Увеа (востраў, Новая Каледонія)
Увеа | |
---|---|
фр. Ouvéa | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 132,1 км² |
Найвышэйшы пункт | 45 м |
Насельніцтва | 3 392 чал. (2009) |
Шчыльнасць насельніцтва | 25,68 чал./км² |
Размяшчэнне | |
20°34′ пд. ш. 166°34′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Луаятэ |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уве́а (фр.: Ouvéa) — востраў у групе астравоў Луаятэ ў Новай Каледоніі. Плошча — 132,1 км². Насельніцтва — 3392 чал. (2009 г.).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Увеа ўяўляе сабою вялікі падняты атол. Яго заходняя частка пагружаная ў ваду, а ўсходняя ўзвышаецца на 45 м над узроўнем мора. Даўжыня — каля 35 км. У некаторых месцах шырыня сушы складае ўсяго 40 м. Увеа знакаміты сваім доўгім белым пясчаным пляжам, які цягнецца на 25 км.
Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература жніўня — +16 — 24 °C, сярэдняя тэмпература лютага — +23 — 29 °C. Найбольш дажджлівы месяц — сакавік (260 мм ападкаў), сухі месяц — верасень (63 мм ападкаў). У сярэднім на Увеа бывае 5 — 8 сонечных гадзін у дзень.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Карэннымі жыхарамі Увеа з’яўляецца меланезійскі народ іааі, які ў сучаснасці адносяць да канакаў Новай Каледоніі. Да прыходу еўрапейцаў тубыльцы падзяляліся на 21 ваенізаваную групу, на чале кожнай стаялі спадчынныя правадыры. Іааі мелі цесныя стасункі з іншымі меланезійскімі плямёнамі астравоў Луаятэ. Галоўнымі заняткамі былі земляробства і рыбалоўства.
У XVIII ст. на востраве таксама пасяліліся палінезійцы — выхадцы з астравоў Уоліс і Самоа. Яны і далі востраву яго сучасную назву.
У 1791 г. Увеа быў адкрыты французскімі мараплаўцамі. У 1856 г. тут з’явіліся брытанскія місіянеры, якія распаўсюджвалі сярод меланезійцаў пратэстантызм. У 1857 г. французскія місіянеры пачалі распаўсюджваць каталіцызм. Іх місія мела асаблівую падрымку сярод палінезійцаў.
Хаця Францыя заявіла аб далучэнні вострава да сваіх уладанняў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст., асобная французская адміністрацыя была створана толькі ў 1961 г. Дзякуючы турыстам з Японіі мясцовая эканоміка атрымала імклівае развіццё. Аднак у 1988 г. прыхільнікі незалежнасці Новай Каледоніі захапілі некалькі турыстаў у палон. Канфлікт скончыўся сілавым уздзеяннем урада Францыі ў дачыненні да паўстанцаў.
Славутыя мясціны
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным цэнтрам прыцягнення для наведвальнікаў Увеа з’яўляецца доўгі пясчаны пляж. Акрамя таго тут прапануецца наведаць:
- Какосавы гай, які займае больш за 3000 га. Пры ім працуе мылаварня і бровар, дзе робяць арак.
- Плантацыя ванілі.
- Дзівосныя каралавыя скалы на ўсходзе вострава.
- Традыцыйная драўляная скульптура.
- Ланцуг каралавых астравоў Плеяды на захад ад Увеа. Гэта найлепшае месца для водных відаў спорту.
Востраў звязаны з Новай Каледоніяй паветраным і марскім транспартам.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ouvéa, l'île la plus proche du paradis Архівавана 22 жніўня 2013.
- Les Nouvelles calédoniennes
- Ouvea Climate Guide
- Météo Ouvéa
- Lonely Planet Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Corpus iaai Архівавана 4 ліпеня 2014.