Перайсці да зместу

Тэрыторыя Фларыда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інкарпараваная арганізаваная тэрыторыя ЗША
Тэрыторыя Фларыда
англ.: Territory of Florida
Злучаныя Штаты ў 1822-1824 гадах
Злучаныя Штаты ў 1822-1824 гадах
< 
< 
 >
1822 — 1845

Сталіца Талахасі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тэрыторыя Фларыда (англ.: Territory of Florida) — інкарпараваная арганізаваная тэрыторыя ЗША, якая існавала з 30 сакавіка 1822 года па 3 сакавіка 1845 года.

Першапачаткова гэтыя землі былі часткай большай іспанскай калоніі Фларыда. Пацярпеўшы паражэнне ў Сямігадовай вайне, Францыя ў 1762 годзе паводле сакрэтнага дагавора саступіла Луізіяну Іспаніі. У 1763 годзе паводле афіцыйнага мірнага дагавора Францыя саступіла тэрыторыі Луізіяны на ўсход ад ракі Місісіпі Вялікабрытаніі, а Іспанія ў абмен на захопленую Вялікабрытаніяй падчас вайны Гавану аддала Вялікабрытаніі Фларыду, не стаўшы таксама прэтэндаваць на ўсходнюю Луізіяну. Брытанія палічыла, што нованабытая тэрыторыя з'яўляецца занадта вялікай для эфектыўнага кіравання, і падзяліла яе па рацэ Апалачыкола на дзве калоніі: Усходнюю Фларыду і Заходнюю Фларыду.

У 1795 годзе паводле дагавора ў Сан-Ларэнца паўночнай граніцай абедзвюх Фларыд была прызнана 31-я паралель. Калі ў 1803 годзе Злучаныя Штаты купілі Луізіяну, то прад'явілі прэтэнзіі на землі Заходняй Фларыды паміж рэкамі Місісіпі і Пердзіда, але іспанцы адмовіліся прызнаць правамернасць гэтых прэтэнзій. У 1810 годзе ў Заходняй Фларыдзе паўсталі перасяленцы са ЗША, абвясціўшы незалежную рэспубліку; яна была анексавана Злучанымі Штатамі, а яе землі ўвайшлі ў склад Арлеанскай тэрыторыі. У 1812 годзе падчас англа-амерыканскай вайны амерыканцы акупавалі і анексавалі землі Заходняй Фларыды паміж рэкамі Перл і Пердзіда, уключыўшы іх у склад Тэрыторыі Місісіпі. У 1819 годзе паміж ЗША і Іспаніяй быў падпісаны дагавор Адамса — Аніса, які канчаткова зафіксаваў адмову Іспаніі ад абедзвюх Фларыд на карысць ЗША. 30 сакавіка 1822 года Усходняя Фларыда і тая частка Заходняй Фларыды, што яшчэ заставалася пад іспанскім кантролем на момант падпісання дагавора, былі аб'яднаны ў Тэрыторыю Фларыда.

Адміністрацыйным цэнтрам Усходняй Фларыды быў Сент-Огасцін, а Заходняй Фларыды — Пенсакола, але ў якасці сталіцы новага адміністрацыйнага ўтварэння быў выбраны размешчаны на паўдарозе паміж імі Талахасі. У Фларыдзе пачала развівацца сельская гаспадарка па тых жа прынцыпах, што і на іншых землях поўдня ЗША, аднак праблемай сталі індзейцы-семінолы, якія давалі прытулак збеглым рабам. Пасяленцы пачалі аказваць ціск на федэральны ўрад, патрабуючы высялення індзейцаў на захад. 28 мая 1830 года Кангрэс ЗША прыняў Закон аб перасяленні індзейцаў, а 9 мая 1832 года ў Пэйнс-Лэндынг на рацэ Аклаваха быў падпісаны дагавор паміж Злучанымі Штатамі і правадырамі шэрагу семінольскіх плямёнаў, у адпаведнасці з якім семінолы павінны былі на працягу трох гадоў перасяліцца на заходні бераг ракі Місісіпі. Аднак частка семінолаў адмовілася прызнаваць гэта пагадненне, следствам чаго стала распачатая ў 1835 годзе Другая Семінольская вайна, якая падоўжылася да 1842 года.

3 сакавіка 1845 года Фларыда ўвайшла ў склад ЗША ў якасці 27-га штата.