Перайсці да зместу

Тыгр (танк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Panzerkampfwagen VI «Tiger»
Ausf. E (Sd.Kfz 181)
Танк «Тыгр» у Паўночнай Францыі, 1944 год
Танк «Тыгр» у Паўночнай Францыі, 1944 год
Краіна Трэці рэйх Трэці рэйх
Баявая маса, т 57
Экіпаж, чал. 5 (камандзір, наводчык, зараджаючы, кіроўца, радыст)
Гісторыя
Распрацоўнік Henschel & Sohn[d][1] і Erwin Aders[d]
Вытворца Henschel & Sohn[d][1] і Wegmann & Co.[d][1]
Гады вытворчасці 1942–1944
Колькасць выпушчаных, шт. 1 347
Габарыты
Даўжыня, мм
Шырыня, мм 2,82 м[2] і 3,7 м[1]
Вышыня, мм 2,86 м[2] або 2,93 м[1]
Узбраенне
Калібр і марка гарматы 8,8-cm-KwK 36 L/56  (англ.)
Кулямёты 2 × 7,92-mm MG 34
Рухомасць
Тып рухавіка HL230[d] і HL210P45[d][1]
Магутнасць рухавіка, к. с. 650 к. с. (478 кВ)/700 к. с. (515 кВ)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Танк «Тыгр» (ням.: Panzerkampfwagen VI Tiger) быў цяжкім нямецкім танкам, які вырабляўся кампаніяй Henschel  (руск.) у Каселі з 1942 па 1944 гг. і выкарыстоўваўся вермахтам з канца лета 1942 года. Дзякуючы свайму асноўнаму ўзбраенню і моцнай брані «Тыгр» з'яўляўся адным з самых магутных танкаў Другой сусветнай вайны.

Акрамя ардынарнай формы — без нахільнай брані — сур'ёзнымі недахопамі танка з'яўляліся затратная вытворчасць, малы запас ходу, цяжкая эвакуацыя з-за вялікай вагі і складаная, схільная да паломак тэхналогія; частая неабходнасць у рамонце, якая значна абмяжоўвала мабільнасць танка. З-за розных механічных паломак было страчана больш адзінак тэхнікі, чым з-за непасрэдных дзеянняў праціўніка.

Сапраўднае стратэгічнае значэнне «Тыгра» было абмежаваным з-за нізкай серыйнай колькасці — усяго 1350 адз. Але, нягледзячы на невялікую колькасць экзэмпляраў, «Тыгр» стаў адным з самых вядомых танкаў Другой сусветнай вайны.

Гісторыя распрацоўкі

[правіць | правіць зыходнік]
Агляд розных прататыпаў танка «Тыгр»

Хоць фактычна кантракт на вытворчасць «Тыгра» быў заключаны толькі вясной 1941 г., гісторыю яго распрацоўкі можна прасачыць яшчэ з 1937 г. У той час кампанія Henschel, якая базуецца ў Каселі, атрымала ад Упраўлення ўзбраенняў сухапутных сіл  (руск.) даручэнне на распрацоўку танка падтрымкі пяхоты 30-тоннага класу, пераемніка Panzerkampfwagen IV. Першы прататып, што стаў вядомы як прарыўная машына «DW 1», павінен быў мець у якасці асноўнага ўзбраення танкавую пушку  (руск.) 7,5 cm KwK 40  (руск.). Пасля таго, як у 1938 годзе было ўжо выраблена першае шасі гэтага прататыпа, выпрабаванні спыніліся, бо распрацоўшчыкі атрымалі новы заказ на мінімальна мадыфікаваную мадэль-пераемніка «DW 2», для якой Henschel таксама вырабіў толькі адно шасі.

У той жа час кампанія Henschel працавала над 65-тонным пераемнікам «новай машыны  (руск.)» пад назваю «VK 65.01», які, як і пазнейшы «Тыгр», меў 100-мм лабавую браню і 80-мм бартавую браню, а на ўзбраенні меў караткаствольную 7,5-см пушку[3] [заўв 1].

Пасля таго, як Упраўленне ўзбраенняў сухапутных сіл  (руск.) зноў вызначыла новыя патрабаванні да мадэлі, кампанія Henschel, сумесна з MAN, Daimler-Benz  (руск.) і Porsche, прадставіла змененую мадэль DW 2 пад новай назваю «VK 30.01 (H)». Былі створаны тры шасі гэтай мадэлі, з якіх адно падвяргалася даследаванням і іспытам да канца вайны, а два іншых сталі асновай для машын 12,8 cm Panzer Selbstfahrlafette V L/61 «Sturer Emil»  (руск.)[4] [заўв 2]. У адказ на патрабаванне Гітлера стварыць больш моцныя браню і ўзбраенне кампанія Henschel распрацавала новы «VK 36.01 (H)  (руск.)»[5]. Гэтая мадэль лічыцца прамым папярэднікам «Тыгра». Важным яе адрозненнем ад ранейшых мадэляў стала тое, што верхняя частка бронекорпуса не навісала над хадавой часткаю. Пры наяўнасці лабавой брані таўшчынёю ў 100 мм і бартавой у 60 мм вага машыны складала амаль 40 тон. Асноўным узбраеннем павінна была стаць 7,5-см пушка з канічным ствалом. Усе чатыры вырабленыя шасі гэтай мадэлі пазней выкарыстоўваліся ў якасці цягачоў.

Пасля таго, як недахоп вальфраму выключыў магчымасць выкарыстання канічных ствалоў, а кароткая пушка Panzer IV у першых баях паказала нездавальняючую бронепрабівальнасць, 26 мая 1941 г. Упраўленне ўзбраенняў сухапутных сіл  (руск.) выдала кампаніям Henschel  (руск.) і Porsche кантракт на распрацоўку новай мадэлі «VK 45.01». Баявая машына 45-тоннага класу павінна была мець больш моцную браню, а таксама зенітную пушку  (руск.) «Acht-Acht  (руск.)» у якасці асноўнай зброі. Паколькі дэманстрацыя прататыпу павінна была адбыцца 20 красавіка 1942 г., у дзень нараджэння Гітлера, абедзве кампаніі з-за часавых абмежаванняў вымушаныя былі выкарыстоўваць элементы папярэдніх распрацовак. У сувязі з тым, што пасля пачатку савецкай ваеннай кампаніі ўзрос попыт на тэхналагічна новыя танкі, вермахт заказаў для сябе машыны новай мадэлі яшчэ на этапе чарцяжу летам 1941 года і заключыў кантракты на выраб 90 танкаў з Porsche і 60 танкаў з Henschel[6].

Прататып Porsche-Tiger

Незвычайную канструкцыю займела мадэль VK 45.01 (P)  (руск.), распрацаваная прафесарам Фердынандам Поршэ і вядомая як Porsche-Tiger. Яна мела бензінава-электрычны прывод з двума дзесяціцыліндровымі рухавікамі магутнасцю ў 320 к. с. кожны. Рухавікі прыводзіліся ў дзеянне двума генератарамі  (руск.), прыфланцаванымі да задніх вядучых колаў. Асноўнымі недахопамі мадэлі былі высокі ціск машыны на грунт  (англ.), невялікі запас ходу па перасечанай мясцовасці (усяго 50 км) і тэхнічныя складанасці з паветраным ахаладжэннем рухавіка[7].

Што датычыць Henschel, пагон башні іх мадэлі VK 36.01 быў занадта малым для башні Krupp з яе 8,8-см пушкай, распрацаванай для Porsche-Tiger. Таму, пасля зняцця з вытворчасці канічных ствалоў, шасі мадэлі прыйшлося павялічыць у памерах. За кошт яшчэ і дадатковага ўзмацнення брані агульная маса машыны перавысіла ўсталяваную мяжу ў 12 тон.

Henschel таксама спраектавалі і іншую версію з башняй ад Rheinmetall-Borsig, якая была амаль ідэнтычнай башні Пантэры і мела доўгую 7,5-см пушку. Але пасля стварэння драўлянай мадэлі праект быў адкладзены[8].

Прататыпы выпрабоўваліся ў тэставым цэнтры для матарызаванага транспарту  (руск.) ў Кумерсдорфе  (ням.); на Сенскім ваенным трэніровачным палігоне  (англ.); на 96-й тэставай станцыі  (ням.) Henschel у Хаўстэнбэке  (ням.). У апошнім выпадку, акрамя язды і стральбы на ваенным палігоне, у спецыяльных будынках праводзіліся таксама тэсты газанепранікальнасці і іспыты на герметычнасць[9].

Дэманстрацыя прататыпаў

Распрацаваныя Henschel і Porsche прататыпы маглі вырабляцца толькі дзякуючы вялізным высілкам і прамысловай моцы фабрыкі Nibelungenwerk  (англ.). Трэба было пастарацца, каб вырабіць мадэлі ў вызначаны тэрмін. Ніводны з прататыпаў не праходзіў сур'ёзных выпрабаванняў, праехаўшы ўсяго толькі некалькі метраў. Так як танк Henschel выступаў за габарыты  (руск.) пагрузкі чыгуначнага вагона, дарогу ад Каселя да стаўкі фюрэра ў Вольфшанцы ва Усходняй Прусіі давялося закрыць для сустрэчнага транспарту. Гітлер і Поршэ былі сябрамі, таму з самага пачатку Гітлер больш увагі надаваў менавіта яго прататыпу. Але ў ходзе тэст-драйваў Porsche-Tiger пацярпеў няўдачу, Henschel жа паспяхова пераадолеў лёгкае бездарожжа, нягледзячы на тэхнічныя недахопы[10].

Вытворчае рашэнне
Porsche-Tiger пазней стаў асновай для распрацоўкі САУ «Фердынанд»  (руск.)

Нягледзячы на яўныя праблемы ў мадэлі Porsche-Tiger, Гітлер загадаў працягваць распрацоўку абодвух прататыпаў. Улетку 1942 года ў тэставым цэнтры для матарызаванага транспарту  (руск.) былі праведзены маштабныя тэставыя заезды, у выніку якіх да канца ліпеня танк Henschel-Tiger праехаў амаль 1000 км. Тым не менш, з-за наяўнасці шэрагу «дзіцячых непаладак  (ням.)», выяўленых падчас тэстаў, танк лічыўся не гатовым да выхаду на фронт. Да запынення працэсу распрацоўкі прывялі некаторыя праблемы з рухавіком. Акрамя таго, мадэль праяўляла сваю няўдаласць пры тэстах на складанай мясцовасці. Фюрэр даў Поршэ тры месяцы на дапрацоўку танка. Роля, якую адыгрываў Porsche-Tiger у планах Гітлера праявілася ў яго загадзе паскараць вытворчасць машын любымі сродкамі, мінуючы этап тэсціроўкі; у яго патрабаванні ў верасні 1942 г. аб тым, каб машыны, якія вырабляюцца, адразу ж перакідваліся на паўночнаафрыканскі тэатр баявых дзеянняў[11] [12]. У кастрычніку 1942 г. міністр узбраенняў Альберт Шпеер склікаў камісію па «Тыгры» для прыняцця канчатковага рашэння аб вытворчасці адной з мадэляў. У выніку абмеркаванняў і ацэнак за серыйную мадэль была ўзята Henschel-Tiger, масавая вытворчасць якой павінна была пачынацца ў канцы кастрычніка 1942 г. Танкі Porsche, вырабленыя да таго часу, пазней былі пераабсталяваныя ў САУ «Фердынанд»  (руск.).

