Перайсці да зместу

Трапасфера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
ДжамалунгмаТрапасфераСтратасфераМетэазондМетэорыМезасфераЛінія КарманаПалярнае ззяннеТэрмасфераЭкзасфера
Будова атмасферы

Трапасфе́ра[1][2] (стар.-грэч.: τρόπος — «паварот», «змена» і σφαῖρα — «шар») — ніжні, найбольш вывучаны слой атмасферы.

У гэтым слоі тэмпература з вышынёй памяншаецца, а вертыкальны градыент тэмпературы ў сярэднім складае 0,6 °C на 100 м змянення вышыні. Гэта тлумачыцца тым, што трапасфера атрымлівае цяпло ад зямной паверхні шляхам турбулентнага цеплаабмену, інтэнсіўнасць якога з падняццем уверх паступова змяншаецца. Магутнасць трапасферы змяняецца і залежыць ад шыраты, пары году і цэнтрабежнай сілы вярчэння Зямлі. У тропіках гэты слой мае магутнасць 15 — 17 км, ва ўмераных шыротах 10—12 км, над палюсамі — 8—9 км.

У трапасферы сярэднегадавая тэмпература ў экватарыяльных шыротах змяншаецца з вышынёй ад +26 °C каля зямной паверхні да −80 °C на верхняй мяжы; ва ўмераных шыротах — ад +3 °C да −54…-58 °C; над Паўночным полюсам — ад −23 °C да −60 °C зімою і да −48 °C летам.

У трапасферы сканцэнтравана больш 80 % усёй масы атмасфернага паветра, моцна развітыя турбулентнасць і канвекцыя, сканцэнтравана пераважная частка вадзянога пара, узнікаюць аблокі, фармуюцца атмасферныя франты, развіваюцца цыклоны і антыцыклоны, а таксама іншыя працэсы, якія вызначаюць надвор’е і клімат.

Верхні слой трапасферы, у якім зніжэнне тэмпературы з вышынёй спыняецца, называюць трапапаўзай. Наступны, размешчаны вышэй трапасферы, слой атмасферы называецца стратасфера.

Па ступені ўздзеяння зямной паверхні на атмасферу ў яе межах вылучаюць прыземны слой, памежны слой (слой трэння) і свабодную атмасферу. Да памежнага адносяць ніжні слой трапасферы, прылеглы да зямной паверхні, уласцівасці якога вызначаюцца тэрмічным і дынамічным уздзеяннем падсцілаючай паверхні. Магутнасць памежнага слою трэння складае 1—1,5 км і залежыць ад шурпатасці падсцілаючай паверхні і інтэнсіўнасці турбулентнага перамешвання. Унутры памежнага слоя вылучаюць прыземны слой атмасферы, які характарызуецца стракатасцю мікракліматычных умоў, што адлюстроўваюць ландшафтную разнастайнасць тэрыторыі.

Вышэй 1—1,5 км знаходзіцца свабодная атмасфера. З-за малых вертыкальных градыентаў хуткасці ветру трэнне Зямлі ў свабоднай атмасферы амаль не сказваецца.

  • Трапасфе́ра // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 515. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Трапасфе́ра // Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. М. Курловіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 285—286. — 333 с. — (Энцыкл. б-чка школьніка). — 14 000 экз. — ISBN 5-85700-085-8.
  • Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.
  • Климатология и метеорология : учебное пособие по курсу «Науки о Земле» для студентов, обучающихся по специальности 28020265 «Инженерная защита окружающей среды» / сост. В. А. Михеев. — Ульяновск: УлГТУ, 2009. — 114 с. — 100 экз. — ISBN 978-5-9795-0533-6. (руск.)
  • Сидоров В. В. Метеорология и климатология : учебное пособие / В. В. Сидоров. — Екатеринбург: ГОУ ВПО УГТУ-УПИ, 2006. — 146 с. — 100 экз. — ISBN 5-321-00894-9. (руск.)
  • Тропосфе́ра / Хромов С. П. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 247. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)