Трэцяя Пунічная вайна
Трэцяя Пунічная вайна | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Пунічныя войны | |||
| |||
Дата | 149 — 146 гг. да н.э. | ||
Месца | Карфаген (цяпер Туніс) | ||
Вынік | перамога Рыма, разбурэнне Карфагена | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Трэцяя Пунічная вайна (149 — 146 гг. да н.э.) — апошняя з Пунічных войнаў.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]За мінулы з Другой пунічнай вайны час сілы Рыма істотна ўзраслі. У войнах былі пераможаны Македонія, Селеўкідская імперыя, пастаўлены ў залежнасць Егіпет. Аднак Карфаген, які хоць і страціў былую магутнасць і амаль не меў ваенных сіл, выклікаў хваляванне сваім хуткім аднаўленнем. Гэты па-ранейшаму буйны гандлёвы цэнтр ствараў істотную канкурэнцыю рымскаму гандлю. Рымляне імкнуліся саслабіць яго, паводле мірнага дагавора ўсе свае спрэчкі карфагеняне не маглі вырашаць ваенным шляхам, а павінны былі падаваць на суд сената. Саюзнік Рыма — нумідыйскі цар Масініса, скарыстаўшыся гэтай сітуацыяй, рабаваў і захопліваў пунійскія тэрыторыі, і рымляне не перашкаджалі яму ў гэтым.
У працы камісій, якія расследавалі гэтыя канфлікты, браў удзел Марк Порцый Катон Старэйшы. Удзельнік вайны з Ганібалам, ён з вялікай асцярогай глядзеў на зноў накопленыя багацці Карфагена. І, вярнуўшыся ў Рым, стаў найактыўным прыхільнікам поўнага знішчэння спрадвечнага ворага. Вядомы яго выраз «Карфаген павінен быць разбураны», якім ён звычайна завяршаў свае прамовы ў сенаце. Інтарэсы Рыма патрабавалі таго ж і сенат падтрымаў гэту ідэю. Знайсці нагоду было не цяжка — сваімі нападамі Масініса вывеў карфагенян з сябе і яны аказалі яму ўзброены адпор.
Ход вайны
[правіць | правіць зыходнік]Рымляне неадкладна падрыхтаваліся да вайны. Пуны спрабавалі прадухіліць яе, яны пакаралі смерцю глаў антырымскай партыі і накіравалі ў Рым пасольства. Але рымская армія ўжо адплыла ў Афрыку. Перш за ўсё консул Луцый Марцый Цэнзарын запатрабаваў выдаць усё ўзбраенне, 300 найбольш знатных грамадзян у якасці закладнікаў і выпусціць усіх палонных. Пасля выканання гэтых патрабаванняў консул абвясціў галоўную ўмову — горад Карфаген павінен быць знішчаны, а новае паселішча заснавана за 10 міль ад мора.
У Карфагене гэта патрабаванне сустрэлі абсалютна непрымірыма — грамадзяне разадралі веснікаў і былі поўныя рашучасці памерці, але не прымаць гэтай жудаснай умовы. З мэтай выйграць час у рымлян была выпрашана месячная адтэрміноўка, і консул лёгка пагадзіўся на яе — ён лічыў, што з выдачай узбраення Карфаген безабаронны.
З захаваннем поўнай сакрэтнасці карфагеняне пачалі падрыхтоўку да абароны. Карфаген быў цудоўнай крэпасцю, за месяц грамадзяне давялі яго абараназдольнасць да максімальна магчымага ўзроўню і калі рымская армія паказалася пад сценамі горада, консулы са здзіўленнем убачылі перад сабой гатовага да бою ворага. Штурм быў адбіты з вялікімі стратамі для рымлян, атрады пунійскай арміі, якія пакінулі горад, трывожылі рымлян сваімі набегамі. Нарэшце, Масініса быў зусім незадаволены жаданнем рымлян абгрунтавацца ў Афрыцы і не аказаў ім ніякай падтрымкі. Беспаспяховая аблога доўжылася 2 гады, калі правадырства над рымлянамі атрымаў Сцыпіён Эміліян. Ён правёў рэарганізацыю арміі і перайшоў да актыўных дзеянняў. Неўзабаве карфагеняне страцілі вонкавую сцяну, а гавань горада была закрыта плацінай. Але пунійцы пракапалі канал і іх судны нечакана выйшлі ў мора. Сцыпіён здолеў перакрыць яго і акружыў Карфаген знешняй сцяной.
Увесну 146 года да н.э. рымляне штурмам уварваліся ў горад, але яшчэ 6 дзён ішла бязлітасная бітва. Пасля падзення горада 55 000 яго жыхароў былі звернутыя ў рабства. Камандуючы абаронай — Гасдрубал і ўсе тыя, хто не мог разлічваць на жыццё ўмацаваліся ў адным з храмаў, рымляне вырашылі вымарыць іх голадам. Даведзеныя да крайнасці, абложаныя падпалілі храм, каб не гінуць ад рук ворага. Толькі Гасдрубал выбег з храма і вымаліў сабе літасць, яго жонка кінула ў агонь дзяцей і сама кінулася ў полымя.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]Трыумфаванне ў Рыме было бязмежным. Сенат пастанавіў знішчыць горад. Карфаген быў ізноў падпалены і гарэў яшчэ 17 дзён. Па яго тэрыторыі была праведзена разора плугам, плошча навекі праклятая, зямля пасыпана соллю ў знак таго, што тут ніхто ніколі не павінен сяліцца.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Каринский Д. Д.,. Пунические войны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Шифман И. И., «Карфаген». — СПб.: Издательство Санкт-Петербургского университета. 2006. isbn 5-288-03714-0. с. 478—505.