Серыйная вытворчасць

[правіць | правіць зыходнік]
Пастаўка цалкам звараных загадзя прасвідраваных 21-тонных цяжкіх танкавых карпусоў

Пасля значнага пашырэння Фабрыкі III кампаніі Henschel у горадзе Касель у жніўні 1942 г. пачынаецца маштабны працэс вытворчасці. 8000 чал. працавалі на заводзе ў 12-гадзінных зменах, пры гэтым начная змена забяспечвала значна меншую нагрузку. Згодна з інструкцыяй 1943 г. пры вытворчасці танкаў «Тыгр» катэгарычна забаранялася выкарыстанне замежнай працоўнай сілы без спецыяльнага дазволу[13]. Вытворчая лінія складалася з 9 цыклаў, кожны з якіх доўжыўся 6 гадзін. Час стварэння адной машыны складаў каля 14 дзён[14]. Большасць кампанентаў пастаўляліся на фабрыку ў загадзя сабраным выглядзе, пры гэтым асноўнымі пастаўшчыкамі з'яўляліся наступныя кампаніі:

  • Корпус: Krupp  (руск.) (Эсэн), Dortmund-Hörder Hüttenverein  (ням.) (Дортмунд) і Škoda (Градзец-Кралавэ)
  • Башня: Wegmann  (англ.) (Касель)
  • Рухавік: Maybach (Фрыдрыхсхафэн) і ліцэнзаваная вытворчасць на заводах Auto Union  (руск.) (Хемніц)
  • Трансмісія: Maybach
  • Электроніка: Bosch (Штутгарт)
  • Асноўнае ўзбраенне: Buckau-Wolf  (ням.) (Магдэбург) і Dortmund-Hörder Hüttenverein

Як і большасць нямецкіх танкаў, «Тыгр» вырабляўся па высокіх стандартах якасці, што ў спалучэнні са складанай канструкцыяй рабіла немагчымай эфектыўную масавую вытворчасць. Акрамя таго, выраб корпуса і башні патрабаваў вялікіх аб'ёмаў працы па механічнай апрацоўцы  (руск.)[15]. Для стварэння ўстойлівай зброевай платформы бранявыя лісты вырабляліся максімальна вялікімі — такімі, каб днішча корпуса і башня (за выключэннем пярэдняй часткі) былі зроблены з аднаго суцэльнага ліста. Каб прадухіліць паломкі альбо трэшчыны ад агню, бранявыя лісты падвяргаліся толькі лёгкай паверхневай закалцы, так што, напрыклад, лабавыя лісты мелі цвёрдасць у 265 адзінак па Брынелю, што ўдвая менш, чым у Panzer IV[16]. Так ці іначай, гэта была вельмі трывалая браня, якая не мела ніякіх прыкмет хрупкасці  (руск.)[17].

Пасля зборкі танкі без башні праходзілі абкатку ў прыблізна 100 км на тэставым палігоне, выкарыстоўваючы ў якасці паліва звадкаваны газ  (руск.) для эканоміі бензіну. Затым усталёўвалася башня, машына цалкам камлектавалася і афіцыйна перадавалася ў войскі. Кошт «Тыгра» без узбраення, оптыкі і радыёстанцыі складаў 250 800 марак (што эквівалентна прыкладна 1 400 000 еўра сёння[18]). Канчатковая цана складала 300 000 марак[19] [20]. У рэгламенце абслугоўвання D 656/27 (Tigerfibel  (англ.)) цана была вызначана на ўзроўні 800 000 марак (прыкладна 3 800 000 еўра на сёння[18]).

На першым этапе ўсе пастаўленыя танкі мелі сур'ёзныя праблемы з паўаўтаматычнай каробкай перадач, так што спачатку «Тыгр» лічыўся небяспечным для эксплуатацыі. У дадатак да такіх дэфектаў, як узгаранне рухавіка, уцечка вады ў сістэме ахаладжэння, кароткія замыканні, назіраліся і ўцечкі масла з рухавіка ў аб'ёмах да 15 л на 100 км, што было ў цэлым прымальна. Найбольш сур'ёзныя праблемы былі вырашаны толькі ў канцы 1942 года. Адначасова назіраўся рост памылак пры зборцы ў сувязі з узрастаннем нагрузкі на рабочых завода[21].

У суме кампаніяй Henschel было выраблена 1350 экзэмпляраў[22] [23] [заўв 3]

Вытворчыя паказчыкі Panzerkampfwagen VI Tiger
студзень люты сакавік красавік май чэрвень ліпень жнівень верасень кастрычнік лістапад снежань сума
1942 год 8 3 11 25 30 78
1943 год 35 32 41 46 50 60 65 60 85 50 60 65 649
1944 год 93 95 86 104 100 75 64 6 623

Не пазней за верасень 1943 года саюзнікі авалодалі інфармацыяй аб вытворчасці танка «Тыгр». Група супраціўлення на чале з капеланам Генрыхам Майерам  (англ.) накіравала адпаведную дакументацыю ў амерыканскае Упраўленне стратэгічных службаў  (руск.). Чарцяжы завадскіх будынкаў дазволілі бамбардзіроўшчыкам саюзнікаў наносіць дакладныя ўдары[24] [25]. Завод моцна пацярпеў ад авіяналётаў у кастрычніку 1943 года  (руск.), што прывяло да спаду ў вытворчасці[26].

У жніўні 1944 года вытворчасць «Тыгра» была канчаткова спынена. У пачатку 1944 года ужо пачалася вытворчасць яго пераемніка Tiger II  (руск.), вядомага як «Каралеўскі тыгр». Па ліцэнзіі на заводзе некалькі месяцаў у 1943 г. вырабляліся «Пантэры».

Тэхнічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]

Танк быў афіцыйна названы «Panzerkampfwagen VI Tiger Ausführung E». Існавала толькі адзіная версія гэтай машыны, што не было характэрным для іншых нямецкіх танкаў. Аднак у ходзе вытворчасці ў гэтую версію ўносіліся некаторыя змяненні. Па загадзе камандавання з лютага 1944 года танк называўся толькі як «Panzerkampfwagen VI Tiger Ausführung E»[27]. Для таго, каб пазбегнуць блытаніны з яго пераемнікам, «Тыграм II», часам выкарыстоўваюць назву «Тыгр I».

Башня і ўзбраенне

[правіць | правіць зыходнік]
Добра бачныя таўшчыня апертуры і выгляд бінакулярнай прыцэльнай оптыкі, якая выкарыстоўвалася да 1944 года.

Танк «Тыгр» складаўся з корпуса  (ням.) і ўсталяванай на ім свабоднакрутнай башні. Башня, за выключэннем пярэдняй часткі, з'яўлялася цэльным куском браніраванай сталі, скручаным у форму падковы. Спераду знаходзілася панэль для асноўнага і дадатковага ўзбраення. У задняй частцы — багажная скрыня для прыналежнасцяў экіпажу, а справа ад яе, у сцяне, — круглы люк аварыйнага выхаду.

На даху башні размяшчаліся крышка люка зараджаючага  (ням.) і камандзірская башанка, якая спачатку мела пяць прыўзнятых назіральных шчылін, абароненых браніраванымі шклоблокамі. Пазней, пасля атрымання вопыту баявых дзеянняў на Усходнім фронце, дзе савецкая супрацьтанкавая зброя  (руск.) неаднаразова прабівала башанку, была прынята новая башанка з шасцю ракурснымі люстэркамі  (ням.), вядомая па «Пантэры». Гэта было зроблена для забеспячэння бяспекі камандзіра танка, які цяпер знаходзіўся глыбей у шахце.

Аснова башні прымацоўвалася да пагона з дапамогай трох апорных рычагоў, так што экіпаж мог паварочвацца разам з ёй. Месца зараджаючага знаходзілася справа ад пушкі, якая цягнулася ва ўсю дліну корпуса, наводчык  (ням.) жа і камандзір сядзелі злева ад пушкі адзін за адным. Паварот башні ажыццяўляўся пры дапамозе гідраўлічнай трансмісіі, злучанай з каробкай адбору магутнасці на галоўным прыводным вале, што праходзіў пад баявым аддзяленнем. Паварот на 360° займаў хвіліну часу[28]. Дакладная рэгулёўка па гарызанталі і па вертыкалі ажыццяўлялася пры дапамозе спецыяльнага махавіка. Пры выключаным рухавіку башню даводзілася круціць уручную, пры гэтым камандзір дапамагаў наводчыку другім махавіком. У якасці аптычнага прыцэлу выкарыстоўваўся бінакулярны башанны тэлескапічны прыцэл TZF 9b з 2,5-кратным павелічэннем. З красавіка 1944 года ўсталёўваўся манакуляр TZF 9c з дадатковай магчымасцю выбару 5-кратнага павелічэння. Акрамя асноўнага ўзбраення, у распараджэнні наводчыка быў таксама і кулямёт MG 34, што размяшчаўся кааксіяльна  (ням.). Страляў з яго наводчык пры дапамозе педалі нажнога спуску.

Асноўнае ўзбраенне, 8,8-cm-KwK 36  (руск.), уяўляла сабою мадыфікаваную версію вядомай 8,8-cm-Flak  (руск.), якая раней ужо паспяхова прымянялася ў танкавых бітвах. Яна была перароблена з ударнага запальвання на электрычнае і забяспечана дульным тормазам  (руск.). Акрамя нядрэннай прабіўной здольнасці, пушка валодала высокай трапнасцю, што ў спалучэнні з высокадакладнай прыцэльнай воптыкай давала агульную дакладнасць стрэлу ў 93% пры дальнасці ў 1000 м[29] [заўв 4]. Боекамплект зброі складаў 92 снарады, з якіх 64 размяшчаліся ў бартавых скрынях навісаючага корпуса, а астатнія — па бартах баявога аддзялення. Звычайна яго складалі напалову бранябойныя снарады, напалову — разрыўныя.

