Тутэйшыя (п’еса)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Літаратурны твор
«Тутэйшыя»
Выданне
Вокладка мюнхенскага выдання п'есы, 1953
Жанр: камедыя
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгінала: беларуская
Дата напісання: жнівень 1922
Дата першай публікацыі: 1924
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Тутэйшыя» — сатырычная трагікамедыя Янкі Купалы (у вызначэнні аўтара — «трагічна—смяшлівыя сцэны ў 4-х дзеях»). П’еса завершаная ў жніўні 1922 года.[1]

Творчая задума[правіць | правіць зыходнік]

Яркі камедыйны фарс спалучае народныя беларускія сцэнічныя традыцыі і адметную метафарычную стылістыку.[2] У аснове п’есы — роздум аўтара пра гістарычныя шляхі і будучыню беларускага народа.[1] У п’есе Я. Купала метафарычна паказвае Беларусь як быццам бы ўкрыжаваную паміж Расіяй і Польшчай.[3] Ён выказвае глыбокую трывогу за духоўную спадчыну беларускага народа, яго нацыянальную свядомасць. Я. Купала сваім творам заклікае змагацца з тутэйшасцю — беспрынцыповасцю, недастаткова развітай свядомасцю, пасіўнасцю, скоранасцю.[4]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі ў п’есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918—1920 гады, калі адна акупацыя змянялася другой. Цэнтральная фігура ў творы — былы вясковец Мікіта Зносак, які пры царызме быў калежскім рэгістратарам. У новых умовах жыцця гэты чалавек забывае сваё паходжанне, мову, радзіму і пачынае жыць па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае». Таму для Мікіты ўсё роўна, пры якой уладзе ён жыве (польскай, нямецкай, царскай, савецкай), хто ён сам (беларус ці не беларус), абы толькі была ежа, вопратка і добрая служба. Палітычная сітуацыя ўплывае нават на імя галоўнага персанажу, які называе сябе то па-польску (Нікіціўш Знасілоўскі), то па-руску (Никитий Зносилов).[4]

У вобразе галоўнага герою Я. Купала ўвасобіў тып нацыянальнага нігіліста, здрадніка. Сапраўднае сваё аблічча Мікіта Зносак выяўляе ў час гутарак з настаўнікам Янкам Здольнікам, якога ён з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, калі гаворыць пра «адзіны непадзельны рускі язык», які б ён «завёў ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смаленска да Берліна».[4]

У п’есе Я. Купала з’едліва і іранічна выкрывае не толькі Зноска, але і іншых падобных «тутэйшых» персанажаў. Вучоныя Усходні і Заходні з’яўляюцца ў п’есе ў часы крутых паваротаў гісторыі, змены ўлады. Адзін другому яны спрабуюць давесці, што тэрыторыя Беларусі належыць або да Расіі, або да Польшчы. Згаджаюцца вучоныя толькі ў адным: Беларусь не можа быць самастойнай. Вобразамі вучоных аўтар імкнецца паказаць згубны ўплыў на людзей невуцтва, псеўдавучонасці, нацыянальнага нігілізму.[4]

Усіх герояў менскай «брахалкі» можна назваць кампаніяй учорашніх гаспадароў жыцця, якіх бурлівыя падзеі выкінулі на сметнік гісторыі. Шукаючы цёплага месца пад сонцам, імкнучыся да асабістай нажывы, яны зракліся сваёй мовы, роднай зямлі, нават саміх сябе.[4]

Адмоўным персанажам проціпастаўляюцца ў п’есе вобразы, якія прадстаўляюць беларускі народ: Янка Здольнік, яго вучаніца і паслядоўніца, пазней жонка Алена, яе бацька Гарошка. Кожны з іх разумее па-свойму падзеі, якія адбываюцца, і шукае сваё месца ў складаных абставінах часу. Гэтыя вобразы раскрываюць такія рысы беларускага нацыянальнага характару, як працавітасць, сумленнасць, шчырасць, мужнасць. Станоўчыя імкненні беларускага народа ўвасабляе Янка Здольнік. Гэта чалавек перадавых поглядаў, з цвёрдымі жыццёвымі прынцыпамі, які адмаўляе старыя парадкі і хоча далучыцца да грамадскай працы. Аднак у творы Здольнік — не палітычны дзеяч, а хутчэй рамантычна настроены ідэяліст, поле дзейнасці якога вельмі нешырокае.[4]

Сцэнічная і друкаваная гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню п’еса была надрукавана ў часопісе «Полымя» у 1924 годзе (нумары 2 і 3).[1] Сцэнічнае жыццё п’есы пачалося ў Беларускім дзяржаўным тэатры ў 1926 годзе пастаноўкай расійскага рэжысёра М. Папова. Але хутка п’еса была знята з рэпертуару як твор нацыяналістычны.[4]

У 1927 годзе, неўзабаве пасля выхаду ў свет, быў забаронены трэці том першага «Збору твораў» Купалы, дзе была надрукавана п’еса.[5]

У 1953 годзе п’еса была надрукавана ў Мюнхене выдавецтвам «Бацькаўшчына».

