Туркі (Бабруйскі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Туркі
Belarus-Babruysk District-Turki-Cemetery and Chapel-1.jpg
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Аўтамабільны код
6
Туркі на карце Беларусі ±
Туркі (Бабруйскі раён) (Беларусь)
Туркі (Бабруйскі раён)
Туркі (Бабруйскі раён) (Магілёўская вобласць)
Туркі (Бабруйскі раён)

Туркі́[1] (трансліт.: Turki, руск.: Турки) — вёска ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Варатынскага сельсавета.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Вёска знаходзіцца за 30 км на паўднёвы ўсход ад Бабруйска, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Цялуша на лініі Бабруйск-Жлобін, пры аўтамабільнай дарозе М-5 Мінск-Гомель. На захад ад вёскі працякае рака Ала (левы прыток Бярэзіны, басейн Дняпра).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1838 год — 170 жыхароў мужчынскага полу
  • 1857 год — 318 жыхароў
  • 1885 год — 526 жыхароў
  • 1987 год — 598 жыхароў
  • 1907 год — 679 жыхароў
  • 1917 год — 761 жыхар
  • 1926 год — 807 жыхароў
  • 1959 год — 612 жыхароў
  • 1979 год — 510 жыхароў
  • 1986 год — 397 жыхароў
  • 1997 год — 404 жыхары
  • 2007 год — 360 жыхароў
  • 2014 год — 311 жыхароў

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядома з Попісу войска ВКЛ у 1567 годзе. У 1639 годзе сяло Туркі, шляхецкая ўласнасць пана Скарыны, у складзе Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай. У XVIII — 1-й палове XIX ст. у сяле існавала ўніяцкая царква. У 1790 годзе ў складзе маёнтка пана Булгака. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі. У 1804 годзе Туркі ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні, уласнасць памешчыка. У 1804 годзе ўласным коштам паноў Булгакаў пабудавана драўляная Свята-Троіцкая царква. У сярэдзіне XIX ст. да царквы прыпісана 948 чалавек. У ліку мецэнатаў царквы памешчыкі Стэфан і Аляксандр Скарыны. У 1871 годзе адкрыта школа. У 1877 годзе прыём хворых праводзіць фельчар Ясінскі. Дзейнічаюць карчма, крама, хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года ў Турках працуюць 2 ветракі, 2 крамы, лячэбны пакой, заезны двор. Раз на год адбываецца кірмаш. Апроч земляробства і жывёлагадоўлі сяляне займаліся рознымі промысламі: прадзеннем, ткацтвам, зборам ягад, грыбоў, лоўляй рыбы, пляценнем лапцяў, кошыкаў, віццём вяровак, шыццём адзення, вырабам хатняга начыння, простай мэблі.

Побач з сялом месціўся маёнтак, у складзе якога 2 двары, 34 жыхары. У 1898 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы. Падчас грамадзянскай вайны ў Турках дзейнічае валасны рэвкам. У 1922 годзе ў маёнтку створана сельскагаспадарчая арцель «Месяц», да якой адышло 160 гектараў зямлі. У гэтым жа годзе пачала дзейнічаць бальніца.  У студзені 1924 года адкрыта хата-чытальня і створана крэдытнае таварыства. У жніўні 1931 года арганізаваны калгас «Чырвоныя Туркі», працавалі млын, кузня, тарфяная арцель «Агеньчык».  З 20.08.1924 г.  да 16.07.1954 г. цэнтр Туркоўскага сельсавета Бабруйскага 1-га, з 04.08.1927 г. Бабруйскага раёнаў (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 г. у Магілёўскай, з 20.09.1944 г. Бабруйскай, з 08.01.1954 г. Магілёўскай абласцях. У 2-ю сусветную вайну 20 вяскоўцаў загінулі на фронце. У 1986 годзе — цэнтр калгаса «Прагрэс». Працуюць майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, сярэдняя школа, сталовая, клуб-бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленні сувязі і банка, 2 крамы, Дом быту.

