа, сталіцы Францыі. Даўжыня - 1,66 км. Найбольшая шырыня - 705 м. Мае каралавае паходжанне. Паверхня нізкая. Найвышэйшы пункт дасягае 7 м над узроўнем акіяна. Бераг пясчаны, у атачэнні кола каралавага рыфа. На востраве няма гаваняў, прыдатных для вялікіх суднаў, таму падыход з мора абмежаваны.

Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература на працягу года трымаецца каля 25°C — 30°C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 558,8 мм.

Большая частка сушы пакрыта хмызнякамі, сярод якіх дамінуе вечназялёная кветкавая расліна Heliotropium foertherianum. Трамлен прызнаны тэрыторыяй, важнай для рэдкіх марскіх птушак, якія спыняюцца на яго берагах. Дзякуючы ізаляванасці і мінімальнаму ўплыву чалавека востраў з'яўляецца натуральным біялагічным заказнікам.

Французскія мараплаўцы адкрылі Трамлен у 1722 г. Першапачаткова ён зваўся Іль-дэ-Сабль. У 1761 г. каля яго берагоў пацярпеў крушэнне карабель "Утыль", які перавозіў рабоў з Мадагаскара на Маўрыкій. Каманда здолела выратавацца і вярнулася на самаробным грабным судне на Мадагаскар. Аднак на востраве засталіся 60 рабоў. Яны лічыліся загінулымі, паколькі не мелі сродкаў для выжывання. У 1776 г. французскі капітан Б. Трамлен, ад імя якога паходзіць сучасная назва вострава, на ваенным караблі "Дафін" здолеў з вялікімі цяжкасцям падысці блізка да рыфа і высадзіцца на бераг. На востраве яго каманда сустрэла 7 жанчын і маленькае немаўля — рэшткі тых рабоў, хто застаўся ў жывых. Яны былі эвакуяваны на Маўрыкій.

У XIX ст. востраў Трамлен быў фармальна далучаны да каланіяльных валоданняў Францыі і Вялікабрытаніі. У 1954 г. Вялікабрытанія дала дазвол французскаму ўраду на адкрыццё метэаралагічнай станцыі. У 1955 г. Францыя ўключыла востраў у склад Паўднёвых і Антарктычных тэрыторый. У 1959 г. урад Маўрыкія абвясціў, што лічыць Трамлен часткай сваіх валоданняў. Пасля набыцця незалежнасці Маўрыкія ў 1968 г. Трамлен фактычна ператварыўся ў спрэчную тэрыторыю. У 1976 г. правы на востраў таксама прад'явілі Сейшэльскія Астравы. У 2010 г. французскі і маўрыкійскі ўрады дасягнулі пагаднення аб сумесным кіраванні.