Удзельнік:Vasyl` Babych/Пра вікіпе(э)дыю, правапісы і фактаж
Старонка — эсэ пра Вікіпедыю, не правіла або парада і мае азнаямляльны характар. |
Я этнічны ўкраінец, і сітуацыю з вікіпе(э)дыямі рознымі варыянтамі беларускай мовы назіраю крыху звонку. Я збольшага працую менавіта ў раздзеле класічнай мовай нормай, і на гэта ёсць свае прычыны. Найперш мне вельмі падабаецца беларуская мова, і я пачынаў яе вучыць менавіта ў варыянце тарашкевіцы/класічнага правапісу. Па-другое, тарашкевіца/класічны правапіс у цэлым маюць больш зразумелыя правілы і больш фанетычныя, чым афіцыйны правапіс. Па-трэцяе, афіцыйны правапіс з'яўляецца відавочна русіфікаваным. Зрэшты, тарашкевіца нават гучыць для мяне больш прыемна, з нейкім сваім шармам. Беларуская — наогул мова цікавых людзей, у якіх ёсць нейкая прычына, чаму яны яе выкарыстоўваюць, а тарашкевіца — яшчэ больш "элітная" з'ява.
Але я мушу сказаць, што афіцыйная моўная норма, няхай яна і русіфікаваная, так ці інакш з'яўляецца таксама беларускай моўнай нормай і часткай беларускай прасторы. Гэтым правапісам карыстаецца абсалютная большасць СМІ, частка беларусаў, якія жывуць у Беларусі.
Я лічу, што тое, што менавіта раздзел афіцыйнай моўнай нормай атрымаў дамен be, з'яўляецца правільным рашэннем. А іначай і быць не магло! І я не бачу ніякай трагедыі ў тым, што існуюць два раздзелы вікіпедыі. Напрыклад, ёсць жа два раздзелы нарвежскай вікі — нюношк і букмал, існуюць англамоўны і раздзел на спрошчанай англійскай мове, і няма ў гэтым праблемы. Раней, доўгі час тарашкевіцка-класічны і наркамаўска-афіцыйны раздзелы мелі блізкую колькасць артыкулаў, але зараз наркамаўска-афіцыйны раздзел мае звыш за 250К артыкулаў, а тарашкевіцка-класічны — пад 90. Асноўным раздзелам на беларускай мове відавочна з'яўляецца наркамаўска-афіцыйны раздзел.
У наркамаўска-афіцыйным раздзеле ёсць шаблоны ўдзельніка*цы "За аб'яднанне Вікіпедыя і Вікіпедыя" і "Супраць be-tarask", дзе выказваецца пажаданне пераводу раздзела тарашкевіцай у рэжым "толькі для чытання". Адразу заўважу, што мне вельмі не хацелася б, каб раздзел класічнай моўнай нормай перайшоў у рэжым "толькі для чытання". Тарашкевіца/класічны правапіс — гэта ўсё ж цалкам сабе жывое моўнае асяроддзе беларускай мовы, так, людзей, якія карыстаюцца ім, нашмат менш, чым прыхільнікаў афіцыйнага правапісу, але яны ёсць!
Але тут ёсць іншая праблема, пра якую я хацеў бы выказацца. Раздзел класічнай моўнай нормай/Тарашкевіцай — гэта раздзел у альтэрнатыўнай да афіцыйнай моўнай нормы беларускай мовы, але ж не павінен быць "раздзелам у альтэрнатыўнай рэчаіснасці". А так што пакуль ёсць. У артыкуле пра Беларусь вісіць БЧБ-сцяг, і беларуская пазначаная як адзіная дзяржаўная. Тапаграфічныя аб'екты маюць гістарычныя, а не фактычныя назвы. Спрэчныя тэорыі падаюцца як канчатковы факт.
Не трэба блытаць свае перакананні і тое, што вікіпе(э)дыя павінна адлюстроўваць рэчаіснасць. Калі над дзяржаўнымі ўстановамі ў Мінску лунае чырвона-зялёны сцяг — ён жа павінен быць і ў артыкуле пра дзяржаву Беларусь. Калі найвышэйшая кропка Беларусі мае афіцыйную назву Дзяржынская, то гэтак мае быць і ў Вікіпедыі. Вядома, гістарычная назва мае быць пазначана ў артыкуле, але толькі пазначана, а не стаяць у якасці асноўнай! Магчыма, калісьці Беларусь будзе іншай, і яе афіцыйным сімвалам ізноў будзе БЧБ і Пагоня, а адзінай дзяржаўнай мовай — беларуская. Я вельмі заўзею, каб так і здарылася. Але пакуль гэтага няма, трэба не будаваць фантазіі, а лепей штосьці рабіць, каб беларускамоўныя вікіпедыі мелі больш чым 1-2% праглядаў у Беларусі, як яны, падаецца, маюць на дадзены момант. Зрэшты, гэта патэнцыйна можа вельмі нашкодзіць самому існаванню гэтага раздзела. Гэта супярэчыць фундаментальным прынцыпам нейтральнасці і дакладнасці Вікіпедыі. Нічога добрага ў гэтым няма.
Лічу, што ў будучай вольнай Беларусі, за якую я моцна заўзею, дзяржава верне частку правілаў тарашкевіцы і яе словаўтварэнне ў новую афіцыйную норму, а класічны правапіс замацуе некаторыя з'явы, якія з'яўляюцца рэальнасцю беларускага маўлення, няхай нават яны і русіфікаваныя. Ці будзе гэта азначаць тое, што ў выніку атрымаецца нейкая трэцяя моўная норма, ці адбудзецца нейкае аб'яднанне, ці не — гэта насамрэч не так істотна. Спадзяюся, калісьці беларуская дзяржава падтрымае абедзве моўныя нормы беларускай мовы.
А яшчэ б я хацеў, каб у абедзвюх вікіпедыях быў аўтаматычны канвертар кірыліца-лацінка, як у сэрбахарвацкай вікіпедыі. Чаму не? А яшчэ я хацеў бы, каб на галоўных старонках беларускамоўных вікіпедый былі ўзаемныя, ветлівыя спасылкі на раздзел у іншай моўнай норме.
Мой сябра Аляксей Курэнны калісьці ў прыватнай размове выказваўся пра беларускі рух, што вось сітуацыя вельмі кепская, а радыкалізацыя вялікая. Беларуская мова мае 2-3% рэальнага штодзённага ўжытку сярод беларусаў, а самі носьбіты беларускай мовы то хочуць зачыніць раздзел на "не тым" правапісе, то прыбіраюць спасылкі на "не такі" раздзел... Як казаў Тарас Шаўчэнка (дарэчы, мой далёкі продак): укр.: Схаменіться! Будьте люди, бо лихо вам буде.
Давайце разам зробім штосьці, каб беларуская мова, хоць у якім-кольвек правапісе, была жывым моўным асяроддзем для большай колькасці людзей, найперш у Беларусі?
Жыве Беларусь і Слава Украіне!