Тэрмінатар (фільм)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Тэрмінатар, фільм)
ТэрмінатарM:
The Terminator
Постар фільма
Жанр фантастыка
баявік
трылер
Рэжысёр Джэймс Кэмеран
Прадзюсар Гэйл Эн Хёрд
Сцэнарыст Джэймс Кэмеран
Гэйл Эн Хёрд
Уільям Вішэр мал.
У галоўных
ролях
Арнольд Шварцэнэгер
Майкл Бін
Лінда Хэмілтан
Лэнс Хенрыксен
Аператар Адам Грынберг
Кампазітар Брэд Фідэль
Кінакампанія Cinema 84
Greenberg Brothers
Hemdale Film
Euro Film Funding
Pacific Western
Працягласць Тэатральная версія:
108 хвіл.
Рэжысёрская версія:
116 хвіл.
Бюджэт $ 6 400 000[1]
Зборы $ 78 371 200[1]
Краіна
Мова англійская
Год 26 кастрычніка 1984[2][3][…]
Наступны фільм Тэрмінатар 2: Судны дзень
IMDb ID 0088247
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Тэрмінатар» (англ.: The Terminator) — культавы[4][5] фантастычны фільм рэжысёра Джэймса Кэмерана 1984 года.

У цэнтры сюжэту — супрацьстаянне жывога салдата і робата-тэрмінатара, якія прыбылі ў 1984 год з постапакаліптычнага 2029 года. Мэта тэрмінатара — забіць Сару Конар — дзяўчыну, чый яшчэ ненароджаны сын вядзе вайну чалавецтва з машынамі. Закаханы ў Сару салдат Кайл Рыз спрабуе перашкодзіць тэрмінатару. У фільме падымаюцца праблемы падарожжаў у часе, пытанні лёсу, стварэння штучнага інтэлекту, паводзін людзей у экстрэмальных сітуацыях.

Дзякуючы фільму слова «тэрмінатар» ператварылася ў хадзячую назву, а каронная фраза Арнольда Шварцэнэгера «I’ll be back» («Я вярнуся») увайшла ў лік самых вядомых кінацытат.

У ролях[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Арнольд Шварцэнэгер Тэрмінатар Тэрмінатар
Майкл Бін Кайлаў Рыз Кайлаў Рыз
Лінда Хэмілтан Сара Конар Сара Конар
Пол Уінфілд Эд Трэкслер лейтэнант паліцыі Эд Трэкслер
Лэнс Хенрыксен Хэл Вукавіч дэтэктыў Хэл Вукавіч
Эрл Боэн Пітэр Сільберман доктар Пітэр Сільберман
Бес Мота Джынджэр Вентура Джынджэр Вентура
Рык Росавіч Мэт Б'юкенан Мэт Б'юкенан
Дзік Мілер прадавец у зброевай краме
Франка Каломба Тэрмінатар з будучыні
Біл Пэкстан панк
Браян Томпсан панк

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Створаны ў недалёкай будучыні ваенны камп'ютар «Скайнэт» са штучным інтэлектам, справакаваў ядзерную вайну, а затым заняволіў рэшткі чалавецтва. Аднак у людзей застаецца надзея — вялікі лідар Джон Конар, які арганізаваў Супраціўленне і здолеў да 2029 года выйграць Вайну ў машын. Зрынуты «Скайнет», чапляючыся за апошнюю магчымасць, адпраўляе ў мінулае, у 1984 год, робата-тэрмінатара з мэтай забіць маці Джона Конара — Сару Конар, каб не дапусціць нават нараджэнне Джона. Робат валодае інфармацыяй толькі пра імя маці Джона і па прыбыцці пачынае забіваць усіх жанчын з імем Сара Конар.

