Тэадор Гальмаджан
| Тэадор Гальмаджан | |
|---|---|
| | |
| Дата нараджэння | 1890[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | не раней за 1941 |
| Грамадзянства | |
| Род дзейнасці | архітэктар, скульптар, мастак, фотамастак, фатограф |
| Месца працы | |
| Вучоба | |
Тэадор Гальмаджан (Гальмаджэян), таксама Тодар Раманавіч Гальмаджан-Гальмады (верагодна, больш правільна Хэлмэджан, рум.: Teodor Hălmăgean; 1890 — не раней за 1941) — мастак, архітэктар і скульптар.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Запісваўся як венгр[2]. Нарадзіўся ў 1890 годзе ў горадзе Кранштаце (сучасны Брашоў у Румыніі), дзе атрымаў пачатковую адукацыю ў скульптурная секцыі ў мастацка-прамысловай школе[3].
У 1910 годзе скончыў аддзяленне архітэктуры Вышэйшага тэхнічнага вучылішча ў Будапешце, вучыўся два гады на аддзяленні пластыкі Акадэміі мастацтваў у Мюнхене[2]. У сваёй аўтабіяграфіі пісаў, што працаваў у розных гарадах Еўропы па найме на буйных прадпрыемствах. Браў удзел у конкурсе па скульптуры, атрымаў у якасці ўзнагароды замежную камандзіроўку ў Італію і Блізкі Усход[2], у Егіпет[3].
Вольна валодаў сямю мовамі: венгерскай, нямецкай, румынскай, польскай, французскай, італьянскай і рускай. Цікавіўся народным мастацтвам і з’яўляўся аўтарам працы «Венгерскія дэкаратыўныя матывы ў аздобах» (1913)[4].
Служыў у Аўстра-Венгерскай арміі фельдфебелем і тапографам, браў удзел у рэвалюцыйным руху арміі[2].
У Менску
[правіць | правіць зыходнік]Пераехаў у СССР, працаваў спачатку на Украіне, далей у Крыме. З 1927 года жыў у Менску[3]. Прыезду мастака і фатографа паспрыяў Вацлаў Ластоўскі, які прыняў яго на працу ў Беларускі дзяржаўны музей[4]. У 1928 годзе атрымаў грамадзянства СССР[2].
Працаваў у цеснай сувязі з Беларускім дзяржаўным музеем, з асаблівым інтарэсам да беларускіх этнаграфічных сюжэтаў[3]. У сярэдзіне 1928 г. з мастаком была заключаная дамова на выкананне альбома з 35 табліц мастацкіх замалёвак 120 народных паясоў, на што СНК БССР музею 500 руб. Магчыма, ініцыятарам такога задання быў В. Ластоўскі, які ў той час вывучаў беларускі народны арнамент. Як пісаў часопіс «Полымя», «пробная работа т. Гальмаж’яна сведчыць аб тым, што альбом будзе складаць вялікую каштоўнасць як у галіне мастацтва, так і ў практычным значэнні»[4].


Удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ў чэрвені-ліпені 1928 года пад кіраўніцтвам акадэміка Вацлава Ластоўскага. У экспедыцыі выконваў абавязкі фатографа, бо прафесійна валодаў фотаапаратам. Таксама праводзіў фотафіксацыю экспанатаў, якія паступілі ў выніку экспедыцыі ў фонды музею. На некаторых з іх зафіксаваны прадметы, якія зніклі з музея падчас Другой сусветнай вайны[4].
Станам на 1929 год яшчэ не паспеў абсталявацца для працы ў гэтай скульптуры і выявіў сябе толькі як мастак. Належаў на натуралістычнага кірунку[3].


Гальмаджан рабіў у экспедыцыі замалёўкі, а фотаздымкі ў наступным выкарыстаў для стварэння жывапісных твораў. Вядома, што ў экспазыцыі аддзелу сучаснага беларускага мастацтва, які быў адчынены ў Беларускім дзяржаўным музеі ў 1929 г., экспанавалася некалькі ягоных жывапісных твораў, намаляваных з натуры ў часе экспедыцыі ў Слуцкую і Мазырскую акругі. У партрэтах «Галава старога», «Дзяўчына ў скіндачцы», «Маладзіца ў намітцы» у профіль і анфас, як адзначыў у каталогу аддзелу мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін, «падрабязна праштудыяваны ўсе асаблівасці вопраткі, асабліва гафты і характэрныя галаўныя ўбранні»[4].