Боепрыпасы і прабіўныя характарыстыкі 8,8 cm KwK 36 L/56[30]
Найменне боепрыпасаў Panzergranate 39  (англ.) Panzergranate 40  (ням.) Granate 39HL  (ням.)
Вага снарада 10,2 кг 7,3 кг 7,65 кг
Пачатковая хуткасць 773 м/с 930 м/с 600 м/с
Прабіўная здольнасць KwK пры нахіле брані ў 60° (= вугал пападання 30°)
500 метраў 110 мм 155 мм 90 мм
1000 метраў 100 мм 138 мм 90 мм
2000 метраў 84 мм 110 мм 90 мм
Panzergranate 40 быў высокахуткасным снарадам  (ням.), зробленым з карбіду вальфраму. Такі снарад быў даступны толькі ў невялікіх колькасцях або часта адсутнічаў увогуле з-за недахопу вальфраму. Прабіўная здольнасць звычайнага танкавага Panzergranate 39 была ніжэй, чым у Pzgr. 40, але яго разбуральны эфект быў большым, таму што невялікі зарад выбуховага рэчыва ўзрываўся пасля пранікнення  (ням.). Granate 39 HL уяўляў сабой кумулятыўны снарад, які рэдка выкарыстоўваўся, таму што меў адносна невялікую дакладнасць стрэлу.

Месцы кіроўцы і радыста

[правіць | правіць зыходнік]

Кіроўца сядзеў злева, а радыст справа ў пярэдняй частцы корпуса. Паміж імі размяшчалася механічная каробка перадач. У кожнага з іх быў уласны люк. Для агляду ўперад у кіроўцы мелася аглядная шчыліна з браніраваным шклом, якая магла зачыняцца вертыкальнай бранявой рашоткай. У такім выпадку ён глядзеў праз ракурснае люстра  (ням.) ў крышцы люка. Прыборная панэль знаходзілася справа ад каробкі перадач, а гіраскапічны індыкатар  (руск.) — злева. Радыст, акрамя радыёстанцыі, таксама быў адказны за стральбу з курсавога кулямёта, які знаходзіўся за шаравым шчытком  (ням.) і наводзіўся пры дапамозе падгалоўніка. Радыёабсталяванне знаходзілася злева ад яго на каробцы перадач.

Хадавая частка і прывод

[правіць | правіць зыходнік]
Будова корпуса  (ням.)

Дванаццаціцыліндровы  (руск.) V-падобны рухавік Maybach HL 230  (руск.) з водным ахаладжэннем, распрацаваны Maybach-Motorenbau, меў магутнасць у 700 к. с., рабочы аб'ём у 23 л і быў усталяваны прадольна ў сярэдзіне задняй часткі корпуса. Гэты бензінавы рухавік, які таксама выкарыстоўваўся ў «Пантэры», каштаваў 13 000 рэйхсмарак і важыў 1,3 тоны. Ён замяніў 21-літровы рухавік магутнасцю ў 650 к. с., усталяваны на першых 250 машынах. Пры нізкіх тэмпературах замярзаючую ваду можна было падагрэць з дапамогай паяльнай лампы  (руск.) праз спецыяльную невялікую адтуліну. У маторным адсеку мелася аўтаматычная сістэма пажаратушэння на аснове галону. Па абодва бакі ад рухавіка размяшчаліся паліўныя ба́кі, а за імі — радыятары з вентылятарамі. Апошнія прыводзіліся ў дзеянне складанай сістэмай з 19 перадач. Ад рухавіка плынь магутнасці праходзіла да карданнага вала  (ням.) ў закрытым баявым аддзяленні, адтуль — да вядзёнай перадачы механічнага прывода башні, далей да дыскавай муфты счаплення на фланцавым механізме пераключэння перадач і рулявым механізме. Нарэшце яна праходзіла праз бартавыя шэсцерні, прымацаваныя да корпуса фланцамі, і ішла да пярэдніх ланцуговых прыводных колаў.

Для таго, каб дэмантаваць фланцавыя механізмы каробкі перадач і руля, прыходзілася падымаць башню, звычайна пры дапамозе крана Strabokran  (ням.). Механічная каробка перадач Maybach-Olvar з'яўлялася паўаўтаматычнай каробкай з механізмам папярэдняга выбару перадач. Каробка мела чатыры перадачы задняга ходу і восем пярэдняга. Яна аўтаматычна ажыццяўляла счапленне і пераключэнне гідраўлічным спосабам пасля выбару перадачы. У выпадку адмовы аўтаматычнай сістэмы можна было пераключаць перадачы ўручную ў аварыйным рэжыме.

Упершыню ў нямецкім танку кіраванне ажыццяўлялася пры дапамозе рулявога кола. У адрозненні ад папярэдніх танкаў Panzer I–IV, у якіх рулявыя механізмы кіраваліся рычагамі, «Тыгр» меў двухрадыусны папярочны рулявы механізм  (англ.) з масляным прыводам ад Henschel, які аўтаматычна запавольваў гусеніцы пры змяненні вугла павароту руля. Таксама быў магчымы разварот на месцы. У выпадку адмовы рулявога механізму вадзіцель мог кіраваць танкам пры дапамозе двух аварыйных рычагоў рулявога кіравання, самастойна ўздзейнічаючы на тормаз для павароту. Сістэма тармажэння «Тыгра» (упершыню ў свеце пры серыйнай вытворчасці баявых машын) была забяспечана дыскавымі тармазамі  (руск.) (ад кампаніі Argus  (англ.))[31], якія прыводзіліся ў дзеянне механічна праз педаль.

Маса танка з поўным боекамплектам складала 57 тон, што стварала складанасці пры праходжанні мастоў. Таму першапачаткова танк ствараўся здольным да знаходжання пад вадою на глыбіні да 4,5 м. З гэтай прычыны ўсе люкі і другія адтуліны маглі быць герметычна зачынены гумавымі ўшчыльнікамі. Над рухавіком была ўсталявана 3-метровая труба для падачы паветра дзеля забеспячэння гарэння; выхлапныя газы адводзіліся ў ваду. У ходзе іспытаў максімальна магчымы час работы танка пад вадою склаў 2,5 гадзіны. Аднак пасля таго, як былі выпушчаны 495 такіх машын, сложная сістэма работы пад вадой больш не ўсталёўвалася.

Для замены аднаго ўнутранага катка хадавой часткі прыйшлося зняць 13 каткоў.

Паколькі Тыгр аказаўся больш цяжкім, чым планавалася, давялося пашырыць гусеніцы і прымацаваць дадатковыя каткі да знешняга боку шасі. Каткі апорнай коўзанкі  (бел. (тар.)), пакрытыя гумай ад Buna  (ням.), мелі кароткі тэрмін службы. Таму ў лютым 1944 года, калі ўжо было выпушчана каля 800 машын, пачалі выкарыстоўвацца новыя стальныя каткі з унутраным гумавым кальцом. Яны былі больш шумнымі, але затое больш даўгавечнымі і патрабавалі менш каўчуку ў вытворчасці. Адначасова такая сістэма ліквідавала неабходнасць у знешніх катках. Гэта азначала, што з той пары не трэба было знімаць іх пры перавозцы танка па чыгунцы. Усе тры каткі на восі падвешваліся да маятнікавага рычагу з тарсіённай  (руск.) пружынай. Упершыню выкарыстанае ў браніраванай баявой машыне каробчатае шасі забяспечвала высокую камфортнасць падвескі, аднак у зімні перыяд яно мела сур'ёзны недахоп. Гразь, якая пападала паміж каткоў, магла змерзнуць за ноч і абезруховіць танк. Першы прататып «Тыгра» меў складаную сістэму з гідраўлічна апускаемымі бакавымі юбкамі  (ням.) для аховы шасі, ад якой адразу адмовіліся пасля першай жа дэманстрацыі. Так як першапачатковую гусеніцу давялося пашырыць з 52 см да 72 см, машына выступала за габарыты чыгуначных вагонаў  (руск.). У якасці рашэння кампанія Henschel прапанавала ўсталяваць дзве гусеніцы побач адна з адной, аднак Упраўленне ўзбраенняў сухапутных сіл  (руск.) адхіліла гэтую прапанову. Таму даводзілася знімаць знешнія каткі пры перавозцы (да лютага 1944 года). Замена гусеніцы вагою каля 3 тон займала крыху менш за 30 хвілін часу[32].

Увод у дзеянне

[правіць | правіць зыходнік]
Тыгр пераўзбройваецца: адну з усталёвак для пуску S-мін, якія ў першых мадэлях прызначаліся для барацьбы з атакуючай пяхотай, можна добра разглядзець каля люка кіроўцы.

Баявыя браніраваныя машыны Тыгр не з'яўляліся часткаю звычайных танкавых дывізій  (руск.), а прымацоўваліся да спецыяльна сфарміраваных цяжкіх танкавых дывізій  (англ.). Такіх дывізій у суме налічвалася 14: адзінаццаць — у сухапутных войсках  (руск.), тры — у войсках СС. Мэтавая колькасць танкаў «Тыгр» у такіх адасобленых падраздзяленнях складала 45 адз. Дастаўляліся яны звычайна па чыгунцы ў вагонах тыпу SSyms  (ням.). Працяглых далёкіх маршаў імкнуліся пазбягаць з-за празмернай нагрузкі для танкаў, тым больш, што сярэдняя хуткасць іх маршу ледзьве перавышала хуткасць маршу звычайнай пяхоты  (руск.) на 50%[33]. Акрамя таго, нельга было ажыццяўляць маршы ў складзе іншых войскаў, бо танкі павінны былі спыняцца на тэхнічныя прыпынкі кожныя 15 км, што, у сукупнасці з перыядычнымі паломкамі, прыводзіла б да запаволення ўсёй калоны[34]. «Тыгры» валодалі добрай праходнасцю на нармальных паверхнях, але праблемна праходзілі складаную гразкую мясцовасць з-за свайго высокага ціску на грунт. Пераадоленне нават невялікіх складаных участкаў мясцовасці станавілася амаль нездзяйсняльным[35]. З гэтай прычыны вельмі важнай задачай у падраздзяленнях з «Тыграмі» станавілася папярэдняя разведка шляху. Вялізнае значэнне надавалася і падрыхтоўцы экіпажаў і рамонтных падраздзяленняў для гэтых машын. Адным з навучальных матэрыялаў быў незвычайны Tigerfibel  (англ.) з яго гумарыстычнымі вершамі.

