Удзельнік:Чаховіч Уладзіслаў/Архітэктура Віцебска

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэгулярныя планы для Віцебску распрацоўваліся ў канцы XVIII — пачатку XIX ст., да канца XIX ст. былі часткова рэалізаваныя. Планіровачна горад падзяляўся на тры часткі: Узгорскую (паміж Заходняй Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на процілеглым правым беразе Заходняй Дзвіны). Сфармаваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з дзвюх плошчаў: Рыначнай і Саборнай. У ансамбль Саборнай плошчы ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, будынак акруговага суда. Рыначную плошчу фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Заходняй Дзвіны ў стылі класіцызму пабудаваны палац губернатара. У розных частках гораду знаходзіліся Мікалаеўская царква, Траецкая царква, Успенская царква і манастыр базыльян, Казанская царква, Варварынскі касцёл.

З пракладкай лініі чыгункі была створаная Прывакзальная плошча, дзе ўзведзены будынак чыгуначнага вакзала (1866 г.) і пракладзеная новая вул. Вакзальная (сучасная вул. Кірава), якая падыходзіла да моста (першапачаткова драўлянага, з 1867 г. — мураванага) цераз Заходнюю Дзвіну і звязала левабярэжную і правабярэжную часткі горада. У 1897 г. пабудавана электрастанцыя, у 1898 г. у цэнтры пракладзеныя две лініі трамвая на электрычнай цязе (першы на Беларусі). Новая жылая забудова ўзнікала за лініяй чыгункі, што значна пашырыла Задзвінскую частку. У горадзе былі ўзведзеныя будынкі чыгуналіцейных майстэрняў (1877 г.), фабрык тытунёвай (1878 г.), акулярнай (1892 г.), кардоннай (1898 г.), ільнопрадзільнай «Дзвіна» (1900 г., пабудаваная Бельгійскім акцыянерным таварыствам у слабадзе Маркаўшчына). У 1890 г. пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара горада Ц. В. Кібардзіна быў распрацаваны новы праектны план Віцебска. Сярод грамадскіх будынкаў вылучаліся: мужчынская гімназія (1880 г., разбураная ў 1975 г.), будынак жаночага епархіяльнага вучылішча, будынак пазямельна-сялянскага банка, будынак духоўнага вучылішча. У цэнтральнай частцы горада ў 1912 г. пастаўлены помнік героям Айчыннай вайны 1812 года[1].

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Першы генплан рэканструкцыі Віцебска, распрацаваны ў 1938 годзе Дзіпраградам УССР пад кіраўніцтвам архітэктара А. Касьянава, вызначыў перспектывы далейшага развіцця горада з улікам яго гістарычных асаблівасцей. З пачатку 1930-х гадоў вядзецца комплекснае мураванае будаўніцтва — ствараюцца жылыя пасёлкі каля буйных прамысловых прадпрыемстваў (пас. Пралетарская слабада — былая Маркаўшчына, каля фабрыкі імя «КІМ», па вул. Горкага). На галоўных магістралях горада ўзведзеныя чатырохпавярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, дзе ў адным будынку аб’ядноўваліся жылыя і грамадскія памяшканні. Для вядучых спецыялістаў горада пабудаваны жылы дом спецыялістаў, дом-камуна — пошук новага тыпу жылля. Новым тыпам грамадскіх будынкаў з’явіўся клуб металістаў[1].

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Забудова Прывакзальнай плошчы

У 1-я пасляваенныя дзесяцігоддзі горад аднаўляўся і развіваўся па генпланах 1946 г. (аблпраект, г. Харкаў), яго карэкціроўкі 1956 г. (Віцебскі філіял інстытута «Белдзяржпраект»), новым генплане 1966 г. (інстытут «Віцебскграмадзянпраект»). Былі адноўленыя і ўзведзеныя новыя прамысловыя прадпрыемствы такія як станкабудаўнічы завод імя Кірава, фабрыкі панчошна-трыкатажная імя «КІМ», абутковая «Чырвоны Кастрычнік», швейная «Сцяг індустрыялізацыі», хлебазавод, маслазавод, дывановы камбінат, дрэваапрацоўчы камбінат і інш.). Праводзілася рэканструкцыя гарадскога цэнтру — вул. Кірава з Прывакзальнай плошчай; вул. Леніна з плошчамі Леніна, Свабоды, Перамогі. У гэты перыяд узведзеныя: чыгуначны вакзал, гатэль «Дзвіна» (архітэктары В. Ладыгіна, Я. Заслаўскі), Палац культуры на пл. Леніна (архітэктар А. Ефрамянак), будынак Беларускага Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра, Усходні прамысловы вузел на праспекце Фрунзэ і інш. У 19701980-я гады развіццё горада ажыццяўлялася па генпланам 1975 г. і 1982 г. (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва)[1].

