Тутэйшая Шляхта
Тутэйшая Шляхта | |
---|---|
![]() | |
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | фолк, рок, сімфа, а капэла |
Гады | з 1992 па 2024 |
Краіна |
![]() |
Горад | Мінск |
Мовы песень | беларуская |
tutszlachta.ucoz.com |
«Тутэйшая Шляхта» — народны фальклорны ансамбль, створаны ў 1992 пры Беларускім Дзяржаўным Універсітэце. У розныя перыяды дзейнасці выконваў народныя і аўтарскія песні на словы беларускіх класікаў у жанрах фолк, рок, сімфа і а капэла. Ансамбль вылучаўся багатым вакальна-інструментальным складнікам, яркімі канцэртнымі строямі і арыгінальным гучаннем пад фірмовай назвай «сармацкі рок». З 2014 паралельна з ансамблем існаваў аднайменны студыйны фолк-рок праект. У 2024 Тутэйшая Шляхта прыпыніла дзейнасць.
Народны ансамбль (1992—2024)
[правіць | правіць зыходнік]
За час свайго існавання калектыў прымаў удзел у шматлікіх канцэртах, гастраляваў у Польшчы, Германіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Расіі. У 2000 годзе ансамблю Тутэйшая Шляхта прысвоена ганаровае званне «Народны», а ў 2013 і 2021 гадах ансамбль станавіўся Лаўрэатам фестывалю народнай творчасці «Сузор’е», тым самым атрымліваў званне лепшага народнага ансамбля Мінска.
Ансамбль пад кіраўніцтвам Лявона Махнача выдаў два музычныя зборнікі ў традыцыйнай фальклорнай стылістыцы ў 2001 і 2011 гадах. У сярэдзіне 2000-х дачка заснавальніка ансамбля цымбалістка і кампазітар Тутэйшай Шляхты Вольга Махнач, якая захаплялася рок музыкай, пачала ўносіць у творы ансамбля ноткі фолк-року. Першым эксперыментальным творам у фолк-рок стылістыцы стала песня «Ах, вы, столікі мае», запісаная ў 2006 годзе. Гэты і некалькі іншых фолк-рок запісаў трапілі ў другі зборнік і сталі прадвеснікамі новага фолк-рокавага гучання Тутэйшай Шляхты.
Шлях да фолк-року (2012—2014)
[правіць | правіць зыходнік]У 2011 годзе ў ансамбль у якасці адміністратара і вакаліста прыйшоў Дзяніс Сцяпура, якому выпадкова дала паслухаць запіс «Ах, вы, столікі мае» яго жонка, салістка Тутэйшай Шляхты Марыя Копцель-Сцяпура. Дзяніс, аматар цяжкой рок-музыкі, быў уражаны цікавым спалучэннем року з народным фальклорам і вырашыў стаць удзельнікам Тутэйшай Шляхты, каб разам з Вольгай Махнач развіваць фолк-рок кірунак і папулярызаваць яго ў шырокіх масах. З 2012 году ў рэпертуары ансамбля пачало з’яўляцца ўсё больш твораў, прыпраўленых цяжкімі гітарнымі рыфамі. У 2013 годзе пачуўшы новы фолк-рок рэпертуар Тутэйшай Шляхты ў ансамбль вярнуўся гітарыст Сяргей Маісейчык, які прымаў удзел у запісы песні «Ах, вы, столікі мае» ў якасці бас-гітарыста.
У выніку ўтварылася фолк-рок троіца — Вольга Махнач, Дзяніс Сцяпура, Сяргей Маісейчык — якая распачала падрыхтоўку да запісу дэбютнага фолк-рок альбому Тутэйшай Шляхты пад назвай «Сармацкі рок». Студыйны запіс стартаваў у 2014 годзе, першыя 2 творы былі прэзентаваныя ў канцы года і былі вельмі цёпла ўспрынятыя публікай, песня «Каляда-Калядзіца» трапіла ў рэпертуар беларускамоўнага «Радыё Сталіца». Да сярэдзіны 2015 года была падрыхтаваная дэма-версія альбому з 6-ці твораў, песня «Сэрца ў роспачы ня плача» стала лепшай песняй жніўня на «Радыё Сталіца», ансамбль выйшаў з ценю беларускай музычнай сцэны і займеў шмат новых прыхільнікаў. Фолк-рок кірунку стала цесна ў межах народнага ансамбля і ў канцы 2015 году паўстала пытанне пра стварэнне асобнага гурта, які б выконваў фолк-рок рэпертуар. Але з прычыны арганізацыйных, тэхнічных і фінансавых цяжкасцяў асобны фолк-рок гурт так і не быў створаны.