Згода з афіцыйнымі інструкцыямі, «Тыгр» не павінен быў выкарыстоўвацца для разведвальных задач або аховы, а таксама — з-за занадта выступаючай пушкі — пры вядзенні баявых дзеянняў у лесе ці ў горадзе. Галоўнай задачай «Тыграў» было знішчэнне іншых танкаў. У баі яны непасрэдна атакавалі на адлегласці да 1200 метраў. На больш далёкіх дыстанцыях вялася прыстрэлка цэлі  (руск.). Звычайна дыстанцыя бою складала 2000 метраў, пры аптымальных умовах агонь па нерухомай цэлі мог весціся на адлегласці да 3000 метраў. Страляць па рухомай цэлі на адлегласці больш за 2000 метраў забаранялася[28]. Для паляпшэння абаронных характарыстык брані ў баі было выгадна размясціць шасі пад вуглом да праціўніка, каб яго снарады не пападалі перпендыкулярна у вертыкальную, а таму балістычна невыгадную, браню «Тыгра»[36]

Усходні фронт

[правіць | правіць зыходнік]
Першы баявы выхад праходзіў у непрыдатнай мясцовасці
Буксіроўка «Тыгра» двума Sd.Kfz. 9  (руск.)

Першае прымяненне Тыгра адбылося 29 жніўня 1942 года на ўчастку фронту групы армій «Поўнач» каля Мгі пад Ленінградам. У першым баі прынялі ўдзел чатыры танкі, у складзе падраздзяленняў былі тэхнікі фірмы Henschel. Баявое разгортванне негатовых машын, заўчаснае з-за нецярплівасці Гітлера, скончылася няўдала. Тры з чатырох танкаў выйшлі са строю з-за тэхнічных праблем, выкліканых непрыдатнай мясцовасцю. Яны былі экстранна выведзены з поля бою пры дапамозе трох цяжкіх бронетранспарцёраў Sd.Kfz. 9  (руск.) на кожны са зламаных танкаў. Пашкоджаныя танкі ўдалося зноў прывесці да боегатоўнасці шляхам складанага рамонту пры выкарыстанні запчастак, дастаўленых з Германіі. Аднак падчас наступнага разгортвання ў сярэдзіне кастрычніка ўсе чатыры танкі зноў выйшлі са строю. Адзін з іх не падлягаў аднаўленню, і яго прыйшлося ўзарваць. Няўдалая паспешлівая аперацыя прывяла да страты сакрэтнасці і элементу нечаканасці[37].

У наступны раз баі адбыліся ў пачатку 1943 года. Сярод іх была і Другая бітва ля Ладажскага возера  (руск.). Адначасова ў баях удзельнічалі ўсяго толькі некалькі «Тыграў», але яны дамінавалі на полі бітвы, да сакавіка знішчыўшы 160 танкаў праціўніка[38]. Пры гэтым «Тыграў» было знішчана ўсяго 6, з іх толькі 3 — у рэзультаце непасрэдных дзеянняў ворага. Стала відавочным, што Чырвоная армія не мае танка, здольнага супрацьстаяць «Тыгру». Танк Т-34 моцна саступаў «Тыгру», ён не мог прабіць яго лабавую браню і быў здольны наносіць эфектыўныя ўдары толькі па бартах на адлегласці да 100 м. У той жа час «Тыгр» мог знішчыць Т-34 на адлегласці ў 2000 метраў[39]. СУ-122  (руск.) таксама была малаэфектыўнай супраць «Тыгра». На адлегласці да 1000 м добра навучаныя экіпажы «Тыграў» звычайна пападалі ў варожыя танкі, такія, як Т-34, з першага стрэла. Пры гэтым пападанні найчасцей прыводзілі да знішчэння танка[40] [заўв 5]. У ходзе баёў былі перахвачаныя некалькі «Тыграў», у тым ліку адзін цэлы. Гэта прывяло Міністэрства абароны СССР да разгадкі слабых бакоў машыны і да распрацоўкі спецыяльных інструкцый па барацьбе з ёю[41].

Тыгр танкавай дывізіі СС «Дас Райх»  (руск.) з трыма палосамі справа ў якасці тактычнага сімвалу аперацыі «Цытадэль»  (руск.)

Першы значны ўдзел «Тыграў» меў месца пры правядзенні апошняга буйнога нямецкага наступлення на ўсходзе — аперацыі «Цытадэль»  (руск.). У ёй прынялі ўдзел 152 «Тыгры», уключаючы 19, дастаўленых пазней; 113 з іх былі цалкам у працоўным стане[42] [заўв 6]. Аперацыя павінна была пачынацца вясною, але, насуперак ваеннай логіцы, дата наступлення была адкладзена на лета з-за празмерных чаканняў ад новых «Тыграў» і «Пантэр», якія яшчэ не былі гатовыя. З гэтай прычыны Чырвоная армія здолела ўзвесці моцную лінію абароны[43]. Паколькі падраздзяленні «Тыграў» часам разбіваліся на асобныя роты, што было насуперак дактрыне[44] [заўв 7], а таксама часта станавіліся ахвярамі супрацьтанкавых мін  (руск.) (некаторыя з якіх былі ўласна нямецкімі), то ў першыя два дні наступлення канцэнтраванае разгортванне гэтых танкаў было немагчымым[45]. Тым не менш, «Тыгры» дабіваліся высокіх паказальнікаў у знішчэнні праціўніка ў ходзе баёў. 505-ы цяжкі танкавы батальён за першыя два дні аперацыі знішчыў 111 варожых танкаў[46]. У некаторых выпадках «Тыгры» выклікалі панічны разлад у савецкіх танкавых злучэннях, пасля чаго Чырвоная армія ініцыявала ваенныя трыбуналы[47]. Улічваючы перавагу «Тыграў», савецкім танкістам загадвалі ехаць ім насустрач на максімальнай хуткасці для таго, каб вывесці «Тыгры» са строю з блізкай адлегласці. Савецкае камандаванне, асведамляючы агромністыя страты і непаўнавартаснасць свайго Т-34 у параўнанні з «Тыграм», рабіла выснову аб тым, што ў нямецкіх танкавых злучэннях паўсюль адны толькі «Тыгры» (не ўлічваючы тое, што Panzer IV таксама меў над Т-34 перавагу)[48]. Аднак, складаючы ўсяго каля 5% ад усіх задзейнічаных у бітве нямецкіх бронемашын, «Тыгр» насамрэч не аказаў вырашаючага ўплыву на ход аперацыі. Тым больш, баявая гатоўнасць усіх танкаў складала ў сярэднім меней за 50%[49]. Да канца аперацыі, нягледзячы на жорсткасць баёў, падраздзяленні, у якіх былі «Тыгры», страцілі толькі 13 гэтых машын[42] [заўв 8].

Увагнутасць ад пападання савецкага снарада ў борт корпуса «Тыгра»

У далейшым «Тыгры» ўдзельнічалі ў супрацьстаянні савецкім наступленням. З-за недахопу зброі, здольнай прабіць браню «Тыграў», Чырвоная армія пачала канцэнтраваць на іх агонь з усіх сваіх узбраенняў. Танкі часта такім чынам выводзіліся са строю ў выніку другасных пашкоджанняў. Напрыклад, восенню 1943 года 506-я цяжкая танкавая дывізія, укамплектаваная 45 «Тыграмі», за тыдзень баявых дзеянняў страціла беззваротна 6 танкаў, а астатнія часова страцілі баяздольнасць з-за пашкоджанняў оптыкі, узбраення альбо хадавой часткі[50].

Ужо пасля цяжкіх баёў пад Курскам, пачынаючы з 1944 года, Савецкі Саюз паслядоўна ўводзіў у эксплуатацыю больш моцныя мадэлі танкаў і снарадаў. Новы Т-34/85 з яго 85-мм пушкай мог прабіць лабавую частку «Тыгра» на адлегласці да 500 м, але ўсё роўна саступаў яму з-за сваёй усяго толькі крыху (у параўнанні з Т-34) узмоцненай брані. ІС-2 жа з'яўляўся сапраўды канкурэнтназдольным сапернікам для «Тыгра». Бронепрабівальнасць яго 122-мм пушкі была ідэнтычнай бронепрабівальнасці пушкі «Тыгра»[51]. Яшчэ адной яго перавагай была нахільная браня, якая, аднак, усё яшчэ лёгка прабівалася ў пярэдняй частцы корпуса ў першых вытворных серыях з-за ступенчатай структуры. Толькі ўдасканаленая мадэль са сплашной лабавой бранёй была практычна непрабіўной, хаця нізкая якасць савецкай літай сталі сур'ёзна абмяжоўвала балістычную абарону[52]. Другія часткі брані ІСа «Тыгр» мог прабіць на адлегласці да 1000 м. Пры гэтым ІС-2 паражаў «Тыгр» на такой жа адлегласці. Сярод недахопаў ІС-2 у параўнанні з «Тыграм» былі: доўгі час перазарадкі (з-за раздзельных боепрыпасаў), малая ўмяшчальнасць боекамплекту, значна горшая прыцэльная оптыка і менш падрыхтаваныя за вопытных нямецкіх савецкія танкісты[52], што кіравалі параўнальна новай мадэллю. Той факт, што вывучка і вопыт экіпажу часта аказваліся больш вырашальнымі за тэхнічныя параметры танкаў, паказаў, напрыклад, бой з удзелам пяці «Тыграў» у ліпені 1944 года пад Даўгавай. Тады, згодна з баявой справаздачай 502-й цяжкай танкавай дывізіі, яны за 10 хвілін знішчылі 16 ІС-2, не панесшы ніякіх страт[53]. Акрамя ІС-2 на ўзбраенне Савецкай арміі паступілі новыя тыпы супрацьтанкавай зброі: СУ-100 і ІСУ-152. Яны таксама былі здольныя эфектыўна супрацьстаяць «Тыграм».

Агульная колькасць «Тыграў», адпраўленых на Усходні фронт, складала[54]:

  • 1942: 9 адз.
  • 1943: 434 адз.
  • 1944: 507 адз.
  • 1945: 11 адз.

Колькасць «Тыграў», што адпраўляліся на Усходні фронт, дасягнула свайго піку ў маі 1944 года — амаль 300 шт. Варта адзначыць, што ў ходзе ўсёй кампаніі колькасць «Тыграў», якія падлягалі рамонту, часта перавышала колькасць «Тыграў», гатовых да бою[54]. Падчас савецкага летняга наступлення 1944 года, вядомага як аперацыя «Баграціён», што скончылася найбольш цяжкай паразай у нямецкай ваеннай гісторыі, задзейнічаныя ў супрацьстаянні яму «Тыгры» здолелі спыніць некалькі лакальных наступленняў[55] [заўв 9]. Аднак агулам з-за частых панічных адыходаў і адсутнасці магчымасцей да буксіроўкі, а таксама колькаснай перавагі праціўніка і якаснага паляпшэння тэхналогіі савецкай зброі — усе тры задзейнічаныя ў абароне фронта цяжкія танкавыя дывізіі былі знішчаны. У ліпені 1944 года агульная колькасць страт «Тыграў» склала 125 адзінак. Гэта найвялікшыя месячныя страты за ўвесь час знаходжання «Тыграў» на Усходнім фронце[55].