Дзевяціпавярховы дом на плошчы Перамогі пался рэканструкцыі
Гасцініца «Віцебск»

Планіровачную структуру фарміруюць сем планіровачных раёнаў. Асноўным раёнам жылога будаўніцтва з’яўляецца Паўднёва-Усходні (з 1980 г. узводзяцца 5—9—12-павярховыя жылыя дамы і грамадскія будынкі ў мікрараёнах Поўдзень-1, Поўдзень-2, Поўдзень-3 і інш.). У 1974 г. завершаны ансамбль плошчы Перамогі, створаная плошча Тысячагоддзя Віцебска (былая Тэатральная плошча). У 1970—80-я гады ўзведзеныя жылыя дамы: шаснаццаціпавярховы (архітэктары У. Зубкоў, З. Конаш) з кінатэатрам «Беларусь», дзевяціпавярховы з магазінам «Дзіцячы свет», дзесяціпавярховы з рэстаранам «Аўрора» (архітэктары А. Бельскі, А. Расейкін), 8—9-павярховы (архітэктары З. Озерава, Г. Махмутаў) і пяціпавярховы пяцісоткватэрны (архітэктары Г. Махмутаў, П. Панамароў), чатырнаццаціпавярховы (архітэктары В. Данілаў, З. Даўгяла) па Маскоўскім праспекце. Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы інстытутаў — медыцынскага (архітэктар Данілаў), педагагічнага (архітэктары Зубкоў, Конаш), ветэрынарнага (архітэктар А. Грачышнікаў), дванаццаціпавярховы гатэль «Віцебск», корпус праектна-канструктарскага бюро АСУ (архітэктары Г. Махмутаў, Л. Ільінаў), будынак філіяла інстытута «Белдзяржпраект» (архітэктары Бельскі, Данілаў), сямнаццаціпавярховы інтэрнат абутковай фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» (архітэктар Грачышнікаў), Палац культуры прафсаюзаў (архітэктары В. Кірылаў, Бельскі), комплекс вышынных будынкаў інтэрнатаў па праспекце Перамогі (архітэктары А. Асяненка, В. Лукомскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (архітэктар В. Бабашкін) і інш. У комплекс грамадскага цэнтра ўваходзіць парк імя М. В. Фрунзэ на берагах р. Віцьба (архітэктары М. Жлабо, Л. Кузняцова, Л. Нардштэйн). Цераз Віцьбу ўзведзеныя новыя пешаходныя масты (Пушкінскі, Баўманскі, Юбілейны), цераз Заходнюю Дзвіну — транспартныя (Блахіна і Новы Мост). У цэнтральнай частцы захавалася гістарычная планіроўка XVI—XVII стст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і дойлідства XVIII — пачатку XX ст[1].

У пачатку XVI ст. Узгорская слабада была абкружаная драўлянымі сценамі, пераўтварылася ў трэці замак — Узгорскі. Кожны замак меў замкнёную планіровачную структуру са сваім кампазіцыйным цэнтрам, усе тры замкі былі цесна звязаныя паміж сабой. Уяўленне аб планіроўцы і забудове гораду дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» 1664 года. Сярод будынкаў XVII ст. вядомы гасціны двор, Святадухаўская царква, Міхайлаўская царква, Сімяонаўская царква, Спаса-Праабражэнская царква, Увядзенская царква, палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфармавалася Віцебская школа дойлідства[1]. 

Старажытны Віцебск[правіць | правіць зыходнік]

Першаасновай горада было гарадзішча (Замкавая гара) на высокім узгорку, вакол якога ў IX — пачатку X ст. ўзніклі тры паселішчы. У XXIII стст. горад фармаваўся паводле прынцыпаў старажытнага горадабудаўніцтва: уяўляў сабой умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся навакольны горад (пасад). У XII ст. цэнтр Віцебскага княства[1]. У 2-й палове XIII — пачатку XIV стст. планіровачная структура вызначаецца фарміраваннем Верхняга (былы дзядзінец) і Ніжняга замкаў (былы пасад)[1] на ўчастку авальнага абрысу паміж дзвюма пратокамі ракі Віцьбы, якія ўпадаюць у Дзвіну[2]. Да яхіх далучаліся неўмацаваныя слабоды — Узгорская (поўнач), Заручаўская (поўдзень), Задунаўская (усход), Задзвінская (захад)[1]. Напэўна, ужо ў IXXIII стст. выявіліся напрамкі вуліц, якія служылі асновай для далейшага развіцця планіровачнай структуры. Галоўная Вялікая вуліца перасякала Ніжні замак з усходу на захад. Планіроўка горада ў цэлым была няправільная радыяльная з дугавымі элементамі. У наступныя часы сфарміраваліся слабоды, размяшчэнне і канфігурацыя якіх вызначаліся тапаграфіяй мясцовасці[2].

