Перайсці да зместу

Трыванне дзеяслова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трыва́нне дзеясло́ва — лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння[1].

У беларускай мове

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай і іншых славянскіх мовах вылучаюць два віды трывання дзеяслова[1]:

  • незакончанае, якое выражае працягласць, паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу (жыву, жыў, буду жыць),
  • закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння, адзін з момантаў яго працякання (пражыў, пражыву).

Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары (вучыць — вывучыць, жаць — зжаць). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі[1]:

  • перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання),
  • імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання).

Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак (вячэраць — павячэраць) і суфіксаў (натхніць — натхняць), чаргавання гукаў у словах (збіраць — сабраць), змены месца націску (накіда́ць — накі́даць), суплетывізму асноў (гаварыць — сказаць). Большасць дзеясловаў беларускай мовы парныя паводле трывання (рабіць — зрабіць, спазняцца — спазніцца)[1].

Ёсць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага (залежаць, паважаць) або закончанага (абнародаваць, схамянуцца). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некаторых дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага трывання супадае ў адной форме (атакаваць, сігналізаваць). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі[1].

З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова[1].

  1. а б в г д е Трыванне дзеяслова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 544. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).