У далейшым у ходзе вайны «Тыгры», нягледзячы на тое, што знішчалі значную колькасць праціўніка, усё адно не здолелі спыніць савецкае наступленне з-за яўнай колькаснай перавагі савецкіх танкавых часцей. З прычыны высокіх страт, якія неслі нямецкія часці, «Тыгры» часта выкарыстоўваліся для стацыянарнай падтрымкі асноўнай лініі абароны  (ням.), што супярэчыла іх дактрыне. У выніку трохметровыя ў вышыню машыны, якія часта разгортваліся па адной, сцягвалі на сябе ўсю моц праціўніка, што неўзабаве прыводзіла да знішчэння танка[56].

Паўночная Афрыка

[правіць | правіць зыходнік]
Тыгр, захоплены саюзнікамі ў Афрыцы і цяпер выстаўлены ў Музеі танкаў Бовінгтана  (руск.)

Пасля брытанскага поспеху ў бітве пры Эль-Аламейне  (руск.) ў Паўночную Афрыку прыбылі падмацаванні, у складзе якіх былі і першыя «Тыгры». Пасля высадкі саюзнікаў на паўночным захадзе Афрыкі  (руск.) дзве цяжкія танкавыя дывізіі з агульнай колькасцю «Тыграў» у 31 шт. былі пераброшаныя ў Туніс. Падчас складанай пераброскі на баржах  (руск.) ніводны з танкаў не быў страчаны[57]. Гэта былі першыя машыны серыі, яны ўсё яшчэ мелі шэраг тэхнічных дэфектаў. У сукупнасці з недахопам рамонтных падраздзяленняў і недастатковым забеспячэннем запчасткамі гэта прывяло да шматлікіх паломак, так што ў баі адначасова знаходзіліся ўсяго некалькі танкаў. «Тыгры» выкарыстоўваліся ў бітве за Туніс  (руск.), дзе яны мелі значную перавагу над танкамі саюзнікаў. Нават з найкарацейшай дыстанцыі танк М3  (руск.) не прабіваў брані «Тыгра». Не мог прабіць яго браню і новы М4 Sherman, у той час як сам «Тыгр» мог паражаць танкі саюзнікаў на любых адлегласцях[58]. QF 6 pounder  (руск.) таксама была бяссільнай супраць «Тыгра». Аднак у адным з баёў яна здолела паразіць два танкі пры выкарыстанні спецыяльных снарадаў з цвёрдым сардэчнікам. Адзін «Тыгр» згарэў пасля запалення боезапасу і пазней быў узарваны, а другі, нягледзячы на 24 пападанні (з іх 5 — у борт), застаўся баяздольным, і машыну ўдалося аднавіць[59]. Да моманту капітуляцыі дзяржаў Восі (у Паўночнай Афрыцы) у маі 1943 года дзве цяжкія танкавыя дывізіі знішчылі крыху болей за 300 танкаў, тады як ад агню праціўніка было знішчана ўсяго сем «Тыграў»[60] [заўв 10]. Іншыя страчаныя «Тыгры» выйшлі са строю з-за тэхнічных няспраўнасцяў альбо пашкоджанняў шасі, выкліканых абстрэламі супрацьтанкавай зброі, артылерыі або мінамі.

Эксперыменты, праведзеныя саюзнікамі на двух захопленых «Тыграх», паказалі, што браню гэтых танкаў няздольнае прабіць ніводнае з іх стандартных узбраенняў. 40-мм двухфунтавая пушка  (руск.) танка «Чэрчыль» не магла прабіць браню нават высокахуткаснымі снарадамі. Стандартная 57-мм шасціфунтавая супрацьтанкавая пушка  (руск.) альбо пакідала толькі ўвагнутасці (пры пападанні бранябойнымі), альбо снарады проста рушыліся аб закаленую паверхню брані. Амерыканская 75-мм пушка танка M4 Sherman не здолела прабіць лабавую частку, але здолела прабіць борт корпуса з адлегласці ў 90 м пры амаль вертыкальным вугле пападання. Пры павелічэнні вугла больш чым на 15° снарад пакідаў толькі ўвагнутасць[61].

Непрыдатная італьянская мясцовасць прыводзіла да шматлікіх тэхнічных збояў

Пасля капітуляцыі краін Восі ў Паўночнай Афрыцы пачалося ўварванне саюзнікаў на Сіцылію  (руск.). З 17 «Тыграў», што знаходзіліся ў той час на востраве і былі прыпісаны да танкавай дывізіі «Герман Герынг»  (руск.), толькі адзін удалося пераправіць назад на мацерыковую частку Італіі з-за складанасцей з эвакуацыяй і рамонтам. Астатнія давялося падрываць саюзнікам па прычыне тэхнічных няспраўнасцяў альбо з-за таго, што танкі захраснулі ў дрэнна вывучанай непрыгоднай мясцовасці[62].

У межах абароны пасля высадкі саюзнікаў у Італіі  (руск.) з канца лета 1943 года на полі бою былі разгорнутыя два невялікія падраздзяленні агульнай колькасцю ў 35 танкаў «Тыгр». У лютым і чэрвені 1944 года да абароны далучыліся цяжкія танкавыя дывізіі. Пасля прарыву саюзнікаў у бітве пад Монтэ-Касіна многія машыны выйшлі са строю на складанай мясцовасці падчас нямецкага адступлення з сярэдзіны мая 1944 года. Да моманту стабілізацыі фронта па Гоцкай лініі  (англ.) ў ліпені 1944 г. давялося спісаць агулам 64 танкі «Тыгр» як страчаныя. З іх толькі 5 страчаны ад варожай зброі[63] [заўв 11].

Заходні фронт

[правіць | правіць зыходнік]
«Тыгр» на маршы ў Паўночнай Францыі

Праз некаторы час пасля высадкі саюзнікаў у Нармандыі  (руск.) ў зону баявых дзеянняў былі пераброшаныя тры цяжкія танкавыя дывізіі, якія ў суме налічвалі 126 танкаў «Тыгр». Дывізіі прыбывалі паступова, пры гэтым у ходзе маршу яны неслі некаторыя страты. З гэтай прычыны адначасова ў баі была ўведзена толькі невялікая колькасць танкаў. Яны не аказалі вырашаючага ўплыву на ход бітваў, хаця гэткі ўплыў часта прыпісваўся ім у пасляваеннай літаратуры краін-саюзніц. Як і ў Паўночнай Афрыцы, «Тыгр» значна перасягаў усе танкі саюзнікаў. Толькі «Sherman Firefly  (руск.)», брытанская спецыяльная версія танка M4 Sherman з 17-фунтавай пушкай, што выкарыстоўвалася даволі рэдка, была здольная супрацьстаяць «Тыгру», па меншай меры, у агнявой моцы. Да сярэдзіны жніўня 1944 г. «Тыгры», якія дзейнічалі толькі невялікімі групамі, знішчылі каля 500 танкаў праціўніка. Аднак саюзнікі здолелі замяніць іх у кароткія тэрміны дзякуючы сваім прамысловым магчымасцям. Да канца Нармандскай аперацыі ў сярэдзіне жніўня, у тым ліку пасля Фалезскай аперацыі, усе «Тыгры» былі страчаныя. Іншымі словамі, на Заходнім фронце не засталося ніводнага «Тыгра». Аналіз паказаў, што з іх толькі 38 былі страчаныя ў выніку непасрэднага ўздзеяння праціўніка, астатнія былі кінуты або наўмысна ўзарваны. За ўвесь час баёў у Нармандыі, нягледзячы на шматлікія паведамленні саюзнікаў аб поспехах авіяцыі, толькі 13 танкаў былі страчаны ў выніку авіяналётаў.

У наступны перыяд з-за адноснай слабасці сваіх танкаў саюзнікі пачалі абыходзіць падраздзяленні з «Тыграмі» па вялікай плошчы, прымушаючы цяжкарухомыя і схільныя да паломак танкі адступаць з вялікімі стратамі, каб пазбегнуць акружэння  (руск.)[64]. Далей у ходзе вайны машыны найчасцей можна было выкарыстоўваць толькі паасобку. У Ардэнскай аперацыі  (руск.) прынялі ўдзел 35 «Тыграў». Ніводны з іх не быў страчаны непасрэдна ў баях. У сакавіку 1945 года на Заходнім фронце было ўсяго 13 «Тыграў»[65]. З ростам вытворчасці падкаліберных бранябойных снарадаў з сардэчнікам усё большая колькасць звычайных супрацьтанкавых узбраенняў станавілася здольнай да барацьбы з «Тыграм». Так ці іначай, супастаўляльнага з ім танка саюзнікі так і не стварылі да канца вайны, пакуль не з'явіўся M26 Pershing  (руск.). Толькі 20 адзінак гэтага танка паспелі прыняць удзел у баях еўрапейскага тэатру ваенных дзеянняў[66].

Рэтраспектыўныя вывады

[правіць | правіць зыходнік]

Аналіз канструкцыі

[правіць | правіць зыходнік]
У канцы вайны шмат машын пакідаліся, асабліва часта з-за празмерных намаганняў, неабходных для іх аднаўлення

«Тыгр» быў адным з найбольш моцных танкаў Другой сусветнай вайны. Высокая бронепрабівальнасць і трапнасць яго асноўнага ўзбраення, магчымасць хуткай перазарадкі, дакладная прыцэльная оптыка давалі «Тыгру» перавагу над усімі стандартнымі танкамі праціўніка. Хоць браня і мела невыгадную з балістычнага пункту гледжання форму, але яе таўшчыня забяспечвала высокі ўзровень абароны. Дзякуючы гэтаму «Тыгр» быў амаль непаражальным для стандартных супрацьтанкавых сродкаў праціўніка на звычайных дыстанцыях бою[67].

Аднак у машыны былі і сур'ёзныя недахопы: акрамя даволі малой дальнасці стрэлу, традыцыйная канструкцыя брані з вертыкальнымі і, адпаведна, не адбіваючымі снарады паверхнямі, лічылася састарэлай. Тэхнічныя інавацыіі, такія, як рулявы механізм, што кіраваўся рулявым колам, паўаўтаматычная каробка перадач і дыскавыя тармазы, забяспечвалі добрую кіруемасць, аднак гэтая складаная і патрабуючая адпаведна складанага тэхнічнага абслугоўвання тэхналогія аказалася празмерна схільнай да паломак. Гэта вымагала наяўнасці вялікіх лагістычных і рамонтных магутнасцяў[68].

