Тэадорых I

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэадорых I
гоцк.: 𐌸𐌹𐌿𐌳𐌰𐍂𐌴𐌹𐌺𐍃 •𐌰•/Þiudareiks I
Гравюра XVIII стагоддзя
Гравюра XVIII стагоддзя
5-ы кароль вестготаў
418/419 — 451
Папярэднік Валія
Пераемнік Тарысмунд

Нараджэнне 393
Смерць 20 чэрвеня 451[1] ці 15 ліпеня 451
Месца пахавання
Род Балты
Імя пры нараджэнні лац.: Theoderid
гоцк.: Þiudarīks
Жонка Flavia Valiana[d]
Дзеці Эйрых[d], Тарысмунд[d][2], Тэадорых II[d][3], Фрыдэрых[d], Retemeris[d], Himnerith[d] і wife of Rechiar[d]
Веравызнанне арыянства
Дзейнасць суверэн
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тэадорых I (Тэадэрыд I; гоцк.: 𐌸𐌹𐌿𐌳𐌰𐍂𐌴𐌹𐌺𐍃 •𐌰•/Þiudareiks I — «Кароль народа», лац.: Theodoricus, Theuderedus, Theodor; загінуў у 451) — кароль вестготаў у 418/419451 гадах.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Тэадорых I быў сынам або, што больш верагодна, зяцем Аларыха I, паколькі ёсць сведчанне Сідонія Апалінарыя, што яго сын Тэадорых II быў унукам Аларыха[4]. Пасля смерці Валіі Тэадорых I быў выбраны каралём на агульным сходзе готаў. Паводле слоў Іардана: «Ён быў чалавекам, які быў поўны вышэйшай асцярожнасці і ўмеў выкарыстоўваць як душэўныя, так і цялесныя свае здольнасці»[5].

Сам факт шматгадовага кіравання Тэадорыха I гаворыць пра тое, што ён умеў лавіраваць паміж абедзвюма часткамі свайго народа: так, з аднаго боку, ён быў досыць варожы да Рыма, каб не падзяліць долю Атаульфа і Сігерыка; з іншага боку, яму ўдалося ўлагодзіць вестгоцкую знаць і ўмацаваць яе становішча як земляробчай арыстакратыі і кіруючага класа. Тое, што мы ведаем пра яго дзейнасць, гаворыць пра тое, што да Рыма ён адносіўся з выбіральнай і асцярожнай варожасцю. У гады яго кіравання вестготы ўсё яшчэ значна саступалі рымлянам у ваеннай сіле, і Тэадорых ніколі не здзяйсняў нападаў на рымскую тэрыторыю, не пераканаўшыся спачатку, што рымляне заняты тым часам чымсьці іншым[6].

Пачатак кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Прыбыццё Берэмуда з Вітырыхам[правіць | правіць зыходнік]

У самым пачатку (419) кіраванні Тэадорыха I вестготы атрымалі падмацаванне — атрад остготаў на чале з Берэмудом і яго сынам Вітырыхам, якія імкнуліся пазбавіцца ад гунскага валадарства. З-за таго, што Берэмуд быў сынам остгоцкага караля Тарысмунда і належаў да каралеўскага остгоцкага роду Амалаў, ён спадзяваўся з часам стаць кіраўніком вестготаў. Аднак каб не бурыць усталяванага парадку, ён вырашыў не афішаваць сваё паходжанне. Нягледзячы на гэта, ён разам са сваім сынам быў прыняты каралём Тэадорыхам з найвышэйшымі ўшанаваннямі, аж да таго, што кароль не лічыў яго чужым ні ў савеце, ні на банкеце[7].

Умацаванне пазіцый у Аквітаніі[правіць | правіць зыходнік]

Прыход да ўлады Тэадорыха па часе супадае з каланізацыяй вестготамі правінцыі Аквітанія II і памежных частак суседніх правінцый. Ісідар Севільскі апавядае: «Не задаволіўшыся Аквітанскім каралеўствам, ён адпрэчыў мірны дагавор з Рымам і разрабаваў мноства рымскіх гарадоў, суседніх з яго землямі»[8]. Відаць, спачатку вестгоцкае племя было цалкам занята асваеннем гэтых земляў, таму што першыя згадкі пра вестготаў ізноў з'яўляюцца ў крыніцах толькі ў 422 годзе. У гэты год яны разам з рымскім палкаводцам Кастынам выступілі супраць вандалаў, якія пасяліліся ў Бетыцы. Калі перамога была ўжо блізкая, готы ўдарылі сваім саюзнікам у тыл, і рымляне пацярпелі цяжкае паражэнне[9]. Загад на гэта, верагодна, аддаў сам Тэадорых. Як б там ні было, ніякіх наступстваў гэта здрада не мела[10][11].