У 1984 годзе Сары 19 гадоў. Яна вучыцца ва ўніверсітэце і падзарабляе афіцыянткай, не падазраючы пра сваю вялікую місію. На яе абарону людзі пасылаюць чалавека — сяржанта Супраціўлення Кайла Рыза. Сілы праціўнікаў няроўныя. Рызу супрацьстаіць надзвычай магутная баявая машына, амаль непаражальная для агнястрэльнай зброі — тэрмінатар серыі 800, мадэль 101. Неадрозны ад чалавека, ён спецыяльна прызначаны для ўкаранення ў чалавечае грамадства і знішчэння людзей. Рызу даводзіцца не толькі змагацца з робатам, але і пераконваць паверыць яму шакаваную Сару. Пасля недоўгачасовай пагоні іх захоплівае паліцыя, якая прымае Рыза за вар'ята-тэрарыста. Тэрмінатар урываецца наўпрост ў паліцэйскі пастарунак, у якім знаходзяцца Сара і Кайл, і забівае ўсіх паліцэйскіх, але Сары і Рызу атрымалася зноў збегчы. У цяжкіх выпрабаваннях недавер, які Сара мела да Рыза, змяняецца сімпатыяй. Калі яны адрываюцца ад тэрмінатара, ім удаецца пагутарыць, і яны разумеюць, што ім прыйдзецца пражыць усё астатняе жыццё разам — на ўцёках. Сара распытвае Кайла пра жанчын яго часу, і ён кажа, што ў яго ніколі не было дзяўчыны. У парыве шчырасці ён прызнаецца Сары, што быў закаханы ў яе ўжо па фатаграфіі, якую даў яму Джон Конар. Рыз кажа Сары, што адзінай прычынай, па якой ён пагадзіўся на перасоўванне ў мінулае, было яго каханне да яе. Яны праводзяць ноч разам, і такім чынам менавіта Кайл Рыз становіцца бацькам Джона Конара.

Тым часам Тэрмінатар даведаўся пра іх укрыцце і пачынае пагоню на матацыкле, даганяючы Сару і Кайла, якія ўкралі машыну. Кайл спрабуе падарваць Тэрмінатара самаробнай выбухоўкай, але безвынікова. Тэрмінатар раніць Кайла, і чарговая бомба ўзрываецца побач. Сара, бачачы, што Кайла кантузіла, здзяйсняе манеўр і падразае матацыкл Тэрмінатара. Тэрмінатар злятае з матацыкла і апыняецца на шляху грузавіка-бензавоза, які яго збівае. Машына Кайла і Сары таксама перакульваецца. Тэрмінатар атрымаў лёгкія пашкоджанні і, выбраўшыся з-пад колаў грузавіка, раскідвае кіроўцаў, садзіцца за руль і зноў пачынае пераследваць Сару і параненага Кайла. Падчас пагоні Кайлу ўдаецца падарваць бензавоз выбухоўкай. Кайл і Сара думаюць, што перамаглі, і раптам Тэрмінатар падымаецца з абломкаў грузавіка, пазбаўлены згарэлага скурнага покрыва, і працягвае пераслед. Уцякаючы ад яго, яны спрабуюць схавацца на заводзе кампаніі «Кібердайн Сістэмс» (англ.: Cyberdyne Systems), які знаходзіўся побач, дзе робат неўзабаве наганяе іх. Падчас бітвы з Тэрмінатарам Кайл узрывае яго, аднак пры гэтым гіне сам, а Сара атрымлівае сур'ёзнае раненне ў нагу. Але Тэрмінатар апыняецца не пераможаны і гэтым разам: пазбаўлены выбухам ног і адной рукі, ён працягвае функцыянаваць і паўзком гоніцца за Сарай. Дзяўчыне ўдаецца заманіць робата пад гідраўлічны прэс і раздавіць яго. Пры гэтым рэшткі працэсара і частка металічнай рукі Тэрмінатара трапляюць да супрацоўнікаў кампаніі «Кібердайн Сістэмс» — будучай стваральніцы «Скайнета». Такім чынам, узнікае часавая петля: спроба карэкцыі будучыні прыводзіць да процілеглага выніку — усё становіцца на свае месцы, на шлях да катастрофы.

Сара Конар прымае рашэнне кардынальна змяніць сваё жыццё, прысвяціўшы яго выхаванню і абароне сына. Яна адпраўляецца падарожнічаць на машыне, па шляху запісваючы на дыктафон усё, пра што павінен ведаць Джон. На аўтазапраўцы яе фатаграфуе хлопчык і прадае ёй фота — тое самае, якое Джон Конар у будучыні пакажа Кайлу Рызу.

Саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

Музычнае суправаджэнне да фільма «Тэрмінатар» напісаў амерыканскі кампазітар Брэд Фідэль.

Зборы[правіць | правіць зыходнік]

Карціна выйшла ў пракат 26 кастрычніка. Пры сціплым бюджэце ў 6,4 млн долараў фільм мнагакратна акупіўся. У ЗША ён сабраў 38,4 млн $ і заняў 9-е месца ў пракаце 1984 года. Зборы ў свеце — 42 млн $. Фільм аказаўся больш папулярным за мяжой, чым у ЗША.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаў Гран-Пры Міжнароднага фестывалю фантастычных фільмаў у Аварыязе (Францыя) і 3 узнагароды амерыканскай Акадэміі навукова-фантастычных фільмаў і фільмаў жахаў (у тым ліку «лепшы навукова-фантастычны фільм»). У рэйтынгу лепшых фільмаў усіх часоў і народаў на сайце IMDb «Тэрмінатар» займае 184-е месца (50-е сярод баявікоў і 27-е сярод навукова-фантастычных фільмаў). У 2008 годзе быў уключаны Бібліятэкай Кангрэсу ЗША ў спіс фільмаў, прызнаных культурным здабыткам ЗША[6].

Працягі[правіць | правіць зыходнік]

У 1984 годзе выйшла аднайменная кніга, напісаная сцэнарыстам Уільямам Вішэрам у суаўтарстве з Рэндэлам Фрэйксам. Існуе яшчэ адна навелізацыя, напісаная брытанскім пісьменнікам Шонам Хатсанам у 1984 годзе.

У 1991 годзе Джэймс Кэмеран зняў не меней культавы і на парадак больш маштабны працяг «Тэрмінатар 2: Судны дзень». У 1996 пры ўдзеле Кэмерана і каманды стваральнікаў першых фільмаў у Лос-Анджэлесе быў запушчаны 3D-атракцыён «Тэрмінатар: Бітва скрозь час», для якога Арнольд Шварцэнэгер, Эдвард Фёрланг і Роберт Патрык (акцёры, якія ігралі ў «Тэрмінатары 2») спецыяльна зняліся ў міні-фільме, які апавядае пра вайну ў будучыні.

Сусвету «Тэрмінатара» бясспрэчна пашанцавала ў тым, што ён, у адрозненне ад іншых культавых фантастычных блокбастараў 80-х, пазбег шматлікіх нізкаякасных працягаў. Адной з прычын такога становішча, апроч добрасумленнасці Кэмерана, была заблытаная сітуацыя з аўтарскімі правамі. Калі гэта праблема была вырашана, у 2003 годзе на экраны выйшаў трэці фільм сагі — «Тэрмінатар 3: Паўстанне машын», створаны зусім іншай камандай, але па-ранейшаму са Шварцэнэгерам у галоўнай ролі (з арыгінальнага акцёрскага складу ў фільме таксама прыняў удзел Эрл Боэн у камеа доктара Сільбермана). У 2009 годзе адбылася прэм'ера фільма «Тэрмінатар: Выратаванне» з Крысціянам Бэйлам у ролі Джона Конара і Антонам Яльчынам у ролі маладога Кайла Рыза. Твар Шварцэнэгера ў якасці аблічча Тэрмінатара быў узноўлена з дапамогай камп'ютарных тэхналогій. Акрамя таго, у 2008 годзе быў зняты тэлевізійны серыял «Тэрмінатар: Хронікі Сары Конар» (або «Тэрмінатар: Бітва за будучыню»). Яго сюжэт уяўляе сабой самастойны працяг другой часткі, які ігнаруе падзеі трэцяга фільма. Серыял быў закрыты пасля другога сезону з-за нізкіх рэйтынгаў падчас паказу.

Тэхнічныя даныя[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінальны негатыў фільма зняты на 35-мм кінастужцы сферычнай оптыкай у кашатаваным фармаце з суадносінамі бакоў кадра 1,85:1. Пракатныя фільмакопіі аддрукаваны кантактным спосабам у тым жа фармаце[7]. Даўжыня фільма 2935 метраў у звычайнай версіі і 2924 у скарочанай. Арыгінальная фанаграма — аптычная аднаканальная па сістэме Dolby.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]