У спалучэнні з недастатковай удзельнай магутнасцю машыны, усё гэта прыводзіла да вялікай колькасці тэхнічных страт. Пры гэтым праблема буксіроўкі такіх танкаў так і не была вырашана да канца вайны[68]. Як правіла, пасля двух-трох дзён баёў толькі палова цалкам укамплектаванага атраду «Тыграў» заставалася баяздольнай[17]. Больш за тое, вышэйшыя чыны камандавання імкнуліся дасягнуць як мага большых поспехаў, атрымаўшы ў сваё часовае распараджэнне «Тыгры», пры гэтым часам не разумеючы тактычных асаблівасцяў іх выкарыстання і не звяртаючы ўвагі на высокія патрабаванні да рамонту[69]. У сукупнасці ўсё гэта прыводзіла да таго (што было ўвогуле незвычайным для серыйных танкаў Другой сусветнай вайны), што большасць страт былі выкліканы не дзеяннямі праціўніка, а тэхнічнымі дэфектамі і паломкамі альбо захрастваннем у непрыдатнай мясцовасці ў спалучэнні з адсутнасцю магчымасці да эвакуацыі і, адпаведна, далейшай ліквідацыяй[70].

Удабавак, вытворчасць гэткіх машын патрабавала вялікіх выдаткаў на персанал і матэрыялы, у той час, як эканамічная сітуацыя ў Рэйху станавілася ўсё больш і больш складанай. Нягледзячы на сучасную крытыку высокіх выдаткаў на распрацоўку і вытворчасць «няўклюднага і грамоздкага» танка (якія складалі паўмільярда марак)[71], яго вытворчасць не заўсёды разглядаецца як няправільнае рашэнне[72]. Але фактам з'яўляецца і тое, што «Пантэра», больш надзейная і простая ў вытворчасці, была б больш удалым варыянтам для арміі. Нават інжынеры Henschel лічылі, што «Пантэра» лепей падыходзіць для масавай вытворчасці і мае больш тактычных пераваг[73].

Стварэнне легенд

[правіць | правіць зыходнік]
Агітацыйнае фота прапагандысцкай роты вермахта  (руск.)
Тыгр, шэсць экзэмпляраў якога ўсё яшчэ існуюць, добра вядомы і сёння (тут — экспанат у Musée des Blindés  (англ.))

У час сваёй службы «Тыгр» быў улюбёным аб'ектам прапаганды, у якой натуральным чынам праявілася тэндэнцыя да перавелічэння. У нацыянал-сацыялістычнай прапагандзе «Тыгр» прыўзносіўся як «непахісны таран» і называўся «страхоўкай жыцця экіпажу». Неўзабаве «Тыгр» часткова стаў ахвярай гэтай прапаганды, паколькі вышэйстаячыя штабы часам ставілі сваім падначаленым часцям з «Тыграмі» невыканальныя задачы на кароткія тэрміны, якія тыя былі не ў стане адолець[74]. Акрамя таго, з-за сапраўдна добрай бранявой абароны некаторыя экіпажы «Тыграў» былі схільныя да залішняй самаўпэўненасці ды ішлі на значную рызыку. Пасля шэрагу неапраўданых страт Генеральны інспектар танкавых войскаў  (ням.) заявіў, што статус непаражальнасці не з'яўляецца рэалістычным і што варта прытрымлівацца асноўных тактычных правілаў[75] [76]. У плане перавелічэнняў прапаганда праціўніка мала чым адрознівалася ад нямецкай. Пасля Курскай бітвы Савецкая армія заявіла, што падбіла больш за 700 «Тыграў», аднак да таго моманту танкаў было выраблена толькі каля паловы ад гэтай лічбы[77]. Заходнія саюзнікі таксама паведамлялі аб тым, што бачылі танкі «Тыгр» практычна паўсюль на сваіх франтах і знішчылі значную іх колькасць. Падчас Ардэнскай аперацыі яны лічылі, што больш за палову ўсіх нямеціх танкаў былі «Тыграмі», хоць большасць з іх насамрэч складалі Panzer IV і «Пантэры»[78].

З-за абмежаванай даступнасці «Тыгра» з прычыны яго механічнай ненадзейнасці і нізкіх тэмпаў вытворчасці ў час вайны не было нават некалькіх прыкладаў яго канцэнтравнага выкарыстання ў якасці сродка прарыву (хоць гэта і прадугледжвалася дактрынай). Усе паспяховыя атакі былі чыста тактычнага характару[79]. Тым не менш, «Тыгр» быў нямецкім танкам, да якога праціўнік праяўляў найбольшую павагу. Бронетэхніка праціўніка звычайна адразу ж адступала, як толькі бачыла танкі «Тыгр»[80]. Іх з'яўленне на фронце часта прыводзіла да ўзнікнення панічных настрояў, асабліва ў заходніх саюзнікаў[81] [82] Падчас высадкі ў Нармандыю  (руск.) падраздзяленні з «Тыграмі» былі адзінымі нямецкімі падраздзяленнямі ніжэй за дывізію, якія адлюстроўваліся на ваенных картах  (ням.) саюзнікаў[83]. У дакладзе, падрыхтаваным генералам Эйзенхаўэрам для ваеннага міністэрства  (руск.), амерыканскія салдаты падрабязна апісваюць перавагу «Тыгра» над іх танкамі[84] [заўв 12]. Фельдмаршал Мантгомеры таксама ўсведамляў, што «Тыгр» аказваў негатыўны ўплыў на баявы дух яго войскаў[83]. Аднак, па меркаванні аўтара Хорста Шайберта  (ням.), легендарная рэпутацыя «Тыгра» сёння абумоўлена хутчэй паведамленнямі саюзнікаў і асаблівасцямі ўспрыняцця «Тыгра» замежнай ваеннай літаратурай, чым нейкімі рэальнымі падставамі[85].

Існуючыя экзэмпляры

[правіць | правіць зыходнік]

Адзіны экзэмпляр у рабочым стане знаходзіцца ў танкавым музеі Бовінгтана  (руск.). Танк, які належаў да 504-й цяжкай танкавай дывізіі, быў захоплены 24 красавіка 1943 года ў Тунісе паміж Меджэз-эль-Бабам і Мантарна 142-м палком Каралеўскага бронетанкавага корпуса і 2-м корпусам Шэрвудскіх Ляснічых (англ.: Sherwood Foresters)[86].

Іншыя экзэмпляры знаходзяцца ў Нямецкім танкавым музеі  (руск.)[87], у Музеі бронемашын  (англ.)[88], у танкавым музеі Кубінкі  (руск.)[89], у Вімуцье[90], у калекцыі бронетэхнікі і кавалерыі арміі ЗША і ў Аўстралійскім музеі бронетэхнікі і артылерыі  (англ.)[91].

У адрозненні ад іншых нямецкіх танкаў, у «Тыгра» амаль не было мадыфікацый. Найбольш распаўсюджанай была Panzerbefehlswagen (89 адз.), якую можна было распазнаць звонку толькі па дадатковай зоркападобнай антэне, усталяванай на башні. Адным са змяненняў стала прыбранне кааксіяльнага башаннага кулямёта і скарачэнне боекамплекту з 92 да 66 снарадаў. Замест кулямёта ў башні была ўсталявана дадатковая радыёстанцыя, якой распараджаўся зараджаючы як другі радыст[92].

«Штурмтыгр» уяўляў сабою цяжкабраніраваны штурмавы танк з нахільным кузавам, усталяваным на шасі танка «Тыгр». Асноўным узбраеннем быў 38-см рэактыўны мінамёт, снарады якога аказвалі моцнае паражаючае дзеянне на цэль. Былі выраблены толькі 18 экзэмпляраў гэтай 65-тоннай машыны.

Мадэль Bergetiger

Так званы Bergetiger — адзіная (у экзэмпляры) фатаграфічна задакументаваная машына, якая пашкоджанай была захопленая амерыканскімі войскамі ў Італіі як пераабсталяваная баявая машына з 508-й цяжкай танкавай дывізіі. Асноўнае ўзбраенне было дэмантавана, а замест яго на башні была ўсталявана падвеска для невялікага крана, які мог падымаць толькі лёгкія грузы. У многіх публікацыях гэтая машына ўпамінаецца як Bergetiger. Некаторыя дапускаюць, што яна выкарыстоўвалася для ўсталявання ўзрыўных зарадаў з мэтай размініравання праездаў. На сённяшні дзень няма ніякіх дакументаў, якія маглі б праясніць пытанне аб прызначэнні гэтай машыны[93].

У літаратуры паведамляецца, што тры танкі Tiger I былі пераабсталяваны ў Bergetiger у 509-й цяжкай танкавай дывізіі. У верасні 1944 года яны перайшлі да 501-й танкавай дывізіі. Можна дапусціць, што гэта былі пераробленыя шасі, якія былі перададзеныя 509-й цяжкай танкавай дывізіі ў чэрвені 1944 года як новае абсталяванне для Tiger I. Вельмі верагодна, што, як і ў выпадках з другімі тыпамі танка, асновай сталі безбашанныя машыны, башні якіх былі непапраўна пашкоджаны. Фотадакументаў, якія б пацвярджалі паведамленні 509-й дывізіі, не захавалася[93].

Адгалінаванне Berge-Panzer VI

[правіць | правіць зыходнік]

Пяць са створаных Porsche «Тыграў» былі пераабсталяваны ў браніраваныя рамонтна-эвакуацыйныя машыны. Сістэма прывода была пераробленай па тым жа прынцыпе, што і ў знішчальніка танкаў «Фердынанда  (руск.)». Машына не атрымала дадатковай брані, а замест вялікай кабіны займела толькі малую кабіну ззаду, у якой для самаабароны быў усталяваны кулямёт MG 34. У машыне быў невялікі кран і не было магутнай тэхнікі для эвакуацыі[94] [95].

Пасля жорсткіх вулічных баёў у Сталінградзе  (ням.) было прапанавана пераабсталяваць тры шасі Porsche ў таранныя танкі. Машына, забяспечаная моцна нахіленай бранёю з усіх бакоў, была прызначана для разбурэння будынкаў лабавым таранам. Праект быў закінуты, як і планы па выкарыстанні двух шасі «Тыгра» ў якасці транспарцёраў для 24-см пушкі Kanone 4  (ням.). Закінутымі сталі і планы па стварэнні версіі «Тыгра» ў якасці штурмавой зброі  (руск.) з 8,8-см пушкай KwK 43, якая пазней выкарыстоўвалася ў мадэлі «Тыгр II  (руск.)» (альбо «Каралеўскі тыгр»)[96].