У XIVXVI стст. атрымала развіццё сістэма культавых будынкаў. Яна ўключала цэрквы: Міхайлаўскую ў Верхнім замку, Дабравешчанскую XII ст. і Святой Параскевы ў Ніжнім замку, драўляную Духаўскую XIV ст. на паўднёвым усходзе і Успенскую на поўначы ад замкаў, Іаана Багаслова XVI ст. на беразе Віцьбы ў аддаленні ад цэнтра горада, Ільінскую XV ст. на правым беразе Дзвіны. У Ніжнім замку ўпамінаюцца францысканскі кляштар і драўляным кальвінскі збор XVI ст[2].

Да асноўных будынкаў належала таксама драўляная ратуша, пабудаваная ў 1597 г. У 16231644 гт., калі Віцебск часова страціў права самакіравання, ратушу разабралі. Гэтае дзеянне з боку каралеўскай улады было выклікана рэлігійнымі хваляваннямі ў горадзе, калі жыхарамі быў забіты уніяцкі архіепіскап Іясафат Кунцэвіч[2].

Ландшафтная сітуацыя спрыяла цэнтрычнай ролі Верхняга і Ніжняга замкаў у агульным плане горада. Па меры аддалення ад іх мясцовасць паступова павышалася, што вызначала магчымасць панарамнага агляду цэнтральнай часткі горада з боку слабод. Асаблівасцю кампазіцыі служыла таксама тое, што цэнтр горада ўспрымаўся на вялікай працягласці ўздоўж далін Дзвіны, Віцьбы і ручая Дуная, які ўпадаў у пратоку Віцьбы, зрокава завяршаючы іх прыродныя прасторы[2].

У канцы XVI ст. частка пасада паміж Дзвіной і Віцьбай (Узгор’е) была абнесена драўлянымі сценамі і ў якасці трэцяга звяна ўвайшла ў сістэму замкаў. Пра асноўныя асаблівасці планіроўкі і забудовы ў XVII ст. можна меркаваць па дакументальным малюнку — «Чарцяжу горада Віцебска 1664 г.», выкананаму ў перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, калі горад у 1654—1667 гг. займалі рускія войскі[2].

У значнай меры структура горада фарміравалася абарончымі збудаваннямі — драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі, сярод якіх вылучаліся праезныя вежы. Агульная даўжыня ўмацаванняў складала каля 1510 сажняў (больш за 3,2 км). Акрамя Вялікай вуліцы ў Ніжнім замку другім важным напрамкам была перпендыкулярная ёй вуліца Узгорскага замка. Кожны з замкаў меў самастойны архітэктурна-планіровачны цэнтр. У Ніжнім замку ім з’яўляўся Аляксееўскі манастыр, перабудаваны ў 1654 г. з езуіцкага калегіума (16401644). Яшчэ раней гэты ўчастак займала праваслаўная драўляная царква Святой Параскевы[2].

Ва Узгорскім замку грамадскі цэнтр фарміраваўся драўлянай ратушай (1644), крамамі, гасціным дваром, Васкрасенскай царквою сярэдзіны XVII ст., іншымі будынкамі і размяшчаўся на перакрыжаванні асноўных вуліц. Цэнтры Узгорскага і Ніжняга замкаў звязваліся паміж сабою драўляным мостам цераз Віцьбу (т. зв. Рынкавы, альбо Гарадскі, пазней Езуіцкі). У забудову абодвух цэнтраў уваходзіла галоўная ў Віцебску праезная вежа, так званы Валконскі круглік, якая адрознівалася ад астатніх вежаў памерамі і манументальным архітэктурным абліччам[2].

Цэнтрам Верхняга замка служыла група пабудоў: дом ваяводы, Міхайлаўская царква, будынак прыказа і іншыя, якія таксама размяшчаліся паблізу Рынкавага моста. Ад Вялікай праезнай брамы ў паўднёвай крапасной сцяне да варот у паўночнай сцяне праходзіла вуліца, якая дзяліла тэрыторыю Верхняга замка на дзве часткі — усходнюю, дзе знаходзіліся, у асноўным, адміністрацыйныя і культавыя будынкі, і заходнюю з жылымі дамамі. Кожная з іх мела свабодную планіроўку, якая падпарадкоўвалася рэльефу мясцовасці і паўтарала абрыс абарончых сцен[2].

Індывідуальнае архітэктурнае вырашэнне кожнага з замкаў дасягалася, у прыватнасці, перавагай пэўнага тыпу драўляных вежаў. Напрыклад, усе вуглавыя вежы Верхняга і Ніжняга замкаў былі «круглікамі», г. зн. васьміграннымі; гэты тып вежаў тут больш не паўтараўся. Ва Узгорскім жа замку, наадварот, вуглавыя вежы былі прамавугольныя, а васьмігранная размяшчалася на прамым участку сцяны[2].