Перапіс жыхароў в. Туркі станам на 1790 год[правіць | правіць зыходнік]

  • Іван Рашэтнік, жонка Прося, унукі Цімох, Сяргей, Кузьма, унучка Крысціна
  • Карп Рашэтнік, жонка Агапа, дочкі Адар'я, Куліна
  • Занка Рашэтнік, жонка Матруна
  • Цімох, жонка Хведора, сын Харлан
  • Паўлюк Грышан, дачка Парасся, сыны Дзямід, Пракоп, Грыгор, Патап, Янка
  • Лявон Рыбакоў, жонка Аўдоцця, сын Хведар, дочкі Катаржына, Іова
  • Арцём Гарулёнак
  • Аніська Гарулёнак, жонка Аўдзюха, сын Мікіта, дочкі Адар'я, Хведора, Гарына, Яўхіма
  • Захарыя Рыбачонак, жонка Вася
  • Мікіта Рыбачонак, жонка Зеня, сыны Янка
  • Андрэй, Аляксей і Манута Рыбачонкі
  • Сава Беганёнак, жонка Парасся
  • Кандрат Беганёнак, жонка Малання, сыны Якаў, Янка
  • Зенька Беганёнак, жонка Наталья
  • Мікіта Рашэтнік, жонка Мар'я
  • Міхал Рашэтнік, жонка Наталья, дачка Марцэла
  • Марко Рашэтнік, жонка Палагея
  • Міна Беганёнак, дачка Агапа
  • Тарас Беганёнак, жонка Сцяпаніда, сыны Сцяпан, Грыгор
  • Селевон Беганёнак, жонка Улляна, дачка Палашка, сын Грэгор
  • Пракоп Беганёнак, жонка Таццяна
  • бабыль Сямён, жонка Мар'я
  • Янка Цурман, жонка Аксіння, сыны Ярмола, Савось, Антон

Валасное праўленне[правіць | правіць зыходнік]

У 1861 годзе для сялян, якія вызваліліся ад прыгону, былі створаны органы саслоўнага кіравання па ўзору валаснога кіравання дзяржаўнымі сялянамі. Бабруйскі павет быў падзелены на 22 воласці і 136 сельскіх абшчын. У склад валаснога сходу ўваходзілі сельскія і валасныя службовыя асобы, а таксама так званыя «дзясяцідворнікі» — выбраныя ад кожных дзесяці двароў. Валасны сход выбіраў валаснога старшыню, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (абˈяўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).

Валасное кіраўніцтва засядала ў спецыяльным будынку — валасной управе. Яна адрознівалася ад звычайнай хаты большымі памерамі, шырокім ганкам, высокай страхой, вялікімі вокнамі, мела шырокі двор, на якім стаялі брычкі і павозкі, а ўнутры быў доўгі калідор з пакоямі на два бакі — кабінетамі чыноўнікаў.

Спіс валасных старшынь і пісараў Туркоўскага валаснога праўлення

Год Старшыня Пісар
1885 Кузьма Парахневіч Аляксандр Навіцкі
1896 Максім Худавец Уладзімір Васільеў
1900 Максім Худавец Канстанцін Панцырны
1905 Iлля Аўрамчык Федар Бахановіч
1912 Фядот Шаўчук Сцяпан Гарашчэня
1916 Аляксей Ляпёшкін Iван Сімановіч

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

М. А. Капусціна

У 1871 годзе ў Турках адкрыта земскае аднакласнае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў будынку валаснога ўпраўлення. Пры вучылішчы арганізаваны рамесны клас, у якім дзеці навучаюцца кавальскаму і шавецкаму рамяству, у 1876 годзе ў класе навучаецца 6 хлопчыкаў. У 1886 годзе для вучылішча пабудавана новае памяшканне, настаўнікам працуе Міхаіл Іванавіч Кезевіч. У 1891 годзе 57 вучняў, настаўнік Адам Станіслававіч Супрыновіч. Настаўнікамі працуюць  — у 1900 годзе Iгнат Ягоравіч Міцкевіч і Елізавета Кірылаўна Празднічная, у 1905 годзе Піліп Караткевіч, у 1912 годзе Аляксандр і Ялона Шырокія. Пасля рэвалюцыі 1917 года на базе земскага народнага вучылішча адкрыта працоўная школа 1-й ступені. У 1925 годзе ў школе 118 вучняў, дзейнічаў драматычны гурток. З 1951 па 1977 год у школе працуе Капусціна Марыя Андрэеўна, настаўнікам, намеснікам дырэктара, дырэктарам. У 1967 годзе Капусцінай М. А. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік БССР».

Пісьменнік Алесь Дзятлаў[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 03.06.1936 года ў вёсцы Туркі ў сям'і настаўніка. Жыў у Пятровічах, а з лета 1944 года — на радзіме маці, у Плёсах, дзе бацьку прызначылі дырэктарам мясцовай школы.

У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Працаваў у Глыбоцкай раённай газеце «Сцяг камунізму» (1959—1961), у «Чырвонай змене» (1961—1973).

У 1973—1975 гг. член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975—1980 гг. карэспандэнт рэспубліканскай газеты «Звязда», з 1980 г. рэдактар аддзела навукі часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1979 г.