Існавалі таксама і планы па павышэнні баявой эфектыўнасці серыйнай мадэлі. Напрыклад, летам 1942 года праводзіліся іспыты магчымасці ўзмацнення лабавой брані да 120 мм. Восенню 1943 года для павышэння агнявой моцы на машыну ўсталявалі гармату KwK 43 ад «Каралеўскага тыгра». З-за сур'ёзных праблем з механічнай каробкай перадач у кастрычніку 1942 года «Тыгр» быў забяспечаны 12-ступенчатай электрычнай каробкай перадач ZF  (руск.), якая ажыццяўляла пераключэнне перадач электрычным спосабам. З мэтай паляпшэння перадачы магутнасці была даследавана магчымасць усталявання гідраўлічнай  (руск.) трансмісіі Voith  (руск.). Ніводны з пералічаных праектаў не атрымаў далейшага развіцця[97].

Дзеля павышэння ўдзельнай магутнасці  (ням.) было праведзена некалькі паляпшэнняў рухавіка. У ходзе іспытаў магутнасць рухавіка Maybach была павялічана з 700 да 800 к. с. за кошт прамога ўпрыску паліва  (руск.). Наступным этапам распрацоўкі стаў рухавік магутнасцю ў 1000 к. с. з турбанаддувам  (руск.), вопытны экзэмпляр якога быў усталяваны на «Тыгр», але не спытаны. Пасля вайны такі рухавік усталявалі ў франузскі AMX-50  (руск.). З-за спецыфікі ходу вайны ўсе гэтыя эксперыменты, у тым ліку такія, як 12-цыліндровы дызельны рухавік магутнасцю ў 800 к. с. ад Argus  (англ.), 16-цыліндровы X-рухавік  (руск.) з паветраным ахалоджваннем ад Porsche, што дасягнуў магутнасці ў 1500 к. с. падчас іспытаў, 12-цыліндровы бензінавы рухавік магутнасцю ў 900 к. с. ад Auto Union  (руск.), 12-цыліндровы бензінавы рухавік магутнасцю ў 1050 к. с. ад Adler  (руск.) і новая канцэпцыя прывода ад Porsche з газавай турбінаю магутнасцю ў 1000 Вт/с — засталіся незавершанымі[98] [заўв 13].

