Перайсці да зместу

Тускарора

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тускарора
(Tuska:rù:rę)
Агульная колькасць 17420
Рэгіёны пражывання ЗША, Канада
Мова тускарора
Рэлігія анімізм, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чэрокі, ваяндот, мехерын, іншыя іракезы

Тускарора (саманазва: Tuska:rù:rę) — індзейскі народ, жыхары ЗША і Канады. Паходзяць з Паўночнай Караліны. Тускарора — шосты па ліку народ, які далучыўся да канфедэрацыі іракезаў. Агульная колькасць — 17 420 чал.[1]

Продкі тускарора і чэрокі з'явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Караліны ў пачатку 2 тысячагоддзя н. э. Да XVII ст. яны ўяўлялі 3 самастойныя групы, што насялялі ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна:

  • Kǎ'tě’nu'ā'kā' ("людзі хвоі")
  • Akawěñtc'ākā (значэнне спрэчнага паходжання)
  • Skarū'ren, або непасрэдна тускарора ("збіральнікі канопляў")

У пачатку XVIII ст. яны падзяляліся на 2 палітычныя аб'яднанні — паўночнае і паўднёвае.

З 1653 г. на ўзбярэжжы сяліліся еўрапейскія каланісты. Адносіны паміж імі і тускарора доўгі час заставаліся мірнымі. Але 22 верасня 1711 г.[2] паўднёвае аб'яднанне нечакана пачало ваенныя дзеянні супраць брытанскіх перасяленцаў. У 1713 г. яны былі разбіты. Каля 1,5 тысячы тускарора мігрыравалі ў Нью-Ёрк, дзе ў 1722 г.[3] далучыліся да канфедэрацыі іракезаў.

Паўночныя тускарора ў 1718 г. падпісалі мірны дагавор з калоніяй Паўднёвай Караліны. Яны моцна пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў, асабліва жоўтай ліхаманкі, іх тэрыторыі часцяком парушаліся самавольнымі перасяленцамі. Многія паўночныя тускарора мігрыравалі на поўнач услед за паўднёвымі. Пасля 1804 г. у Паўночнай Караліне заставалася толькі некалькі дзесяткаў сем'яў.

Падчас Амерыканскай рэвалюцыі большасць тускарора, што мігрыравалі на поўнач, прынялі бок Вялікабрытаніі. Пасля паражэння частка тускарора разам з лаялістамі пакінула тэрыторыю ЗША і асела ў Антарыа[4]. Астатнія былі вымушаны прыняць нейтралітэт і ў 1803 г. заключылі пагадненне з ЗША, згодна якому атрымалі аўтаномную рэзервацыю ў штаце Нью-Ёрк. У 1813 г. група тускарора на поўначы штата Нью-Ёрк здолела аказаць супраціўленне брытанскай дэсантнай аперацыі, у той час як амерыканскія добраахвотнікі разбегліся. Пазней гэты подзвіг быў ушанаваны манументам[5].

У пачатку XIX ст. урад рэзервацыі абвясціў нацыю тускарора. Ён імкнуўся інтэграваць усіх тускарора ўсходу ЗША. Гэты працэс цягнуўся да 2010 г. Тускарора Канады інтэграваны ў тутэйшае аб'яднанне іракезаў (шасці нацый) і маюць статус першаснай нацыі.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнымі заняткамі тускарора здаўна былі земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Асабліва важнае значэнне мела вырошчванне кукурузы. Пасля з'яўлення англійскіх калоній удзельнічалі ў здабычы і гандлі футрам.

Тускарора Паўночнай Караліны будавалі сталыя паселішчы ўздоўж рэк. Вылучаліся вялікія ўмацаваныя паселішчы teethha, так званыя "гарады", і малыя вёскі. Вёскі звычайна знаходзіліся ў падпарадкаваным стане ў адносінах да "гарадоў"[6]. Паляванне і збіральніцтва вымушала насельніцтва весці сезонныя міграцыі. Пры гэтым яны сяліліся ў крытых карою вігвамах. Тускарора карысталіся прыладамі з медзі, апраналіся ў вопратку са скур дзікіх жывёл, фарбавалі валасы ў чырвоны колер, каб адрознівацца ад іншых плямён[7].

Асновай традыцыйнага грамадства з'яўляюцца роды. Адлік сваяцтва вядзецца па лініі маці. У мінулым мужчыны пасля жаніцьбы пераязджалі ў род жонкі. У кожным родзе існуе пасада родавай маці — жанчыны, якая зацвярджае правадыроў і мае права суда. Аднак у астатнім кіраўніцтва залежыць ад мужчын. Правадыры абіраюцца мужчынскай радай. Рада вырашае найбольш важныя пытанні[8].

Фальклор тускарора блізкі да іншых іракезаў, асабліва анандага. Вылучаюцца цыклы міфаў пра стварэнне свету, прыгоды казачных істот. Звычайна кожны міф утрымоўвае пэўную практычную выснову[9]. Традыцыйная музыка амаль не захавалася. У другой палове XX ст. узнікла чарага прафесійных спевакоў, якія працуюць у такіх напрамках, як блюз, кантры, інды-поп.

Зноскі