Удзельнік:Хомелка/Вікіманія 2016

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вікіпедыя за 15 гадоў існавання стала не проста сайтам, а сапраўдным сацыяльным рухам. Яе прынцыпы аб вольным руху інфармацыі выдатна стасуюцца з сусветнымі тэндэнцыямі пра свет без межаў, дзе кожны суб'ект унікальны, аўтаномны, своеасаблівы, але пры гэтым наладжаны сувязі паміж імі. Як сказаў заснавальнік Вікіпедыі Джымі Уэлз на адкрыцці Вікіманіі ў Эзіно Ларыа, — «Вікіпедыя будуе не сцены, а масты».

На дадзены момант існуе больш за 290 моўных супольнасцяў, якія перасякаюцца не толькі рэдактарамі (многія валодаюць некалькімі мовамі і такім чынам рэдагуюць артыкулы ў некалькіх раздзелах), але і асобнымі ініцыятывамі, якіх у Вікіпедыі вялікая колькасць. У першую чаргу я тут кажу пра так званыя чаптары — юрыдычныя адзінкі, якія больш за ўсё падобныя на філіялы Галаўнога фонду Вікімедыя, хоць гэта і не зусім дакладнае азначэнне.

Чаптары аб'ядноўваюць усіх вікіпедыстаў пэўнай краіны і дапамагаюць наладжваць супрацоўніцтва паміж імі ўнутры Вікіпедыі, а таксама ўзаемадзейнічаць з іншымі арганізацыямі накшталт архіваў, бібліятэк і гэтак далей. Але вельмі многія ініцыятывы не маюць юрыдычнага статусу, людзі аб'ядноўваюцца на хвалі цікавасці да пэўных тэм, для правядзення якіх-небудзь мерапрыемстваў накшталт серыі глабальных фатаграфічных конкурсаў «Вікі любіць славутасці/Зямлю/Афрыку/навуку» і т. д. Існуе нават Вікімедыйная асацыяцыя мімімішнасці (Wikimedia Cuteness Association), якая паўжартам-паўсур'ёзна аб'ядноўвае плюшавыя цацкі, якія з'яўляюцца сімваламі пэўных вікісупольнасцяў або вікімерапрыемстваў.

Таксама ўжо 12 гадоў запар Фондам Вікімедыя праводзіцца штогадовая сусветная канферэнцыя Вікіманія. Я пабывала на дзвюх, а ёсць у свеце пара чалавек, якія не прапусцілі ніводнай. Вікімагія гэта зусім унікальная культурная прастора. Там неверагодная энергетыка, да кожнага чалавека накіравана пазітыўная ўвага і цікавасць, пастаянна вядуцца размовы, якія тычацца далёка не толькі Вікіпедыі. Там атмасфера супрацоўніцтва і таварыства.

Па ўсім свеце праводзяць розныя даследаванні такога феномену, як вікісупольнасць. Яго вывучаюць лінгвісты, сацыёлагі, філосафы, гісторыкі. Ім жыва цікавяцца спецыялісты па гендэрных адносінах і палітолагі. У свой час было прапанавана дзяленне ўсіх людзей супольнасці на дзве вялікія групы: экзапедысты і эндапедысты. Першыя любяць займацца рознай вікіактыўнасцю — арганізоўваць конкурсы, прыдумляць спаборніцтвы, збіраць людзей для сустрэч, экспедыцый і гэтак далей. Другія кіруюцца дэвізам: «Не кажы, пішы артыкулы».

І калі для экзапедыстаў Вікіманія — гэта галоўны працоўны і гарачы час года, таму што такіх афлайн зносін больш нідзе не знайсці, то для эндапедыстаў канферэнцыя — час пошукаў натхнення, новых ўражанняў і тэм для артыкулаў. А таксама магчымасць навучыцца новым тэхнічным штукам, якія кожны год з'яўляюцца ў Вікіпедыі для больш зручнай працы.

Пасля Вікіманіі 2014 я загрузіла каля тысячы здымкаў у Вікісховішча, напісала дзясяткі артыкулаў па матывах сваіх падарожжаў па Лондане, пазнаёмілася з дзесяткамі людзей, якія дапамагаюць мне і нашаму падзелу Вікіпедыі да гэтага часу. Вікіманія 2016 не стала выключэннем. Чарговая тысяча фатаграфій чакае сваёй чаргі для загрузкі на Вікісховішча, ужо напісана некалькі вікіартыкулаў і запланаваны новыя, ну а знаёмствы, вядома, таксама былі, прычым у іх найлепшым чынам злучылася прыемнае з карысным.

У Эзіно Ларыа сабралася каля 1200 чалавек з 60 краін, якія размаўлялі больш, чым на 70 мовах і ўвесь гэты выдатны мурашнік пражыў тыдзень на адзіным удыху.

У наступным годзе вікіпедыстаў чакае Манрэаль, нешта новае і невядомае пакуль. Але італьянскі ваяж застанецца ў нашай гісторыі, падарыўшы шмат новых сяброў, уражанняў, сустрэч, знаходак і ўсмешак.

Да пабачэння, Эзіна Ларыа. Да пабачэння і дзякуй!