Уборкі (прадмесце)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Уборкі, 1941—1943 гг.

Убо́ркі, прадмесце Убо́ркі — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная на поўдзень ад Віленскага вакзала (цяперашні Мінск-Пасажырскі) абапал палатна Маскоўска-Брэсцкай чыгункі і далей да скрыжавання Новазахар’еўскай (Маскоўскай вуліцы) і Койданаўскага шляху.

Гістарычныя Уборкі — раён сучасных вуліц МагілёўскайВакзальнайРабкораўскайТалстога і іншых. Гэтыя вуліцы паўсталі ў канцы XIX — пачатку XX ст. у сувязі з пракладкай чыгуначнай лініі і будаўніцтвам двух вакзалаў[1].

На захадзе ад Уборак месцяцца Грушаўка і Добрыя Мыслі, на поўначы — Пляшчанка, на ўсходзе — Ляхаўка, на паўднёвым усходзе — прадмесце Серабранскія Млыны, на поўдні — Сенажаны[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чыгуначны мост ва Уборках, пач. XX ст.

Прадмесце пачало актыўна забудоўвацца ў 1870-я гады ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі. Паблізу знаходзіўся Немаршанскі гай, які разам з вялікім Ляхаўскім гаем, паводле беларускага падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, быў слаўны сваімі маёўкамі (майскімі гуляннямі)[3]. Мяркуецца, што менавіта адсюль і пайшла назва ўрочышча «Боркі» або «Уборкі», што значыць каля бору, лесу[4].

Чыгуначны мост, 1897 г.

У пачатку XX ст. Уборкі ўваходзілі ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Паміж чыгункамі ва Уборках праходзілі Вакзальная (захавалася яе траса), Малагеоргіеўская (Талстога), 2-я Сяргееўская (Рабкораўская). Сёння можна ўбачыць кавалкі вуліц прадмесця і за чыгункамі: гэта — вуліцы Прыгожая, Слонімская, Барысаўская (Студэнцкая).[5]

Прадмесце вельмі хутка забудоўвалася, і гарадскія ўлады не паспявалі правяраць адпаведнасць новых будынкаў і вулачак праектнаму плану. У выніку чаго з’явіліся пэўныя праблемы з праездам па тэрыторыі раёну[4].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Да нашага часу гарадскія ўлады знеслі бальшыню драўляных будынкаў, аднак захаваліся асобныя пабудовы канца XIX — пачатку XX стст. Тапонім Уборкі ніяк не пазначаны на сучаснай карце Мінска, арыенцірамі межаў колішняга прадмесця з’яўляюцца сучасныя вуліцы Талстога, Маскоўская і Магілёўская[6].

Старыя адрасы[правіць | правіць зыходнік]

Віленскі вакзал з боку Уборак, каля 1918 г.
  • Вакзальная 7. Склад газы манапалістычнага аб’яднання «Нобель». Месціўся за чыгуначнымі рэйкамі насупраць Віленскага вакзала. Дакладнае месцазнаходжанне не высветленае.
  • Вакзальная 10. Кіраванне каменданта. Будынак стаяў за чыгуначнымі рэйкамі, насупраць Віленскага вакзала. Побач з ім знаходзіўся зборны пункт навабранцаў, адкуль салдат па чыгунцы перавозілі да месца будучай службы.
  • Малагеоргіеўская, 12, дом Рэдзькі. У гэтым драўляным будынку з 1915 па 1918 гады жыў Змітрок Бядуля. Тут жа, у пісьменніка, у верасні 1916 года пасяліўся Максім Багдановіч. Будынак захаваўся і пэўны час стаяў на сваім ранейшым месцы, у сярэдзіне 1980-х быў перанесены на Рабкораўскі завулак.
  • Маскоўская 9, дом Дунера. Пецярбургская фатаграфія «Эскандэр». Працавала з 1891 года. Знаходзілася злева ад чыгуначнага шляхаправоду, паблізу цяперашняга Заходняга моста насупраць Дабрамысленскага завулка[7].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  2. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  3. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому края. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  4. 4,0 4,1 Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 228
  5. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  6. Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991. С. 70
  7. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]