Тыўанака

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыўанака*
Tiwanaku**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Тып культурны
Крытэрыі III, IV
Спасылка 567
Рэгіён*** Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 2000  (24 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Тыўана́ка (аймара: Tiwanaku; ісп.: Tiahuanaco) — помнік сусветнай спадчыны на захадзе Балівіі каля паўднёвага берага возера Тытыкака на вышыні 3850 м, цэнтр дакалумбавай цывілізацыі Новага Свету.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Культура Тыўанака

Тыўанака ўяўляў сабою гарадское паселішча, якое з’яўлялася цэнтрам буйной імперыі паміж II ст. да н. э. — X ст. н. э. У перыяд яго росквіту насельніцтва складала каля 30 000 — 70 000 чалавек. Тыўанака ўзнік на горнай раўніне, дзе здаўна існавала абрашальнае земляробства. Возера Тытыкака лічылася важным сакральным цэнтрам. Першыя манументальныя будынкі пачалі ўзводзіцца ў II ст. н. э., аднак найбольш грандыёзныя пабудовы датуюцца не раней за 375 г. н. э.

Асаблівасцю мясцовай архітэктуры было выкарыстанне вялікіх адкрытых прастораў. Сэрцам горада з’яўляліся манументальныя будынкі для рэлігійных цырымоній. Яны ўзводзіліся з маналітных каменных блокаў. Вылучаюць прамавугольныя блокі і блокі, якія захоўвалі сколы і натуральныя выманні. На іх захаваліся канаўкі для разразання каменю, сляды бронзавых клямак для транспартыроўкі. Рэлігійны цэнтр месціўся на штучным узвышшы з плоскай вяршыняй, брукаванай каменем. Яна была аддзелена ад астатняга горада каналам. Некаторыя ірыгацыйныя пабудовы знойдзены і знутры.

Знешні горад уяўляў сабою сціплыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы з неабпаленай цэглы на каменных фундаментах. Керамічныя вырабы адрозніваюцца вялікай колькасцю высокіх пасудзін з упрыгожваннямі. Мяркуюць, што ў Тыўанака існавала масавая вытворчасць керамікі з выкарыстаннем прэс-форм. Жыхары горада займаліся ткацтвам, выраблялі яркія жоўтыя тканіны, вопратку і складаныя галаўныя ўборы.

Этнічны склад насельніцтва Тыўанака дакладна не вядомы. Доўгі час меркавалі, што ён быў населены аймара, паколькі менавіта яны складаюць большасць насельніцтва ў нашы дні. Аднак археалагічныя, лінгвістычныя і генетычныя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў не пацвярджаюць гэтага. Мяркуюць, што прамымі нашчадкамі тыўанаканцаў могуць быць уру.

Заняпад Тыўанака звязваюць з кліматычнымі зменамі і нападамі з боку паўночных суседдзяў (магчыма, аймара). Ужо ў XI ст. горад быў практычна пакінуты жыхарамі.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Руіны рэлігійнага цэнтра Тыўанака былі вядомы ўжо інкам і іспанскім канкістадорам. Першыя навуковыя даследаванні пачаліся з 1860-х гг. Першая падрабязная праца, прысвечаная Тыўанака, была апублікавана ў 1892 г. у Германіі.

З 1960-х гг. урад Балівіі рабіў захады для археалагічнага вывучэння і аднаўлення пабудоў. Комплексныя раскопкі пачаліся ў 1972 г. дзякуючы спецыялістам універсітэта Чыкага.

Ахова[правіць | правіць зыходнік]

У 2000 г. комплекс Тыўанака быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны комплекс Тыўанака ўключае наступныя славутасці:

Назва Выява Апісанне
Піраміда Акапана Пабудавана па-над натуральнай геалагічнай фармацыяй у форме квадрата. Аснаванне займае 16 м². На плоскай вяршыні знойдзена яміна. Археолагі лічаць, што яна выкарыстоўвалася для захавання вады або з’яўляецца рэшткамі працы ранніх скарбашукальнікаў.
Храм Каласасая Рытуальная платформа 120 м × 130 м ў атачэнні сцен з блокаў пясчаніку і андэзіту. Знутры знаходзяцца пабудовы з маналітаў, вядомыя як «квартал святароў».
Вароты Сонца Частка Каласасая, брама з аднаго маналітнага блока. Часцяком выкарыстоўваецца як сімвал Тыўанака.
Падземны храм Мяжуе з Каласасая. Уяўляе паглыблены двор 28 м × 26 м. Некаторыя даследчыкі лічаць, што храм сімвалізаваў замагільны свет, а Каласасая — зямны.
Кантатайта Руіны невядомага прызначэння. Знаходзяцца ў стане даследавання.
Путуні, або палац саркафагаў Меркаванае месца магільняў.
Пума-Пунку, або брама пумы Рэшткі храмавага комплекса.
Музей Сучасны крыжападобны будынак для экспазіцый.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 567
рус.англ.фр.

Tiwanaku даведнік на сайце Wikivoyage