Троіцкі манастыр базыльянак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Троіцкі манастыр базылянак)
Манастыр
Троіцкі манастыр базылянак
53°54′28″ пн. ш. 27°33′28″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Ордэнская прыналежнасць Ордэн базыльянак
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар Ф. Крамер
Заснавальнік Марына Вяжэвіч
Дата заснавання 1630
Будаўніцтва 17991800 гады
Дата скасавання 1835
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000010шыфр 712Г000010
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Троіцкі манастыр базыльянак — колішні манастыр у Мінску, размешчаны на Старатраецкай плошчы па адрасе вуліца Максіма Багдановіча, 2. Помнік архітэктуры класіцызму. Існаваў у XVIII — пачатку XIX стст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рысунак 1800 г.

Заснаваны ў 1630 годзе Марынай Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вуліца Максіма Багдановіча) пры драўлянай царкве, якая вядомая з XV ст.. Мураваны манастырскі будынак узведзены ў 1799—1800 гадах (архітэктар Фёдар Крамер). Пасля пажару 1809 года манастырскі будынак адноўлены (архітэктар Міхаіл Чахоўскі), з усходу да яго прыбудавана галерэя.

Дакладная дата закрыцця базыльянскага манастыра на Траецкай гары не вядома, але, відаць, гэта адбылося ў 1835 годзе. Вядома, што манашкі былі пераселены ў Мядзел. Вопіс манастырскіх будынкаў праведзены 15 мая 1835 года, паводле высачайшага распараджэння манастыр з пляцам перададзены Прыказу грамадскай апекі. Пасля неабходных рамонтных работ (архітэктар Казімір Хршчановіч), 22 чэрвеня 1835 года ў мураваным двухпавярховым былым манастырскім корпусе размясцілі гарадскую бальніцу на 40 ложкаў[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак у 1900 г.

Першапачаткова манастырскі корпус, узведзены ў 1799—1800 годзе архітэктарам Фёдарам Крамерам, уяўляў сабой двухпавярховы, П-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам будынак. Сіметрычны галоўны фасад быў падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны трыма рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Памяшканні перакрытыя крыжовымі, калідоры — цыліндрычнымі скляпеннямі. Інтэр’еры на першым паверсе ўсходняга крыла былі ўпрыгожаныя насценнай размалёўкай, некаторыя з фрэсак часткова захаваліся пад слоем пазнейшага пабелу[2]. На поўнач ад манастыра знаходзілася брама-званіца.

Пасля пажару 1809 г. манастырскі будынак быў адноўлены (арх. М. Чахоўскі), з усходу да яго прыбудаваная галерэя.

Паводле плана, складзенага ў 1814 г., планавалася пабудаваць новую мураваную царкву, якая б злучалася з манастырскім корпусам галерэяй. З усходняга боку манастырскі корпус галерэяй злучаўся са службовым мураваным будынкам. Амаль перпендыкулярна да існуючага манастырскага корпуса праектавалася пабудаваць яшчэ адзін мураваны корпус. Тэрыторыя манастыра па праекце была абнесена драўлянай агароджай. Уздоўж агароджы па былой вул. Аляксандраўскай (сучасная вул. М. Багдановіча) і вул. Паліцэйскай (сучасная вул. Я. Купалы) размяшчаліся гаспадарчыя драўляныя будынкі. З боку р. Свіслач знаходзіўся агарод. Аднак цалкам гэты праект не быў рэалізаваны[1].

Зноскі

  1. а б Славутасьці Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 20 верасьня 2015. Праверана 20 верасня 2015.
  2. Троицкое предместье. myminsk.com. Архівавана з першакрыніцы 20 верасьня 2015. Праверана 20 верасня 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]