У Палтаўскім сельскагаспадарчым інстытуце
[правіць | правіць зыходнік]Пасля пачатку рэпрэсій у пачатку 1930-х гадоў пераехаў ва Украіну, выкладаў у Палтаўскім сельскагаспадарчым інстытуце. Як адзін з найлепшых выкладчыкаў 28 снежня 1932 года ўзнагароджаны граматай і грашовай прэміяй, ганараваны ганаровага звання ўдарніка заключнага года пяцігодкі, яго прозвішча таксама значылася ў спісах найлепшых ударнікаў інстытута ў пачатку 1934 года. Як арганізатар сацыялістычнага спаборніцтва ў інстытуце, прымае актыўны ўдзел у навуковай працы і мастацкім афармленні будынка да розных святаў[2].
У 1935 годзе быў камандзіраваны дырэкцыяй інстытута ў абласны саюз савецкіх архітэктараў у Харкаве для вырашэння пытання аб арганізацыі філіяла саюза пры інстытуце. У жніўні 1935 года працаваў над праектам рэканструкцыі Камянец-Падольскага гарадскога тэатра[2].
З даведкі, выдадзенай у лістападзе 1935 года для накіравання ў Венгерскую секцыю Камуністычнай партыі, вядома, што займаў пасаду штатнага дацэнта кафедры архітэктуры. 21-27 студзеня 1936 года быў дэлегаваны ад інстытута інжынераў сельскагаспадарчага будаўніцтва на Усеўкраінскі з'езд архітэктараў[2].
4 сакавіка 1937 года партыйны камітэт інстытута інжынераў накіраваў у адрас партыйнага камітэта ЦВК Крымскай АССР запыт на пацверджанне правільнасці пададзеных Гальмажэан-Гальмадзі дакументаў. І хоць атрыманыя даныя цалкам пацвердзілі правільнасць пададзеных дакументаў, выкладчыка звальняюць з працы 3 верасня 1937 года, а праз тры месяца яго арыштоўваюць[2].
У 1939 годзе яго справу спынілі, а яго адпусцілі. 23 жніўня 1939 года адбылося пасяджэнне канфліктнай камісіі ў інстытуце інжынераў сельскагаспадарчага будаўніцтва, паводле з рашэннем якога Гальмажэана-Гальмадзі аднавілі на працы, выплацілі яму кампенсацыю. Гальмажэан-Гальмадзі яшчэ прапрацаваў старшым выкладчыкам кафедры графікі да 20 верасня 1941 года[2].
Далейшы лёс невядомы. Яго асабістая справа была закрыта выпісам з загаду № 94 ад 2 кастрычніка 1941 года[2].
Вышэйпералічаных выкладчыкаў інстытута, якія не прыехалі ў г. Арал і не выйшлі на працу, і якія не паведамілі пра прычыны нез’яўлення ў інстытут, адлічыць са складу працаўнікоў інстытута з 1 кастрычніка 1941 года. 8. Гальмажэан-Гальмадзі Тэадор Раманавіч — старэйшы выкладчык кафедры графікі[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ https://skaryna.org/lastouski-albom-artykul/
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Репрессивные меры сталинизма против научной интеллигенции Полтавщины
- 1 2 3 4 5 Гальмаджэян Тэодар // Сучаснае беларускае мастацтва : праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разбярства / Беларускі дзяржаўны музей ; апрацавалі: М. Шчакаціхін і В. Ластоўскі. — Менск: Друкарня Інбелкульта, 1929. — С. 19-20. — 30, [1] с., [13] л. iл. с. — 1 000 экз.
- 1 2 3 4 5 Архіў забытай экспэдыцыі – Francis Skaryna Belarusian Library and Museum (англ.). Праверана 27 кастрычніка 2024.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тэадор Гальмаджан