Архітэктурнае аблічча Віцебска ў XVII ст. у многім вызначалася разнастайнай драўлянай жылой забудовай, якая, як і абарончыя збудаванні, да нашага часу цалкам страчана. Сярод будынкаў, паказаных на малюнку 1664 г., лёгка распазнаць жыллё бедных гараджан, дамы ўласнікаў сярэдняй заможнасці і палацы гарадской знаці (дом Агінскага, дом Горскага, дом Шапкіна і інш.)[2].

У XVII ст. развіваецца сістэма культавых будынкаў. якая ахоплівае тэрыторыю замкаў і слабод. Яна дапоўнілася Праабражэнскай, Спаскай, Увядзенскай і Сямёнаўскай цэрквамі[2].

Малюнак 1664 г. яскрава перадае асаблівасці гарадскога сілуэта, які фарміраваўся шматлікімі крапаснымі вежамі, культавымі будынкамі, буйнымі жылымі дамамі. Пераважалі тыповыя для дойлідства XVII ст. шатровыя чатырох- і васьмісхільныя дахі, часта ўвенчаныя вежачкай са шпілем, ярусныя аб’ёмы шматкупальных драўляных цэркваў, завершаныя разнастайнымі купаламі, высокія двухсхільныя дахі. Найбольш буйнымі сярод культавых будынкаў былі Аляксееўская і Праабражэнская цэрквы, з абарончых вежаў — брамы і васьмігранныя вежы; па кампазіцыйнай ролі ім не ўступала ратуша[2].

XVIII ст.[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII ст. памеры горада павялічыліся за кошт пашырэння слабод. Перасечаны рэльеф мясцовасці, разгалінаваная сістэма яраў і ручаёў абумовілі складаную вулічную сетку, якая паступова, свабодна складвалася на працягу стагоддзяў. Вуліцы мелі ломаныя ці крывалінейныя абрысы і пераменную шырыню, плошчы і кварталы — няправільную канфігурацыю[2].

Калі ў XVI—XVII стст. гарадскія ўмацаванні, якія акружалі асобныя раёны, абумоўлівалі пэўную аўтаномнасць успрыняцця забудовы ў межах крапасных сцен, то пасля разборкі апошніх у XVIII ст. з'явіліся новыя зрокавыя сувязі, якія ахоплівалі ўсю тэрыгорыю Віцебска[2].

Грамадскі цэнтр Віцебска з вежы ратушы. 1873

Важнай асаблівасцю горада XVIII ст. з’яўляўся грамадскі цэнтр, ядро якога ўтваралі дзве плошчы — ратушная ва Узгорскім замку і плошча перад езуіцкім калегіумам, пасля адміністрацыйная ў Ніжнім. Арганізацыя дзвюх плошчаў вызначылася самастойным фарміраваннем у XVI — XVII стст. цэнтраў гэтых замкаў. Пры разборцы гарадскіх умацаванняў цэнтры аб'ядналіся ў цікавы па планіроўцы і прасторавым вырашэнні архітэктурны ансамбль. Да 1814 г. плошчы злучаў драўляны на ражавых апорах мост, пасля — манументальны мураваны[2].

Езуіцкі калегіум, пабудаваны на месцы Аляксееўскага манастыра ў 17161731 гг., уключаў касцёл, жылыя і падсобныя карпусы, званіцу, езуіцкую школу (1799). У 1770-х гг. за кошт нівеліроўкі часткі Замкавай гары вуліца перад калегіумам пашырылася да памераў плошчы. Насупраць яго пабудаваны гандлёвыя крамы і адміністрацыйны будынак (паліцыя, дом ваяводы, пошта), дзе пасля размяшчалася жыллё віцэ-губернатара. Пры ўзвядзенні гэтага будынка выкарыстаны ўзорны праект паштовай станцыі, распрацаваны ў 1772 г. вядомым рускім дойлідам I. Я. Старовым. У 1780 г. сіметрычна гэтаму будынку побач паўстаў дом губернатара, дзякуючы чаму ўтварыўся працяглы, сіметрычны фасад усяго заходняга боку плошчы[2].

Ансамбль Ратушнай плошчы (1863-1873)

Плошча ва Узгорскім замку фарміравалася бернардзінскім кляштарам (1737—1768), Васкрасенскай царквой (1772) і ратушай. У XVIIXVIII стст. драўляная ратуша неаднаразова гарэла і аднаўлялася — у 1680, 1708, 1733, 1753 гг. У 1775 г. пабудаваная на месцы старой новая мураваная ратуша стала галоўным будынкам ансамбля. У канцы XVIII ст. былі знесены драўляныя гандлёвыя крамы, што месціліся пасярэдзіне плошчы. Комплекс дапоўніўся двума карпусамі гасцінага двара, якія з заходняга і ўсходняга бакоў абмежавалі прастору перад ратушай[2].



Шмат’ярусная званіца, узведзеная над будын-кам духоўнага праўлення, падкрэслівала ўваход у галоўны корпус калегіума. Першапачаткова ба-рочная, у 1843 г. яна перабудоўваецца ў формах класіцызму. Архітэктурнае аздабленне касцёла таксама змянялася ў 1843 і 1872 гг[2].

