Туле (культура)
Туле Жалезны век | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Арктыка | |||
Лакалізацыя | Аляска, Канада, Грэнландыя | |||
Датаванне | канец 1 тысячагоддзя да н.э. — другая палова 2 тысячагоддзя да н.э. | |||
Носьбіты | інуіты | |||
Тып гаспадаркі | паляванне, рыбалоўства | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Культура Туле (англ.: Thule culture, дацк.: Thule-kulturen, фр.: culture de Thulé) — археалагічная культура канца 1 тысячагоддзя — другой паловы 2 тысячагоддзя н. э. у арктычных раёнах Паўночнай Амерыкі. Атаясняецца з продкамі эскімосаў-інуітаў.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]У навуковы зварот паняцце культура Туле ўвайшло дзякуючы экспедыцыі 1923—1924 гг. дацкага палярнага даследчыка Кнуда Расмусена. Назва паходзіць ад наймення эскімоскага паселішча на паўночным захадзе Грэнландыі.
Распаўсюджанне
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічная культура Туле сфарміравалася да VIII — IX стст. н. э. на тэрыторыі сучаснай Аляскі на ўсход ад заліва Амундсена на аснове адгалінаванняў старажытнай берынгаморскай культуры. Каля 1000 г. н. э. яе прадстаўнікі рушылі на ўсход і паўночны ўсход. Менавіта гэтым часам прадстаўлена найстаражытнейшая стаянка культуры Туле на востраве Банкс у Канадзе. На працягу наступных двух стагоддзяў стаянкі Туле з’явіліся на ўсіх буйных астравах Арктычнага архіпелага. Каля 1200 г. прадстаўнікі Туле мігрыравалі з вострава Элсмір на поўнач Грэнландыі.
Большасць дадзеных тэрыторый была занята палеаэскімосамі — носьбітамі археалагічных культур Дорсет і Індэпэндэнс II. Палеагенетыкі сцвярджаюць, што наступ прадстаўнікоў Туле не быў звязаны з асіміляцыяй папярэдняга карэннага насельніцтва. У легендах саміх інуітаў апавядаецца пра барацьбу іх продкаў з тубыльцамі. У выніку культура Дорсет у Грэнландыі знікла да 1450 г. У XIV ст. пісьмова зафіксаваны сутычкі людзей Туле з нарманскімі каланістамі паўднёвай Грэнландыі. Перасяленне прадстаўнікоў Туле на Лабрадор і канчатковае вынішчэнне імі тутэйшых носьбітаў Дорсет таксама адбылося не раней за XV ст.
Перасяленні ў значнай ступені былі выкліканы кліматычнымі зменамі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што міграцыі не мелі выгляд адной хвалі, назіраліся перыяды наступлення і адступлення перасяленцаў з пэўных тэрыторый. Напрыклад, у Грэнландыі налічваюць 2 буйныя хвалі міграцый з тэрыторыі Арктычнага архіпелага. Самыя апошнія перасяленцы-інуіты прыбылі на гэты востраў у XIX ст.
XII — XV стст. лічацца росквітам класічнай культуры Туле. З XVI ст. назіраецца еўрапейскі ўплыў і падзел на некалькі рэгіянальных культур інуітаў.
Характэрныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Носьбіты археалагічнай культуры Туле выкарыстоўвалі матэрыялы, даступныя ва ўмовах Арктыкі, — скуру і косткі кітоў і ластаногіх, некаторых наземных звяроў. Ім былі вядомы выраб керамікі і апрацоўка метэарытнага жалеза. Галоўны занятак — паляванне з дапамогай гарпуноў з рухомым навершам. Вырабляліся вялікія гарпуны для палявання на кітоў, да якіх чапляліся паплавы з цюленяй скуры. Узімку палявалі пераважна на нерпу. Шырока карысталіся непрамакальнай скураной вопраткай. Носьбіты Туле былі выдатнымі разьбярамі.
Распаўсюджаны зімовыя хаціны зямлянкавага тыпу, якія складаліся з каменнай платформы, драўлянага або касцянога каркаса, абкладзенага дзёрнам. Многія стаянкі налічвалі 10 — 15 хацін. У якасці агменю выкарыстоўваўся кітовы пузыр, напоўнены жывёльным жырам. Увесну ў зямлянках збіралася вада, таму іх пакідалі і жылі ў скураных намётах. Падчас зімовага палявання будавалі часовыя снежныя іглу.
Адна з прычын паспяховага распаўсюджвання культуры Туле — развіццё транспартных сродкаў. Продкі інуітаў трымалі сабак, якіх запрагалі ў лёгкія нарты. На моры карысталіся скуранымі каркаснымі лодкамі-каякамі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- The Thule Архівавана 21 чэрвеня 2016.
- Inuit Culture Архівавана 16 ліпеня 2016.
- AN ARCHAEOLOGICAL VIEW OF THE THULE / INUIT OCCUPATION OF LABRADOR
- HISTORY OF THE THULE MIGRATION
- Contemporaneity of Dorset and Thule Cultures in the North American Arctic: New Radiocarbon Dates from Victoria Island, Nunavut Архівавана 29 мая 2014.
- The Genetic Prehistory of the New World Arctic
- CULTURE MIGRATIONS AND CONTACTS IN THE BERING SEA REGION