Перайсці да зместу

Тэджвіды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тэджві́ды (араб. ‎'правіла чытання Карана') – дапаможныя кнігі беларускіх татар, па якіх вучыліся чытаць Каран. У тэджвідах разглядалася чытанне літар арабскага алфавіта, вымаўленне гукаў, знакі паўз (спыненне голасу ў акрэсленых месцах Карана) і г. д.

Большасць беларускіх татар, акрамя некаторых рэлігійных тэрмінаў і формул услаўлення Алаха і яго пасланніка Мухамада, амаль нічога па-арабску не разумела. Чытаючы арыгінальны тэкст Карана, яны мелі перад сабой у кнігах для набажэнства пераклады на польскую мову, напісаныя арабскімі літарамі. Некаторыя суры (раздзелы) Карана яны ведалі на памяць.

Звычайна тэджвіды – гэта частка кітабаў, як асобныя кнігі тэджвіды сустракаюцца рэдка. Адзін такі тэджвід перад Другой сусветнай вайной знаходзіўся ў калекцыі муфціята ў Вільнюсе (страчаны).