Асаблівасцю ансамбля з’яўлялася яго стылявая еднасць — амаль усе збудаванні ўзведзены ў перыяд віленскага барока ў другой і трэцяй чвэрцях XVIII ст. Характэрным для ансамбля было таксама ўсебаковае выкарыстанне кантрасных суадносін архітэктурных аб’ёмаў, прастораў і пластычных вырашэнняў фасадаў будынкаў[2].

Акрамя ядра грамадскага цэнтра, у горадзе існавалі некалькі плошчаў перад манастырамі, якія насілі культавую функцыю. Яны вызначаліся меншымі памерамі, камерным характарам кампазіцыі. Некаторыя плошчы былі адкрытыя да прыродных прастораў Дзвіны, далінаў Віцьбы і ручая Дуная, што надавала ім арыгінальныя рысы, нетрадыцыйныя для беларускага горадабудавання XVI— XVIII стст. Да такіх плошчаў адносіцца трэцяя па значэнні плошча перад мужчынскім базыльянскім манастыром, які адзначаў у гарадской прасторы адзін з найбольш высокіх участкаў рэльефа. Плошча была адкрыта з двух бакоў і планіровачна цесна звязвалася з асноўнай часткай грамадскага цэнтра горада[2].

Базыльянскі манастыр, дзякуючы сваім памерам і размяшчэнню, з’яўляўся галоўнай архітэктурнай дамінантай Віцебска. На яго месцы яшчэ ў XV ст. існавала драўляная Успенская царква. У 1639 г. тут пабудавана новая Прачысценская царква, таксама драўляная. На малюнку Віцебска 1664 г. на месцы Прачысценскай паказана Праабражэнская царква. У 1682 г. яе замяніў базыльянскі манастыр. У 17131743 гг. па праекце архітэктара I. Фантана была ўзведзена мураваная уніяцкая царква. Манастырскія карпусы пры ёй пабудаваны да 1773 г. Пасля, у 1840 г., манастыр перайпюўу праваслаўнае ведамства, а царква перайменавана ва Успенскі сабор. Размяшчэнне аб'ёмна-прасторавай дамінанты на высокім узгорку пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну з'яўлялася традыцыйным на працягу доўгага перыяду фарміравання горада[2].

Сутока Віцьбы і Дзвіны на малюнку Юзафа Пешкі. Каля 1800
Віцебск з боку ручая Дунай на малюнку Юзафа Пешкі. Каля 1800

У XVIII ст. у забудову Віцебска ўваходзіла мноства культавых будынкаў, якія фарміравалі унікальны шматвежавы сілуэт горада пры ўспрыняцці з розных напрамкаў. Гэта піярскі кляштар(бел. (тар.)) бел. 1753 г., трынітарскі кляштар 1760 г. (пасля 1858 г. касцёл пераўтвораны ў Петрапаўлаўскую царкву), дамініканскі кляштар 1771 г., Васкрасенская (Заручаўская) царква (1771—1820), Мікалаеўская (Завіцьбенская) царква (1798 ), другая, драўляная Мікалаеўская царква (1779), Петрапаўлаўская царква (1780), Сямёнаўская (Богаяўленская) царква (1790—1805) і інш. Многія храмы XVIII ст. размяшчаліся на пляцах больш старажытных культавых будынкаў, што з’яўлялася пашыранай горадабудаўнічай традыцыяй. Напрыклад, збудаванні жаночага базыльянскага манастыра XVIII ст. занялі месца Духаўскага праваслаўнага манастыра, вядомага яшчэ з XIV ст. На ўчастку старажытнай драўлянай царквы ў 1796 г. узведзена царква Іаана Багаслова, пасля, у сярэдзіне XIX ст. перабудаваная. Таксама на месцы старажытнага драўлянага храма ў 1810 г. узведзена Спаская царква (разбурана ў 1812 г., нанава пабудавана ў 18131819 гг., перабудоўвалася ў 1847 і 1853 гг.)[2].

У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у Віцебску налічвалася 28 храмаў, больш, чым у якім-небудзь іншым горадзе Беларусі. Разам з унікальным прыродным ландшафтам гэта абумовіла высокую эстэтычную якасць горадабудаўнічай кампазіцыі, цудоўную панараму горада[2].

Культавыя будынкі змяшчаліся на вяршынях прырэчных узгоркаў і броўках плато, падкрэсліваючы прыродную прастору даліны ракі ці яра. Храмы знаходзіліся на восях далін і эфектна ўспрымаліся ў абрамленні іх маляўнічых схілаў. Найлепшае месца для будынка беспамылкова выбіралася дойлідам, што пацвярджаецца, у прыватнасці, будаўніцтвам на замыканні як мага большай колькасці тальвегаў. Апрача таго, выкарыстоўваўся прынцып арыентацыі вуліц на архітэктурныя дамінанты[2].

