Турэцка-беларускі размоўнік 1836 года
| Турэцка-беларускі размоўнік 1836 года | |
|---|---|
| Türkçe-Belarusça Kilavuz | |
| | |
| Аўтар | Мустафа Шагідзевіч (імаверна) |
| Жанр | Размоўнік, рукапісны слоўнік |
| Мова арыгінала | беларуская (арабскім пісьмом), турэцкая, румынская |
| Выдавецтва | рукапіс |
| Выпуск | 1836 |
| Старонак | 36 старонак тэксту |
Турэцка-беларускі размоўнік 1836 года — унікальны рукапісны помнік лексікаграфіі і практычнай літаратуры беларускіх татар XIX стагоддзя. Уяўляе сабой тэматычны турэцка-беларускі (а ў канцы — румынска-беларускі) слоўнік-размоўнік, напісаны арабскім пісьмом. Захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнага музея Літвы ў Вільні[1].
Гісторыя і паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Сярод вядомых помнікаў пісьменства беларускіх татар, створаных на беларускай мове арабскім алфавітам, размоўнік вылучаецца сваім практычна-дыдактычным прызначэннем. У адрозненне ад шматлікіх кітабаў, тэфсіраў і хамаілаў, якія мелі выключна рэлігійны змест, гэты рукапіс быў створаны для задавальнення штодзённых побытавых і камерцыйных патрэб мусульман, якія часта ездзілі ў Асманскую імперыю[2].
Згадку пра гэты дакумент упершыню падаў Сцяпан Туган-Мірза-Бараноўскі ў сваім апісанні збору рукапісаў у Муфтыяце ў Вільні. Пазней размоўнік быў падрабязна апісаны Антонам Антановічам у яго фундаментальнай манаграфіі[3].
Сёння рукапіс захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літоўскай Рэспублікі пад нумарам 42 (раней ён знаходзіўся ў фондах Караімскага музея ў Вільні, куды паступіў у 1946 годзе). Да перадачы ў музей рукапіс належаў жыхару горада Слонім Мустафе Шагідзевічу. Зыходзячы са зместу і асаблівасцей почырку, даследчыкі мяркуюць, што аўтарам або адным з перапісчыкаў тэксту быў менавіта ён ці іншы прадстаўнік сям'і Шагідзевічаў[1]. Дата стварэння размоўніка — 1836 год — не пазначана ў самім тэксце прамым чынам, а была ўстаноўлена даследчыкамі на падставе лічбаў «18—36», схаваных у структуры паперы[4].
Палеаграфічнае апісанне
[правіць | правіць зыходнік]З пункту гледжання палеаграфіі, рукапіс уяўляе сабой сшытак з 22 аркушаў (44 старонкі) фармату 11,5 х 18 см. Сшытак быў пашыты ўручную ільнянымі ніткамі і не мае пераплёту. Папера пажоўклая, на ёй выяўляецца вадзяны знак у выглядзе герба «Гурко» (Herbarz)[5], а таксама ініцыялы «L.H.» (што можа сведчыць пра папяровую фабрыку)[6].
Тэкст напісаны чорнымі і карычневымі чарніламі, месцамі прачытваецца з цяжкасцю з-за выцвітання. Нумарацыя аркушаў была зроблена пазней простым алоўкам. Аб'ём самога размоўніка складае 36 старонак (старонкі 4а-4б і 21а-22б засталіся пустымі). Тэкст напісаны некалькімі почыркамі. Старонкі 3б, 6б, 12а, 16а, 19а і 20а напісаны рукой трэцяга пісара, якім, верагодна, і быў Мустафа Шагідзевіч. Структура запісаў таксама змяняецца: на пачатковых старонках тэкст ідзе паралельнымі калонкамі (турэцкае слова — беларускі пераклад), а далей турэцкі тэкст ідзе роўным радком, над якім дробна дапісваюцца беларускія адпаведнікі. У некаторых месцах тэкст разбіты на тры калонкі: турэцкае слова, яго вымаўленне арабскімі літарамі і беларускі пераклад[7].
Змест і прыклады лексікі
[правіць | правіць зыходнік]Размоўнік уключае каля 1000 лексічных адзінак і ўяўляе сабой тэматычны слоўнік. Сярод асноўных тэм: гандаль, знаёмствы, прывітанні, рэлігія, чалавек і часткі яго цела (галава, рот, вочы), будаўніцтва, сельскагаспадарчыя працы (араць, касіць). Асобныя блокі прысвечаны найму фурманкі, жывёлам (конь, карова), птушкам (качка, голуб), паляванню, вопратцы (кашуля, гаці), прыродным з'явам (дождж, маланка) і хваробам[8].