Тэхнічныя даныя

[правіць | правіць зыходнік]
Тэхнічныя даныя танка Panzerkampfwagen VI Tiger[99]
Агульныя характарыстыкі
Класіфікацыя Цяжкі танк
Абазначэнне прататыпа VK 45.01 (H) / 181
Галоўны канструктар Эрвін Адэрс  (руск.) (Henschel & Sohn  (руск.), Касель)
Маса ў поўнай баявой гатоўнасці 57 тон
Дліна з пушкай / без пушкі 8,45 м / 6,31 м
Шырыня 3,54 м
Вышыня 3 м
Узбраенне
Асноўнае ўзбраенне 8,8-cm-KwK 36  (руск.)
Дадатковае ўзбраенне 2 × MG 34
Боезапас KwK: 92 снарада
MG: 5850 патронаў (39 сумак па 150 патронаў)[T 1]
Дліна пушкі (KwK) 4,93 м
Маса (KwK) 1,35 т
Тэрмін баяздольнасці (KwK) 6000 стрэлаў
Кошт (KwK) 22.000 рэйхсмарак (па коштах на 1943 г.)
Браня
Корпус (лабавая) 100 мм / 81° (адносна кіроўцы)
Барты корпуса 80 мм / 90°
Барты хадавой часткі 60 мм / 90°
Корпус (хваставая) 80 мм / 90°
Корпус (днішча) 25 мм
Башня (лабавая) 100 мм / 80°
Башня (бакавая) 80 мм / 90°
Башня (хвост) 80 мм / 90°
Башня (верх) 25 мм
Прывод і хадавая частка
Рухавік Дванаццаціцыліндровы  (руск.) бензінавы рухавік з водным ахаладжэннем  (руск.) Maybach HL 230  (руск.) P45[T 2]
V-падобны  (руск.) з 60° вуглом ухілу  (ням.) і з карбюратарамі (чатыры двайныя карбюратары),
адно магнета Bosch на кожны рад цыліндраў, змазка з сухім картарам, ёмістасць масла 28 літраў
Дыяметр цыліндра  (англ.) × Ход поршня  (ням.) 130 × 145 мм
Рабочы аб'ём  (руск.) 23 л
Магутнасць 700 к. с. пры частаце 3000 мін−1 (Эксплуатацыйная магутнасць: 650 к. с. пры частаце 2800 мін−1)
Удзельная магутнацсь 12,3 к. с./т
Максімальная хуткасць па шашы / па перасечанай мясцовасці 45 / 20 км/г
Сукупны аб'ём паліўных бакаў 540 л
Запас ходу па шашы / па перасечанай мясцовасці 100 км / 60 км (па іншых дадзеных: 195 км / 110 км)[T 3]
Шырыня гусеніцы 72 см
Ціск на грунт  (англ.) 1,03 кг / см²
Дарожны прасвет  (руск.) 47 см
Вугал пераадолення пад'ёмаў  (ням.) да 35°
Падводны ход  (англ.) 1,60 м
Здольнасць да пераадолення рвоў  (ням.) 2,50 м
Заўвагі да табліцы «Тэхнічныя даныя»
  1. Розныя дадзеныя: Фон Зенгер унд Этэрлін (Die deutschen Panzer 1926–1945.) падае колькасць у 3920 патронаў.
    У працы Шпільбергера (Der Panzerkampfwagen Tiger und seine Abarten.) упамінаюцца 32 сумкі з 4800 патронамі.
  2. У першых 250 машынах: Maybach HL 210 P45 (рабочым аб'ёмам у 21 л, магутнасцю ў 650 к. с. пры частаце абаротаў у 3000 мін−1)
  3. Існуюць розныя дадзеныя па запасе ходу і расходзе паліва:
    • 195 км / 110 км даюць Йенц (Tiger I & II: Kampf und Taktik) і Шпільбергер (Der Panzerkampfwagen Tiger und seine Abarten) пры наступным расходзе паліва на 100 км: 270 л па шашы і 480 л па перасечанай мясцовасці.
    • 100 км / 60 км даюць Шайберт (Die deutschen Kampfpanzer 1935–1945), Кейснар (Die Tiger-Familie), а таксама фон Зенгер унд Этэрлін (Die deutschen Panzer 1926–1945.) пры наступным расходзе паліва на 100 км: 535 л па шашы і 935 л па перасечанай мясцовасці. Шпільбергер у сваёй працы «Der Panzerkampfwagen Tiger und seine Abarten» прыводзіць гэтыя значэнні і для Henschel-Prototyp. Найбольш верагоднымі з'яўляюцца значэнні 100 / 60 км.
  • Крыс Бішап. The Encyclopedia of weapons of World War II: the comprehensive guide to over 1,500 weapons systems, including tanks, small arms, warplanes, artillery, ships, and submarines (англ.). — 1998. — ISBN 3-8289-5385-9.
  • Вольфганг Фляйшар  (ням.). Der Panzerkampfwagen VI „Tiger“ bei der Truppe (ням.). — Podzun-Pallas, 1998. — ISBN 3-7909-0637-9.
  • Вольфганг Фляйшар, Хорст Шайберт. Panzer-Kampfwagen Tiger (ням.). — Utting: Dörfler im Nebel Verlag, 2002. — ISBN 3-89555-051-5.
  • Роджар Форд. Tiger-Panzer (ням.). — Utting: Dörfler im Nebel Verlag, 2000. — ISBN 3-89555-768-4.
  • Джордж Форці. Die deutsche Panzerwaffe im Zweiten Weltkrieg (ням.). — Bechtermünz, 1998. — ISBN 3-8289-5327-1.
  • Томас Л. Енц  (ням.). Tiger I & II: Kampf und Taktik (ням.). — Podzun-Pallas Verlag, 2000. — ISBN 3-7909-0691-3.
  • Томас Л. Енц, Хілары Луіс Дойл. Panzer Tracts No. 16 — Bergepanzerwagen — Bergepanzer 38 to Bergepanther (англ.). — Boyds, MD  (англ.): Panzer Tracts Eigenverlag, 2004. — ISBN 0-9744862-5-6.
  • Іган Кляйнэ, Фолькмар Кюн. Tiger — Die Geschichte einer legendären Waffe 1942–1945 (ням.). — Stuttgart: Motorbuch Verlag. — ISBN 3-87943-414-X.
  • Хорст Шайберт. Tiger I im Einsatz. Waffen-Arsenal Sonderband S-20 (ням.). — Podzun-Pallas. — ISBN 3-7909-0410-4.
  • Фердынанд фон Зенгер унд Этерлін  (ням.). Die deutschen Panzer 1926–1945. — Bernard & Graefe Verlag. — ISBN 3-7637-5988-3.
  • Вальтэр Й. Шпільбергер. Der Panzerkampfwagen Tiger und seine Abarten (ням.). — Stuttgart: Motorbuch Verlag, 1997. — ISBN 3-87943-456-5.
  • Ян Зюрмант. Wehrmacht-Fahrzeuge — Restaurierte Rad- und Ketten-Kfz (ням.). — Stuttgart: Motorbuch Verlag, 2005. — ISBN 3-613-02513-2.
  • Крыстафер Уілбэк. Sledgehammers (англ.). — Aberjona Press, 2004. — ISBN 0-9717650-2-2.
  • Вілі Квайснар. Die "Tiger-Familie" (ням.). — Гамбург: Flugzeug-Publ, 1996.
  • Хартмут Кнітэль. Panzerfertigung im Zweiten Weltkrieg (ням.). — Mittler Verlag, 1988. — ISBN 3-8132-0291-7.
  • Under the Tiger's skin (англ.). З часопіса Popular Science  (руск.), т. 146, №6. Popular Science Pub. Co., 1945, ISSN 0161-7370, с. 68–69.
  • Вермахт. Merkblatt 47a/27 Schießanleitung und Schulschießübungen für den Panzerkampfwagen Tiger (ням.). — 1944. — ISBN 978-3-7534-8196-8.
  1. а б в г д е ё Chamberlain P., Doyle H. L. Encyclopedia of German Tanks of World War Two, Revised EditionArms and Armour Press, 1993. — С. 136.
  2. а б в Winchester J. The World War II Tank GuideChartwell Books, 2000. — С. 16. — ISBN 978-0-7858-1229-6
  3. Шпільбергер 1997, с. 24—26.
  4. Шпільбергер 1997, с. 16—18.
  5. Форці 1998, с. 118.
  6. Шпільбергер 1997, с. 28, 36 — Porsche; с. 70 — Henschel.
  7. Шпільбергер 1997, с. 28—36.
  8. Шпільбергер 1997, с. 70.
  9. Haustenbeck’s Heritage: Rise and Fall (англ.). Haustenbeck's Heritage (4 верасня 2020). Праверана 21 лютага 2025.
  10. Шпільбергер 1997, с. 76—77.
  11. Шпільбергер 1997, с. 94.
  12. Міхаэль Вінінгер. Das Nibelungenwerk. Die Panzerfabrik in St. Valentin (ням.). — Andelfingen: Müller History Facts, 2011. — С. 192. — ISBN 978-3-905944-04-4.
  13. Шпільбергер 1997, с. 133.
  14. Форці 1998, с. 150.
  15. Кнітэль 1988, с. 60.
  16. Енц 2000, с. 21.
  17. а б Фляйшар 1998, с. 37.
  18. а б Лічба была атрымана выкарыстаннем шаблона [[Vorlage:Inflation]] у нямецкай вікі і акруглена да бліжэйшай сотні тысяч. Канвертацыя адбываецца да курса рэйхсмаркі на студзень 1943 года.
  19. Фляйшар 1998, с. 10 (250 800 рэйхсмарак).
  20. Шпільбергер 1997, с. 106 (300 000 рэйхсмарак).
  21. Шпільбергер 1997, с. 92, 96, 99, 100.
  22. Шпільбергер 1997, с. 78.
  23. Форці 1998.
  24. Пітэр Бручэк  (ням.). Die österreichische Identität im Widerstand 1938–1945 // Militärischer Widerstand: Studien zur österreichischen Staatsgesinnung und NS-Abwehr (ням.). — Вена: Böhlau Verlag  (англ.), 2008. — С. 163. — ISBN 978-3-205-77728-1.
  25. Пітэр Піркер  (ням.). Subversion deutscher Herrschaft: Der britische Kriegsgeheimdienst SOE und Österreich (ням.). — Гётынген: Vandenhoeck & Ruprecht  (англ.), 2012. — С. 253. — ISBN 978-3-89971-990-1.
  26. Дзітрых Эйнхольц  (ням.). Geschichte der deutschen Kriegswirtschaft 1939–1945 (ням.). — Берлін: Walter de Gruyter, 2003. — С. 337. — ISBN 3-11-096489-9.
  27. Шпільбергер 1997, с. 104.
  28. а б Енц 2000, с. 9.
  29. Енц 2000, с. 8.
  30. Енц 2000, с. 7.
  31. Transmission & Steering (англ.). Tiger I Information Center. Праверана 21 лютага 2025.
  32. Агульнае тэхнічнае апісанне падаецца па → Шпільбергер: Der Panzerkampfwagen Tiger und seine Abarten; а таксама Форці : Die deutsche Panzerwaffe im Zweiten Weltkrieg і Фердынанд фон Зенгер унд Этерлін : Die deutschen Panzer 1926–1945.
  33. Уілбэк 2004, с. 36.
  34. Пра інтэрвалы тэхнічнага абслугоўвання → Лукас Фрайдлі. Die Panzer-Instandsetzung der Wehrmacht (ням.). — Schneider Armour Research. — С. 105. — ISBN 3-935107-08-0.
  35. Енц 2000, с. 89—90.
  36. Гл. т. зв. „Mahlzeiten“ у Tigerfibel Архіўная копія на Wayback Machine (PDF; 4,4 MB), с. 80
  37. Форці 1998, с. 125—126.
  38. Уілбэк 2004, с. 39.
  39. Савецкі стандартны бранябойны снарад БР 350А калібру 76,2 мм валодаў бронепрабівальнасцю каля 80 мм пры пападанні пад вуглом 90° на адлегалсці 100 м → М. Н. Свирин. Артиллерийское вооружение советских танков 1940–1945 (руск.). — Экспринт, 1999.
  40. Енц 2000, с. 81.
  41. Дэвід Гланц  (руск.). Colossus Reborn (англ.). — University of Kansas Press. — С. 201. — ISBN 978-0-7006-1353-3.
  42. а б Енц 2000, с. 95.
  43. Фляйшар 1998, с. 12.
  44. Уілбэк 2004, с. 187.
  45. Уілбэк 2004, с. 67, 73.
  46. Дэвід Гланц  (руск.). The Battle of Kursk (англ.). — University of Kansas Press, 2004. — С. 17. — ISBN 978-0-7006-1335-9.
  47. Militärgeschichtliches Forschungsamt (Military History Research Office): Трэці Рэйх і Другая сусветная вайна (ням.) Band 8, ISBN 978-3-421-06235-2, С. 159
  48. Österreichische Militärische Zeitschrift  (англ.): Vor 60 Jahren: Prochorowka (ням.). — 2003-08-06 → Артыкул анлайн Архіўная копія на Wayback Machine
  49. Уілбэк 2004, с. 72—74.
  50. Уілбэк 2004, с. 76—77.
  51. Прабіўная здольнасць стандартнага снарада БР-471 пры вугле пападання ў 30°: 105 мм на адлегласці 1000 м і 80 мм на адлегласці 2000 м → А. Б. Шыракарад  (руск.). Энциклопедия отечественной артиллерии (руск.). — Харвест, 2000. — ISBN 985-433-703-0.
  52. а б І. Жалтоў, І. Паўлаў, М. Паўлаў, А. Сяргеяў. Танки ИС в боях (руск.). — Восточный горизонт, 2002.
  53. Уілбэк 2004, с. 110.
  54. а б Енц 2000, с. 132, 157.
  55. а б Уілбэк 2004, с. 104.
  56. Енц 2000, с. 138, 150.
  57. Енц 2000, с. 42.
  58. Квайснар 1996, с. 12.
  59. Енц 2000, с. 55—56, 59.
  60. Уілбэк 2004, с. 56—57.
  61. Енц 2000, с. 12—15.
  62. Енц 2000, с. 96—97.
  63. Уілбэк 2004, с. 96—97.
  64. Уілбэк 2004, с. 181.
  65. Енц 2000, с. 126—129.
  66. Джордж Форці. United States tanks of World War II (англ.). — Blandford Press, 1983. — С. 136. — ISBN 0-7137-1214-7.
  67. Енц 2000, с. 10.
  68. а б Квайснар 1996, с. 14.
  69. Енц 2000, с. 150, 166, 168.
  70. Фляйшар 1998, с. 96.
  71. Шпільбергер 1997, с. 7.
  72. Кнітэль 1988, с. 101.
  73. Шпільбергер 1997, с. 189.
  74. Енц 2000, с. 143—145.
  75. Форці 1998, с. 132.
  76. Енц 2000, с. 163.
  77. Уілбэк 2004, с. 8.
  78. Уілбэк 2004, с. 7—8.
  79. Уілбэк 2004, с. 182.
  80. Енц 2000, с. 163, 166.
  81. Чарльз Уайцінг. Kasserine: first blood (англ.). — Stein and Day Verlag, 1984. — С. 174. — ISBN 0-8128-2954-9.
  82. Форці 1998, с. 119.
  83. а б Уілбэк 2004, с. 185.
  84. Енц 2000, с. 169—171.
  85. Хорст Шайберт. Die Deutschen Kampfpanzer 1935–1945 (ням.). — Waffen-Arsenal. — С. 40. — ISBN 3-7909-0483-X.
  86. Tiger I — The Tank Museum — Tiger 131 (англ.). The Tank Museum. Праверана 21 лютага 2025.
  87. Ein Tiger I im Panzermuseum&nbsp— Deutsches Panzermuseum Munster (ням.). Праверана 21 лютага 2025.
  88. Le Tigre I Sd.Kfz.181 Ausf. E tardif — Musée des Blindés (фр.). Праверана 21 лютага 2025.
  89. Kubinka tank museum hall 6 | Tank museum Patriot park Moscow (англ.)(недаступная спасылка). Праверана 21 лютага 2025.
  90. ezoic ezoic. Vimoutiers Tiger: The Tank Frozen in Time and Foliage (англ.). Tank Historia (4 кастрычніка 2022). Праверана 21 лютага 2025.
  91. Exhibits (англ.). Праверана 10 студзеня 2025.
  92. Сцівен Харт. Sherman Firefly vs. Tiger: Normandy 1944 (англ.). — Osprey-Verlag. — С. 21. — ISBN 978-1-84603-150-2.
  93. а б Енц, Дойл 2004, с. 16.
  94. Форці 1998, с. 136.
  95. Шпільбергер 1997, с. 148.
  96. Шпільбергер 1997, с. 152, 176.
  97. Шпільбергер 1997, с. 77, 98, 101, 186.
  98. Шпільбергер 1997, с. 180–185.
  99. Шпільбергер 1997, с. 190—191.
  1. VK (ням.: Vollkettenfahrzeug) — поўнасцю гусенічная машына
  2. Іншыя крыніцы паведамляюць пра 4 прататыпы.
  3. Форці падае колькасць у 1355 адз., ён жа дае і штомесячную колькасць
  4. Такім чынам, «Тыгр I» валодаў большай за «Тыгр II» дакладнасцю стрэлу
  5. Паводле Енца: у Т-34 часта выходзіў са строю рухавік пасля прабіцця лабавой часткі корпуса
  6. Іншыя крыніцы паведамляюць пра 146 танкаў «Тыгр» у аперацыі «Цытадэль»
  7. 503-я цяжкая танкавая дывізія была вымушана аддзяліць тры роты і перадаць іх тром розным дывізіям, а рота з 505-й цяжкай танкавай дывізіі была падпарадкавана пяхотнай дывізіі
  8. Страты — ад пачатку аперацыі да 20 ліпеня
  9. Паводле Уілбэка: Напрыклад, у паўднёвай частцы фронта аперацыі наступленне было затрымана на тыдзень
  10. Амаль усе знішчаныя гэтымі двума дывізіямі танкі саюзнікаў прыпісваюцца на лік «Тыграў». Танкі Panzer III Ausf. N  (руск.) з іх караткаствольнымі пушкамі маглі знішчыць толькі некалькі варожых машын
  11. Паводле Уілбэка: толькі за суткі 30 чэрвеня 1944 года 504-я цяжкая танкавая дывізія страціла 22 «Тыгры» з-за паломак падчас адступлення
  12. Паводле Енца: у той жа манеры апісвалася і «Пантэра»
  13. Паводле Шпільбергера: некаторыя з пералічаных праектаў былі распрацаваны для пераемніка, «Каралеўскага тыгра», але ў выпадку поспеху былі б выкарыстаны і ў Tiger I