Тэва (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэва
(Tewa)
Агульная колькасць 4900 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова тэва
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы това, тыва

Тэ́ва (англ.: Tewa) — культурна-лінгвістычная супольнасць індзейцаў-пуэбла, якія атрымалі найменне па назве роднай мовы з каёва-танаанскай сям'і. Жывуць пераважна ў амерыканскіх штатах Нью-Мексіка і Арызона. Агульная колькасць у ЗША (2020 г.) — 4 900 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэва лічацца прамымі нашчадкамі анасазі, якія мігрыравалі на тэрыторыю Нью-Мексіка з Меса-Вердэ ў канцы XIII ст. Яны здаўна займаліся земляробствам і будавалі паселішчы тыпу пуэбла. Кожная група тэва звычайна называла сябе па найменню свайго паселішча. У 1629 г. місіянеры-францысканцы ацэньвалі агульную колькасць тэва ў 2 200 чалавек.

У 1541 г. у вобласці рассялення тэва ўпершыню з'явіліся іспанскія канкістадоры. У 1598 г. іспанцы заваявалі пуэбла і пачалі сярод іх актыўную хрысціянізацыю. У 1680 г. і 1696 г. тэва арганізоўвалі антыкаланіяльныя паўстанні. Каб падпарадкаваць мясцовае насельніцтва, іспанская адміністрацыя пачала перасяленне індзейцаў у буйныя паселішчы, дзе яны знаходзіліся пад наглядам місіянераў. Так, узніклі вялікія пуэбла Намбэ, Сан-Хуан, Санта-Клара, Тэсуквэ, Пахоаквэ і Сан-Індэльфонса, большасць абшчын якіх склалі тэва. Акрамя таго, частка паўстанцаў апынулася ў Арызоне на землях хопі. Іх нашчадкі складаюць асобную групу тэва-хопі.

Пасля Мексіканскай рэвалюцыі індзейцы-пуэбла атрымалі грамадзянскія правы. Яны былі захаваны пасля далучэння Нью-Мексіка і Арызоны да ЗША ў 1850 г. У 1912 г. жыхары Сан-Хуана звярнуліся ў суд з патрэбай прызнання іх індзейцамі і надання пуэюла статуса рэзервацыі. У 1920 г. федэральныя ўлады стварылі спецыяльную раду для ўрэгулявання праблем пуэбла. У 1930-я гг. паселішчы тэва атрымалі аўтаномію.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Тэва былі знаёмы з земляробствам і ірыгацыяй задаўга да прыходу іспанцаў. Вырошчалі ўздоўж рэк кукурузу, фасолю, гарбузы, бавоўнік. Частку ежы здабывалі дзякуючы паляванню і збіральніцтву. Рамёствы не былі аддзелены ад сельскай гаспадаркі, таму большасць сем'яў займалася вырабам керамікі, тканін, розных упрыгожванняў. Пасля іспанскага заваявання пачалі развівацца жывёлагадоўля і садоўніцтва. У наўшы дні большасць тэва працуюць у якасці наёмных рабочых. Прычым, гэта характэрна як для мужчын, так і жанчын.

Асноўным тыпам паселішча з'яўляюцца пуэбла. Іх жыхары складаюць абшчыну, якая валодае навакольнымі землямі. Зямля перадаецца ў карыстанне асобным сем'ям у залежнасці ад патрэбы. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі патрабуюць супольнай працы для наладжвання арашэння. У значнай ступені гэта вызначала тое, што да другой паловы XX ст. тэва аддавалі перавагу жыццю ў пашыраных сем'ях з некалькіх пакаленняў блізкіх сваякоў. У тэва-хопі прыняты адлік сваяцтва па матчынай лініі. Тэва Нью-Мексіка вядуць адлік сваяцтва і па жаночай, і па мужчынскай лініях. Шлюбы палігамныя. Першую ноч маладая сям'я звычайна праводзіць у доме маці нявесты. У мінулым будаўніцтвам дома займаліся жанчыны, таму ён лічыцца маёмасцю жонкі і часцей перадаецца па спадчыне дачкам. Астатнюю маёмасць пасля смерці бацькоў дзеляць пароўну. Асабістыя рэчы хаваюць разам з памерлымі. На працягу маленства і юнацтва дзеці тэва праходзяць абрады прысвячэння да пэўнай узрастовай групы. Адукацыя арганізоўвалася ў ківах і касцёлах, у нашы дні — у школах.

Да каланізацыі абшчыны тэва кіраваліся жрацамі. У каланіяльны час гэта абумовіла высокі статус святароў. Аднак іспанскія ўлады стварылі свецкую адміністрацыю на чале губернатара пуэбла. У нашы дні ўсе адміністрацыйныя пасады з'яўляюцца выбарнымі. Тэва традыцыйна падзяляюцца на рытуальныя супольнасці Зіма і Лета, аднак уваходжанне ў супольнасць не дае асаблівых правоў на ўзроўні абшчыны.

Тэва — выдатныя мастакі, разьбяры і ювеліры. Шырока вядомыя чырвоная і чорная размалеваная кераміка, а таксама качына, вырабденыя ў іх пуэбла. Захаваліся шматлікія міфы, казкі, легенды. Вылучаецца цыкл паданняў пра трыкстэра Каёта.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных вернікаў — хрысціяне, прычым асабліва важную ролю адыгрывае каталіцтва. Рэшткі старажытнай рэлігіі захоўваюцца выключна ў рытуалах супольнасцей Зімы і Лета. Рытуальныя ачышчнні абавязковы для кіраўнікоў абшчын, але яны маюць індывідуальны характар. Рытуалы прысвячэння арганізуюцца адкрыта ў святочныя дні. Тэва шануюць зямлю, горы, некаторых жывёл. Пашырана вера ў духаў.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]