Напачатку 1980-х у выдавецтве «Мастацкая літаратура» быў рассыпаны набор зборніку «Спадчына», дзе пасля больш як паўвекавога замоўчвання была зроблена спроба надрукаваць «Тутэйшых».[5]

Толькі ў 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры галоўны рэжысёр тэатра В. Маслюк паставіў адзін са сваіх найлепшых спектакляў, спалучыўшы тэкст п’есы з паэмай Я. Купалы «Адвечная песня» і асабіста выканаўшы ролю Янкі Здольніка.[6] Нядоўгім было сцэнічнае жыццё п’есы і тут: пасля ўсяго толькі двух паказаў, у Магілёве і Мінску, спектакль вымусілі зняць з рэпертуару.[4]

У 1988 годзе твор Купалы быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» (№ 9).[4]

У 1990 годзе спектакль быў пастаўлены на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы рэжысёрам М. Пінігіным, які перачытаў трагікамедыю як філасофскі трагіфарс.[7] Спектакль быў успрыняты як сэнсацыя і сапраўднае сцэнічнае адкрыццё[6] і стаў вялікай перамогай мастацтва над забаронамі і цэнзурай.[7] З перапынкамі спектакль ішоў на сцэне тэатра да 2010 года.[4]

Значнасць п’есы[правіць | правіць зыходнік]

" Калі б існаваў беларускі адпаведнік «Кнігі рэкордаў Гінэса», то варта было б занесці туды і Купалавых «Тутэйшых» — як самы шматпакутны, пяцёрачы (!) забаронены твор у беларускай літаратуры.
Міхась Скобла[5]
"
" Янка Купала, наперакор усёй тагачаснай літаратурнай традыцыі, замахнуўся на нешта нябачанае, што ў беларускай літаратуры было яшчэ нулявым цыклам. Купала стварыў грандыёзны, усеабдымны, з разлікам на гістарычную мінуўшчыну і перспектыву, вобраз БЕЗНАЦЫЯНАЛА. Вось у гэтым найбольшая прысутнасць «Тутэйшых» у нашым часе. [...] Чаму героі «Тутэйшых» вечна актуальныя? Таму, што рэчаіснасць няўмольна піша для Беларусі адзін і той жа тэкст. І пакуль гэты тэкст не будзе напісаны нашай уласнай рукою, з нашай прапісной літары, «Тутэйшыя» будуць заставацца поўным тэкстуальным заменнікам рэчаіснасці.
Ігар Жук[5]
"
" Творы Янкі Купалы былі ў розны час непажаданыя, таму што яны нам самім, беларусам, не заўсёды псіхалагічна камфортныя. У гэтых творах, у тым ліку ў «Тутэйшых», утрымліваецца тая вялікая праўда пра нас, якую нам не заўсёды хочацца ведаць. У Зноску мы пазнаем сябе, пазнаем сваю недалужнасць, з якой мы павінны вылузвацца, луску гэтую, што ўрасла ў нашую скуру, мы павінны з сябе здзіраць!
Леанід Дранько-Майсюк[5]
"
" Гэта сведчыць пра геніяльнасць Купалы, калі ён не пасаромеўся высцебаць нацыю — у асобе Мікіты Зноска. Купала стварыў геніяльны псіхалагічны тып беларуса. Канфармізм — вельмі тыповая рыса беларуса — прыстасавацца, каб выжыць. Гэта вынік жыцця «на скрыжаванні». Купала не абвінавачвае, ён шкадуе чалавека. Гэта самае галоўнае, што ёсць у п'есе. І потым — там адлюстраваная ўся беларуская гісторыя, усе рысы беларускай ментальнасці. «Тутэйшыя» — вельмі жорсткі і праўдзівы погляд аўтара на беларускую мінуўшчыну, на беларускую сучаснасць, і, на жаль, на беларускую будучыню.
Мікалай Пінігін[5]
"
" «Тутэйшыя» — вось бясконцая класіка. П’еса на ўсе часы.
Мікалай Пінігін[8]
"

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Тутэйшыя (беларуская) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: БелСЭ, 1986. — С. 598.
  2. Спектакль «Тутэйшыя». Театральный Лягушатник (1 мая 2013).
  3. Акара, Андрэй «Тутэйшыя». Русский Архипелаг (1 мая 2013).
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 4,6 4,7 4,8 4,9 П'еса «Тутэйшыя» (вэб-сайт). Янка Купала (1 мая 2013).
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 Скобла, Міхась Пінігін: «Састарэлыя дэкарацыі ў «Тутэйшых» - гэта хлусня». Радыё Свабода (1 мая 2013).
  6. 6,0 6,1 Грамыка, Людміла Усе мы — тутэйшыя (часопіс). Мастацтва (1 мая 2013).
  7. 7,0 7,1 Васючэнка, Пятро Сучасная беларуская драматургія. Традыцыі і наватарства (Слова складальніка) (Беларуская інтэрнэт-бібліятэка). Камунікат (1 мая 2013).
  8. Коктыш, Марына Па-за сцэнай (газета). Народная Воля (22 лютага 2013). Праверана 1 лістапада 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Тутэйшыя». — C. 598.
  • Васючэнка, П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Вопыт сучаснага прачытання. — Мн., 1994.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]