Студыйны фолк-рок праект (2014—2023)
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 2016 года Сяргей Маісейчык пакінуў ансамбль, а Дзяніс Сцяпура і Вольга Махнач сталі развіваць фолк-рок кірунак Тутэйшай Шляхты як асобны студыйны праект. На канцэртах ансамбль выконваў рэпертуар фолк-рок праекта акустычна ці пад рок-фанаграму, зрэдку музыкі давалі паўнавартасныя электрычныя канцэрты. Запіс альбома «Сармацкі рок» аднавіўся, але ішоў марудна. Цягам 2016—2017 гадоў было дазапісана некалькі песень у дэбютны альбом, і запісаныя некалькі сінглаў. Песня «Імжа» стала яшчэ адным хітом Тутэйшай Шляхты. У канцы 2017 года адбыўся рэліз адгалінавання будучага поўнафарматнага альбому — міні-альбома «Зорка Крэва». У 2018 годзе запіс альбома «Сармацкі рок» быў скончаны, у 2019 годзе адбыўся яго рэліз.
У пачатку 2020 года адміністратар Тутэйшай Шляхты Дзяніс Сцяпура пераклаў на беларускую мову вірусную песню з серыяла Netflix «The Witcher». На гэтую песню ансамбль зняў музычны дэма-ролік, які атрымаў шырокі розгалас у байнэце, нягледзячы на невысокую якасць карцінкі і гука. У беларускім варыянце песня атрымала назву «Ведзьмару дайце талер». Гурт пайшоў далей і ў сціслы тэрмін за два тыдні запісаў студыйную версію кавера і зняў прафесійны live-кліп, які быў прэзентаваны беларусам да Дня роднай мовы і аказаў значны ўплыў на рост папулярнасці праекта. У канцы 2020 года быў выдадзены максі-сінгл «Ведзьмару дайце талер».
У 2021—2022 гадах праект працягнуў студыйную працу. У гэты перыяд было знята і апублікавана некалькі музычных кліпаў. Восенню 2022 адбыўся рэліз альбома-зборніка «Літвінскія балады», які ўвабраў у сябе вынік студыйнай працы за апошнія тры гады.
Пачынаючы з 2017 праект вёў працу над запісам асобнага сімфа-рок альбома AnnaMaria, у канцы 2023 альбом быў выдадзены. Станам на 2024 год гэты альбом ёсць фінальнай кружэлкай праекта.
Тутэйшая Шляхта сёння
[правіць | правіць зыходнік]У 2024 годзе Тутэйшая Шляхта прыпыніла дзейнасць.
Дыскаграфія (народны ансамбль)
[правіць | правіць зыходнік]Зборнікі
[правіць | правіць зыходнік]Дыскаграфія (фолк-рок праект)
[правіць | правіць зыходнік]Альбомы
[правіць | правіць зыходнік]- Тутэйшая Шляхта (2006) Singles
- Зорка Крэва (2017) EP
- Самотнікі (2017) Singles
- Сармацкі рок (2019) LP
- Ты пачуеш (2019) Single
- Ведзьмару дайце талер (2020) Maxi-single
- Літвінскія балады (2022) LP
- AnnaMaria (2023) LP
Удзельнікі (ансамбль)
[правіць | правіць зыходнік]- Лявон Махнач — мастацкі кіраўнік, адміністратар
- Вольга Махнач — лідар ансамбля, хормайстар, адміністратар, цымбалы, кампазітар
- студэнты і выпускнікі БДУ
Удзельнікі (фолк-рок праект)
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяніс Сцяпура — сузаснавальнік, адміністратар, прадзюсар, бэк-вакал, вакал, дызайнер
- Вольга Махнач — сузаснавальніца, кампазітар, хормайстар, цымбалы, бэк-вакал
- удзельнікі ансамбля
- сесійныя ўдзельнікі
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Ніводзін з салістаў Тутэйшай Шляхты не мае вакальнай музычнай адукацыі
- Родная цётка стваральніка ансамбля Лявона Махнача з’яўляецца жонкай Кандрата Крапівы
- Усе музычныя аранжыроўкі студыйнага фолк-рок праекта напісаныя дачкой стваральніка ансамбля цымбалісткай Вольгай Махнач
- Сын Вольгі Махнач клавішнік Альгерд Грышчанка прымаў удзел у запісах студыйнага фолк-рок праекта з 11-гадовага ўзросту
- Запіс альбома «Сармацкі рок» пачаўся з песні «Ня журыся, хлапеча», але яе дэма-версія была адбракаваная ўдзельнікамі запісу. Песня была перазапісана і апублікавана праз 5 гадоў па рэлізе альбома.
- Першыя 5 гадоў свайго існавання ансамбль не меў уласных шляхецкіх касцюмаў і быў вымушаны выступаць у пазычаных народных касцюмах.
- Аўтар беларускамоўнай версіі тэксту песні «The Witcher (Ведзьмару дайце талер)» Дзяніс Сцяпура ніколі да гэтага не рабіў мастацкіх перакладаў.