Для Віцебска характэрна вылучэнне з агульнай сістэмы дамінантаў груп з двух альбо трох збудаванняў, якія стаялі побач. Такім суседствам вылучаліся, напрыклад, ратуша, Васкрасенская царква і бернардзінскі касцёл; Дабравешчанская царква, дамініканскі і парафіяльны касцёлы; касцёл і званіца езуіцкага калегіума; Мікалаеўская царква і піярскі касцёл і іншыя, што надавала своеасаблівасць кампазіцыі горада[2].

Рэгулярная перапланіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Праект рэгулярнай перапланіроўкі Віцебска складзены ў 1778 г. Аднак ён аказаўся няўдалым быў рэалізаваны. У канцы XVIII і пачатку XIX ст. распрацаваны далейшыя праекты рэканструкцыі. у адпаведнасці з якімі пераўтварылася планіровачная структура[2].

У адрозненне ад некаторых іншых гарадоў, напрыклад Мінска і Полацка. у перыяд класіцызму новая планіроўка значна відазмяніла наяўную сетку вуліц. Ліквідавана разгалінаваная нерэгулярная планіровачная структура, якая свабодна фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў адпаведна рэльефу мясцовасці, абрысаў рэчышчаў рэк, размяшчэння крапасных сцен і вежаў, іншымі ўмовамі жыцця горада. У новай планіроўцы, якую можна вызначыць як складаную прамавугольную з радыяльнымі элементамі, былі недастаткова ўлічаны старыя камунікацыі. Аднак на некаторых участках ствараемыя магістралі паўтарылі напрамкі вуліц, якія ўжо існавалі. Узніклі новыя вуліцы паміж асобнымі, раней слаба звязанымі перыфе-рыйнымі раёнамі[2].

Адным з вынікаў рэгулярнай перапланіроўкі з’явілася фарміраванне новага працяглага гарадскога цэнтра, які ўключыў ядрю цэнтра феадальнай эпохі — ансамбль дзвюх плошчаў, паралельную Дзвіне галоўную гарадскую магістраль, новую гандлёвую плошчу, якая завяршала гэты напрамак, і іншыя элементы. Акрамя таго, было закладзена некалькі плошчаў у розных частках Віцебска — Задзвінні, Заручаўі (тэрыторsя на поўдзень ад Ніжняга замка), Узгор’і і інш. За невялікім выключэннем, яны не набылі ролю архітэктурна-планіровачных цэнтраў адпаведных раёнаў. Тлумачыцца гэта адсутнасцю тут манументальнай забудовы, аддаленасцю новых плошчаў ад гістарычнага цэнтра, а таксама іх планіровачнай раз’яднанасцю[2].

Рэгулярная планірюўка зрабіла істотны ўплыў на далейшае фарміраванне Віцебска ў эпоху капіталізму. Важны вынік будаўнічых мерапрыемстваў гэтага перыяду — пашырэнне грамадскага цэнтра, пракладка захаваных да нашага часу планіровачных дыяметраў - дзвюх перпендыкулярных магістраляў. Уздоўж іх канцэнтравалася мноства гандлёвых і іншых грамадскіх устаноў, найбольш самавітая жылая забудова. Траса галоўнай вуліцы ва Узгор’і вызначыла мерыдыянальны напрамак, закладзены яшчэ ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Пазней яна была прадоўжана на поўдзень праз увесь раён Заручаўя. Пры гэтым узнікла неабходнасць засыпаць частку рукава Віцьбы, што прывяло да змянення гістарычнага ландшафту. Такім чынам, паўднёвая частка дыяметру, абумоўленая патрабаваннямі транспартнай сувязі раёнаў горада паміж сабой, уступіла ў супярэчнасць з вулічнай сеткай перыяду класіцызму. Новая магістраль парушыла сістэму кварталаў, якая існавала да гэтага часу, і злучыла паўночную і паўднёвую часткі горада[2].

Шыротны гарадскі дыяметр таксама склаўся на аснове закладэеных яшчэ ў эпоху класіцызму камунікацый. Пракладка чыгункі, будаўніцтва ў 1866 г. вакзала і фарміраванне прывакзальнай плошчы выклікалі ўзмацненне горадабудаўнічай ролі Вакзальнай вуліцы (сучасная Кірава) і ўзвядзенне на яе трасе ў 1867 г. мураванага моста цераз Дзвіну. Так арганізавалася заходняя частка гарадскога дыяметра. У процілеглым баку магістраль закранула край тэрыторыі Верхняга замка і працягнулася на ўсход вуліцамі Замкавай і Задунайскай. Адпаведна пасля будаўніцтва ў канцы XVIII ст. плошчы перад езуіцкім касцёлам зноў часткова парушаны краявід узгорка Верхняга замка[2].