Войны за выхад да Міжземнага мора[правіць | правіць зыходнік]

Першы напад на Арль[правіць | правіць зыходнік]

Найважнейшай рысай, якая вызначала вестгоцкую палітыку на працягу наступных дзесяцігоддзяў, было імкненне займець выхад да Міжземнага мора, што ў першыя часы выказалася ў спробах захапіць гарады Арль і Нарбону. Калі пасля смерці Ганорыя ў 423 годзе імператарскі трон узурпаваў Іаан, Тэадорых I скарыстаўся гэтай смутай для пашырэння межаў сваёй дзяржавы. Пад відам абароны законнага цара супраць узурпатара, ён напаў на Арль, найважнейшы горад усіх сямі гальскіх правінцый, месца штогадовых сходаў духоўных і свецкіх натабляў Галіі, ключ да даліны Роны. Тэадорых аблажыў яго з велізарнымі сіламі, але напад не ўдаўся, дзякуючы пільнасці гальскага намесніка, знакамітага Аэцыя (425 год)[8][12][13]. Ці ўключаў дагавор, падпісаннем якога ў 425 годзе, паводле ініцыятывы Аэцыя, завяршылася вайна з Рымам[14], пункт аб скасаванні федэратыўных адносін, невядома. Ісідар Севільскі гаворыць, што Тэадорых, прытрымліваючыся прыкладу Валіі, быў незадаволены мірам з рымлянамі і адпрэчыў заключаны дагавор[8]. Магчыма, што для германцаў дагавор заставаўся ў сіле да смерці аднаго з партнёраў. У такім разе смерць Ганорыя (а Канстанцый відавочна складаў дагавор ад імя імператара), як меркаваў вестгоцкі кароль, вызваляла яго ад абавязацельстваў у адносінах да імперыі. Хоць многае кажа пра захаванне статусу федэратаў Тэадорыхам I, бо перадача імперскіх земляў без федэратыўнага дагавора, у тыя часы была б чымсьці нечуваным. Поўнага суверэнітэту дасягнуў толькі вандальскі кароль Гейзерых у 442 годзе. Падобная саступка вестготам у больш ранні перыяд знайшла б сваё адлюстраванне ў крыніцах. Зрэшты, вестготы і без таго парушылі гэты дагавор усяго праз некалькі гадоў[11][15].

Другая спроба захапіць Арль[правіць | правіць зыходнік]

У 427 годзе готы ваявалі з ворагамі імперыі у Іспаніі, аднак неўзабаве, скарыстаўшыся вайной Рыма з франкамі, вестготы паўтарылі спробу захапіць Арль (430 год). Новы напад на Арль ізноў было адбіта Аэцыем, прычым военачальнік Анаальс, які стаяў на чале войска вестготаў, патрапіў да рымлян у палон, а яго воіны перабіты. Хоць магчыма, што гэты вестгоцкі атрад дзейнічаў незалежна ад караля Тэадорыха I і без яго відавочнага ўхвалення. Здаецца, Анаальс, якога храніст Ідацый прылічае да знаці, вёў сваю «дружыну» на прыватную разбойніцкую экспедыцыю, калі яго захапіў і забіў Аэцый. Хоць вестготы пасля заканчэння вайны ў цэлым выконвалі ўмовы дагавора, іх пасольства, накіраванае ў 431 годзе да свеваў, здаецца, вяло перамовы аб стварэнні антырымскай кааліцыі; пра гэта гаворыць тон апавядання Ідацыя[16]. Аднак у той час свевы не былі схільныя да палітычных авантур[17].

