Тыкопія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыкопія
англ. Tikopia
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча4,6 км²
Найвышэйшы пункт380 м
Насельніцтва1 285 чал. (2009)
Шчыльнасць насельніцтва279,35 чал./км²
Размяшчэнне
12°17′55,50″ пд. ш. 168°49′23,60″ у. д.HGЯO
АрхіпелагСаламонавы астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Тыкопія (Саламонавы Астравы)
Тыкопія
Тыкопія
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тыкопія (англ.: Tikopia) — востраў у складзе архіпелага Саламонавы астравы. З’яўляецца часткай дзяржавы Саламонавы Астравы. Плошча — 4,6 км². Насельніцтва — 1285 чалавек (2009 г.).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Тыкопія месціцца за 1018 км на паўднёвы ўсход ад Ханіяры, сталіцы Саламонавых Астравоў. Ён уяўляе сабою вяршыню падводнага вулкана. У цэнтры вострава знаходзіцца возера Тэ-Рота — жарало старажытнай кальдэры глыбінёй да 80 м. Ад акіяна возера адлучана пясчаным перасмыкам Равенга, які ўзнік толькі ў апошняе тысячагоддзе.

Дзве трэці вострава пакрыты скалістымі ўзвышшамі. Найвышэйшы пункт — гара Рэяні (380 м).

Клімат трапічны вільготны. Сярэднедзённая тэмпература вагаецца ад 23 °C да 30 °C. Востраў Тыкопія знаходзіцца ў рэгіёне фарміравання моцных трапічных цыклонаў. У 2002 г. ён пацярпеў ад цыклона Зоэ.

Прырода Тыкопіі моцна зменена чалавекам. Асабліва пацярпела наземная фаўна. У XVIII ст. з-за недахопу рэсурсаў астравіцяне былі вымушаны адмовіцца ад палявання і жывёлагадоўлі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Тыкопія быў населены людзьмі каля 800 г. да н. э. Амерыканскія археолагі П. В. Кірч і Д. Е. Ен вылучаюць 3 буйныя перыяды дакаланіяльнай культуры вострава:

  • Кікі (800 г. да н. э. — 100 г. да н. э.)
  • Сінапупу (100 г. да н. э. — 1200 г.)
  • Туакамалі (1200 г. — 1800 г.)

Для Кікі характэрна распаўсюджанне керамікі, блізкай да лапіта, цёслаў і ўпрыгожванняў з ракавін малюскаў. У гэты перыяд плошча вострава была меншай за сучасную, а рыфавых водмеляў — большая.

Сінапупу вызначаецца знікненнем мясцовай керамікі на карысць прывезенай з поўначы Вануату. Тагачасныя насельнікі (меркавана, яны былі меланезійцамі) займаліся сельскай гаспадаркай, вырошчвалі ямс, тара і хлебнае дрэва, трымалі свінняў. Вырубка лясоў і эрозія паступова прывялі да наносаў з вулканічных схілаў на ўсё больш і больш разбураную берагавую лінію.

Перыяд Туакамалі атаесамляецца са з’яўленнем продкаў сучасных жыхароў-палінезійцаў. Згодна з паданнямі, яны выгналі сваіх папярэднікаў. Кераміка знікла. Берагавая лінія пашырылася, узніклі прыбярэжныя балоты, а плошча рыфаў скарацілася. На позняй стадыі Туакамалі тубыльцы змянілі свой падыход да гаспадарання. Яны адмовіліся ад палявання і свінагадоўлі. У выніку колькасць птушак і гуана павялічыліся. Новая пермакультурная сістэма земляробства прадугледжвала не вырубку, а замену дзікіх дрэваў на культурныя, клубневыя расліны выконвалі ролю падлеску. Такім чынам, жыхары Тыкопіі спынілі экалагічнае бедства і здолелі забяспечыць сябе харчам.

