Тэрыкон
Тэрыко́н (фр.: Terril, таксама Terri — адвал пароды, фр.: Conique — канічны) — разнавіднасць антрапагеннага ландшафту, конусападобны адвал з пустых парод альбо прамысловых адкідаў (попел, шлак), паўсталых у выніку падземнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў альбо перапрацоўкі сыравіны на перапрацоўчых ці энергетычных прадпрыемствах.
Унутры тэрыконаў шахтаў і горнаўзбагачальных фабрык магчымае працяканне разнастайных працэсаў тэхнагеннага піраметамарфізму:
- згаранне вуглю (зоны з акісляльным рэжымам абпальвання)
- піроліз вуглю (зоны аднаўляльнага абпальвання пры Т = 800—1000°С)
- рэакцыі дэгідратацыі слаістых сілікатаў, якія маюць наступствам масавае выпарванне вады, а таксама выдзяленне фтору, хлору на пачатковых этапах гарэння адвалу (Т = 600—700°С)
- раскладанне карбанатаў з выдзяленнем СО і СО2 і ўтварэннем перыклазу, вапны і ферытаў (Т = 600—800°С)
- лакальнае плаўленне з утварэннем ашклёных клінкераў і базітавых паралаваў (Т = 1000—1250°С).
З улікам прыведзеных прычын большасць тэрыконаў складаюць пагрозу для навакольнага асяроддзя на многія гады. Дзеля абмежавання іх негатыўнага ўплыву праводзіцца рэкультывацыя і загаспадарванне земляў. Высаджванне вялікай колькасці дрэваў дазваляе прыпыніць разбурэнне тэрыконаў надворнымі ўмовамі.
Тэрыконы зазвычай маюць канічную форму, кідаючыся ў вочы сярод астатняга ландшафту. Сустракаюцца больш пляскатыя і эразаваныя, асабліва калі на іх ужо добра прынялася расліннасць.
Найвышэйшыя тэрыконы ў Еўропе — Лос-ан-Гаэль у былой горназдабыўчай зоне Па-дэ-Кале. Яны змяшчаюць шэраг з пяці конусаў, два з якіх дасягаюць 180 м, што перавышае нават найвышэйшую горную вяршыню Фландрыі — Мон Касель. У Беларусі тэрыконы знаходзяцца каля Салігорска, у месцы здабычы каменнай солі.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Тэрыкон
- Слоўнік.орг