Барацьба за Нарбону[правіць | правіць зыходнік]

У 436 годзе, калі імперскія войскі былі заняты барацьбой супраць бургундаў і багаўдаў у Арморыцы, Тэадорых скарыстаўся выпадкам пазбавіцца ад свайго небяспечнага праціўніка — палкаводца Аэцыя, уступіўшы ў саюз з кіраўніком Афрыкі Баніфацыем, які спрабаваў вырваць у Аэцыя першынство ў Заходняй імперыі, і паспрабаваў захапіць Нарбону. Ён сам павёў войска на Нарбону, дзе заставаўся да 437 года, абложваючы горад. Да ўзяцця горада заставалася зусім нядоўга, калі з'явіўся рымскі палкаводзец Літорый, які замяшчаў Аэцыя, прарваў са сваімі гунскімі вершнікамі кольца гоцкай аблогі, прымусіў готаў уцякаць і на нейкі час забяспечыў галоднае насельніцтва збожжам[18][19].

Працяг вайны і паўстанне Вітырыха[правіць | правіць зыходнік]

Нажаль, мы маем надзвычай бедныя звесткі пра далейшы ход барацьбы. Вядома толькі тое, што падзеі сталі разгортвацца не ў лепшы бок для вестготаў: 438 год год не прынёс готам поспехаў[20], і Літорый у 439 годзе стаяў перад варотамі Тулузы. Да гэтага часу, калі Вестгоцкае каралеўства знаходзілася на валасок ад гібелі, адносіцца паведамленне ад 439 года: паўстаў Вітырых з роду Амалаў, які ў свой час разам з бацькам знайшоў прытулак у вестготаў. Ён перайшоў да рымлян і праявіў сябе ў іх на службе як таленавіты палкаводзец[21]. Можа быць, ён жадаў з рымскай дапамогай зрынуць Тэадорыха і самому стаць каралём. Упэўнены ў сваёй перамозе Літорый адхіліў просьбы пра мір, якія звяртаў да яго пры дапамозе артадаксальна-нікейскіх біскупаў абложаны Тэадорых. У вырашальнай бітве, якая скончылася на карысць рымлян, рымскі палкаводзец быў смяротна паранены і захоплены ў палон[18][22]. Пасля гэтага Авіт, асабісты сябар вестгоцкага караля, які стаў у 439 годзе прэфектам прэторыя Галіі, вырашыў заключыць з вестготамі мірны дагавор[23]. Прычына таго, што на працягу наступных дзесяцігоддзяў не адбывалася ваенных сутыкненняў з удзелам вестготаў, ляжала, магчыма, у цяжкіх стратах, панесеных вестготамі ў баях з нанятымі Літорыем гунамі[24][25][26][27].

Знешняя і ўнутраная палітыка Тэадорыха I[правіць | правіць зыходнік]

Вестготы — федэраты Рыма[правіць | правіць зыходнік]

Заходняя Рымская імперыя імкліва кацілася да свайго заходу. Нягледзячы на пастаянныя парушэнні дагавора 418 года з боку вестготаў яны фармальна заставаліся саюзнікамі-федэратамі Рыма. Верагодна, дагавор не дзейнічаў падчас войнаў 425 года і 436439 гадоў, а таксама нейкі час каля 430, калі Анаальс дзейнічаў у раёне Арля. Аднак вяртанне і захаванне статус-кво ў адносінах з варварамі стала шчодрым падарункам для рымлян, і на працягу амаль усяго кіравання Тэадорыха вестготы лічыліся федэратамі, якія прызнаюць вярхоўную ўладу імператара і падпадаюць пад прызыў на ваенную службу Рыма. За ўвесь гэты час яны аказалі Рыму ваенную дапамогу ўсяго тры ці чатыры разы, але рымляне ніколі не вялі ваенных аперацый супраць вестготаў, акрамя абарончых, калі тыя першымі нападалі на гарады ў даліне Роны.

Можна зрабіць выснову, што ў планы афіцыйнай рымскай палітыкі не ўваходзіла высяленне вестготаў з Тулузы і спыненне дагавора 418 года. Насупраць, рымляне працягвалі добраахвотна рассяляць іншыя варварскія плямёны ў іншых частках Галіі практычна на тых жа ўмовах, на якіх былі расселены вестготы ў Аквітаніі.