Упершыню востраў Тыкопія быў заўважаны іспанскімі мараплаўцамі ў 1606 г. У 1826 г. Тыкопія зноў была адкрыта французскай гандлёвай экспедыцыяй. Астравіцяне абмяжоўвалі наведванне сваёй радзімы хрысціянскімі місіянерамі, таму іх хрышчэнне стала магчымым толькі пасля 1897 г., калі Тыкопія фармальна трапіла ў склад каланіяльных валоданняў Вялікабрытаніі. Да Другой сусветнай вайны наведванне святарамі сваёй паствы было спарадычным, а таму хрысціянскія традыцыі цалкам не выціснулі мясцовыя. У 19281929 гг. добра захаваную палінезійскую культуру астравіцян даследаваў новазеландскі этнолаг Рэйманд Ферт[en]. Ён апублікаваў шэраг кніг, якія прыцягнулі іншых даследчыкаў. У выніку маленькі востраў быў вывучаны значна лепей, чым навакольныя буйныя астравы.

Да 1952 г. насельніцтва вырасла да 1750 чалавек. Моцны цыклон, а потым засуха прывялі да голаду. Таму з 1953 г. тыкапійцы пачалі паступовае перасяленне ў раён Ханіяры, дзе ў нашы дні іх жыве больш, чым на самой Тыкопіі.

З 1978 г. Тыкопія ў складзе незалежнай дзяржавы Саламонавы Астравы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Хлопец з Тыкопіі, 1972 г.

Востраў Тыкопія адметны тым, што геаграфічна адносіцца да Меланезіі, але яго насельнікі — знешнія палінезійцы. Іх традыцыйныя заняткі — прыбярэжнае рыбалоўства і земляробства. Пермакультурная сістэма, створаная дзесьці ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, практыкуецца і ў нашы дні. Яна накіравана на саслабленне гаспадарчага ціску на навакольную прыроду і захаванне абмежаваных натуральных рэсурсаў. Вырошчваюць клубневыя культуры, бананы, хлебнае дрэва, сагавую пальму, гародніну. Да кантактаў з еўрапейцамі важным было вырошчванне куркумы, якую выкарыстоўвалі як пігмент і абменьвалі на тавары з іншых астравоў.

Астравіцяне будуюць свае вёскі на марскім узбярэжжы. Знешне планіроўка нагадвае раскіданую. На самой справе, яны будуюцца так, каб кожная сям’я мела праход да вады. Роля адміністрацыйнага цэнтру належыць вёсцы Матау́ту. Жытлы каркаснага тыпу, крытыя пальмавым лісцем. Уваход маленькі, так што ў хаціну можна патрапіць толькі на карачках. Печы і месцы для захавання лодак ладзяць пад асобнымі падстрэшкамі каля хацін.

Абарыгены Тыкопіі падзяляюцца на 4 тэрытарыяльныя аб’яднанні каінанга. У мінулым яны з’яўляліся асобнымі палітычнымі ўтварэннямі на чале са спадчыннымі правадырамі, якія таксама адыгрывалі ролю першасвятароў. Нават у нашы дні правадыры з родаў Кафіка, Тафуа, Таўмака і Фангарэрэ захоўваюць уладу знутры сваіх абшчын, лічацца тапу для простых астравіцян. Дапаможныя пасады звычайна займаюць іх блізкія сваякі. У склад каінанга ўваходзяць пашыраныя сем’і пайта. Існуе спаборніцтва ў танцах і палітычным жыцці паміж жыхарамі ўсходняй часткі Равенга і заходняй часткі Фаэа. Маленькія памеры вострава і высокая шчыльнасць насельніцтва вымусілі тыкапійцаў рэгуляваць сваю колькасць праз дазвол мець дзяцей толькі для сем’яў, чый муж з’яўляўся старэйшым сынам у сваіх бацькоў. У іншых выпадках практыкавалася дзетазабойства.

Традыцыйная рэлігія ўключала шанаванне багоў тупуа і духаў атуа. Рэлігійныя цырымоніі суправаджаліся супольным ужываннем кавы. Да 1923 г. палова насельніцтва прыняла хрысціянства дзякуючы высілкам англіканскай місіі. Апошняя значная група вернікаў далучылася да хрысціянства толькі ў 1956 г.

Астравіцяне знакаміты захаваннем многіх старых традыцый, асабліва музычнага мастацтва. Песні і танцы выконваюць у іх грамадстве важныя сацыяльныя функцыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]