Прыклады турэцка-беларускіх фраз са слоўніка:
- sildim — абтар (абціраць)
- makas — ножицев (нажніцы)
- biyük — велики (вялікі)
- küçük — мали (малы)
- su — вода (вада)
- kızlar — дзевчата (дзяўчаты)
- allah selametler — шчаćлива да́рога (шчаслівай дарогі)
- biz moskov tarafundan — мӣ з маскавскайе стара́нӣ (мы з маскоўскага боку)
- ben bunu satarım kim isterse satın alın — йа гето прада́йӯ хто хоче кӯпиц собе (я гэта прадаю, хто хоча — купіце сабе)[9].
Асобную і надзвычай рэдкую каштоўнасць уяўляюць дзве апошнія старонкі рукапісу (20а—20б), дзе змешчаны румынска-беларускі размоўнік. Ён уключае набор самых неабходных транзітных фраз для падарожжа праз тэрыторыі Малдовы і Валахіі[6].
Прыклады румынска-беларускіх фраз:
Моўныя асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская частка тэксту напісана з моцным уплывам паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы (канкрэтна — гродзенска-баранавіцкай групы гаворак), што пацвярджае меркаванне аб стварэнні рукапісу ў Слоніме або яго ваколіцах. Сярод выразных фанетычных асаблівасцей вылучаецца паслядоўнае аканне (напрыклад: балото, блиско, висехло, войско). Таксама назіраецца о-аканне, калі ў ненаціскных складах замест «а» ўжываецца «о» (хмурной, сухой, тойо). Характэрнай рысай з'яўляецца і адсутнасць змякчэння зычных перад гукам «е» (насено, одзено, йедзено). У галіне марфалогіі адзначаецца ўтварэнне 2-й асобы множнага ліку дзеясловаў на «-еце» (не кричеца, идзеце) і паслядоўнае ўжыванне дзеяслова «быць» у форме йест у мінулым часе[11].
Турэцкая частка тэксту мае шэраг фанетычных і лексічных адхіленняў ад літаратурнай турэцкай мовы таго часу. Гэта сведчыць пра тое, што інфармант, які дапамагаў складаць размоўнік, хутчэй за ўсё, паходзіў з балканскіх уладанняў Асманскай імперыі (Балканскі паўвостраў), дзе існавалі свае рэгіянальныя дыялекты, а не з самой Анатоліі. Румынская мова (названая ў размоўніку «малдаўскай») таксама перададзена з фанетычнымі і граматычнымі недакладнасцямі, паказваючы, што для аўтара яна не была роднай або добра знаёмай[12].
Графіка і арфаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Стваральнікі размоўніка выкарыстоўвалі адаптаваны арабскі алфавіт, вядомы як беларуская арабіца, у стылі пісьма насх. Аднак графіка гэтага помніка мае пэўныя адрозненні ад больш ранніх татарскіх рукапісаў. У прыватнасці, для перадачы беларускага гуку «а» вельмі часта выкарыстоўваецца вертыкальная фатха (замест звычайнай гарызантальнай), а для гукаў «і» ды «ы» — вертыкальная кясра пад канцавой літарай. Таксама заўважана амаль поўная адсутнасць спецыфічных літар для мяккіх зычных, якія звычайна сустракаюцца ў кітабах (напрыклад, спецыяльных літар для мяккага «дз» ці «с»). Гук «ц» перадаецца пераважна арабскай літарай сад (ص)[13].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 Размоўнік 1995, с. 3.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 3—4.
- ↑ Антонович 1968, с. 90—91.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 4.
- ↑ Stupnicki 1855, с. 220.
- 1 2 Размоўнік 1995, с. 5.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 5—6.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 4—5.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 13—43.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 45.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 6—7.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 7.
- ↑ Размоўнік 1995, с. 8—9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Stupnicki H. Herbarz polski i imionospis zasłużonych w Polsce ludzi wszystkich stanów i czasów : ułożony porządkiem alfabetycznym na podstawie Herbarza Niesieckiego i kronicznie podanych wiadomości. T. 1 / przez Hipolita Stupnickiego. — Lwów, 1855. — 248 с.
- Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вильнюс: ВГУ, 1968. — 418 с.
- Александровіч-Мішкінене Г., Шупа С. Турэцка-беларускі размоўнік 1836 году з збораў Нацыянальнага музэю Літоўскай Рэспублікі ў Вільні = Turkish-Belarusian phrase-book of 1836 = Türkçe-belarusça kilavuz yil = 1836. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 1995. — 63 с.