Няўдалы саюз з вандаламі[правіць | правіць зыходнік]

Тэадорых імкнуўся і да шырэйшых мэт у замежнапалітычнай сферы. Ён заручыў адну са сваіх дочак з Хунерыхам, сынам караля вандалаў Гейзерыха. Лязо гэтага шлюбна-палітычнага саюза магло быць накіравана толькі супраць Рыма. Сумеснае выступленне вестготаў і вандалаў магло нанесці імперыі канчатковы фатальны ўдар. Імператар Валентыніян III насілу пазбег гэтага, заключыўшы з Гейзерыхам мірны дагавор (442). З-за таго, што неўзабаве пасля гэтага ўзнікла магчымасць вяселля яго сына Хунерыха з рымскай прынцэсай, Гейзерых абвінаваціў сваю вестгоцкую ятроўку ў змове. Няшчаснай адрэзалі нос і вушы, і ў такім выглядзе адправілі да бацькі[28]. Такім чынам, вандала-вестгоцкі саюз праваліўся[26].

Саюз са свевамі[правіць | правіць зыходнік]

У 446 годзе гоцкія дружыны зноў знаходзіліся на рымскай службе ў Іспаніі, дзе вялі вайну супраць свеваў, падчас якой готы захапілі багатую здабычу. Але праз два-тры гады Тэадорых уступіў у зносіны са свевамі, заключыў з іх каралём Рэхіярам саюз, і затым выдаў за яго сваю дачку. Вяселле адбылося ў Тулузе (449). Затым Рэхіяр, пры падтрымцы свайго цесця і з дапамогай гоцкіх кантынгентаў спустошыў наваколлі Сарагосы і ваеннай хітрасцю захапіў Ілерду (Лерыду). Магчыма, што гэтыя дзеянні былі ўзгоднены з рымлянамі, таму што даліна Эбра была захоплена багаўдамі, якія паўсталі.

Бітва на Каталаўнскіх палях[правіць | правіць зыходнік]

Тэадорых I, мал. Ф. Кастэла (1560—1617).

Нашэсце гунаў[правіць | правіць зыходнік]

Адносіны з Рымам заставаліся напружанымі. Рымскі палкаводзец Аэцый абапіраўся на наймітаў-гунаў, каб захоўваць максімальную незалежнасць ад вестготаў. Неўзабаве вестгоцкі кароль павінен быў задумацца пра цесны саюз з імперыяй, таму што з усходу насоўвалася дзікая гунская арда, якая пагражала сцерці з зямлі ўвесь культурны хрысціянскі свет. Ганорыя, дачка Галы Плацыдзіі і сястра імператара Валентыніяна III, якую вымусілі даць зарок вечнай некранутасці, захацела пабрацца шлюбам з каралём гунаў Атылам, які пасля гэтага запатрабаваў у пасаг палову імперыі. Затым, калі яго прэтэнзіі былі адпрэчаны, Атыла паспрабаваў сутыкнуць вестготаў і рымлян. Аднак Тэадорых ведаў, што ў канчатковым выніку Атыла быў такім жа небяспечным і для вестготаў. Спачатку Тэадорых думаў чакаць нападу гунаў на межах уласных уладанняў, але Авіт пераканаў яго ў небяспецы такога манеўру, і вестгоцкі кароль, пакінуўшы дома чатырох сыноў, а менавіта: Фрыдэрыха, Эйрыха, Рэтэмера і Хімнерыта, і ўзяўшы з сабой для ўдзелу ў бітвах толькі старэйшых Тарысмунда і Тэадорыха, прывёў сваё войска да Аэцыя. Вестготы магчыма складалі большую, і ва ўсякім разе, самую баяздольную частку яго воінаў[26][29].

Збор сіл для барацьбы з гунамі[правіць | правіць зыходнік]

Патрыцый Аэцый, каб не апынуцца няроўным становішчы супраць лютай і незлічонай арды гунаў і іх саюзнікаў, сабраў воінаў з усіх народаў якія пражывалі ў той час у Галіі. Акрамя рымлян і вестготаў у яго былі дапаможныя атрады рэйнскіх франкаў, брэтонаў, сармацкіх і германскіх летаў (ваенных пасяленцаў з варвараў, пераважна ў Галіі), бургундаў, гальскіх саксаў. Да іх адносіліся і арлеанскія аланы пад кіраўніцтвам свайго караля-федэрата Сангібана, вельмі ненадзейнага саюзніка ў барацьбе з Атылам. Кароль аланаў, у страху перад будучымі падзеямі абяцаў здацца Атылу і перадаць у падпарадкаванне яму гальскі горад Аўрэліян (Арлеан). Аэцый і Тэадорых, як толькі даведаліся пра гэта, адразу ж рушылі да Арлеана, знялі гунскую аблогу, а горад умацавалі вялікімі землянымі насыпамі. Каб аланы не змаглі ні перабегчы да праціўніка, ні пакінуць поле бою, Аэцый быў вымушаны паставіць іх паміж сваімі людзьмі і вестготамі[30].