Для другой паловы XIX і пачатку XX ст. характэрна перабудова, відазмяненне некаторых храмаў. Так, напрыклад, касцёл Святой Варвары, узведзены ў 1785 г., карэнным чынам рэканструяваны ў 1884 г. і набыў эклектычны дэкор. Драўляная Мікалаеўская царква 1799 г. у 1853 г. капітальна перароблена з таго ж матэрыялу (зга-рэла ў 1904 г.). У пачатку XX ст. у формах псеўдарускай архітэктуры паўстала Святадухаў-ская царква жаночага спархіяльнага вучылішча[2].

Вышынныя дамінанты горада (здымак да 1867) злева направа: фрагмент Успенскай царквы і кляштара базылянаў, Фарны касцёл, Дабравешчанская царква, Ратуша, Уваскрасенская (Рынкавая) царква, Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў і Вялікая сінагога
Вышынныя дамінанты горада (здымак да 1867) злева направа: фрагмент Успенскай царквы і кляштара базылянаў, Фарны касцёл, Дабравешчанская царква, Ратуша, Уваскрасенская (Рынкавая) царква, Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў і Вялікая сінагога

Далейшае развіццё атрымала манументальная грамадская і жылая забудова, якая вызначалася новым, больш разгорнутым маштабам. У многіх выпадках не лічыліся з існаваўшьімі каштоўнымі старымі будынкамі. Напрыклад, у 1883 г. па праекце архітэктара Л. П. Камінскага на месцы дамоў губернатара і віцэ-губернатара на адміністрацыйнай плошчы ўзведзены будынак акруговага суда. Сярод іншых, найбольш прыкметных збудаванняў гэтага часу — тэатр (1845 г., архітэктар М. Чарвінскі), мужчынская гімназія (1880 г., архітэктары А. Памонскі, М. Карчэўскі), аддзяленне Маскоўскага міжнароднага банка (канец XIX ст., архітэктар Ц. В. Кібардзін), духоўная семінарыя (1890 г., архітэктар А. Кляменцьеў), жаночае епархіяльнае вучылішча (1902 г., інжынеры А. К. Паўлоўскі, П. А. Вінаградаў), Пазямельна-сялянскі банк (1917 г., архітэктар К. К. Тарасаў)[2].

У 19111912 гг. па праекце вядомага рускага дойліда I. А. Фаміна быў пабудаваны абеліск у гонар рускіх воінаў, удзельнікаў бітваў пад Віцебскам у Айчынную вайну 1812 года. Манумент размяшчаўся на Дварцовай плошчы перад палацам генерал-губернатара на высокім левым беразе Дзвіны. Выбар месца для помніка служыў узорам ансамблевага вырашэння: пастаўлены на восі сіметрыі палаца і, акрамя таго, на восі Дварцовай вуліцы (сучасная Савецкая), абеліск завяршаў яе відавую перспектыву[2].

У 19201930-ых гг. у гістарычнай частцы горада ўзведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў. Нягледзячы на больш буйны маштаб, у параўнанні з забудовай XVIII—XIX стст., яны не сказілі кампазіцыю гістарычнага раёна[2].

Пасляваенны час[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Кірава

Як і іншыя гарады Беларусі, Віцебск зведаў велізарныя разбурэнні ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Былі пашкоджаны выдатныя помнікі архітэктуры, зруйнаваны кварталы радавой гістарычнай забудовы. У працэсе пасляваеннай рэканструкцыі планіровачная структура ў асноўным захавалася і дапоўнілася новымі будынкамі, якія атрымалі значэнне сувязных элементаў у парушанай кампазіцыі цэнтра. Важнейшым мерапрыемствам гэтага перыяду аказалася стварэнне ансамбля вуліцы Кірава[2].

Забудова наступных гадоў характарызавалася адсутнасцю пераемнасці горадабудаўнічай кампазіцыі, якая склалася раней, што з яўляецца агульным для ўсіх гарадоў рэспублікі. У 19601970-ых гг. на правым беразе Дзвіны, вуліцах Леніна, Замкавай, Пушкіна і іншых узведзены жылыя і грамадскія будынкі, размяшчэнне, аб'емна-прасторавае вырашэнне і архітэктура фасадаў якіх не адпавядалі мастацкім традыцыям фарміравання забудовы ў гістарычнай частцы горада[2].



Непаўторныя прыродныя ўмовы, буйнамаштабныя ландшафтныя формы — паўнаводная Дзвіна з высокімі берагамі, велічнымі, багата азелянёнымі схіламі Віцьбы і ручая Дуная,— у гэтым цяпер своеасаблівасць аблічча гістарычнага цэнтра[2].