Друкуецца з 1956 г. У 1970-м годзе было надрукавана апавяданне ў газеце «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў, аповесцей і апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей.

Першае апавяданне надрукаваў у 1970 г. ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Алесь Дзятлаў пра вытокі сваёй творчасці напісаў: «Лічу сваёй малой радзімай, родным кутам Плёсы. Ніколі не парываў сувязі з роднымі мясцінамі. Многія героі маіх твораў, як кажуць, узяты жыўцом з вяскоўцаў-суседзяў. Нагадаю апавяданні „Росы на поплаве“, „Першы снег“, „Арцёмава хата“, „Світанак над возерам“, „Ванечка“, „Князь з Высокай Гары“, „Чужы“, аповесці „Белы месяц сакавік“, „Брод“ і многія іншыя. Незабыўныя школьныя гады, вучоба ў Цялушскай школе далі штуршок для напісання аповесці  „Сляды“. Адзін з яе герояў — Бгатка — „падгледжаны“ ў Плёсах. Другі вясковец, мой родны дзед па маці Якаў Міхайлавіч Сіліч (у творы Жыліч), „дзейнічае“ ў аповесці „Век жыві — век вучыся“ (вядома ж, з аўтарскім домыслам).

У некаторых маіх творах узнаўляюцца падзеі вайны. Штуршком да іх напісання з'явіліся ўражанні маленства ў Пятровічах. Гэта апавяданні „Схватка ў тумане“, „Данос“, „Сустрэча на гравійцы“, аповесць „Час даспелага жыта“, раман „Парог“. У ім, дарэчы, я нават захаваў назву вёскі — Пятровічы, хаця, вядома, ёсць і аўтарскі домысел.

Мая малая радзіма, мой родны кут даў мне столькі як чалавеку, пісьменніку, што нельга выказаць словамі. І я ўдзячны людзям, якія ўсё жыццё са мной, у маіх кнігах».

Творы:

Зборнікі аповесцей і апавяданняў:

«Росы на паплаве» (1974)

«Белы месяц сакавік» (1977)

«Сляды» (1981)

«Начное неба ў ліпені» (1981)

«Вяртанне» (1987)

«У вераснёвы вечар» (1987)

«Парог» (1993)

Ахвяры палітычных рэпрэсій [правіць | правіць зыходнік]

  • Багдановіч Іван Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1905 годзе ў в. Туркі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 04.04.1930, асуджаны 15.04.1930. Рэабілітаваны 05.11.1991 г.
  • Басько Мікалай Піліпавіч, нарадзіўся ў 1901 годзе ў в. Туркі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 28.03.1930, асуджаны 15.04.1930. Рэабілітаваны 05.11.1991 г.
  • Бітус Канстанцін Раманавіч, нарадзіўся ў 1912 годзе ў в. Туркі, рахункавод. Рэпрэсіраваны 02.09.1944, асуджаны 08.02.1945. Рэабілітаваны 18.02.1994 г.
  • Бэчык Фёдар Аляксандравіч, жыў ў в. Туркі. Раскулачаны ў 1930 годзе. Рэабілітаваны 03.05.1993 г.
  • Каранькоў Якаў Піліпавіч, нарадзіўся ў 1892 годзе ў в. Туркі. Раскулачаны ў 1932 годзе. Рэабілітаваны 18.05.1993 г.
  • Корсак Антон Віктаравіч, нарадзіўся ў 1899 годзе ў в. Туркі.  Рэпрэсіраваны ў 1920 годзе. Рэабілітаваны ў 1920 годзе.
  • Санюк Стафан Васілевіч, нарадзіўся ў 1887 годзе ў в. Будча Слуцкага раёна, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 27.12.1932, асуджаны 28.02.1933 на 5 гадоў. Рэабілітаваны 23.11.1989 г.
  • Чаплін Карл Іванавіч, нарадзіўся ў 1888 годзе ў в. Туркі, бухгалтар торфаарцелі. Рэпрэсіраваны 23.07.1938, асуджаны 11.10.1938 на 10 гадоў. Рэабілітаваны 11.09.1958 г.

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Планіровачна ўяўляе сабой прамалінейную вуліцу, трасіраваную мерыдыяльна, перпендыкулярна да аўтамабільнай дарогі. Пераважае драўляная жылая забудова сядзібнага тыпу. Мураваныя будынкі — уздоўж дарогі.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілëўская вобласць. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2008;
  • Памяць. Бабруйскі раён. — Мн.: БелЭн, 1998;
  • Архимандрит Николай. Историко-статистическое описание Минской епархии. — Санкт-Петербург, 1864;
  • Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013.
  • Литовская метрика. Отдел I. Часть 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. - Петроград, 1915.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]