Смерць Тэадорыха[правіць | правіць зыходнік]

15 ліпеня 451 года на Каталаўнскіх, дакладней на Маўрыякскіх палях паміж Труа і Шалонам-на-Марне адбылася вялікая бітва. Войска Атылы, нягледзячы на поспех у цэнтры сваіх пазіцый, дзе яны значна пацяснілі аланаў, франкаў, бургундаў і іншых саюзнікаў Аэцыя, было абыдзена з флангу вестготамі, і ў бязладзіцы адступіла ў свой умацаваны лагер. Надыход ночы выратаваў іх становішча. Хоць ніводны з супрацьстаялых бакоў не атрымаў канчатковай перамогі, гэта гістарычная бітва развеяла міф пра непераможнасць Атылы[31].

Састарэлы Тэадорых паў у гэтай «бітве народаў», адважна змагаючыся наперадзе сваіх воінаў. Важны той факт, што ў гэтай бітве готы біліся супраць готаў. Бо з гунамі прыйшлі, як роднаснае готам племя гепідаў, так і остготы, якія не падпарадкоўваліся Рыму. Гэтыя остготы пад кіраўніцтвам трох братоў-каралёў з роду Амала — Валаміра, Тэадэміра і Відыміра стаялі непасрэдна супраць вестготаў. Амал па імі Андагіс нібы нават кінуў дзіду, якая забіла вестгоцкага караля Тэадорыха[32]. Сыход вестготаў пад правадырствам Тарысмунда з поля бітвы на наступны дзень, даў магчымасць Атылу з гонарам адступіць[33][34].

Тэадорых кіраваў 33 гады[8][35]. Істотна ўмацаваў каралеўскую ўладу, таму што пасля яго смерці крыніцы больш нічога не паведамляюць пра выбары караля[36].

Жонкі і дзеці[правіць | правіць зыходнік]

Імёны і колькасць жонак Тэадорыха невядомыя. У Тэадорыха было шэсць сыноў:

Акрамя сыноў, вядомыя таксама дзве дочкі Тэадорыха:

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Каралеўская акадэмія гісторыі — 1738.
  2. Торисмунд // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1901. — Т. XXXIIIа. — С. 630.
  3. А. Г—б Теодорих II // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1901. — Т. XXXIIа. — С. 882.
  4. Сідоній Апалінарый. Carm. VII, 505. Тут Тэадорых II называе Аларыха, які ўзяў Рым, сваім дзедам. Часам лічаць, што гэтыя словы, укладзеныя паэтам у вусны Тэадорыха II, з'яўляюцца паэтычнай вольнасцю. Але цяжка сабе ўявіць, каб паэт, які жыў пад уладай вестгоцкіх каралёў, скажаў сэнс выказванняў гэтых каралёў.
  5. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 176.
  6. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 153.
  7. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 174—175.
  8. а б в г Ісідар Севільскі. Гісторыя готаў, гл. 23. (руск.)
  9. Ідацый. Хроніка, 77
  10. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 154.
  11. а б Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 23.
  12. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1290
  13. Гальская хроніка 452 года, 102
  14. Сідоній Апалінарый. Carm. VII, 215 сл.
  15. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 154—155.
  16. Ідацый. Хроніка, 96
  17. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 23—24.
  18. а б Ісідар Севільскі. Гісторыя готаў, гл. 24. (руск.)
  19. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1324
  20. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1333
  21. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1337
  22. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1335
  23. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1338
  24. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 177.
  25. Праспер Аквітанскі. Хроніка. 1326
  26. а б в Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 24.
  27. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 155.
  28. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 184—185.
  29. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 185—191.
  30. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 191—195.
  31. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 196—208.
  32. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 209.
  33. Иордан. О происхождении и деяниях гетов. Getica, 215—216.
  34. Клауде Дитрих. История вестготов. — С. 24—25.
  35. Хроника вестготских королей, гл. 6.
  36. Циркин Ю. Б. Испания от античности к средневековью. — С. 155—156.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Дынастыя каралёў вестготаў
Папярэднік:
Валія
кароль вестготаў
419 — 451
Пераемнік:
Тарысмунд