Параўнанне нерэгулярнай планіроўкі Віцебскадругой паловы XVIII ст., планіроўкі перыяду класіцызму і сучаснай вулічнай сеткі дазваляе адзначыць, што толькі на некаторых участках напрамкі ці трасы сучасных вуліц супадаюць з сярэдневяковай структурай. Цяперашнія абрысы плошчаў і вуліц Узгор’я, Задзвіння, Заручаўя і іншых раёнаў амаль цалкам адпавядаюць закладзеным пры рэгулярнай перапланіроўцы ў канцы XVIII першай палове XIX ст. У цэлым планіроўка вуліц і плошчаў мае вялікую культурную каштоўнасць як сведчанне шматвяковага развіцця Віцебска, узор мастацтва горадабудавання эпохі класіцызму[2].

Асноўнымі структурнымі восямі гістарычнага раёна служаць участкі мерыдыянальнага і шыротнага гарадскіх дыяметраў. У большай ступені гістарычная забудова лакалізуецца ўздоўж мерыдыянальнага напрамку — вуліцы Леніна. На перакрыжаванні восяў знаходзіцца тэрыторыя былых адміністрацыйнай і ратушнай плошчаў. Вежа ратушы — адзіная вертыкаль калісьці развітога шматвежавага сілуэта Віцебска. Жылыя і грамадскія будынкі XVIII — пачатку XX ст. фарміруюць забудову вуліц Суворава, Л. Талстога, Крылова, Савецкай, Пушкіна і іншых, на асобных участках размешчаную суцэльным фронтам, а дзе-нідзе — больш рэдка, напрыклад у Задзвінні. Да асноўных помнікаў, якія захаваліся, адносяцца фрагменты Благавешчанскай царкпы, трынітарскі храм з манастырскай пабудовай, карпусы базыльянскага манастыра, Варварынскі касцёл, будынкі акруговага суда і жаночага духоўнага вучылішча і іншыя[2].

У параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі ў Віцебску існуе адносна многа помнікаў эпохі класіцызму[2].

Знішчэнне архітэктурнай спадчыны[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя значных страт архітэктурнай спадчыны трэба адзначыць моцна скажоны сучасным будаўніцтвам культурны пласт Верхняга і Ніжняга замкаў[2].

3 28 культавых будынкаў, якія фарміравалі унікальныя панарамныя віды горада, захаваліся толькі два храмы, «заціснутыя» новай забудовай. Некаторыя разбураны ў 1930-ых гг., многія пацярпелі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасля не былі адноўлены, іншыя — знесены ў працэсе пасляваеннай рэканструкцыі горада. Знішчаны помнікі барока, які складалі ансамбль ратушнай і адміністрацыйнай плошчаў — езуіцкі касцёл і карпусы калегіума, бернардзінскі касцёл з кляштарнымі будынкамі, што існавалі яшчэ ў канцы 1950-ых гг., а таксама Васкрасенская царква. Знішчаны гасціны двор, які прымыкаў да бернардзінскага касцёла. Цалкам разбурана галоўная дамінанта горада — базыльянскі касцёл і размешчаная насупраць, на правым беразе Дзвіны Богаяўленская царква, ад якой засталася толькі магутная падпорная сцяна ў берагавым схіле. Ад своеасаблівай групы з трох храмаў на тэрыторыі Ніжняга замка — Благавешчанскай царквы, парафіяльнага і дамініканскага касцёлаў захаваліся толькі руіны царквы, прыстасаваныя для агляду і падвергнутыя кансервацыі. Да найбольш істотных у горадабудаўнічых адносінах страт адносіцца таксама знос Святадухаўскай царквы на высокім плато, якая цудоўна ўспрымалася з розных бакоў, здвоеных дамінантаў у Задзвінні — Мікалаеўскай царквы і піярскага касцёла. Не зас-талося і праваслаўных і каталіцкіх храмаў — калісьці шматлікіх у розных раёнах горада[2].

У 1970-х гг. знесена вялікая група жылых і грамадскіх будынкаў XVIII — начатку XX ст. паблізу ратушнай плошчы з усходняга боку вуліцы Леніна, чыя недастатковая шырыня ўскладняла рух грамадскага транспарту. Такім чынам традыцыйна замкнёная прастора вуліцы апынулася раскрытай на ландшафтную зону, што неправамерна ва ўмовах гістарычнага горада[2].

Без горадабудаўнічай неабходнасці разбурана група будынкаў XVIII — пачатку XX ст. плошчы Свабоды на рагу вуліцы Леніна і праспекта Фрунзэ, сярод якіх — будынак школы пры езуіцкім калегіуме. Знесены манументальны гістарычны будынак па вуліцы Замкавай, у якім размяшчаўся педагагічны інстытут[2].

Аднаўленне спадчыны[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 Віцебск // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993.
  2. 2,00 2,01 2,02 2,03 2,04 2,05 2,06 2,07 2,08 2,09 2,10 2,11 2,12 2,13 2,14 2,15 2,16 2,17 2,18 2,19 2,20 2,21 2,22 2,23 2,24 2,25 2,26 2,27 2,28 2,29 2,30 2,31 2,32 2,33 2,34 2,35 2,36 2,37 2,38 2,39 2,40 2,41 2,42 2,43 2,44 Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003.— 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.