Тубуаі
Тубуаі (Tupai) | |
![]() | |
Дзяўчына тубуаі, 1885 г.
| |
Агульная колькасць | 12 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | тубуаі |
Рэлігія | політэізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | таіцяне, паўмоту, маары астравоў Кука |
Тубуа́і (саманазва Tupai) — карэннае палінезійскае насельніцтва астравоў Тубуаі ў Французскай Палінезіі. Жывуць таксама на Таіці. Агульная колькасць — 12 000 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна археалагічным даследаванням, астравы Тубуаі пачалі засяляцца каля VI ст. н. э. Аднак ёсць меркаванні, што гэта адбылося яшчэ раней — у першыя стагоддзі нашай эры. Продкі тубуаі адыгралі значную ролю ў каланізацыі астравоў усёй Усходняй Палінезіі. Магчыма, адсюль адбылося засялення знакамітага вострава Рапануі. Рапа-Іці, найбольш усходні з астравоў Тубуаі, быў заселены пазней. Яго жыхары развіваліся ізалявана і склалі этнічную групу, самастойную ад астатніх тубуаі.
З XVIII ст. тубуаі кантактавалі з еўрапейцамі. Мараплаўцы сведчылі, што ўсе астравы былі густа населены. У 1789 г. паўстанцы з карабля «Баўнці» захапілі востраў Тубуаі, але з-за супраціўлення астравіцян былі вымушаны пакінуць яго. У канцы XVIII — XIX стст. з-за распаўсюджання прывезеных еўрапейцамі эпідэмічных захворванняў колькасць жыхароў астравоў Тубуаі скарацілася амаль у 10 разоў. Дзякуючы дзейнасці французскіх місіянераў сярод выжылых распаўсюдзілася хрысціянства. У канцы XIX ст. астравы Тубуаі былі далучаны да французскіх уладанняў у Палінезіі.
Да XX ст. назва тубуаі выкарыстоўвалася ў дачыненні толькі тубыльцаў вострава Тубуаі. Жыхары іншых астравоў карысталіся асабістымі саманазвамі (руруту, раіваваэ, рыматара і інш.). Першапачаткова яны былі аб’яднаныя ў адзіную групу мовазнаўцамі, якія вызначылі, што астравіцяне Тубуаі размаўляюць на розных гаворках адной мовы. Прыняцце хрысціянства, страта многіх асаблівых культурных каштоўнасцяў у выніку скарачэння насельніцтва, працэс перасялення з вострава на востраў прывялі да далейшага аб’яднання астравіцян у адзіную моўна-культурную групу, якая адрознівалася ад іншых этнічных груп Французскай Палінезіі.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўнымі заняткамі тубуаі здаўна былі земляробства, рыбалоўства і менавы гандаль з іншымі астравамі Усходняй Палінезіі. Апрацоўвалі камень, ракавіны, выраблялі тапу. Археолагамі знойдзены каменныя статуі, якія ў мініяцюры нагадваюць мааі вострава Рапануі і цікі Маркізскіх астравоў. Клімат астравоў Тубуаі значна больш прыдатны для росту дрэваў, чым на суседніх астравах Таварыства, таму вываз драўніны для будаўніцтва лодак меў вельмі важнае значэнне.
У XIX ст. многія рысы традыцыйнай культуры былі страчаны. Аднак захавалася знакамітае спеўнае і танцавальнае мастацтва.